ЦЫКУ́ТА, вех (Cicuta),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 10 (паводле інш. звестак 20) відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Ц. ядавітая (C. virosa), нар. назва вяха, шалей. Трапляецца па берагах рэк, ускрайках балот, на вільготных лугах, часта ў вадзе.

Ц. ядавітая — шматгадовая травяністая расліна з тоўстым карэнішчам, падзеленым на паветраныя камеры. Сцябло выш. да 1,5 м, прамастойнае, галінастае, пустое, часта з фіялетавым адценнем. Лісце двойчы- або тройчыперыстае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, белыя, сабраныя ў складаны парасонік. Плод — віслаплоднік. Уся расліна, асабліва карэнішча, мае таксін, які выклікае моцныя, часта смяротныя атручэнні свойскай жывёлы і чалавека. Лек., інсектыцыдная расліна.

Цыкута ядавітая.

т. 17, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)