СУМА́Х, жаўтушнік (Rhus),

род кветкавых раслін сям. анакардыевых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 250) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе і субтропіках. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды С.: аленярогі, ці пушысты, або воцатнае дрэва (R. typhina), духмяны (R. aromatica), трохлопасцевы (R. trilobata), ядавіты (R. toxicodendron).

Лістападныя або вечназялёныя кусты ці невял. дрэвы выш. да 12 м, радзей ліяны. Лісце чаргаванае, буйное, трайчастае або непарнаперыстае, ярка-чырв. ўвосень. Кветкі дробныя, шматлікія, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод — касцянка. У лісці і кары ёсць дубільныя рэчывы. З соку некат. відаў (ядавіты, выклікае апёкі) атрымліваюць лак, з пладоў — воск. Лек., тэхн., дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Сумах: 1 — кітайскі; 2 — паслядоўны.

т. 15, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)