агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІІ МЯСЦО́ВЫХ САВЕ́ТАЎ ДЭПУТА́ТАЎ,
дапаможныя органы мясц. кіравання і самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь і ў некат. краінах СНД. Гал. іх мэты: папярэдні разгляд і падрыхтоўка пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, правядзенне ў жыццё рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца на сесіях Саветаў па прапанове старшыні Савета (абл., гар., раённых; у сельскіх Саветах пастаянныя камісіі могуць не ўтварацца) з дэпутатаў гэтых Саветаў. Колькасць камісій, іх склад і арганізацыя заканадаўствам не рэгламентаваны. Звычайна пастаянныя камісіі выбіраюцца ў складзе старшыні, яго намесніка, сакратара і не менш як 2 чл. камісіі. Рэкамендацыі пастаянных камісій падлягаюць разгляду адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арг-цыямі. Пастаянныя камісіі дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Для вырашэння канкрэтных пытанняў могуць стварацца і часовыя камісіі, якія спыняюць сваё існаванне пасля выканання ўскладзеных на іх даручэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПАВА ПЯЧО́РА, Капавая пячора, Шульган-Таш,
адна з найб. пячор на Паўд. Урале, на правым беразе р. Белая, у Башкортастане. Агульная даўжыня больш за 2 км. Утварылася ў вапняках і даламітах дэвонскага ўзросту. Калідоры і гроты размешчаны двума паверхамі. Кальцытавыя нацёчныя ўтварэнні. У 1959 заолаг А.В.Румін выявіў тут малюнкі эпохі палеаліту. У 1960—71 гэтыя выявы вывучаў О.М.Бадэр. На 2-м паверсе К.п. маюцца малюнкі мамантаў, коней, насарогаў. Даўж. фігур ад 44 да 112 см. Выявы ўяўляюць сабой цалкам зафарбаваныя чырв. фарбай сілуэты або грубыя контуры. Наяўнасць фігур мамантаў і насарогаў дазваляе датаваць малюнкі гэтага паверха эпохай верхняга палеаліту. У задніх залах 1-га паверха К.п. выяўлены выявы геам. характару ў выглядзе лесвіц (хацін?), трохвугольнікаў, касых ліній і антрапаморфных фігур; яны, верагодна, таксама адносяцца да эпохі палеаліту.
Выявы мамантаў, коней і насарога ў Капавай пячоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫ РЭЛЬЕ́Ф, гляцыяльны рэльеф,
тыпы і формы зямной паверхні, якія ўтварыліся ў выніку дзейнасці мацерыковых і горных ледавікоў і іх расталых вод. Л.р. разам з ледавіковымі адкладамі ўтварае ледавіковы комплекс. Адрозніваюць экзарацыйны і ледавікова-акумулятыўны тыпы Л.р. Да экзарацыйнага адносяцца формы рэльефу, утвораныя ў цвёрдых горных пародах («барановы лбы», «кучаравыя» скалы), гарах (трогі, кары і рыгелі), рыхлых адкладах (ледавіковыя лагчыны). Ледавікова-акумулятыўны тып рэльефу ўтвараюць марэнныя, водналедавіковыя (флювіягляцыяльныя) і азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) раўніны і нізіны, зандры, а таксама краявыя ледавіковыя ўтварэнні (канцова-марэнныя ўзвышшы і грады), тэрасы, камы, озы, гляцыякарставыя (тэрмакарставыя) западзіны і катлавіны (запоўненыя і незапоўненыя вадой) і інш. На Беларусі пераважае ледавікова-акумулятыўны рэльеф. Найб. выразна ён захаваўся ў паўн.ч. ў межах пашырэння апошняга паазерскага зледзянення (каля 20—15 тыс. гадоў назад). Гл. таксама Марэнны рэльеф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДЫЯ,
гістарычная вобласць, пазней дзяржава ў паўн.-зах. абласцях Іранскага нагор’я. Летапісныя звесткі пра мідыйцаўадносяцца да 2-й пал. 9 ст. да н.э., калі яны вялі ўпартую барацьбу з Асірыяй, якая захапіла частку іх зямель. З 770 да н.э. царства са сталіцай ў г. Экбатана. У часы праўлення Кіяксара [625 ці 624—584 да н.э.] — найвялікшая дзяржава Стараж. Усходу. Заваявала Мінейскае царства, у саюзе з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву, падпарадкавала Урарту і інш. землі. У М. вялася шырокая здабыча меднай руды (слова «Медзь» у слав. мовах паходзіць ад назвы гэтай краіны). У 550 ці 549 да н.э. заваявана персамі, у якасці сатрапіі ўвайшла ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У апошняй чвэрці 4 ст. да н.э. самастойнасць М. была адноўлена, але яна займала толькі частку б. тэрыторыі ў паўд. Азербайджане і называлася Малой М. (Мідыйскай Антрапатэнай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАМЕ́ННЫЯ ТЛУ́СТЫЯ КІСЛО́ТЫ,
ненасычаныя тлустыя к-ты, неабходныя для росту і развіцця млекакормячых. Да іх адносяццалінолевая кіслата, ліналенавая кіслата, арахідонавая кіслата, а таксама некаторыя інш. ненасычаныя тлустыя к-ты агульнай ф-лы CH3(CH2)x(CH=CHCH2)y(CH2)zCOOH (дзе x = 1,4,5,7, y = 1-6, z = 0-7), што маюць ад 18 да 24 атамаў вугляроду ў малекуле і цыс-канфігурацыю. З’яўляюцца структурнымі кампанентамі гліцэрыдаў, а таксама фосфаліпідаў, якія ўваходзяць у састаў біял. мембран; удзельнічаюць у біясінтэзе простагландзінаў. Колькасць Н.т.к. канчаткова не вызначана.
Лінолевая і α-ліналенавая к-ты не сінтэзуюцца ў жывёльных арганізмах, трапляюць у арганізм з ежай (алей, жывёльны тлушч). Арахідонавая і інш. Н.т.к. з’яўляюцца метабалітамі лінолевай і α-ліналенавай кіслот (могуць сінтэзавацца ў арганізме). Недахоп Н.т.к. выклікае дэрматыт. Патрэбнасць чалавека ў Н.т.к. каля 10 г у суткі (у пераліку на лінолевую к-ту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́СКА,
від стараж. падвесных упрыгожанняў да адзення (часцей жаночага), збруі і інш. Служылі таксама амулетамі. Найчасцей іх насілі разам з каралямі і пацеркамі, на ланцужках, шнурках, прышывалі на адзенне На Беларусі найб.стараж. П. адносяцца да палеаліту (з зубоў жывёл). У бронзавым веку выкарыстоўвалі бурштынавыя П. з вял. адтулінай пасярэдзіне, а таксама медныя акулярападобныя П. У жал. веку пашыраны П. металічныя (бронзавыя і жал.), касцяныя, гліняныя розных геам. форм. У 10—13 ст. з каляровых і каштоўных металаў выраблялі П. ў выглядзе плоскіх сімвалаў нябесных свяціл, жывёл, птушак, бытавых рэчаў, крыжыкаў, званочкаў. П. знаходзяць на паселішчах і ў пахаваннях. Найб. цікавыя П. знойдзены ў Барысаве, Віцебску, гарадзішчы Маскавічы, курганных могільніках каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на і в. Калодзецкая Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГО́Н (ад грэч. polygōnos шматвугольны),
1) участак сушы або мора з паветр. прасторай над імі, прызначаны для выпрабавання зброі, баявых сродкаў, тэхнікі, а таксама для баявой падрыхтоўкі войск. П. бываюць пастаянныя і часовыя; паводле прызначэння падзяляюцца на навук.-даследчыя, выпрабавальныя (ядз., ракетныя, тарпедныя, артыл., авіяц., танк., сувязі і інш.); заводскія (для праверкі якасці вырабленага ўзбраення, яго прыстрэлкі, наладкі) і вучэбныя, на якіх праводзяцца вучэнні войск, баявыя і вучэбныя стрэльбы, бомбакіданне, тарпедакіданне. У залежнасці ад прызначэння П. абсталёўваюць назіральнымі пунктамі, мішэннымі ўстаноўкамі, бліндажамі, укрыццямі, сродкамі сувязі, забяспечваюць кантрольна-вымяральнымі прыладамі, трансп. сродкамі і інш. 2) Спец. абсталяваная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для выпрабавання рознай тэхнікі, а таксама для вырабу элементаў зборных буд. канструкцый і дэталяў. Да абсталявання П. ў буд-ве, напр., адносяцца бетонна-растворныя ўстаноўкі, бетонаўкладчыкі, вібрапляцоўкі, пад’ёмныя краны, формы для бетанавання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАРЫЁТЫ (ад лац. pro перад, раней, замест + грэч. karyon ядро),
мікраскапічныя арганізмы, клеткі якіх не маюць абмежаванага мембранай ядра. Каля 6 тыс. відаў. Да П. адносяцца ўсе бактэрыі, у т. л.архебактэрыі і цыянабактэрыі. Клеткі П. паводле будовы проціпастаўлены эўкарыётам (ядзерным арганізмам) і разам з іх продкамі (уркарыётамі) лічацца найб.стараж. даядзернымі арганізмамі. Асн. структурны кампанент клетачнай сценкі — глікапептыд мурэін, які не выяўлены ў інш. групах арганізмаў. Аналаг ядра — структура, якая мае ДНК, бялкі і РНК. Генет. сістэма П. замацавана на клетачнай мембране і адпавядае прымітыўнай храмасоме. Размнажаюцца П. дзяленнем без выяўленага палавога працэсу. У адрозненне ад эўкарыётаў не маюць хларапластаў, мітахондрый, апарата Гольджы, цэнтрыёлей. Адрозненні паміж П. і эўкарыётамі больш істотныя, чым паміж вышэйшымі жывёламі і вышэйшымі раслінамі, таму ў сістэме арганізмаў П. вылучаны ў надцарствы. Адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМУСО́ВЫЯ МЕ́РЫ БЯСПЕ́КІ І ЛЯЧЭ́ННЯ,
меры, што назначаюцца судом у адносінах да псіхічна хворых, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні (злачынствы). Праводзяцца з мэтай папярэджання з боку гэтых асоб новых грамадска небяспечных дзеянняў, іх аховы і лячэння. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь такія меры ўжываюцца судом да асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні ў стане бессвядомасці або захварэлі псіхічнай хваробай да пастановы прыгавору ці ў час адбыцця пакарання. Да гэтых мер адносяцца: прымусовы амбулаторны нагляд і лячэнне ў псіхіятра; прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы (аддзяленні) са звычайным, узмоцненым ці строгім наглядам. Змена і спыненне прымянення мер да псіхічна хворых ажыццяўляецца судом на аснове заключэння ўрачоў-псіхіятраў. У выпадку, калі злачынства ўчынена асобамі, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, суд пры наяўнасці мед. заключэння побач з пакараннем за ўчыненае злачынства можа прымяніць прымусовае лячэнне.