ТО́РБАЧНІК (Thlaspi),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 60 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі 3 віды Т.: альпійскі (Th. alpestre), занесены ў Чырв. кнігу, палявы (Th. arvense), пранізаналісты (Th. perfoliatum). Трапляюцца на палях, пустках, уздоўж дарог.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, простыя або галінастыя. Прыкаранёвае лісце часта ў разетцы, чаранковае, суцэльнае, зубчастае ці хвалістае, сцябловае — сядзячае, вузкасэрцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці. Плод — стручочак. Трава Т. палявога мае моцны часночны пах, у насенні да 30% алею. Лек., радзей харч. (салатныя, насенне для гарчыцы), дэкар. расліны, некат. пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Торбачнік: 1 — альпійскі; 2 — палявы.

т. 15, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)