Засн. 8.8.1908 у Мінску як чыгуналіцейны з-д «Гігант». З 1912 з-д «Энергія» (працавалі 63 чал.). У 1921 вырабляў дробныя хатнія рэчы, у 1923 пабудаваны мех. цэх. У 1927 выраблены першыя такарныя і пачалося асваенне вертыкальна-свідравальных станкоў. У Вял.Айч. вайну на з-дзе дзейнічалі групы Мінскага патрыятычнага падполля. У 1948—57 на з-дзе асвоена 28 мадэлей цяжкіх універсальных падоўжна-апрацоўчых і 10 мадэлей спец. станкоў. У 1975 наладжаны выпуск шматаперацыйных фрэзерна-расточных станкоў з лічбавым кіраваннем. З 1996 Дзярж. прадпрыемства МЗОР. Асн. прадукцыя (1999): падоўжна-стругальныя, канта-стругальныя, фрэзерныя, даўбёжныя, балансіровачныя, шматаперацыйныя станкі, «апрацоўчыя цэнтры», дрэваапрацоўчыя і інш. Пастаўляе прадукцыю больш чым у 40 краін свету.
польскі паэт, драматург, гісторык. Жыў на Беларусі. Вучыўся ў Полацку і Оршы. Выкладаў рыторыку, франц. мову і філасофію ў Мсціславе і Віцебску. З 1800 выкладчык тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Для полацкага школьнага т-ра пісаў камедыі («Дзівак», «Падазронасць») і трагедыі («Смерць Цыцэрона», «Флавій» і інш.). У Полацку выйшлі яго зб-кі «Тэатральныя забаўкі» (т. 1—2, 1803) і «Больш дробныя паэтычныя забаўкі» (1804), у якіх выразна праявіліся стылявыя рысы класіцызму. Аўтар падручнікаў, гісторыі езуітаў на Беларусі (рукапіс). Яго эпічная паэма «Палтава» (Полацк, 1803), у якой услаўляецца перамога рус. войск над шведамі, выклікала ў 1817—18 вострую ідэйную палеміку паміж прыхільнікамі асветніцтва і езуітамі. Выступаў за пашырэнне асветы, збліжэнне Беларусі з Расіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НІ́КА»,
народнае паўстанне ў сталіцы Візантыі Канстанцінопалі 11—17.1.532. Назва ад клічу-пароля ўдзельнікаў «Ніка!» («Перамагай!»). Рамеснікі, дробныя гандляры, бедната — члены т.зв. цыркавых партый венетаў і праксінаў — разам выступілі супраць падатковага цяжару, праследаванняў ератыкоў і язычнікаў з боку імператара Юстыніяна I. Яны нападалі на ўрадавыя ўстановы, падпалілі горад, аблажылі ў палацы імператара, які дарэмна спрабаваў пагасіць паўстанне частковымі ўступкамі (адстаўка вышэйшых чыноўнікаў). Да руху далучыліся некаторыя сенатары. Паўстанцы абвясцілі імператарам Іпація (пляменніка б. імператара Анастасія I). Урад здолеў шляхам подкупу кіраўніцтва венетаў раскалоць паўстанцаў і потым з дапамогай наёмных атрадаў готаў і герулаў задушыць «Н.»: 35 тыс.чал. забіты, Іпацій пакараны смерцю, многія апазіцыйныя сенатары сасланы.
Літ.:
Чекалова А.А. Константинополь в VI в.: Восстание Ника. 2 изд. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЕ́Ц (Utricularia),
род кветкавых насякомаедных раслін сям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.
Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГНО́ЎКА, вадзяніка, вараніка,
шыкша (Empetrum),
род кветкавых раслін сям. багноўкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодных абласцях Паўн. паўшар’я, у паўд. раёнах Паўд. Амерыкі і на некаторых прылеглых астравах, ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі і ў паўд.-зах. Еўропе. На Беларусі пераважна ў паўн. раёнах трапляецца багноўка чорная (Empetrum nigrum). Расце на вярховых балотах, у забалочаных хваёвых і яловых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны кусцік выш. 10—20 см з доўгім паўзучым разгалінаваным сцяблом, сцелецца па зямлі, даўж. да 1 м. Лісце дробнае, вузкаэліптычнае. Кветкі дробныя, адзінкавыя, зрэдку па 2—3 у пазухах лісця, ружовыя або цёмна-чырвоныя. Плод — шарападобная шыза-чорная ягадападобная касцянка. Плады ядомыя, кіславатыя, з пурпуровым сокам, маюць вітамін С, андрамедатаксін, фарбавальныя і дубільныя рэчывы. Настой з травы ўжываецца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛА́ (Viscum),
род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.
Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВО́РЦЫЯ (Howorthia),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.
Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРНІ́ЧНІК (Xanthium),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца 4 віды: Д. валлякападобны, або звычайны (X. strumarium), каліфарнійскі (X. californicum), ігольчасты (X. spinosum) і эльбскі (X. albinum). Растуць па берагах рэк і вадаёмаў, каля дарог, жылля і інш.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным разгалінаваным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, простае, зубчастае або лопасцевае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя. трубчастыя, аднаполыя, сабраны ў кошыкі: тычынкавыя шматкветныя, шарападобныя, размешчаны ў верхняй ч. агульнага суквецця, песцікавыя 1—2-кветныя, адзіночныя ці ў клубочках, з двухрадковай абгорткай, якая каля пладоў укрыта калючкамі або шыпамі. Плод — учэпістая авальная сямянка. Лек. (у лісці і сцёблах шмат ёду), алейныя, меданосныя і фарбавальныя расліны. Некат. віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЯ́ЎНІК (Sisymbrium),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, а таксама ў Паўд. Амерыцы (Анды) і Паўд. Афрыцы. На Беларусі ў якасці занесеных і пустазелля трапляюцца 7 відаў: гуляўнік амаль кап’ялісты (S. subhastatum), волжскі (S. wolgense), высокі (S. altissimum), зменлівы (S. polymorphum), Лёзеля (S. loeselii), лекавы (S. officinale) і ўсходні (S. orientale). Растуць на сметніках, каля дарог, на палях і агародах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м, з галінастым сцяблом, голыя або апушаныя. Лісце простае, надрэзанае або перыстараздзельнае, зрэдку цэласнае. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), рэдка — белыя, сабраныя ў вузкія коласападобныя суквецці. Плод — стручок. Пустазелле; некат. віды — кармавыя, лек., харч. (салатныя), меданосныя, тэхн. (фарбавальныя, алейныя) і ядавітыя расліны.