САЙТ,
электронная публікацыя ў сусветнай інфарм. прасторы WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web сусветная павуціна), даступная карыстальнікам Інтэрнета. Уяўляе сабой сукупнасць тэматычна звязаных Web-старонак, якія адносяцца да аднаго аўтара, праблемы, установы, прадпрыемства ці інш. Бывае любога памеру і зместу (тэкст, графіка, анімацыя, гук, відэа і інш.). Размяшчаецца на вузлавым камп’ютэры з пастаянна дзеючай праграмай Web-сервер. Падрыхтоўка С. для распаўсюджвання ў Інтэрнеце ажыццяўляецца па спец. Web-тэхналогіі з выкарыстаннем мовы разметкі гіпертэкставых дакументаў. Доступ да С. выконваецца па канкрэтным адрасе; пошук, прагляд, навігацыя па спасылках і раздрукаванне С. адбываюцца з дапамогай спец. праграм.
А.І.Боскіна, А.В.Нікіфараў.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)