КАТЫ́ (Felis),

род драпежных млекакормячых сям. кашэчых. Каля 20 падродаў, 31 від. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 5 падвідаў. На Беларусі 1 від — рысь еўрапейская; занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 46—197, хваста 15—91 см, маса 1,5—105 кг. Выш. ў крыжы большая за выш. ў плячах. Кіпцюры ўцяжныя (акрамя суматранскага К.). Афарбоўка густога футра рознага малюнку і адценняў: аднатонная, плямістая або паласатая. Нараджаюць звычайна 3—4 кацянят (зрэдку да 7), некат. віды — двойчы за год. Аб’екты промыслу, футра малакаштоўнае (акрамя рысі).

Свойскія К. (F. catus) паходзяць ад лівійскага падвіду дзікага К. Сталі хатнімі жывёламі 3—5 тыс. г. назад. Існуе каля 300 парод свойскіх К., якія адрозніваюцца даўж. і афарбоўкай поўсці. На Беларусі найб. пашыраны караткашэрсныя пароды, у т. л. руская блакітная, сіямская, з даўгашэрсных — персідская, сібірская і інш.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МАНТ (Mammuthus primigenius),

вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс. г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж. да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДУВАЙ, Олдавай (Olduvai, Oldoway),

цясніна на Пн Танзаніі, за 36 км на ПнУ ад воз. Эясі, дзе знойдзены рэшткі выкапнёвых прыматаў, адны з найстаражытнейшых у свеце, і рэшткі палеалітычных культур. Даследавалі ў 1930—60-я г. Л.С.Б.Лікі і М.​Лікі. У 1959—63 у ніжнім пласце, які пачаў намнажацца каля 1,9 млн. г. назад, знойдзены косці зінджантрапа і прэзінджантрапа, жылыя і лагерныя стаянкі з галечнымі прыладамі, чоперамі і прыладамі на адшчэпах. Косці прыматаў маюць узрост 1,75 млн. гадоў. У пласце, які залягаў вышэй (1,2—0,5 млн. гадоў), разам з каменнымі прыладамі знойдзены косці людзей, што займалі прамежкавае становішча паміж Homo habilis (чалавекам умелым) і пітэкантрапам. Гэтыя пласты перакрыты стараж.-ашэльскімі (шэльскімі) праслойкамі, у ’адной з якіх выяўлены косці т.зв. олдувайскага пітэкантрапа. Прылады працы гэтага перыяду больш дасканалыя, трапляюцца грубыя ручныя рубілы. У верхнім пласце знойдзены косці, якія нагадваюць косці неандэртальца.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАНКАПАДО́БНЫЯ, паганкі (Podicipediformes, Podicipedes),

атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 4—6 родаў, 22 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыкі. Жывуць на прэсных вадаёмах, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі 5 відаў: паганка вял., або чомга (Podiceps cristatus, нар. назвы: гагара, кавур, нырэц), малая (P. ruficollis, або Tachybaptus ruficollis, нар. назва нырчык), чарнашыяя, або вушастая (P. caspicus), чырванашыяя, або рагатая (P. auritus), і шэрашчокая (P. grisegena). 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу МСАП, 3 віды (паганкі малая, чырванашыяя і шэрашчокая) — у Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 60 см, маса да 2 кг. Апярэнне густое, шчыльнае. На галаве чубок з падоўжанага пер’я. Дзюба прамая. Ногі аднесены далёка назад. Пальцаў 4, кожны з асобнымі лопасцевымі перапонкамі. Кормяцца пераважна рыбай і воднымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць 2—10 яец. Мяса неядомае (адсюль назва).

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Паганкападобныя. Паганкі: 1 — вялікая; 2 — малая; 3 — чырванашыяя; 4 — шэрашчокая.

т. 11, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАПЁРЫЯ (Actinopterygii, Teleostomi),

падклас касцявых рыб. Аб’ядноўвае каля 97% відаў сучасных рыб. Вядомы з верхняга сілуру — сярэдняга дэвону (каля 410—380 млн. г. назад). 5 надатр.: палеанісцыды (Palaeonisci), мнагапёры (Brachiopterygii, або Polypteri), храстковыя ганоіды (Chondrostei), касцявыя ганоіды (Holostei) і касцістыя рыбы. Паводле розных класіфікацый, 33—60 атр. (10—16 вымерлых), каля 430 сям., больш за 20 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах. Рыбы Беларусі належаць да П.

Шкілет касцявы, хорда захавалася толькі ў асетрападобных. Верхнясківічны апарат рухома сучленены з чэрапам (гіястылія або амфістылія). Луска ганоідная, цыклоідная або ктэноідная, рэдка скура голая або з касцявымі пласцінкамі Спінны плаўнік звычайна I (другасна могуць быць 2—3). Хвост гетэрацэркальны ў стараж. і гомацэркальны ў больш маладых груп. Плавальны пузыр звычайна ёсць. Спіральны клапан кішэчніка і артэрыяльны конус сэрца характэрны толькі для ганоідных і ніжэйшых касцістых рыб. Многія П. — аб’екты промыслу.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМА́НДРАВЫЯ, саламандры сапраўдныя (Salamandridae),

сямейства хвастатых земнаводных. Каля 15 родаў, больш за 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Жывуць у вільготных лясах, па берагах вадаёмаў, трапляюцца да выш. 3 тыс. м. Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Найб. вядомыя роды — трытоны, уласна С. (Salamandra), С. даўгахвостыя (Mertensiella). З роду ўласна С. найб. пашырана (Цэнтр і Паўд. Еўропа, Паўн.-Зах. Афрыка, Паўд.-Зах. Азія) С. плямістая, або вогненная (S. salamandra).

Даўж. да 70 см. Пазванкі выгнутыя назад. Зубы на абодвух сківіцах. У дарослых С. жабраў няма, дыхаюць лёгкімі Сакрэт скурных залоз некат. С. (у т. л. С. плямістай) ядавіты. Апладненне ўнутранае. Адкладваюць ікру, ёсць яйцажывародныя і жывародныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. С. выкарыстоўваюць як лабараторных жывёл. С. наз. таксама некат. хвастатых земнаводных з інш. сям. (С. іспалінскія, С. бязлёгачныя, С. акулярныя).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Саламандравыя. Саламандры: 1 — плямістая; 2 — каўказская.

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВІ́НКА»,

дзіцячая гульня на Беларусі. Колькасць удзельнікаў неабмежавана. Кожны гулец павінен мець кіёк. Каб вырашыць, каму выконваць ролю пастуха, праводзілася жараб’ёўка: па чарзе браліся за кіёк зверху над рукой папярэдняга, і каму выпала брацца за канец кійка апошнім, заставаўся «пастухом». Удзельнікі свабодна станавіліся кругам і выкопвалі насупраць сябе неглыбокую ямку, у якой на працягу гульні трымалі канец кійка. «Пастух» з дапамогай кійка «выганяў» (выкатваў) на «выган» (цэнтр круга) «С.» (невял. кавалак дрэва) і пачынаў яе «пасвіць» (падштурхоўваць то да аднаго, то да другога гульца’). Гулец павінен быў хутка адагнаць яе ад сябе на «выган» (адкінуць кавалак дрэва ў цэнтр круга) і паставіць кіёк назад у ямку. «Пастух» таксама імкнуўся паставіць свой кіёк у свабодную ямку гульца, і калі яму ўдавалася, яны мяняліся ролямі. Дапамагчы гульцу адагнаць «С.» мог суседні гулец. Гульня вядома на Магілёўшчыне, Міншчыне і Віцебшчыне.

В.​Дз.​Ліцвінка.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,

антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах. ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс. чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.​Л.​Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс. чал.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБЛЮ́ДЫ (Camelus),

род млекакормячых сям. вярблюдавых атр. парнакапытных. 5 відаў, у т. л. 2 сучасныя: вярблюд аднагорбы, або драмедар (Camelus dramedarius), і вярблюд двухгорбы, або бактрыян (Camelus bactrianus). Пашыраны ў пустынях і сухіх стэпах Усх. Еўропы, Азіі, Афрыцы.

Даўж. цела да 3,6 м, выш. ў плячах да 2,5 м, маса да 800 кг. Поўсць вярблюда аднагорбага чырванавата-шэрая, двухгорбага — цёмна-бурая. Шыя доўгая, дугападобная. На запясцях, локцях, грудзях і каленях мазалі, таму вярблюды здольны ляжаць на гарачым (да 70 °C) грунце. Лапы шырокія, мяккія, лёгка ідуць па сыпучых пясках. У гарбах назапашваецца тлушч (да 120 кг), які расходуецца пры нястачы корму. Доўгі час (да 10 сут) могуць абыходзіцца без піцця (трацяць да 25% масы) і піць саленаватую ваду. Кормяцца раслінамі, у т. л. калючымі. Раз у 2 гады нараджаюць 1 дзіцяня. Прыручаны чалавекам больш за 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстоўваюцца як запражныя, уючныя і верхавыя жывёлы. Ад вярблюдаў атрымліваюць малако, мяса, шэрсць, тлушч. Гл. Вярблюдагадоўля.

Вярблюды: аднагорбы (драмедар; злева); двухгорбы (бактрыян).

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў познім палеаліце і раннім мезаліце (12—8 тыс. г. назад) жылі ў Верхнім Падняпроўі. Назва ад стаянкі Грэнск. Мае 2 этапы: фінальна-палеалітычны (ранні) і раннемезалітычны (позні). Пасяленні грэнскай культуры прадстаўлены сезоннымі стаянкамі паляўнічых па берагах рэк, часцей на пясчаных дзюнах. Па меры раставання апошняга ледавіковага покрыва ў гарах Скандынавіі плямёны грэнскай культуры разам з плямёнамі свідэрскай культуры прасоўваліся на Пн. Асаблівасцю культуры з’яўляецца пашырэнне крамянёвых асіметрычных наканечнікаў стрэл (грэнскі тып), апрацаваных з аднаго краю. Самыя стараж. помнікі грэнскай культуры Бароўка, Каромка, Хвойна (Магілёўскі р-н), другога этапа развіцця — Грэнск, Дальняе Ляда (Быхаўскі р-н), Рэкорд (Лоеўскі р-н). На рубяжы ранняга і позняга мезаліту Грэнская культура змянілася сожскай культурай. Вылучыў грэнскую культуру ў 1960-я г. У.​Дз.​Будзько, даследавалі А.​Г.​Калечыц, В.​Ф.​Капыцін, У.​П.​Ксяндзоў.

В.​Ф.​Капыцін.

Крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскай культуры з паселішча Бароўка Быхаўскага раёна.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)