СІ́НАПСЫ (ад грэч. synapsis злучэнне, сувязь),
функцыянальныя кантакты паміж узбудлівымі клеткамі (нерв., мышачнымі, сакраторнымі), якія пераўтвараюць і перадаюць нерв. імпульсы. Тэрмін «С» ўведзены Ч.С.Шэрынгтанам (1897). С. — найб. істотны структурна-функцыян. элемент мозга, а сінаптычныя сувязі — гал. механізм міжнейроннага ўзаемадзеяння, які забяспечвае асн. праяўленні дзейнасці нерв. сістэмы. Колькасць С. на паверхні нейрона ад 1 да 20 тыс. У С. адрозніваюць прэсінаптычную ч. (звычайна канец прэсінаптычнага аксона), сінаптычную шчыліну (прастора, якая раздзяляе мембраны клетак, што кантактуюць, шыр. 20—30 нм) і постсінаптычную ч. (участак клеткі, да якога падыходзіць прэсінаптычны канец). Па функц. значэнні С. бываюць узбудлівыя і тармазныя ў адпаведнасці з тым, актывуюць яны або прыгнечваюць адпаведныя клеткі. Перадача сігналу праз С. адбываецца ў імпульснай (дыскрэтнай) форме ў адзін бок з дапамогай хім. або эл. механізма. Змешаныя С. спалучаюць хім. і эл. механізмы перадачы. У найб. пашыраных хім. С. перадача нерв. імпульсу адбываецца з дапамогай хім. рэчыва — медыятара.
А.С.Леанцюк.
т. 14, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)