СУЗО́Р’І,
участкі зорнага неба, на якія яно падзелена для зручнасці арыентавання на нябеснай сферы. У старажытнасці С. наз. толькі характэрныя фігуры, утвораныя яркімі зоркамі. Назвы С. звязаны з грэч. ці рым. міфалогіяй (напр., Андрамеда, Персей), з земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем (напр., Валапас, Заяц), з падарожжамі, тэхнікай (напр., Секстант, Мікраскоп) і інш. Канчатковая колькасць і межы С. вызначаны на Міжнар. астр. з’ездзе ў 1922. Зорнае неба падзелена на 88 участкаў — С., межы праходзяць па нябесных мерыдыянах і паралелях, г.зн. да С. адносяцца як яркія зоркі, што ўтвараюць характэрную фігуру, па якой звычайна распазнаецца С., так і слабыя зоркі, у т. л. нябачныя простым вокам. Гл. таксама Зорнае неба, Задыяк.
т. 15, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)