СЕЙСМАГРА́МА (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...грама),
бесперапынны запіс сейсмічных ваганняў з дапамогай сейсмографа. Найб. пашырана тэхніка запісу на фотапаперы светлавым промнем, таксама выконваецца на закуранай паперы вастрыём пяра, на паперы пяром з чарнілам і інш. У сейсмалогіі па С. вызначаюць момант набліжэння сейсмічных хваль, вуглы іх выхаду на зямную паверхню, амплітуды і перыяды розных тыпаў хваль, што дазваляе вызначыць каардынаты і інтэнсіўнасць землетрасенняў, вывучаць унутр. будову Зямлі. У сейсмічнай разведцы па С. вызначаюць сумарны час распаўсюджвання сейсмічных ваганняў (ад месца іх узбуджэння да адбівальнай ці пераламляльнай мяжы і назад да месца іх рэгістрацыі), форму запісу ваганняў, іх амплітуды, паводле інтэрпрэтацыі якіх вызначаюць глыбіню залягання, характар геал. межаў і некат. параметры горных парод.
В.Я.Клюц.
т. 14, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)