ФАРТУ́Х,

паясная адзежына, якую надзявалі на спадніцу; састаўная ч. нар. касцюма бел. жанчын; наз. таксама запаска, затулка. Шылі з 1 ці 2 полак ільнянога палатна, мацавалі на таліі завязкамі ці матузком. Памеры розныя, пераважна 30—35 см шырынёй, 50—80 даўжынёй і заўсёды на 10—15 см карацей за спадніцу. Святочныя Ф. багата аздаблялі натыканнем, вышыўкай, карункамі, фальбонамі, часам запрасоўвалі ў складкі. Звычайна каларыстычная гама, стылістыка арнаменту адпавядалі характару аздаблення кашулі. Найб. пашыраны гарыз. палосы чырв. ці чырв.-чорнага геам. арнаменту, які паступова пераходзіў ад нізу да гладкага поля верху, кампанаваўся ўзорыстымі паскамі па ўсёй даўжыні; ніжні край часта канчаўся карункамі, фальбонамі, мохрыкамі. У 1-й пал. 20 ст. пашыраны Ф. з каляровага ўзорыстага паркалю, аздобленага нашыўкамі стужак. У наш час традыцыйна Ф. носяць некат. пажылыя жанчыны (пераважна на Палессі і ў Падняпроўі).

М.​Ф.​Раманюк.

Фартух (аднаполкавы). Вёска Загор’е Чачэрскага раёна Гомельскай вобл. 1920-я г.
Фартух (двухполкавы). Вёска Навасёлкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.

т. 16, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)