ПЕРФЕ́КТ (ад лац. perfectus закончаны),
складаная дзеяслоўная форма прошлага часу індаеўрапейскіх моў, існуе і цяпер у некат. слав. мовах. У стараж.-рус. мове ўтвараўся спалучэннем дапаможнага дзеяслова «быти» ў формах цяперашняга часу з актыўным дзеепрыметнікам прошлага часу на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Абазначаў дзеянне або стан, вынікі якога захоўваюцца ў момант гутаркі: «азъ есмь пришелъ — я прыйшоў» (і цяпер знаходжуся тут). У бел. мове з развіццём трывальных адрозненняў у дзеяслова П. выцесніў з ужытку аорыст і імперфект, увабраў у сябе іх значэнні і стаў асн. формай для выражэння ўсіх адценняў мінулага дзеяння. Паступова страціў дапаможны дзеяслоў, дзеепрыметнік на «-л» увайшоў у парадыгму дзеяслова, пачаў успрымацца як форма прошлага часу, суадносная з формамі цяперашняга і будучага часу: «пішу — буду пісаць — пісаў». Канцавое «-л» у формах мужч. роду адз. л. ў вымаўленні змянілася на «ў»: «былъ — быў», «далъ — даў». На пісьме гэта з’ява адлюстравалася толькі ў 19 ст.
А.І.Жураўскі.
т. 12, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)