маральная і сац.-псіхал. якасць, якая праяўляецца ў пачуцці абавязку і адказнасці чалавека перад грамадствам, у яго гатоўнасці і здольнасці абараняць свае правы і свабоды, законныя інтарэсы інш. грамадзян. Гістарычна звязана з раннімі формамі дэмакратыі, з развіццём полісаў як спецыфічнай формы сац.-эканам. і паліт. арг-цыі грамадства і дзяржавы. У стараж.Грэцыі і Рыме грамадзянскасць разглядалася як адна з важнейшых дабрачыннасцей грамадзяніна. Паглыбленню зместу і сутнасці грамадзянскасці садзейнічалі бурж. рэвалюцыі ў шэрагу краін Еўропы і заканад. прызнанне імі правоў чалавека і грамадзяніна. Сапраўдная грамадзянскасць асобы характарызуецца яе сталай паліт. свядомасцю, развітым пачуццём патрыятызму, дачыненнем да лёсу сваёй Радзімы і яе народа, прагрэс. пераўтварэнняў у розных сферах жыцця грамадства. Пачуццё грамадзянскасці спалучаецца з пачуццём гонару за гісторыю сваёй краіны, яе традыцыі, звычаі і сімвалы (герб, гімн, сцяг), са строгім выкананнем яе канстытуцыі і законаў, з павагай годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў інш. асоб. Аднак грамадзянскасць нельга зводзіць да законапаслухмянасці, лаяльнасці чалавека ў адносінах да ўлад і тым больш да канфармізму. Грамадзянскасці проціпастаўляюцца апалітычнасць, абсентэізм, абыякавасць, фармальная, папулісцкая паліт. актыўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎБА́СНЫЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя прадукты з папярэдне апрацаваных мяса, тлушчаў і інш. сыравіны жывёльнага і расліннага паходжання. Адрозніваюць К. в. вараныя (у т. л. сасіскі і сардэлькі), паўвэнджаныя, вэнджаныя, варана-вэнджаныя, ліверныя, крывяныя, сальцісоны, вантрабянкі, паштэты і студзені. Да К. в. адносяць таксама вэнджаніну.
Сыравінай для К. в. служаць нятлустая ялавічына, свініна, сала, часам бараніна і мяса птушкі, каніна, субпрадукты (печань, мазгі, сэрца, рубец і інш.). Сыравіна праходзіць мех. апрацоўку (выдаленне неядомых і малапажыўных частак, здрабненне) і фізіка-хім. апрацоўку (саленне, выспяванне, абсмажванне, варку, вэнджанне). У каўбасны фарш да даюць плазму харч. крыві, неразведзенае і абястлушчанае малако, малочны бялок, муку, крухмал. крупы, яйцы, а таксама соль, цукар, спецыі, вострыя прыправы. Выкарыстоўваюць кішачныя і штучныя (бялковыя, з цэлюлозы, палімерных плёнак) абалонкі (некаторыя вырабы фармуюць без абалонак). К. в. выпускаюцца і ў выглядзе кансерваў. Вядомыя са старажытнасці. У Стараж.Грэцыі невял. каўбаскі і напханыя свіныя страўнікі служылі закускай, у Рыме былі вядомыя вараныя каўбасы, маленькія вэнджаныя каўбаскі, свіныя каўбаскі колцам і ланцужком. З сярэдневякоўя К. в. сталі пашыранай стравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі мед. кадраў. Падрыхтоўка мед. персаналу вышэйшай адукацыі праводзіцца ў медыцынскіх інстытутах, мед. акадэміях, на мед. ф-тах ун-таў; сярэдняй адукацыі — у медыцынскіх вучылішчах; павышэнне кваліфікацыі — у ін-тах удасканалення ўрачоў.
Звесткі пра М.а. вядомы з стараж. часоў (Стараж. Егіпет, Кітай, Грэцыя). У ант.Грэцыі існавалі «сямейныя» школы для падрыхтоўкі ўрачоў. Першая свецкая мед. школа заснавана ў г. Салерна (Італія) у 9 ст. У Расіі ў 1654 адкрыта першая школа для падрыхтоўкі лекараў. З 18 ст. ўрачоў рыхтавалі мед. школы пры шпіталях. У 1755 адкрыты мед.ф-т пры Маскоўскім ун-це, у 1798 у Пецярбургу — Медыка-хірург. акадэмія (з 1881 Ваенна-мед. акадэмія).
На Беларусі першая мед.навуч. ўстанова — Гродзенская медыцынская акадэмія (1775—81). У 1865 засн.Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1872—79 існавала Віцебская фельчарская школа. Працуюць (1999): Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Мінскі мед. ін-ты (гл. адпаведныя арт.), удасканалення ўрачоў Беларускі інстытут; мед. работнікаў сярэдняй адукацыі рыхтуюць у 17 мед. вучылішчах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАГО́Р (Prōtagoras) з Абдэры
(480—410 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Адзін з першых прафес. педагогаў рыторыкі і эрыстыкі (майстэрства спрэчкі), адзін з заснавальнікаў школы сафістаў. Падарожнічаў па Грэцыі, арганізоўваў публічныя дыспуты. Быў у дружалюбных адносінах з Перыклам і Эўрыпідам. Аўтар законаў для г. Фурыі (падрыхтаваў праект новай канстытуцыі), больш за 10 твораў, у т. л. «Аб існым», «Аб навуках», «Аб дзяржаве», «Майстэрства спрэчкі», «Ісціна», «Супярэчнасці». За кн. «Аб багах» быў прыгавораны да смяротнага пакарання, але памілаваны і выгнаны з Афін. П. — адзін з заснавальнікаў рэлятывізму. Яго гнасеалагічны рэлятывізм базіраваў на анталагічным рэлятывізме — прынцыпе абсалютнай зменлівасці матэрыі, пераходзе ўсяго існуючага ў супрацьлеглае сабе. Гэтым і сваім скептыцызмам ён расхістваў дагматызм як тып мыслення. П. зрабіў вывад аб тым, што ісціна цалкам залежыць ад суб’екта («мера ўсіх рэчаў — чалавек: існых — у іх быцці і няісных — у іх небыцці»).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Антология мировой философии. М., 1969. Т. 1, ч. 1.
Літ.:
Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов. Пер с греч. М., 1995;
Чанышев А.Н. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА (старажытнагрэчаскае і старажытнарымскае мастацтва) (1-с тыс. да н.э. — 1-я пал. 1-га тыс.н.э.). Зарадзілася на Пд Балканскага п-ва, на астравах Эгейскага архіпелага і зах. узбярэжжы М.Азіі. Найвышэйшы росквіт перажыло ў Грэцыі Старажытнай. Падзяляецца на архаіку (7—6 ст. да н.э.),
класіку (5—4 ст. да н.э.), элінізм (канец 4—1 ст. да н.э.), рымскае мастацтва (3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.). У эпоху элінізму яго ўплыў пашырыўся на тэрыторыі, што прылягалі да Міжземнага і Чорнага мораў, на Б. і Сярэдні Усход (амаль да Індыі), дзе склаліся мясц. школы эліністычнага мастацтва. Традыцыі стараж.-грэч. і эліністычнага мастацтва атрымалі новае развіццё ў мастацтве Рыма Старажытнага. Лепшыя творы антычнага мастацтва, якія ў класічна ясных, узнёслых формах увасобілі высокія гуманіст. ідэалы, да нашага часу звязаны з уяўленнем аб маст. дасканаласці і недасягальным узоры, гарманічным харастве па законах прастаты, раўнавагі, меры.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Антычнае мастацтва. Барацьба Зеўса з гігантамі. Фрагмент фрыза Пергамскага алтара. Каля 180 да н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Арка Ціта ў Рыме. 81 н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Амфара. 360 да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙКА,
невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.
Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж.Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел.прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.Корбан, Э.Валасевіч, М.Скрыпка і інш.
Літ.:
Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛО́ТНІЦТВА,
выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы 15—18 ст. На Беларусі вядома з часоў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э.). Найб. пашырана як гар. рамяство ў 12—18 ст.Бел. майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр З. часоў сярэдневякоўя — крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы (1161). У 16—17 ст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У 2-й пал. 17 ст. больш за 50 бел. злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т. л. П.Заборскі, В.Карпаў, М.Логінаў, Я.Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю. Пашырэнне мех. апрацоўкі металаў у сярэдзіне 19 ст. прывяло да заняпаду 3.
Я.М.Сахута.
Да арт.Злотніцтва. Абклад абраза. Пач. 17 ст.Да арт.Злотніцтва. Пацір з Навагрудка. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,
мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.
Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж.Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ВІН (Піліп Андрэевіч) (22.10.1869, с. Казанка Арэнбургскай вобл., Расія — 23.12.1940),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў манастырскай іканапіснай майстэрні на Аян-Орасе ў Грэцыі (1885—91) і Пецярбургскай АМ у І.Рэпіна (1892—99). Чл. Саюза рус. мастакоў (з 1903). З 1922 жыў у Зах. Еўропе. У ранні перыяд пад уплывам Рэпіна ствараў стрыманыя паводле каларыту псіхал. партрэты: «Сялянская дзяўчына з панчохай», «Партрэт сястры з кнігай», «К.А.Сомаў», «І.Э.Грабар» (усе 1895) і інш. У творах канца 1890 — пач. 1900-х г. пад уплывам мадэрну праявіліся павышаны дэкаратывізм, шырокае, дынамічнае пісьмо корпуснымі мазкамі, экспрэсіўнасць. Майстар каларыту, праз які перадаваў шырокую гаму пачуццяў; інтэнсіўныя колеравыя плямы арганізаваны лінейным рытмам у дэкар.-плоскасныя завіхрэнні, якія абрамляюць скульптурна-дакладныя, спакойна мадэліраваныя творы. Сярод карцін: «Смех» (1899), «Дзяўчына» (1903), «Бабы» (1905 і 1914), «Віхор» (1906), «Дзве дзяўчыны» (1910-я г.), «Верка» (1913), «Рускія сялянкі» (1925) і інш. У Нац.маст. музеі Беларусі: «Баба» (1900 і 1916), «Сялянка ў чырвоным» (1910-я г.).
Літ.:
Александрова Н. Ф.А.Малявин. М., 1966;
Живова О.А. Ф.А.Малявин, 1869—19.40: Жизнь и творчество. М., 1967.
Адбылася 22 чэрв. — 20 ліп. ў г. Мантро (Швейцарыя) з удзелам прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, СССР, Турцыі, Балгарыі, Румыніі, Грэцыі, Югаславіі. Склікана па ініцыятыве тур. ўрада для перагляду канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, прынятай на Лазанскай канферэнцыі 1922—23. Пасля дыскусій пераважна паміж прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і СССР 20.7.1936 падпісана канвенцыя на 20 гадоў (набыла сілу 9.11.1936, двойчы працягвалася), якая ў асн. дзейнічае і цяпер. Паводле яе Турцыі дадзена права рэмілітарызаваць зону праліваў (Басфор, Дарданелы, Мармуровае м.) і кантраляваць выкананне канвенцыі, дазволены свабодны праход праз пралівы гандл. суднаў усіх краін у мірны і ваен. час, любых ваен. караблёў чарнаморскіх дзяржаў (пасля апавяшчэння тур. улад) і да 9 невял. ваен. караблёў агульным водазмяшчэннем 15 тыс.т нечарнаморскіх дзяржаў у мірны час. Калі Турцыя ваюе або знаходзіцца перад пагрозаю вайны, яна можа дазволіць або забараніць праход праз пралівы любых ваен. суднаў; у час вайны, у якой Турцыя не ўдзельнічае, забараняецца праход праз пралівы ваен. караблёў любой дзяржавы, што ваюе. У 1938 да канвенцыі далучылася Італія.
Кр.: Международное право в документах. 2 изд. М., 1997.
Літ.:
Калинкин Г.Ф. Режим морских пространств. М., 1981.