бясконцы ў часе і прасторы і бязмежна разнастайны па сваіх формах свет; усё, што існуе. У шырокім сэнсе С. з’яўляецца прадметам вывучэння ўсяго прыродазнаўства, кожная з галін якога даследуе пэўны бок С. У больш вузкім сэнсе навукай пра С. з’яўляецца астраномія. Будову С. як цэлага вывучае касмалогія.
Развіццё ўяўленняў пра С. прайшло некалькі этапаў. У старажытнасці пад С. разумелася населеная частка Зямлі. У Стараж. Грэцыі ўяўленні пра С. звязаны з адкрыццём шарападобнасці Зямлі, аддаленасці нябесных свяціл (Піфагор, Арыстоцель) і гіпотэзай пра рух Зямлі (Філалай, Арыстарх Самоскі). У сярэдневякоўі ўсталявалася геацэнтрычная сістэма свету Пталамея. Пераварот ва ўяўленнях пра С. звязаны з канцэпцыямі М.Каперніка (гл.Геліяцэнтрычная сістэма свету), у якой Зямля разглядалася як звычайнае нябеснае цела, і Дж.Бруна, які прыйшоў да высновы пра бясконцасць зорнага С. З 19 ст. С. даследаваўся як зорная сістэма Млечнага Шляху (Галактыка). Новы этап у развіцці ўяўленняў пра С. звязаны з абгрунтаваннем у 20 ст. існавання інш. галактык і пераходам да вывучэння Метагалактыкі, ажыццяўленнем запуску першых штучных спадарожнікаў Зямлі і асваеннем касм. прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ТКІ,
адзінка часу, роўная 24 гадз. Адрозніваюць зорныя С., роўныя перыяду абарачэння Зямлі вакол сваёй восі адносна пункта вясенняга раўнадзенства, і сонечныя С. — перыяд абарачэння Зямлі адносна Сонца.
Зорныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі пункта вясенняга раўнадзенства. У залежнасці ад выбару пункта вясенняга раўнадзенства (сапраўдны — разглядаецца рух гэтага пункта з улікам прэцэсіі і нутацыі, сярэдні — улічваецца толькі прэцэсія) адрозніваюць сапраўдныя (іх працягласць непастаянная і бесперапынна мяняецца з-за нутацыі) і сярэднія зорныя С. (на 0,0084 с карацейшыя за сапраўдны перыяд абарачэння Зямлі). Сонечныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі Сонца. З прычыны экліптычнасці зямной арбіты і нахілу экліптыкі да экватара прамежак часу паміж 2 кульмінацыямі рэальнага Сонца — працягласць сапраўдных сонечных С. — мяняецца на працягу года ад 24 гадз 3 мін 36 с (у сярэдзіне вер.) да 24 гадз 4 мін 27 с (у канцы снеж.) зорнага часу. На практыцы карыстаюцца сярэдняй працягласцю сонечных С. за год — сярэднімі сонечнымі С., роўнымі 24 гадз 3 мін 56,55536 сзорнага часу. Гл. таксама Каляндар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫКУ́ТНІК (лац. Triangulum),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Знаходзіцца паміж сузор’ямі Андрамеды, Рыб, Оўна і Персея. Найб. яркія зоркі 3,0 і 3,4 візуальнай зорнай велічыні; 15 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і Т. знаходзіцца адна з самых блізкіх і найб. даследаваных галактык (М 33). З тэр. Беларусі відаць летам, увосень і зімой. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУВІ́М (Tuwim) Юльян (13.9.1894, г. Лодзь, Польшча — 27.12.1953),
польскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1916—18). У 1939—46 у эміграцыі, з 1942 актыўна ўдзельнічаў у антыфаш. дзейнасці. Друкаваўся з 1913. У зб-ках «Падпільноўваю Бога» (1918), «Сакрат танцуе» (1920), «Сёмая восень» (1922) і інш. наватарскі падыход да паэт. мовы, віталізм, культ радасці і кахання. У зб. «Чацвёрты том вершаў» (1923) элегічныя матывы, насычанасць сімволікай. Сац.-філас. рэфлексія, тэма паэта і паэзіі, сувязь з класічнай традыцыяй вызначальныя ў зб-ках «Словы ў крыві» (1926), «Чарналессе» (1929), «Палымяная сутнасць» (1936). Паэт. канцэпцыя слова ў «паэме-фантазіі» «Зеляніна» (1936). У цэнтры паэмы «Баль у оперы» (1936, апубл. 1946) асэнсаванне гісторыка-паліт. сітуацыі ў міжваен. Польшчы. Ліра-эпічная паэма «Кветкі Польшчы» (апубл. 1949, незавершана) адметная тэматычным багаццем, версіфікатарскай тэхнікай. Аўтар арыгінальных кніг па гісторыі нораваў і звычаяў, культуры, мовы і л-ры Польшчы, у т. л. «Чатыры стагоддзі польскай фрашкі» (1937), «Кніга польскіх вершаў XIX ст.» (т. 1—3, 1954), твораў для дзяцей. Пераклаў на польскую мову «Слова аб паходзе Ігаравым» (1928, новы варыянт 1950), некат. творы рус. і інш. пісьменнікаў. На бел. мову паасобныя творы Т. пераклалі Э.Агняцвет, А.Вялюгін, С.Дзяргай, М.Лужанін, П.Макаль, У.Мархель, Р.Няхай, Я.Семяжон, В.Сёмуха, М.Танк, С.Шушкевіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУКА́Н (лац. Tucana),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,8 візуальнай зорнай велічыні. У Т. размешчаны адзін са спадарожнікаў нашай Галактыкі — Малое Магеланава воблака — і вельмі яркае шаравое зорнае скопішча. З тэр. Беларусі не відаць. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУМА́ННАСЦІ ГАЛАКТЫ́ЧНЫЯ,
воблакі міжзорнага газу ці пылу з пэўнымі контурамі. Канцэнтрацыя часцінак 100—1000 см−3, т-ра каля 10 000 К. Вядома каля 400 Т.г.
Адрозніваюць планетарныя туманнасці (з прыкметамі правільнай структуры) і дыфузныя (маюць адвольную форму і агульную неўпарадкаванасць). Дыфузныя туманнасці бываюць эмісійныя (іх спектры маюць эмісійныя лініі) і адбівальныя (у спектрах ёсць лініі паглынання, характэрныя для спектра бліжэйшай зоркі). Газавыя Т.г. свецяцца ў выніку іанізацыі газу магутным ультрафіялетавым выпрамяненнем гарачых зорак, якія заўсёды ёсць унутры ці побач з імі. Гарачых зорак мала, таму газавыя туманнасці складаюць каля 1—5% міжзорнага асяроддзя; знаходзяцца ў спіральных частках нашай Галактыкі і інш. спіральных галактык. Самая вядомая газавая туманнасць (М 42) знаходзіцца ў сузор’і Арыёна. яе працягласць каля 6 пк. добра бачна простым вокам. Пылавыя Т.г. бываюць светлыя (свецяцца адбітым святлом) і цёмныя (бачны на фоне светлых туманнасцей ці на фоне зорнага неба ў Млечным Шляху).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕСКО́П (ад тэле... + ...скоп) аптычны, прылада для назірання нябесных цел; адзін з найб. важных астранамічных інструментаў і прылад. Пранікальная сіла (зорная велічыня найб. слабых зорак, бачных пры дапамозе Т.) прапарцыянальная плошчы аб’ектыва, моцна залежыць ад якасці оптыкі, яркасці неба, стану атмасферы і інш.
Уяўляе сабой трубу, устаноўленую на манціроўцы з восямі для навядзення Т. на аб’ект і сачэння за ім. Паводле аптычнай схемы адрозніваюць Т. люстраныя (рэфлектары), лінзавыя (рэфрактары) і люстрана-лінзавыя (гл.Максутава тэлескоп). Адпаведна прыёмнікам аптычнага выпрамянення, што выкарыстоўваюцца, Т. бываюць з візуальнай, фатаграфічнай (гл.Астрограф), спектральнай, фотаэл. і інш. рэгістрацыяй. Візуальны Т. мае аб’ектыў і акуляр; павелічэнне аптычнаеG = F/f, дзе F і f — фокусныя адлегласці аб’ектыва і акуляра. Паводле прызначэння адрозніваюць Т. астрафізічныя (для вывучэння зорак, планет, туманнасцей), сонечныя астраметрычныя, спадарожнікавыя камеры, метэорныя патрулі і інш.Гл. таксама Радыётэлескоп.
Літ.:
Михельсон Н.Н. Оптические телескопы: Теория и конструкция. М., 1976;
Оптические телескопы будущего: Пер. с англ.М., 1981;
Максутов Д.Д. Изготовление и исследование астрономической оптики. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФІ́ЛЬМ, тэлевізійны фільм,
ігравы, дакумент. ці дакумент.-ігравы фільм, створаны для паказу па тэлебачанні ці прагляду на відэакасетах. У яго маст. структуры сінтэзуюцца вобразная мова кіно (план, ракурс, кампазіцыя, мантаж) і тэлебачання (павялічанае значэнне буйных планаў, працяглае развіццё дзеяння, цыклічныя, серыйныя формы, спалучэнне з кантэкстам тэлепраграм). У 1960-я г. здымаўся на кінастужцы, з 1970-х г. — на відэастужцы, што пашырыла вобразныя магчымасці мовы экрана дзякуючы відэатэхніцы. На Беларусі выпуск Т. пачаўся з 1964 у аб’яднанні «Тэлефільм» Рэсп. студыі тэлебачання, з 1968 — у аб’яднанні «Тэлефільм» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1989 — у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белвідэацэнтр» Мін-ва культуры Беларусі.
У 1960-я г. пераважалі камерныя псіхал. фільмы з лакальнымі сюжэтамі: «Зімовы дуб» (рэж. М.Кожын), «Снежны конь» (рэж. Ю.Дубровін, абодва 1963), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (рэж. В.Рубінчык), «Бераг прынцэсы Люські» (рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (рэж. В.Рыбараў, усе 1969). На «Тэлефільме» тэлекіно грунтавалася на традыцыях нац. л-ры, кола аўтараў склалі бел. пісьменнікі: У.Караткевіч («Камлючок», 1967, рэж. М.Калінін), І.Сяркоў («Мы — хлопцы жывучыя», 1974, рэж. У.Станкевіч), І.Пташнікаў («Родам адсюль», 1969, рэж. У.Арлоў; «Тартак», 1974, рэж. В.Карпілаў), А.Кудравец («Восеньскія яблыкі», 1975, рэж. У.Унукаў), В.Карамазаў («Зялёныя фрэгаты», 1976, рэж. Я.Шабан), А.Вялюгін («Рэха ў пушчы», 1977, рэж. Дз.Ніжнікоўская), А.Дудараў («Кола», 1977; «Бусляня», 1980; «Купальская ноч», 1982, рэж. усіх В.Басаў; «Суседзі», 1979, рэж. В.Панамароў), Я.Сіпакоў («Госць», 1979, рэж. Басаў), А.Жук («Паляванне на Апошняга Жураўля», 1980, рэж. В.Анісенка), Шабан («Варыянты», 1981, рэж. Басаў; «Дзень на лясным возеры», 1983, рэж. І.Калоўскі), Г.Марчук («Вясковы эрудыт», 1985, рэж. У.Траццякоў), В.Іпатава («Памяць па сходнай цане», 1985, рэж. Басаў). Экранізаваліся творы бел. класікаў: Я.Купалы — маст. Т. «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі), «Пасля кірмашу» (1972, рэж. Ю.Цвяткоў), «Гусляр» (рэж. Б.Бахціяраў), «На куццю» (рэж. Н.Арцімовіч), дакументальныя «Паклон мой народу за песні» (рэж. Калоўскі, усе 1982), «Ніколі я не паміраў» (1992) і «Імша на Купалу» (1993, рэж. абодвух У.Бокун), «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка» (1998, рэж. М Якжэн), «Янка Купала» (2002, рэж. С.Гайдук); Я.Коласа — маст. «І смех, і бяда» (1973, рэж. Шабан), «Сымон-музыка» (1978) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух Траццякоў); І.Мележа — Т. і тэлесерыял «Людзі на балоце» (адпаведна 1965, рэж. А.Гутковіч; 1984, рэж. В.Тураў); У.Караткевіча — «Званы Віцебска» (1974, рэж. В.Мазынскі), «Ладдзя Роспачы» (1982, рэж. Л.Тарасава), «Чорны замак Альшанскі» (1984, рэж. М.Пташук). У Т. знаходзяць сваё ўвасабленне і творы пісьменнікаў рус.: І.Тургенева («Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», 1972, рэж. Тураў; «Гамлет Шчыгроўскага павета», 1975, рэж. Рубінчык; «Зацішша», 1981, рэж. В.Чацверыкоў; «Бацькі і дзеці», 1984, рэж. Нікіфараў), А.Пушкіна («Дуброўскі», 1988, рэж. Нікіфараў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1990, рэж. Я.Маркоўскі), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў); польскіх: паводле Э.Ажэшкі («Хам», 1991, рэж. Дз.Зайцаў), С.Жаромскага («Пракляты ўтульны дом». 1998, рэж. Арлоў); амерыканскіх: Дж.Лондана («Час-Не-Чакае», 1975, рэж. Чацверыкоў), Р.Уорэна («Уся каралеўская раць», 1971, рэж. Ю.Дубровін). У 1970-я г. пачаўся выпуск серыялаў пераважна на гіст., гіст.-рэв. і ваен. тэматыку, часта са спалучэннем хронікі і маст. вобразаў (дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі», 1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, А.Ястрабаў; маст. «Дзяржаўная граніца», 1980—87, рэж. Б.Сцяпанаў, Нікіфараў). У дакументальна-маст. серыяле В.Шавялевіча ў кантэксце гісторыі слав. народаў разглядаецца мінулае і сучаснасць Беларусі, абнаўляецца паэтыка-метафарычная мова кіно: «Па дарогах «Слова аб’ палку Ігаравым» (1986), дылогіі «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90) і «Прыйдзі і віждзь» (1992); «Пастка для зубра» (1995) і «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000). Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны серыялы «Белая зямля» (1970), «Доўгія вёрсты вайны» (паводле В.Быкава, 1975, рэж. абодвух Карпаў), «Руіны страляюць» (1972, рэж. Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Пікман), «Нас выбраў час» (1976—78, рэж. Пташук). Асабістая трагедыя чалавека ў час вайны адлюстравана ў маст. Т. «Фруза» (паводле Быкава, 1981, рэж. Нікіфараў), «Сведка» (паводле В.Казько, 1985, рэж. Рыбараў) Галерэю партрэтаў удзельнікаў вайны стварылі рэжысёры-дакументалісты Басаў («Імгненні Перамогі», «Салдаты Перамогі», абодва 1975; «Дзякуй, салдат», 1984; «Курган», 1995), В.Жыгалка («Дзеці Брэсцкай крэпасці», «Ім не было і 16», абодва 1978; тэлесерыял «Пасля Перамогі», 1994, «Апошні з групы «Джэк», 2000), Т.Вашчанка («Адзін з многіх», 2000).
Т. выконвае рэпрадукцыйную функцыю, стварае экранны летапіс маст. культуры. Багацце і самабытнасць бел.нар. творчасці адлюстраваны ў дакумент. фільмах В.Каралёва («Палескі карагод», 1991; «Беларускі вясельны каравай», 1993; «Штукар Ямеля з Хальчы», 1996), Ю.Лысятава («Галасы зямлі маёй», 1994; «Дудка», «Труба і рог», абодва 1995), Ю.Гарулёва («Грай, скрыпка, грай», 1994), В.Купрыянава («На крылах фальклору Палесся», 1990; «Калядны сувенір», «Народныя майстры», абодва 1994), А.Суханавай («Іосіф і яго брат Пётр», 1994; «Бубен і барабан», 1997), Гайдука («Неглюбскі лістапад», 1994; «Масленіца», «Рассыпушка», абодва 1995), А.Шклярэўскага («Карагод», 1995; «Эй, гуляю я», 1996), І.Волах «Калядныя цары», 1997), Р.Грыцковай («Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава», 1998). Створаны цыклы дакумент.біягр. Т.-партрэтаў дзеячаў бел. мастацтва: выяўл. — «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976, рэж. С.Адаменка), «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Фантазіі Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка), «А.А.Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч); муз. — «Песні Ігара Лучанка» (1972), «Харошкі» (1978, рэж. абодвух Басаў), «Урыўкі з ненапісанага. Я.Глебаў» (рэж. Арлоў), «Анісімаў» (рэж. В.Шышоў, абодва 1999); тэатральнага і юнамастацтва — «Купалаўцы» (1968, рэж. А.Колас), «Кінарэжысёр Віктар Тураў» (1995, рэж Цвяткоў), «Паўлінка» (1997, рэж. Шышоў) і інш. У экранны фонд увайшлі і Т.-спектаклі драм. і муз. т-раў (гл. ў арт.Тэлевізійны тэатр). Для дзяцей створаны прыгодніцкія серыялы («Корцік», 1973, «Бронзавая птушка», 1974, рэж. абодвух Калінін; «Апошняе лета дзяцінства». 1974, рэж. Рубінчык), фільмы-казкі («Гора баяцца — шчасця не бачыць», рэж. Тураў; «Пастух Янка», рэж. Цвяткоў, абодва 1973), тэлемюзіклы («Прыгоды ў горадзе, якога няма», 1974, «Прыгоды Бураціна», 1975, «Пра Чырвоную Ша пачку», 1977, «Прададзены смех», 1981, «Казка пра Зорнага хлопчыка», 1983, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Пітэр Пэн», 1987, рэж. усіх Л.Нячаеў). У 1990-я г. ў Т. дамінуе экалагічная праблематыка маст. фільм «Бліскавіцы» (1990, рэж. Траццякоў), дакумент. цыклы «Бярэзінскі запаведнік» (1994, рэж. Гедравічус), «Нараўлянскія эцюды» (1996, рэж. Басаў), «Чырвоная кніга. Фауна і флора Беларусі» (2000, рэж. І.Бышнеў) і інш. На мяжы 20—21 ст. у тэлекіно ўваходзіць хрысц. тэматыка: «Уладыка» (1993), «Полацкая Сафія» (1995), «Пад крыламі Ефрасінні» (1996), «Дабро стварай» (1998, рэж. усіх Шавялевіч), «Святыні зямлі беларускай» (2000, рэж. Каралёў) і інш.
В.Ф.Нячай.
Кадр з тэлефільма «Прыгоды Бураціна». 1975.Кадр з тэлефільма «Дзяржаўная граніца» (фільм 2-і) 1981.Кадр з тэлефільма «Хам». 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УА́ЙЛЬД, Уайлд (Wilde) Оскар Фінгал О’Флаэрці Уілс (16.10.1854, Дублін — 30.11.1900), англійскі пісьменнік і крытык; прадстаўнік дэкадэнцтва. Скончыў Оксфардскі ун-т (1879). Дэбютаваў у 1876. У зб. «Вершы» (1881) блізкі да франц. імпрэсіяністаў, імкнуўся да сінтэзу паэзіі, музыкі і жывапісу. Аднавіў жанр літ.-філас. казкі (зб-кі «Шчаслівы прынц», 1888; «Гранатавы домік», 1891), паставіўшы ў цэнтр праблемы стасункаў мастацтва і рэчаіснасці, ролі фантазіі, пакут і міласэрнасці. Аўтар паэмы «Равена» (1878), трагедый «Герцагіня Падуанская» (1883), «Саламея» (1893; на яе аснове напісана аднайм. опера Р.Штрауса, 1905). У камедыях «Веер лэдзі Уіндэрмір» (паст. 1892), «Ідэальны муж», «Як важна быць сур’ёзным» (абедзве паст. 1895) праявіў сябе як майстар парадокса, знаўца псіхалогіі і свецкага жыцця. У кн. эсэ «Задумы» (1891) выклаў канцэпцыю эстэтызму, дэкларуючы прымат мастацтва над рэчаіснасцю і непадуладнасць яго законам абмежаванай маралі. Маст. ілюстрацыяй тэорыі У. і вяршыняй яго творчасці стаў сац.-філас. раман «Партрэт Дарыяна Грэя» (1891; неаднаразова экранізаваны), у якім сцвярджаў абс. перавагу мастацтва над жыццём і адначасова абвяргаў ідэю незалежнасці прыгажосці ад маралі. Стылістыка рамана адзначана спалучэннем рыс рэалізму, імпрэсіянізму, неарамантызму. Позняя творчасць У. нясе адбітак перажытай ім асабістай трагедыі — турэмнага зняволення («Балада Рэдынгскай турмы», 1898, і інш.). На бел. сцэне паводле яго твораў пастаўлены спектаклі «Зорны хлопчык» (1973, Гродзенскі абл.драм.т-р; 1978, Дзярж.т-р лялек), «Хлопчыкзорка» (1995, Бел.т-р «Лялька»), «Кентэрвільскі прывід» (1987, Бел.т-р юнага гледача), «Чыё дзіця ў сакваяжы» («Як важна быць сур’ёзным», 1997, Гомельскі абл.драм.т-р). На бел. мову паасобныя творы У. пераклаў М.Дуброўскі.