ПЕ́КАРЫЕВЫЯ (Tayassuidae),

сямейства няжвачных парнакапытных кл. млекакормячых. Вядомы з алігацэну (каля 35 млн. г. назад). 2 роды, 3 віды: пекары ашыйнікавы (Tayassu tajacu), белабароды (T. pecari) і чакскі (Catagonus wagneri), які занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Пашыраны ў Амерыцы. Жывуць у разнастайных ландшафтах, ад засушлівых месцаў да вільготных трапічных лясоў. Трымаюцца групамі да 100 галоў і больш.

Даўж. да 115 см, выш. ў карку да 57 см. маса да 50 кг. Афарбоўка шэра-карычневая і Па знешнім выглядзе падобны да дзікоў, але больш лёгкага целаскладу. Ногі тонкія, ва пярэдніх 4, на задніх 3 пальцы. На крыжы ёсць залоза тыпу мускуснай. Усёедныя. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (зрэдку да 4) дзіцяняці. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусеш.

Да арт. Пекарыевыя. Пекары белабароды.

т. 12, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)