УА́ЙЛЬД, Уайлд (Wilde) Оскар Фінгал О’Флаэрці Уілс (16.10.1854, Дублін — 30.11.1900), англійскі пісьменнік і крытык; прадстаўнік дэкадэнцтва. Скончыў Оксфардскі ун-т (1879). Дэбютаваў у 1876. У зб. «Вершы» (1881) блізкі да франц. імпрэсіяністаў, імкнуўся да сінтэзу паэзіі, музыкі і жывапісу. Аднавіў жанр літ.-філас. казкі (зб-кі «Шчаслівы прынц», 1888; «Гранатавы домік», 1891), паставіўшы ў цэнтр праблемы стасункаў мастацтва і рэчаіснасці, ролі фантазіі, пакут і міласэрнасці. Аўтар паэмы «Равена» (1878), трагедый «Герцагіня Падуанская» (1883), «Саламея» (1893; на яе аснове напісана аднайм. опера Р.​Штрауса, 1905). У камедыях «Веер лэдзі Уіндэрмір» (паст. 1892), «Ідэальны муж», «Як важна быць сур’ёзным» (абедзве паст. 1895) праявіў сябе як майстар парадокса, знаўца псіхалогіі і свецкага жыцця. У кн. эсэ «Задумы» (1891) выклаў канцэпцыю эстэтызму, дэкларуючы прымат мастацтва над рэчаіснасцю і непадуладнасць яго законам абмежаванай маралі. Маст. ілюстрацыяй тэорыі У. і вяршыняй яго творчасці стаў сац.-філас. раман «Партрэт Дарыяна Грэя» (1891; неаднаразова экранізаваны), у якім сцвярджаў абс. перавагу мастацтва над жыццём і адначасова абвяргаў ідэю незалежнасці прыгажосці ад маралі. Стылістыка рамана адзначана спалучэннем рыс рэалізму, імпрэсіянізму, неарамантызму. Позняя творчасць У. нясе адбітак перажытай ім асабістай трагедыі — турэмнага зняволення («Балада Рэдынгскай турмы», 1898, і інш.). На бел. сцэне паводле яго твораў пастаўлены спектаклі «Зорны хлопчык» (1973, Гродзенскі абл. драм. т-р; 1978, Дзярж. т-р лялек), «Хлопчыкзорка» (1995, Бел. т-р «Лялька»), «Кентэрвільскі прывід» (1987, Бел. т-р юнага гледача), «Чыё дзіця ў сакваяжы» («Як важна быць сур’ёзным», 1997, Гомельскі абл. драм. т-р). На бел. мову паасобныя творы У. пераклаў М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Балада Рэдынгскай турмы. Мн., 1926;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 2000.

Літ.:

Соколянский М.Г. Оскар Уайльд: Очерк творчества. Киев;

Одесса, 1990;

Эллман Р. Оскар Уайльд: Биогр.: Пер. с англ. М., 2000;

Образцова А.Г. Волшебник или шут?: Театр Оскара Уайльда. СПб., 2001.

Г.​В.​Сініла.

О.Уайльд.

т. 16, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)