ФЕРМАПІ́ЛЫ (Thermapylai),
горны праход на мяжы Фесаліі і Сярэдняй Грэцыі, на ПдУ ад г. Ламія. Месца бою паміж грэкамі і персамі ў 480 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. Вясной грэч. саюзнае войска (каля 5 тыс. чал.) на чале са спартанскім царом Леанідам заняло абарону каля Ф., перагарадзіўшы шлях шматтысячнай арміі перс. цара Ксеркса I. Грэч. войска 2 дні ўтрымлівала праход, але з дапамогай перабежчыка персам удалося выйсці ў тыл абаронцам. Леанід загадаў асн. сілам пайсці на абарону Афін, а сам з 300 спартанцамі працягваў бой. Увесь атрад загінуў у рукапашнай схватцы. У бітве персы страцілі каля 20 тыс. чал., грэкі — каля 4 тыс. чал. Спартанцы пахаваны ў агульнай магіле, на якой пастаўлены помнік.
т. 16, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)