ПАСТЭРЫЗА́ЦЫЯ,

спосаб кансервавання харч. прадуктаў аднаразовым награваннем да т-ры ніжэй за 100 °C (звычайна 60—70 °C) з рознай вытрымкай (найчасцей 15—30 мін). Робіцца ў пастэрызатарах (спец. апаратах). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі малака, віна, піва і інш. прадуктаў, якія пры награванні да больш высокай т-ры зменьваюць свае якасці. Прапанавана Л.Пастэрам (адсюль назва).

Пры П. гіне большасць неспараносных бактэрый, дражджэй і цвільных грыбоў, разбураюцца ферменты. Застаюцца жывыя споры мікробаў, частка энтэракокаў і малочнакіслых бактэрый. Каб знішчыць усе мікробы і іх споры, робяць тындалізацыю — паўторнае (2—5-разовае) праграванне пры т-ры 55—56 °C на працягу 30—60 мін з 24-гадзіннымі інтэрваламі, ультрапастэрызацыю — апрацоўку перагрэтай парай пры 150 °C і стэрылізацыю. Выкарыстоўваюць таксама П. прамянёвую — апрацоўку харч. прадуктаў гама-выпрамяненнем для знішчэння ў іх мікрафлоры. Прадукты пасля апрацоўкі бясшкодныя і могуць спажывацца ў ежу.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)