ЦЯРЭ́НЦЬЕЎ Авянір Апанасавіч (н. 5.12.1938, г. Вялікія Лукі, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1961). З 1974 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі (у 1990—2001 нам. дырэктара). Навук. працы па фіз.-хім. механіцы прыродных дысперсных сістэм і горных парод. Распрацаваў тэарэт. асновы і спосабы накіраванага структураўтварэння ў тарфах і сапрапелях, тарфяна-балотных глебах, бурых вуглях, кампазіцыях на аснове торфу для атрымання розных матэрыялаў і паліва. Выявіў механізм рэзкага памяншэння вільгацеправоднасці і рухомасці катыёнаў у тарфяных сістэмах пры ўвядзенні аніённых паверхнева-актыўных рэчываў. Абгрунтаваў магчымасць павелічэння адгезійных сувязей у тарфавугальнай кампазіцыі за кошт убудоўвання гумінавых рэчываў торфу ў структуру паверхневых слаёў вугалю пры яго механаактывацыі.

Тв.:

Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);

Физика и химия торфа. М., 1989 (у сааўт.).

А.А.Цярэнцьеў.

т. 17, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)