палітычны крызіс у Расіі пасляЛютаўскай рэвалюцыі 1917. Выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі паліт. плынямі па пытаннях аб вайне і міры. Пачаўся 20.4(3.5).1917 стыхійнай дэманстрацыяй пратэсту каля 15 тыс. салдат і матросаў Петраграда супраць ноты міністра замежных спраў П.М.Мілюкова ад 18.4(1.5).1917 пра намер Часовага ўрада працягваць вайну з Германіяй і яе саюзнікамі да перамогі. Па закліку бальшавікоў 21 крас. (4 мая) у Петраградзе адбылася 100-тысячная маніфестацыя пад лозунгамі заключэння міру і перадачы ўлады Саветам. Падобныя дэманстрацыі прайшлі ў Маскве, Рэвелі, Выбаргу. Рэзалюцыі супраць ноты Мілюкова прынялі таксама Мінскі [22 крас. (5 мая)] і Гомельскі [25 крас. (8 мая)] Саветы, сход дэлегатаў (2 тыс.чал.) вайск. падраздзяленняў Зах. фронту [27 крас. (10 мая)] і інш. Выканком Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, пайшоў на пагадненне з Часовым урадам. З урада былі выведзены міністры Мілюкоў і А.І.Гучкоў, увайшлі лідэры эсэраў і меншавікоў В.М.Чарноў, А.Ф.Керанскі, І.Г.Цэрэтэлі, М.І.Скобелеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎСКІ (сапр.Іваноў) Васіл
(18.7.1837, г. Карлава, Балгарыя — 18.2.1873),
дзеяч балгарскага нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху. Вучыўся ў Плоўдзіўскім епархіяльным вучылішчы (1863—64). У 1862 быў байцом 1-й Балг. легіі (легіёна), сфарміраванай у Сербіі для барацьбы супраць туркаў; за адвагу ў баях празваны Леўскім (ад слова «леў»). З 1864 настаўнічаў у Балгарыі. У 1867 уступіў у балг.партыз. атрад, створаны ў Румыніі, удзельнічаў у яго баявых дзеяннях супраць туркаў на тэр. Балгарыі. У 1868—69 стварыў і ўзначаліў у Балгарыі шырокую сетку падп.нац.-вызв. арг-цый. У 1869—72 быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў заснаванага ў Бухарэсце Балг.рэв. цэнтральнага к-та, які аб’яднаў балг.нац.вызв. арг-цыі ў эміграцыі і на радзіме; распрацаваў яго статут, у якім мэтай нац.-вызв. барацьбы абвяшчалася стварэнне ў Балгарыі незалежнай дэмакр. рэспублікі. Пасля вяртання ў Балгарыю схоплены (снеж. 1872) тур. ўладамі і павешаны ў Сафіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЕРПУЛ (Liverpool),
горад на З Вялікабрытаніі, пры ўпадзенні р. Мерсі ў Ірландскае мора. Адм. ц. метрапалітэнскага графства Ліверпул і гал. горад канурбацыі Мерсісайд. 475 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Адзін з буйнейшых партоў краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем порта і знешнегандл. аперацыямі. У Л. і яго прыгарадах — суднабудаванне і суднарамонт, аўта- і авіябудаванне, эл.-тэхн., гумавая, хім., папяровая, харч.прам-сць. Фондавая і таварная біржы. Ун-т. Музеі. Маст. галерэя Уокера. Арх. помнікі 18—20 ст. (шпіталь, ратуша, дзелавыя і гандл. будынкі).
Упершыню згадваецца ў 1191. У 1207 атрымаў гар. правы. Да 17 ст. невял. порт. Росту горада і порта з 17 ст. паспрыялі гандаль рабамі, якіх вывозілі ў ісп. калоніі ў Амерыцы, а пасля 1840 — масавая эміграцыя ірландцаў у ЗША. У 19 ст. Л. — гал.англ. порт па ўвозе бавоўны і вывазе баваўняных вырабаў. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны ў выніку ням. бамбардзіровак. У 1956 у Л. створаны муз. квартэт «Бітлз».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1830,
рэвалюцыя ў Францыі, у выніку якой скінута манархія Бурбонаў, пакончана з дваранска-клерыкальным рэжымам Рэстаўрацыі (1814—30) і ўстаноўлена Ліпеньская манархія — улада буйных капіталіст. уласнікаў (пераважна фінансістаў) у асобе караля Луі Філіпа. Падставай для рэвалюцыі стала спроба караля Карла X арданансамі ад 25 ліп. распусціць палату прадстаўнікоў, абмежаваць і без таго малую (90 тыс.) колькасць выбаршчыкаў і ўвесці жорсткую цэнзуру друку. Рухаючая сіла Л.р. — рабочыя, рамеснікі, прадпрымальнікі, студэнты, афіцэры. 27—29 ліп.пасля вулічных баёў рэвалюцыя перамагла ў Парыжы, а потым у правінцыі. 2.8.1830 Карл X адрокся ад прастола. Паводле новай канстытуцыі («Хартыі 1830») колькасць выбаршчыкаў павялічылася да 166 тыс., абмежавана ўлада караля, праведзены інш. рэформы. Л.р. не вырашыла задачы дэмакратызацыі франц. грамадства, што абумовіла непазбежнасць новай рэвалюцыі. Але яна пакончыла са спробамі аднаўлення ў Францыі феад.-абсалютысцкіх парадкаў, спрыяла развіццю рыначных адносін у краіне, нанесла ўдар сістэме Свяшчэннага саюза, дала штуршок Бельгійскай рэвалюцыі 1830.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КІ ДРУК,
від друку, пры якім друкавальныя элементы друкарскай формы паглыблены адносна прабельных і запаўняюцца фарбаю. У працэсе друкавання фарба бесперапынна паступае на паверхню друкарскай формы, спец. стальной пласцінкай (ракелем) выдаляецца з прабельных элементаў, а з паглыбленняў пад ціскам друкарскага вала перадаецца на паперу.
Чым глыбей друкавальныя элементы, тым больш фарбы пераносіцца на паперу і больш цёмнымі насычанымі робяцца пэўныя часткі адбітка. Для адбіткаў глыбокага друку ўласцівыя высокая яркасць, насычанасць і мяккасць тонавых пераходаў. Формы для глыбокага друку робяць фотамех. спосабам і на электрагравіравальных апаратах, друкаванне выконваецца на ратацыйных друкарскіх машынах. Глыбокі друк выкарыстоўваюць для друкавання ілюстраваных адна- і шматфарбавых часопісаў, рэкламнай і этыкетачна-ўпаковачнай выяўленчай прадукцыі. Вядомы з 15 ст. Папярэднікам сучаснага спосабу вырабу формаў глыбокага друку з’яўляецца геліягравюра.
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.
Схема глыбокага друку: 1 — падрыхтаваная друкарская форма; 2 — форма пасля нанясення фарбы; 3 — выдаленне фарбы з паверхні формы ракелем; 4 — атрыманне адбітка на паперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,
працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.
У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.
Літ.:
На переднем крае астрофизики: Пер. с англ.М., 1979;
Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎТУШЭ́НКА (Яўген Аляксандравіч) (н. 18.7.1933, г. Зіма Іркуцкай вобл., Расія),
рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1951—54). Друкуецца з 1949. Паэзія вызначаецца незалежнасцю пазіцыі, вострай пастаноўкай складаных маральных і сац. пытанняў, праблем грамадзянскасці, міжнар. палітыкі, гуманіст. і антываен. пафасам (зб-кі «Разведчыкі будучага», 1952, «Шаша энтузіястаў», 1956, «Яблык», 1960, «Інтымная лірыка», 1973, «Зварка выбухам», 1980, «Грамадзяне, паслухайце мяне...», 1989, і інш., паэмы «Брацкая ГЭС», 1965, «Мама і нейтронная бомба», 1982, за апошнюю Дзярж. прэмія СССР 1984). Выступае як празаік, публіцыст і крытык (зб-кі артыкулаў «Талент ёсць цуд невыпадковы», 1980, «Пункт апоры», 1981, раманы «Ягадныя мясціны», 1982, «Не памірай пасля смерці», 1993). Паставіў фільмы «Дзіцячы сад» (1984), «Пахаванне Сталіна» (1991), здымаўся ў іх. На бел. мову творы Е. перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, А.Вярцінскі, В.Макарэвіч, У.Нядзведскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАВУГЛЯРО́ДЗІСТЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы жалеза з вугляродам на аснове жалеза. Найб. пашыраныя тэхн. Ж.с. сталь (мае да 2% вугляроду C па масе) і чыгун (2—4,6% C).
У Ж.с. вуглярод утварае цвёрдыя растворы ўкаранення на аснове паліморфных мадыфікацый жалеза (аўстэніт — раствор C у γ-Fe, мае да 2,03% C, метал. аснова Ж.с. пры т-ры вышэй за 727 °C; ферыт — раствор C у α-Fe, мае да 0,025% C, аснова сплаваў пры t<727 °C), цэментыт (карбід жалеза Fe3C) ці прысутнічае ў свабодным стане ў выглядзе графіту. Графіт маюць Ж.с., якія атрымліваюць пры павольным раўнаважным ахаладжэнні расплаву Fe—C (шэры ці коўкі чыгун). Метастабільны Fe3C утвараецца пры хуткім ахаладжэнні расплаву, мае высокую цвёрдасць, крохкі. Мех. ўласцівасці Ж.с., пераважна сталі, паляпшаюць пры тэрмічнай апрацоўцы сплаваў пасля зацвярдзення: пры водпуску аўстэніт паступова раскладаецца на цэментыт і ферыт (сталь набывае высокую пластычнасць), пры загартоўцы ператвараецца ў мартэнсіт (павышаюцца цвёрдасць і зносаўстойлівасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНО́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,
спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл.Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.У.Дуда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Вінцэнт Антонавіч) (23.2.1903, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.2.1989),
дзеяч бел. эміграцыі, педагог, літаратуразнавец, гісторык. Д-р філасофіі (1952). Муж Р.М.Жук-Грышкевіч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1922), Пражскі ун-т (1927). У 1927—39 настаўнічаў у Вільні. Пасля заняцця горада Чырв. Арміяй (1939) арыштаваны органамі НКУС, засуджаны на 8 гадоў і зняволены ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, у складзе Андэрса арміі ваяваў супраць ням. фашыстаў. У 1945—49 выкладаў у вайск. школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1946), рэдактар час.«Беларус на чужыне», «На шляху». З 1950 у г. Таронта (Канада), з 1954 у Мюнхене (ФРГ), арганізаваў і вёў бел. секцыю радыё «Вызваленне». З 1956 у Канадзе: арганізаваў і ўзначаліў Каардынацыйны к-т беларусаў (1966) і Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967). З 1968 1-ы нам. старшыні, у 1970—82 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Аўтар кн. «25 сакавіка» (1978).