СУ́ТКІ,

адзінка часу, роўная 24 гадз. Адрозніваюць зорныя С., роўныя перыяду абарачэння Зямлі вакол сваёй восі адносна пункта вясенняга раўнадзенства, і сонечныя С. — перыяд абарачэння Зямлі адносна Сонца.

Зорныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі пункта вясенняга раўнадзенства. У залежнасці ад выбару пункта вясенняга раўнадзенства (сапраўдны — разглядаецца рух гэтага пункта з улікам прэцэсіі і нутацыі, сярэдні — улічваецца толькі прэцэсія) адрозніваюць сапраўдныя (іх працягласць непастаянная і бесперапынна мяняецца з-за нутацыі) і сярэднія зорныя С. (на 0,0084 с карацейшыя за сапраўдны перыяд абарачэння Зямлі). Сонечныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі Сонца. З прычыны экліптычнасці зямной арбіты і нахілу экліптыкі да экватара прамежак часу паміж 2 кульмінацыямі рэальнага Сонца — працягласць сапраўдных сонечных С. — мяняецца на працягу года ад 24 гадз 3 мін 36 с (у сярэдзіне вер.) да 24 гадз 4 мін 27 с (у канцы снеж.) зорнага часу. На практыцы карыстаюцца сярэдняй працягласцю сонечных С. за год — сярэднімі сонечнымі С., роўнымі 24 гадз 3 мін 56,55536 с зорнага часу. Гл. таксама Каляндар.

Л.​М.​Шахлевіч.

т. 15, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)