ПЕРФЕ́КТ (ад лац. perfectus закончаны),
складаная дзеяслоўная форма прошлага часу індаеўрапейскіх моў, існуе і цяпер у некат. слав. мовах. У стараж.-рус. мове ўтвараўся спалучэннем дапаможнага дзеяслова «быти» ў формах цяперашняга часу з актыўным дзеепрыметнікам прошлага часу на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Абазначаў дзеянне або стан, вынікі якога захоўваюцца ў момант гутаркі: «азъ есмь пришелъ — я прыйшоў» (і цяпер знаходжуся тут). У бел. мове з развіццём трывальных адрозненняў у дзеяслова П. выцесніў з ужытку аорыст і імперфект, увабраў у сябе іх значэнні і стаў асн. формай для выражэння ўсіх адценняў мінулага дзеяння. Паступова страціў дапаможны дзеяслоў, дзеепрыметнік на «-л» увайшоў у парадыгму дзеяслова, пачаў успрымацца як форма прошлага часу, суадносная з формамі цяперашняга і будучага часу: «пішу — буду пісаць — пісаў». Канцавое «-л» у формах мужч. роду адз. л. ў вымаўленні змянілася на «ў»: «былъ — быў», «далъ — даў». На пісьме гэта з’ява адлюстравалася толькі ў 19 ст.
А.І.Жураўскі.
т. 12, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НАПСЫ (ад грэч. synapsis злучэнне, сувязь),
функцыянальныя кантакты паміж узбудлівымі клеткамі (нерв., мышачнымі, сакраторнымі), якія пераўтвараюць і перадаюць нерв. імпульсы. Тэрмін «С» ўведзены Ч.С.Шэрынгтанам (1897). С. — найб. істотны структурна-функцыян. элемент мозга, а сінаптычныя сувязі — гал. механізм міжнейроннага ўзаемадзеяння, які забяспечвае асн. праяўленні дзейнасці нерв. сістэмы. Колькасць С. на паверхні нейрона ад 1 да 20 тыс. У С. адрозніваюць прэсінаптычную ч. (звычайна канец прэсінаптычнага аксона), сінаптычную шчыліну (прастора, якая раздзяляе мембраны клетак, што кантактуюць, шыр. 20—30 нм) і постсінаптычную ч. (участак клеткі, да якога падыходзіць прэсінаптычны канец). Па функц. значэнні С. бываюць узбудлівыя і тармазныя ў адпаведнасці з тым, актывуюць яны або прыгнечваюць адпаведныя клеткі. Перадача сігналу праз С. адбываецца ў імпульснай (дыскрэтнай) форме ў адзін бок з дапамогай хім. або эл. механізма. Змешаныя С. спалучаюць хім. і эл. механізмы перадачы. У найб. пашыраных хім. С. перадача нерв. імпульсу адбываецца з дапамогай хім. рэчыва — медыятара.
А.С.Леанцюк.
т. 14, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГУЛЯ́РНАЕ РАЗМЕРКАВА́ННЕ ў тэорыі імавернасцей,
размеркаванне імавернасцей у n-мернай вектарнай прасторы, якое засяроджана на мностве нулявой меры Лебега і прыпісвае кожнаму аднапунктаваму мноству нулявую імавернасць. У больш шырокім сэнсе — кожнае размеркаванне імавернасцей з’яўляецца С.р. у адносінах да меры P (гл. Мера мноства), калі яно засяроджана на мностве N такім, што яго мера P{N} = 0. У гэтым выпадку любое дыскрэтнае размеркаванне імавернасцей з’яўляецца С.р. у адносінах да меры Лебега.
С.р. (адносна меры Лебега), зададзенае на прамой, мае неперарыўную функцыю размеркавання, мноства пунктаў росту якой мае Лебегаву меру нуль. Напр., кантарава размеркаванне, якое мае выпадковая велічыня Y = 2(1/3X1 + 1/32X2 + ... + 1/3jXj + ...), дзе X1, X2, ... — паслядоўнасць незалежных выпадковых велічынь, якія прымаюць значэнні 0 і 1 з імавернасцю 1/2. Любое размеркаванне імавернасцей у эўклідавай n-мернай прасторы можна адназначна выразіць праз камбінацыю дыскрэтнага, неперарыўнага і сінгулярнага размеркаванняў: P = aPдыскр + bPнепер + cPсінг, дзе a, b,c ≥ 0 і a + b + c = 1 (раскладанне Лебега).
Б.А.Залескі.
т. 14, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́ВА,
твор аратарскай прозы ў форме прамовы, пропаведзі або паслання; жанр старажытнай пісьменнасці. Блізкае да казання, але больш шырокае па значэнні. Паводле зместу, накіраванасці і агульнага характару С. падзяляліся на свецкія і царк.-рэліг., сярод апошніх вылучаліся ўрачыста-панегірычныя і павучальна-дыдактычныя (гл. Павучанне). У стараж. рус. і бел. л-ры С. наз. творы розных жанраў: легендарнае паданне «Слова пра Меркурыя Смаленскага», апакрыфічнае «Слова пра Адама і Еву», агіяграфічнае «Слова пра жыццё і смерць вялікага князя Дзімітрыя Іванавіча», перакладная аповесць «Слова пра Іасафа царэвіча». Выдатны помнік стараж. л-ры ўсх. славян, у якім спалучаны асаблівасці апавядальнай прозы і гіст. песні, — «Слова аб паходзе Ігаравым». Арыгінальнасцю, багаццем вобразна-паэт. мовы, лірызмам вызначаліся С. Кірылы Тураўскага. У 16—17 ст. С. царк.-рэліг. характару сталі важным сродкам вострай ідэалаг. барацьбы, набылі некат. асаблівасці палемічнай літаратуры (словы-казанні Л.Карповіча, І.Пацея, М.Сматрыцкага). Актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця краіны закраналіся ў свецкіх С. (прамовы Р.Хадкевіча, Л.Сапегі, «Прамова Мялешкі»).
В.А.Чамярыцкі.
т. 15, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. tribos трэнне + ...метрыя),
метады вымярэнняў сіл або каэфіцыентаў знешняга трэння і зносу паверхняў, якія труцца. Трыбаметрычныя вымярэнні бываюць лабараторныя, пры якіх робіцца ацэнка сіл трэння і зносаўстойлівасці матэрыялаў, і натурныя, калі ацэньваецца пэўны вузел трэння.
Пры лабараторных выпрабаваннях карыстаюцца ўзорамі, якія маюць кропкавы або лінейны кантакт ці малыя плоскія паверхні. На ўзорах вызначаюць удз. сілу трэння і ўдз. знос, інтэнсіўнасць зносу ацэньваюць адносінамі таўшчыні зношанага слоя да пройдзенага шляху. Парог знешняга трэння ацэньваюць, даводзячы дадзеную пару (узор і контрцела) да задзірання — пашкоджання паверхні трэння пры рэзкім павышэнні сілы трэння і плаўнай змене скорасці або нагрузкі. Вынікі лабараторных выпрабаванняў пераносяць на рэальныя пары трэння з улікам падобнасці тэорыі. У рэальных машынах сілу трэння вымяраюць па змене т-ры вузла трэння, спажытай магутнасці на халастым рэжыме работы, значэнні моманту ці сілы трэння, вугле закручвання вала. Каэф. супраціўлення перакочванню вызначаюць з дапамогай цягавых дынамометраў.
Літ.:
Гаркунов Д.Н. Триботехника. 2 изд. М., 1989;
Доценко В.А. Изнашивание твердых тел. М., 1990.
А.П.Ласкаўнёў.
т. 15, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. tribos трэнне + электрычнасць),
узнікненне электрычных зарадаў пры трэнні 2 разнародных цел.
У аснове Т. ляжаць кантактныя з’явы. Пры трэнні цвёрдых цел адбываецца пераразмеркаванне эл. зарадаў. Кантактная электрызацыя 2 металаў ці паўправаднікоў, металу і паўправадніка абумоўлена пераходам электронаў пры кантакце 2 цел ад рэчыва з меншай да рэчыва з большай работай выхаду. Электрызуюцца абодва целы, якія ўдзельнічаюць у трэнні; яны атрымліваюць аднолькавыя па абс. значэнні і процілеглыя па знаку эл. зарады, прычым, як правіла, дадатна электрызуецца цела з большай дыэлектрычнай пранікальнасцю. Пры трэнні металу з дыэлектрыкам Т. абумоўлена пераходам электронаў з металу ў дыэлектрык, пры трэнні 2 дыэлектрыкаў — дыфузіяй электронаў і іонаў. Т. вадкасцей звязана з узнікненнем падвойных эл. слаёў на паверхні раздзелу 2 вадкіх асяроддзяў з рознай дыэл. пранікальнасцю. Т. узнікае пры многіх вытв. працэсах (напр., пры прадзенні, распырскванні вадкасцей) і прыводзіць да непажаданага назапашвання статычных эл. зарадаў, ліквідаваць якія можна зазямленнем метал. дэталей або з дапамогай разраднікаў, іанізацыяй паветра і інш. мерамі.
т. 15, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́РМА СЛО́ВА,
марфалагічная разнавіднасць слова, якая мае пэўны комплекс грамат. значэнняў, выражаных стандартнымі фармальнымі паказчыкамі. Напр., у бел. мове слова «рака» мае формы «ракі», «рацэ», «ракою», «рэкамі» і інш., у якіх розныя грамат. значэнні склону і ліку выражаюцца пры дапамозе пэўных канчаткаў. Сістэма ўсіх форм канкрэтнага слова ўтварае яго парадыгму. Тэрмін «Ф.с.» ўжываецца ў адносінах да асобнага канкрэтнага слова (у гэтым выпадку выкарыстоўваюць тэрмін «словаформа») і да цэлай групы слоў пэўнай грамат. разнавіднасці (напр., формы 2-й асобы адз. л. дзеяслова). Асн. крытэрыі аднясення розных форм да аднаго слова: захаванне ў іх аднолькавага лексічнага значэння, рэгулярнасць утварэння дадзеных форм у канкрэтнай мове. Ф.с. бываюць простыя (сінтэтычныя), якія ўтвараюцца пры дапамозе марфем, і складаныя (аналітычныя), у якіх грамат. значэнне выражаецца шляхам спалучэння знамянальнага і службовага слова.
Літ.:
Виноградов В.В. О формах слова // Виноградов В.В. Исследования по русской грамматике. М., 1975;
Касевич В.Б. Элементы общей лингвистики. М., 1977;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
У.Б.Журавель.
т. 16, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНДАМЕНТА́ЛЬНЫЯ ФІЗІ́ЧНЫЯ ПАСТАЯ́ННЫЯ, сусветныя канстанты,
некаторыя фізічныя пастаянныя, якія ўваходзяць у найб. агульныя (фундаментальныя) фіз. законы ці з’яўляюцца характарыстыкамі элементарных часціц або працэсаў мікрасвету. Вызначаюць асн. ўласцівасці матэрыі і яе будовы, характарызуюць дакладнасць і паўнату нашых уяўленняў аб навакольным свеце.
Да Ф.ф.п. адносяць незалежныя пастаянныя (напр., Планка пастаянная, зарад элементарны) і іх камбінацыі (напр., Больцмана пастаянная, Фарадэя пастаянная). У розных раздзелах фізікі найчасцей выкарыстоўваюцца гравітацыйная пастаянная, скорасць святла ў вакууме, магнітная пастаянная, электрычная пастаянная, тонкай структуры пастаянная, Рыдберга пастаянная і інш. На аснове Ф.ф.п. створана некалькі варыянтаў т.зв. «сапраўдных» сістэм адзінак фіз. велічынь (гл. Натуральная сістэма адзінак). Значэнні Ф.ф.п., атрыманыя ў найб. дакладных і надзейных эксперыментах, наз. узгодненымі і выкарыстоўваюць у метралогіі для стварэння эталонаў адзінак фіз. велічынь.
Літ.:
Квантовая метрология и фундаментальные константы: Пер. с англ. М., 1981;
Хуторской А.В. Фундаментальные физические постоянные. Мн., 1988;
Спиридонов О.П. Фундаментальные физические постоянные. М., 1991;
Физические величины: Справ. М., 1991.
А.І.Болсун.
т. 16, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл. Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.
Літ.:
Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;
Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;
Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл. Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)