СО́СЕНКА,

археалагічныя помнікі каля в. Сосенка Вілейскага р-на Мінскай вобл.: 3 паселішчы і курганны могільнік. Паселішчы адносяцца да эпохі мезаліту і ранняга неаліту (першае, 7—5-е тыс. да н.э.), неаліту (другое і трэцяе, 4-е — канец 3-га тыс. да н.э.). Знойдзены крамянёвыя мікралітычныя ўкладышы, наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, праколкі, нажы, сякеры, абломкі глінянага ляпнога посуду. Курганны могільнік налічваў 23 насыпы (17 круглых і 6 прадаўгаватых), датуецца 8 — пач. 10 ст. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка (1—3 спаленні ў кожным кургане). Знойдзены бронзавыя ўпрыгожанні, жал. нажы, рыбалоўныя кручкі, матыка, крэсіва, гліняныя прасліцы, шкляныя пацеркі і інш.

т. 15, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)