ПІЛЬШТЫ́Н (Пільштынова, дзявочае Русецкая) Саламея Рэгіна Іаахімаўна (1718, Навагрудчына, Гродзенская вобл. — пасля 1760), бел. мемуарыстка, падарожніца, лекарка. У 14 гадоў разам з мужам трапіла з Беларусі ў г. Стамбул. У 1739 вярнулася на радзіму, вяла мед. практыку ў Нясвіжы. Ездзіла ў Пецярбург, Вену, двойчы ў Турцыю. У 1760 са Стамбула накіравалася паломніцай у Святую Зямлю. Далейшы лёс невядомы. У 1760 напісала на польск. мове мемуары «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (выд. 1957, Кракаў), якія нагадваюць прыгодніцкі раман. У іх каларытна паказаны побыт і розныя бакі жыцця Беларусі, Турцыі, пецярб. двара Ганны Іванаўны. У мове шмат беларусізмаў, бел. прыказак і прымавак. На бел. мову яе мемуары пераклаў М.​Хаўстовіч.

Тв.:

Бел. пер. — Авантуры майго жыцця: Раман. Мн., 1993.

Літ.:

Грыцкевіч В.П. Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая. Мн., 1989.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)