СЛО́ВА,

твор аратарскай прозы ў форме прамовы, пропаведзі або паслання; жанр старажытнай пісьменнасці. Блізкае да казання, але больш шырокае па значэнні. Паводле зместу, накіраванасці і агульнага характару С. падзяляліся на свецкія і царк.-рэліг., сярод апошніх вылучаліся ўрачыста-панегірычныя і павучальна-дыдактычныя (гл. Павучанне). У стараж. рус. і бел. л-ры С. наз. творы розных жанраў: легендарнае паданне «Слова пра Меркурыя Смаленскага», апакрыфічнае «Слова пра Адама і Еву», агіяграфічнае «Слова пра жыццё і смерць вялікага князя Дзімітрыя Іванавіча», перакладная аповесць «Слова пра Іасафа царэвіча». Выдатны помнік стараж. л-ры ўсх. славян, у якім спалучаны асаблівасці апавядальнай прозы і гіст. песні, — «Слова аб паходзе Ігаравым». Арыгінальнасцю, багаццем вобразна-паэт. мовы, лірызмам вызначаліся С. Кірылы Тураўскага. У 16—17 ст. С. царк.-рэліг. характару сталі важным сродкам вострай ідэалаг. барацьбы, набылі некат. асаблівасці палемічнай літаратуры (словы-казанні Л.​Карповіча, І.​Пацея, М.​Сматрыцкага). Актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця краіны закраналіся ў свецкіх С. (прамовы Р.​Хадкевіча, Л.​Сапегі, «Прамова Мялешкі»).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)