ЛЕ́ЎКТРЫ (Leuktra),

старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў i 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)