ПАЛІ́БІЙ (Polybios; каля 200 да н.э., г. Мегалопаліс, Грэцыя — каля 120 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык. Сын стратэга Ахейскага саюза Лікорта. Камандаваў конніцай ахейцаў. Пасля перамогі рымлян каля Підны (168 да н.э.) над арміяй македонскага цара Персея адпраўлены ў ліку 1000 знатных ахейцаў заложнікам у Рым, дзе пражыў 16 гадоў. Зблізіўся са Сцыпіёнам Афрыканскім Малодшым, суправаджаў яго ў паходах па Іспаніі і Паўн. Афрыцы. Аўтар «Гісторыі» ў 40 кнігах, якая ахоплівае перыяд 220—146 да н.э. (захаваліся поўнасцю кн. 1—5, астатнія — фрагментарна). Гэта першая спроба выкладу гісторыі Грэцыі, Македоніі, М. Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемасувязі. Галоўнай задачай гісторыі П. лічыў не апісанне, а тлумачэнне падзей, раскрыццё прычын з’яў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі.

Літ.:

Немировский А.И. Рождение Клио: У истоков ист. мысли. Воронеж, 1986.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)