ФІЛАПЕМЕ́Н (Philopoimen; 253—183 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 222—221 да н.э. ўдзельнічаў у вайне Ахейскага саюза са спартанскім царом Клеаменам III, вызначыўся ў бітве каля Селасіі. З 209 да н.э. гіпарх (начальнік конніцы), з 207 да н.э. стратэг (выбіраўся 8 разоў). Правёў ваен. рэформы, атрымаў шэраг перамог над Спартай. У 193 падпарадкаваў саюзу амаль увесь Пелапанес і ўключыў у яго склад Спарту (192). Змагаўся за незалежнасць Грэцыі ад Македоніі і Рыма, за што празваны «апошнім элінам». У 183 трапіў у палон да месенцаў і атручаны.

Літ.:

Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1. М., 1990;

Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.​В.​Штолля: Пер. с нем. М., 1992.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)