ТУВІ́М (Tuwim) Юльян (13.9.1894, г. Лодзь, Польшча — 27.12.1953),

польскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1916—18). У 1939—46 у эміграцыі, з 1942 актыўна ўдзельнічаў у антыфаш. дзейнасці. Друкаваўся з 1913. У зб-ках «Падпільноўваю Бога» (1918), «Сакрат танцуе» (1920), «Сёмая восень» (1922) і інш. наватарскі падыход да паэт. мовы, віталізм, культ радасці і кахання. У зб. «Чацвёрты том вершаў» (1923) элегічныя матывы, насычанасць сімволікай. Сац.-філас. рэфлексія, тэма паэта і паэзіі, сувязь з класічнай традыцыяй вызначальныя ў зб-ках «Словы ў крыві» (1926), «Чарналессе» (1929), «Палымяная сутнасць» (1936). Паэт. канцэпцыя слова ў «паэме-фантазіі» «Зеляніна» (1936). У цэнтры паэмы «Баль у оперы» (1936, апубл. 1946) асэнсаванне гісторыка-паліт. сітуацыі ў міжваен. Польшчы. Ліра-эпічная паэма «Кветкі Польшчы» (апубл. 1949, незавершана) адметная тэматычным багаццем, версіфікатарскай тэхнікай. Аўтар арыгінальных кніг па гісторыі нораваў і звычаяў, культуры, мовы і л-ры Польшчы, у т. л. «Чатыры стагоддзі польскай фрашкі» (1937), «Кніга польскіх вершаў XIX ст.» (т. 1—3, 1954), твораў для дзяцей. Пераклаў на польскую мову «Слова аб паходзе Ігаравым» (1928, новы варыянт 1950), некат. творы рус. і інш. пісьменнікаў. На бел. мову паасобныя творы Т. пераклалі Э.​Агняцвет, А.​Вялюгін, С.​Дзяргай, М.​Лужанін, П.​Макаль, У.​Мархель, Р.​Няхай, Я.​Семяжон, В.​Сёмуха, М.​Танк, С.​Шушкевіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

Тв.:

Dzieła. T. 1—5. Warszawa. 1955—64;

Бел. пер. — Падарунак дзецям. Мн., 1956;

Польскія кветкі. Мн., 1984;

Баль у оперы // Далягляды, 1984. Мн., 1984;

У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977;

У кн.: Прыйдзі, стваральны дух. Мн., 1986;

У кн. На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1967;

Цветы Польши: Фрагменты поэмы. М., 1971;

Избранное М 1975.

Літ.:

Живов М.С. Юлиан Тувим. М., 1963;

Юлиан Тувим: Биобиблиогр. указ. М., 1989.

М.​М.​Хмяльніцкі.

Ю.Тувім.

т. 16, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)