КЛАСІЦЫ́ЗМ (ад лац. classicus узорны),

мастацкі стыль і эстэт. кірунак у еўрап. л-ры і мастацтве 17 — пач. 19 ст., адметнай рысай якіх быў зварот да вобразаў і форм антычнай л-ры і мастацтва як да эстэт. эталона.

У літаратуры сфарміраваўся на мяжы 16—17 ст. як вынік крызісу рэнесансавай свядомасці і спроба знайсці з яго пазітыўны выхад. Абапіраўся на прымат розуму і нязменнасць ідэалу прыгажосці. Полем маст. пошуку і даследавання К. зрабіў чалавечую душу і свядомасць. Унутраны свет чалавека падаваўся буйным планам і часта ў адрыве ад знешняга свету (асабліва ў трагедыі). К. імкнуўся стварыць узорны вобраз, пазачасавае ўвасабленне таго ці інш. характару, таму звяртаўся да матываў і сюжэтаў, апрабаваных часам, найперш да антычных. Грунтуючыся на законе гармоніі, К. падпарадкоўваў твор яснай і дакладнай логіцы, яскравай ідэі; адсюль патрабаванне ў драматургіі выканання правіл трох адзінстваў, якія давалі магчымасць сціснуць час, прастору і дзеянне, сканцэнтраваць увагу на свеце чалавечай свядомасці, стварыць стройны і адмысловы твор. Эстэтыка К. ўстанаўлівала строгую іерархію жанраў: «высокія» — трагедыя (вядучы жанр), эпапея, ода і «нізкія» — камедыя, сатыра, байка. Не дапускалася змяшэння высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і паўсядзённага. Мове класіцыстаў уласціва яснасць, празрыстасць, афарыстычнасць. К. адлюстроўваў не рэальныя рэчы, а іх унутраную логіку, заканамернасць. Найб. поўна праявіўся ў 17 ст. ў Францыі (оды Ф.​Малерба, трагедыі П.​Карнеля, Ж.​Расіна, камедыі Мальера, проза М.​М.​Лафает; тэарэтыкі — Ж.​Шаплен, Г. дэ Бальзак, Н.​Буало; у Германіі — у тэарэт. працах і ў паэзіі М.​Опіца (у злучэнні з барока), у Англіі — у творчасці Б.​Джонсана, У.​Конгрыва, часткова — Дж.​Мільтана. На новай ступені развіваўся ў 18 ст. (т. зв. асветніцкі К.), часцей за ўсё ў перапляценні з барока, ракако, сентыменталізмам. Найб. яскрава прадстаўлены ў паэзіі А.​Поўпа (Англія), драматургіі Вальтэра (Францыя), тэарэт. працах і драматургіі І.​К.​Готшэда (Германія), В.​Альф’еры (Італія). К. эпохі Асветніцтва пазбаўлены жорсткай жанравай і тэматычнай рэгламентацыі (узнікае мяшчанская драма і трагедыя) і стварае непаўторныя нац. і індывід. варыянты. Буйнейшыя тэарэтыкі — Д.​Дзідро, Г.​Э.​Лесінг, а таксама І.​І.​Вінкельман, пад уплывам якога склаўся «веймарскі К.» (творчасць І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылера веймарскага перыяду — 1780—90-я г.), эстэт. праграма якога абапіралася на канцэпцыю антычнасці Вінкельмана і эстэтыку І.​Канта і зыходзіла з разумення, што дасягнуць сапраўднай свабоды можна толькі праз выхаванне прыгажосцю. Для «веймарскага К.» характэрны жанравая і стылёвая поліфанічнасць, імкненне да гармоніі дасканалай формы і глыбокага зместу, індывідуалізацыі і шырокага філас. абагульнення, пастаноўка глабальных праблем гісторыі, культуры, цывілізацыі (найб. поўнае ўвасабленне — «Фауст» Гётэ). Ва Усх. Еўропе К. выявіўся пераважна ў эпоху Асветніцтва. Сярод прадстаўнікоў К. ў Расіі пісьменнікі А.​Кантэмір, В.​Традзьякоўскі, М.​Ламаносаў, А.​Сумарокаў, Г.​Дзяржавін, Дз.​Фанвізін і інш.

На Беларусі, у Польшчы і Літве тэндэнцыі К. прыкметныя з 17 ст. На лац. паэзію і ант. эстэтыку як на ўзоры арыентаваўся М.​Сарбеўскі (трактаты «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій» і інш.). Спалучэнне стыляў рэнесансу, барока і К. відавочнае ў творах Сімяона Полацкага. Асн. рысы К. ў бел. л-ры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. — абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным, культ антычнасці, імкненне да гармоніі — выявіліся ў творчасці пісьменнікаў, якія пісалі на польск. (А.​Нарушэвіч, Ю.​Нямцэвіч, Ф.​Багамолец, С.​Богуш-Сестранцэвіч), рус. (І.​Сакольскі, І.​Галянеўскі, І.​Яленскі) і лац. (М.​Карыцкі) мовах. Для «высокіх» жанраў лічыліся прыдатнымі «высокія» (польск., рус., лац. або стараслав.) мовы. Бел. прастамоўе дапускалася толькі для «нізкіх» жанраў. Гэтым нарматыўная эстэтыка К. стрымлівала развіццё беларускамоўнай л-ры. Трагедыі «Свабода ў няволі» К.​Марашэўскага, «Фемістокл» М.​Цяцерскага, «Крэз» І.​Юрэвіча, прысвечаныя «ўзвышаным» тэмам з ант. гісторыі, напісаны па-польску. У «нізкую» камедыю («Доктар па прымусу» Цяцерскага, «Камедыя» Марашэўскага) уводзілася бел. мова. У гэтых творах захавана адзінства часу, месца, дзеяння, што адпавядала патрабаванням К. Эстэтыка К. паўплывала на бел. пісьменнікаў 19 ст.: Я.​Чачота (філамацкія вершы), Я.​Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў», «Гарэліца»), В.​Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Залёты»), у якіх класіцысцкія рысы спалучаліся з элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму.

У архітэктуры і мастацтве, 1) у шырокім сэнсе — кірунак, які грунтуецца на ўвасабленні традыцый ант. мастацтва: каралінгскі рэнесанс, атонаўскі рэнесанс, італьян. протарэнесанс, Адраджэнне, барочны К. (паладыянізм), неакласіцызм.

2) Стыль у еўрап. мастацтве 17—1-й пал. 19 ст. К. ўласцівы кананізацыя ант. класікі як дасканалага ўзору для наследавання, нарматыўнасць эстэт. крытэрыяў, ідэалізацыя і абстрактнасць вобразнага абагульнення (тыпізацыя) без усебаковага выяўлення непаўторна-асаблівага (індывідуалізацыі), дынамікі і жыццёвай зменлівасці гіст. канкрэтнай рэчаіснасці. Грунтаваўся на традыцыях Адраджэння і разам з тым сінтэзаваў дасягненні процілеглага яму барока, якое папярэднічала і часткова суіснавала з новым кірункам. Тэндэнцыі К. вызначыліся з 2-й пал. 16 ст. ў арх. тэорыі, трактатах і практыцы А.Паладыо, трактатах Дж.Віньёлы, С.Серліо, больш паслядоўна — у 17 ст. ў творах Дж.​П.​Белоры, у эстэт. нарматывах акадэмістаў балонскай школы жывапісу. У цэласную сістэму К. склаўся ў франц. маст. культуры 17 ст. (т.зв. Вялікі стыль Людовіка XIV). З 18 ст. стаў агульнаеўрап. стылем (у сусв. мастацтвазнаўстве гэты перыяд звычайна называюць неакласіцызмам), што было абумоўлена павышэннем цікаўнасці да ант. мастацтва ў сувязі з археал. раскопкамі ў Пампеях, Геркулануме і інш.

Архітэктура К. заснавана на выкарыстанні структурных і маст.-дэкар. магчымасцей ант. ордэрнай сістэмы (пераважна дарычнай), на выяўленні яе тэктанічных заканамернасцей, прапарцыянальнасці і сувымернасці аб’ёмаў і дэталей будынка. Пераважаў тып крыжова-купальнай кампазіцыі, распрацаваны ў малюнках Леанарда да Вінчы, Д.​Брамантэ, Рафаэля і Мікеланджэла. У 17 ст. станаўленне К. ў Францыі звязана з пабудовамі Ф.​Мансара (палац Мезон-Лафіт каля Парыжа, 1642—51), К.​Перо (усх. фасад Луўра), Л.​Лево, Ф.​Бландэля. З 2-й пал. 17 ст. ў франц. К. з’явіліся некаторыя элементы барока (палац і парк Версаля, арх. Ж.​Ардуэн-Мансар, А.​Ленотр). У 17 — пач. 18 ст. К. сфарміраваўся ў «паладыянскай» архітэктуры Англіі (І.​Джонс), архітэктуры Галандыі (Я. ван Кампен, П.​Пост), Швецыі (Н.​Тэсін Малодшы) і інш. На ўзор сабора св. Пятра ў Рыме франц. арх. Ж.​Ж.​Суфло з 1755 пачаў будаваць у Парыжы царкву Сент-Жэнеўеў, якая ў 1791 па асацыяцыі са стараж.-рым. звычаем была ператворана ў Пантэон і стала ўзорам для шэрагу інш. еўрап. пабудоў. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. арх. К.​Н.​Леду, Ж.​Ф.​Шальгрэн, П.​Віньён (Францыя), Р.​Адам, Р.​Смёрк (Англія), Л.​Каньёла (Італія), К.​Г.​Лангханс, К.​Ф.​Шынкель (Германія), А.​Захараў, А.​Манферан, В.​Бажэнаў, М.​Казакоў, І.​Староў (Расія) стваралі палацы і грамадскія пабудовы з развітой ордэрнай сістэмай, портыкамі порцікамі*, купаламі, імкненнем да манументальнасці і велічы. Горадабудаўніцтва К. 17 ст. развівала ў планах гарадоў-крэпасцей канцэпцыі «ідэальнага горада», стварыла тып рэгулярнага абсалютысцкага горада-рэзідэнцыі (Версаль і інш.). З 2-й пал. 18 ст. складаліся новыя прыёмы планіроўкі, якім уласціва арган. спалучэнне гар. забудовы і прыроды, стварэнне адкрытых плошчаў, што прасторава зліваліся з вуліцай або набярэжнай. Пашырылася садова-паркавае мастацтва. Гл. таксама Ампір.

У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў 1770-я г. і развіваўся паралельна з познім барока; у канцы 18 ст. стаў асн. маст. кірункам. Для яго характэрна спалучэнне зах.-еўрап. і рус. культуры з мясцовымі маст. традыцыямі. Сярод помнікаў пераходнага перыяду ад барока да К. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс. Распрацоўваліся новыя схемы планіроўкі гарадоў (у форме квадратаў, шматвугольнікаў), тыпы будынкаў адм. і навуч. устаноў. Для палацава-сядзібнага буд-ва характэрны геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі, цэнтрычная ў плане пабудова палаца з купалам (Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль), галерэі-каланады (сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на), манум. порцік (сядзіба ў в. Дзедзін Міёрскага р-на, Маламажэйкаўская сядзіба, дом Э.​Ваньковіча ў Мінску), анфіладная планіроўка парадных памяшканняў і калідорная жылых. Неад’емным элементам арх. ансамбляў былі ландшафтныя паркі з уключэннем збудаванняў малых форм (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль). Палац або сядзібны дом размяшчаўся паміж парадным дваром і паркам (палац у в. Алешкавічы Мастоўскага р-на). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёлаў і цэркваў К. — пераважна прамавугольны ў плане кампактны аб’ём з 2-схільным дахам (касцёлы ў в. Мамаі і Мосар Глыбоцкага, г.п. Жалудок Шчучынскага р-наў); будаваліся храмы-ратонды (Лідскі Іосіфаўскі касцёл, у в. Дубай Пінскага р-на царква Раства Багародзіцы, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). К. паўплываў і на драўлянае дойлідства, дзе выкарыстоўваліся формы класічных ордэраў (Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс). Сярод архітэктараў: бел. Б.​Захарэвіч, А. і П. Макарэвічы, Л.​Гуцэвіч, М.​Шульц, К.​Падчашынскі, італьян. К.​Спампані, шатландскі Дж.​Кларк, польскія Ш.​Цуг, А.​Ідзкоўскі, рус. М.​Львоў, Староў, В.​Стасаў і інш.

У выяўленчым мастацтве эстэтыка К. ўстанавіла іерархію жанраў, якія падзяляліся на «высокія» (гіст., міфалагічны, рэліг.) і «нізкія», ці «малыя» (пейзаж, партрэт, нацюрморт), і мелі строгія межы і фармальныя прыкметы. Вобразны лад твораў вызначаўся тэктанічнасцю, строгай ураўнаважанасцю пабудовы, рацыяналіст. яснасцю, пластычнай завершанасцю і скульптурнай акрэсленасцю форм, лагічнасцю вырашэнняў, гал. роляй кампазіцыі і малюнка, абстрактнай ідэалізацыяй, адмаўленнем ад рэальных вобразаў сучаснасці і негіст. трактоўкай ант. мастацтва як абсалютнай нормы. У жывапісе пашырыўся «ідэальны пейзаж», які ўвасобіў мару класіцыстаў аб «залатым веку» чалавецтва. Сярод прадстаўнікоў К.: скульптары Б.​Торвальдсен (Данія), Л.​Барталіні, А.​Канова (Італія), Ж.​А.​Гудон (Францыя), Дж.​Флаксмен (Англія), І.​Г.​Шадаў, К.​Раўх (Германія), Ф.​Шубін (Расія) і інш., жывапісцы Ж.​Л.​Давід, А.​Ж.​Гро, П.​П.​Прудон, Н.​Пусэн (Францыя), А.​Р.​Менгс, Ф.​Рунге (Германія), Дж.​Бэры (Англія), К.​А.​Енсен (Данія), А.​Апіяні (Італія), Б.​Уэст (ЗША), А.​Ласенка, Ф.​Бруні (Расія) і інш. Рысы К. ўласцівы творам Ж.А.​Д.​Энгра (Францыя) і Ф.​Гоі (Іспанія).

У мастацтве Беларусі К. з’явіўся ў 2-й пал. 18 ст. Найб. ярка выявіўся ў дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, тканіны, урэцка-налібоцкае шкло і інш.). У скульптуры і жывапісе шырокага развіцця не атрымаў. У аздабленні палацава-паркавых ансамбляў, гар. і сельскіх сядзіб выкарыстоўвалі гермы, карыятыды, атланты, рэльефы з адлюстраваннямі класіцыстычных эмблем, алегарычных фігур. Рысы К. прыкметны ў жывапісных творах І.​Аляшкевіча, Ф.​Смуглевіча, ранніх творах В.​Ваньковіча і Я.​Дамеля. У 1-й пал. 19 ст. выцеснены рамантызмам.

У тэатральным мастацтве К. садзейнічаў больш глыбокаму раскрыццю ідэі драм. твора, пераадоленню перабольшанасці ў выяве пачуццяў, уласцівых сярэдневяковаму тэатру. Майстэрства выканання класіцыстычнай трагедыі падпарадкоўвалася прынцыпам эстэтыкі Н.​Буало. Акцёр трагедыі павінен быў эмацыянальна выразна чыгаць вершы і пры гэтым не імкнуцца да стварэння ілюзіі сапраўдных перажыванняў героя.

Сцвярджэнне К. ў акцёрскім мастацтве звязана з творчасцю франц. акцёраў Мандары, Фларыдора, Дзюпарк, М.​Шанмеле. У 18 ст. асветніцкі К. адлюстраваўся ў творчасці А.​Л.​Лекена, Клерон, Дзюменіль. Дэмакр. тэндэнцыі К. найб. выявіліся ў сцэн. практыцы Мальера. У перыяд Франц. рэвалюцыі 1789—99 дзеячы тэатра надалі К. рэв.-гераічнае гучанне (Ф.​Ж.​Тальма і інш.). Франц. К. 17—18 ст. паўплываў на тэатр інш. краін Еўропы. Сярод буйнейшых яго прадстаўнікоў Ф.​К.​Нейбер у Германіі, Т.​Бетэртан, Дж.​Кембл у Англіі, Э.​Рашэль у Францыі. У 19 — пач. 20 ст. эстэт. нормы К. ўласцівы спектаклям т-ра «Камеды Франсэз», акцёрам Ж.​Муне-Сюлі, С.​Бернар і інш. Для рус. К., які ўзнік у 1730—50-я г., характэрны нац.-патрыят. тэматыка, выхаваўча-асветніцкія тэндэнцыі. Буйнейшыя драматургі К. — А.​Сумарокаў, Я.​Княжнін, акцёры — Ф.​Волкаў, І.​Дзмітрыеўскі, В.​Каратыгін, С.​Сандуноў, К.​Сямёнава, Т.​Траяпольская.

Праваднікамі прынцыпаў К. ў тэатр. жыцці Беларусі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. былі прыгонныя, прафес. і аматарскія драм. трупы Нясвіжа, Слоніма, Мінска і інш. У іх рэпертуары — трагедыі Карнеля («Сід»), Ж.​Расіна («Федра»), Вальтэра («Заіра», «Марыяна»), камедыі Мальера («Цырымонлівыя паненкі», «Лекар паняволі», «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», «Маскарыль»).

У музыцы найб. выявіўся ў муз.-сцэн. жанрах. Яго пачынальнік — Ж.​Б.​Люлі, які стварыў оперны жанр лірычнай трагедыі з характэрнай ант. і міфалагічнай сюжэтыкай, высокай героікай і ўзнёсласцю стылю. Яго оперы вылучаліся лагічнай яснасцю, адпаведнасцю строгім правілам і нарматывам, арыентацыяй на драм. рэчытатыў і арк. развіццё. Спалучэнне рыс К. і барока характэрна для творчасці кампазітараў неапалітанскай опернай шкалы, оперы-серыя з яе ўнутр. адзінствам, рэгламентацыяй муз. форм і адначасова віртуознасцю вак. партый, эфектнасцю сцэн. афармлення. У эстэтыку муз. К. 18 ст. значны ўклад зрабіў рэфарматар оперы-серыя і лірычнай трагедыі К.В.Глюк. Якасна новая стадыя ў развіцці муз. К. — творчасць прадстаўнікоў венскай класічнай школы І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, дзе найб. росквіту дасягнулі вядучыя інстр. жанры — сімфонія, саната, стр. квартэт, сфарміраваліся санатна-сімф. цыкл і сімф. аркестр. На мяжы 18—19 ст. новыя формы К. характэрны для музыкі кампазітараў франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Ф.​Гасека, Э.​Меполя, Л.​Керубіні і інш. У рус. музыцы рысы К. ў спалучэнні з элементамі інш. маст. кірункаў выявіліся ў творах М.​Беразоўскага, Дз.​Бартнянскага, В.​Пашкевіча, Е.​Фаміна, І.​Хандошкіна.

У муз. спадчыне кампазітараў Беларусі (Міхал Казімір Агінскі, М.​Радзівіл, В.Казлоўскі) К. існаваў у спалучэнні з сентыменталізмам, элементамі рамантызму, барока і ракако, развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрап. традыцый. У 1770—90-я г. ў магнацкіх т-рах Нясвіжа, Слоніма, Гродна ставілі камічныя оперы італьян. кампазітараў («Фраскатанка, ці Залатая дзева» Дж.​Паізіела, «Джаніна і Бернардоне» Д.​Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.​Сарці і інш.). Тыповыя рысы К., характэрныя для еўрап. опернага мастацтва, увасоблены ў муз. помніку школьнага т-ра — оперы «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага на лібр. М.​Цяцерскага, створанага для т-ра Забельскага дамініканскага калегіума. Рысы К. маюць творы паслядоўніка берлінскай і венскай класічных школ Я.Д.Голанда (опера «Агатка, або Прыезд пана», опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць», уверцюра да балета «Арфей у пекле»), музыка Радзівіла (6 паланэзаў і дывертысмент для камернага аркестра), Казлоўскага (да трагедыі «Фінгал», скрыпічны канцэрт і інш.). У традыцыях ранняга К. напісаны творы літургічнай музыкі 18 ст. (месы ў гонар Дзевы Марыі, у гонар Нараджэння Хрыста і інш.).

Літ.:

Ренессанс. Барокко. Классицизм: Проблема стилей в западноевропейском искусстве XV—XVII вв. М., 1966;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала XVII в. М., 1967;

Литературные манифесты западноевропейских классицистов. М., 1980;

Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968;

Русский и западноевропейский классицизм: Проза. М., 1982;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1986—87;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;

Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст. Мн., 1991;

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992.

Г.​В.​Сініла (літаратура), А.​В.​Мальдзіс (бел. літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і мастацтва), Н.​В.​Сазановіч (музыка).

Да арт. Класіцызм. Сядзібны дом у в. Алешкавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл. Малюнак Н.​Орды. 19 ст.
Да арт. Класіцызм. А.​Р.​Менгс. Парнас. 1761.
Да арт. Класіцызм. Палац Мезон-Лафіт каля Парыжа. Арх. Ф.​Мансар. 1642—51.

т. 8, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Я Паўднёвая,

Рэспубліка Карэя (РК, кар. Тэхан мінгук), дзяржава ва Усх. Азіі, займае паўд. ч. Карэйскага паўвострава і суседнія астравы, у т. л. Карэйскі архіпелаг. На Пн аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (гл. Карэя Паўночная), на З абмываецца Жоўтым, на У — Японскім морамі, на Пд — Карэйскім пралівам. Пл. 99,3 тыс. км². Нас. 45 948 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г. Сеул. Падзяляецца на 9 правінцый і 6 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: Дзень абвяшчэння Рэспублікі (15 жн.), Дзень заснавання дзяржавы (3 кастр.). Гл. карту да арт. Карэя.

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1988 кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (паводле канстытуцыі не можа быць перавыбраны на другі тэрмін). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (299 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — Дзярж. савет, у які ўваходзяць прэзідэнт (старшыня), прэм’ер-міністр (нам. старшыні) і члены савета (ад 15 да 30). Прэм’ер-міністра, членаў савета, губернатараў правінцый, мэраў гарадоў і інш. высокапастаўленых службоўцаў мясц. улады назначае прэзідэнт. Вышэйшы суд. орган — Вярх. суд на чале з яго старшынёй, дзейнічае 6 гадоў (старшыню і членаў суда назначае прэзідэнт). Дзейнічае Канстытуцыйны суд. У суд. сістэму ўваходзяць апеляцыйныя, раённыя і сямейныя суды.

Прырода. Пераважна горная краіна. Горы і перадгор’і займаюць 80% тэрыторыі. На У Усх.-Карэйскія горы (г. Сараксан, 1708 м), на Пд і ПдЗ Паўд.-Карэйскія горы (г. Чырысан, 1915 м). Раўнінныя і нізінныя ўчасткі на З і Пд. Разнастайны рэльеф і на астравах. На найб. в-ве Чэджудо вулкан Халасан — найвыш. пункт краіны (1950 м). З карысных выкапняў вылучаюцца вальфрамавыя руды (запасы адны з найбуйнейшых у свеце), ёсць радовішчы бурага вугалю, антрацыту, жал., свінцова-цынкавых, медных, залатых, сярэбраных, малібдэнавых руд. Клімат умераны (на Пн) і субтрапічны (на Пд), мусонны. Зімовы мусон прыносіць халаднаватае сухое кантынент. паветра, летні — цёплае і вільготнае з акіяна. Т-ра паветра ў студз. ад 0°C да 4°C, у жн. каля 25—26 °C. Ападкаў ад 800 мм на У і ў цэнтры да 1400 мм на Пд і З; 70% ападкаў выпадае ў ліп.—верасні. Летам (чэрв.вер.) бываюць тайфуны. Рэкі горныя, выкарыстоўваюцца для буд-ва ГЭС і арашэння; найб. з іх Кымган, Нактанган, Ханган. Лясы займаюць каля 7 млн. га, пераважна ў гарах. Растуць таполя, некалькі відаў хвоі і вярбы, піхта, граб, ціс. На Пд субтрапічныя лясы з бамбукам. Жывёльны свет (горны мядзведзь, плямісты алень і інш.) захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай і морапрадуктамі. Нац. паркі — Ханро, Чырысан, Сараксан і інш.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна хрысціяне (48,6%, католікі, англікане і інш.) і будысты (47,4%), ёсць канфуцыянцы і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. 463 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы на З і Пд (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 80% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., з прыгарадамі, 1997): Сеул — 11 609, Пусан — 4038, Тэгу — 2432; у гарадах Інчхон, Кванджу і Тэджон больш за 1 млн. ж. У прам-сці занята 27% працаздольнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы, марскіх промыслах — 21%, у транспарце, сувязі і буд-ве — 9%, у гандлі і паслугах — 21%.

Гісторыя. Рэспубліка Карэя абвешчана 15.8.1948. На працягу наступных 40 гадоў у краіне захоўваўся дыктатарскі рэжым. Прэзідэнт Лі Сын Ман (з 1948, скінуты ў крас. 1960) устанавіў цесныя сувязі з ЗША (дагавор 1948 аб эканам. дапамозе і дагавор 1950 аб ваен. дапамозе). Пасля заканчэння Карэйскай вайны 1950—53 РК заключыла з ЗША дагавор аб узаемнай абароне (1953), паводле якога на яе тэр. размешчаны амер. базы. У выніку ваен. перавароту 1961 да ўлады прыйшоў ген. Пак Чжон Хі (прэзідэнт з 1961, з 1972 — пажыццёва), які напачатку праводзіў рэпрэсіўную палітыку, але пазней распачаў працэс пэўнай лібералізацыі эканам. і паліт. жыцця. На рэферэндуме 1972 прынята новая канстытуцыя; у гэтым жа годзе пачаліся перагаворы з Паўн. Карэяй па пытанні аб’яднання краіны. У 1974—79 у РК адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць ваен. дыктатуры. Пасля забойства Пак Чжон Хі (1979) да ўлады прыйшоў ген. Чон Ду Хван (з 1980 прэзідэнт), які працягваў рэформы свайго папярэдніка і паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. Яго пераемнік ген. Ро Дэ У (прэзідэнт з 1988) яшчэ больш спрыяў лібералізацыі паліт. жыцця. У 1988 увайшла ў дзеянне дэмакр. канстытуцыя (прынята на рэферэндуме), адбыліся свабодныя парламенцкія выбары. У 1990 РК устанавіла дыпламат. адносіны з СССР і інш. краінамі сацыяліст. блока. У снеж. 1991 абедзве карэйскія дзяржавы заключылі мірны дагавор, скасаваны РК у лют. 1992 з-за супрацьдзеяння Паўн. Карэі міжнар. кантролю за яе ядз. аб’ектамі. У 1992 адбыліся дэмакр. парламенцкія і прэзідэнцкія выбары; прэзідэнтам краіны стаў Кім Ен Сам — першы цывільны палітык, які выступае з антыаўтарытарных пазіцый.

У краіне існуе шматпарт. сістэма; найб. ўплыў маюць Партыя новай Карэі, Дэмакр. партыя, Аб’яднаная нар. партыя. РК — чл. ААН (з 1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Гаспадарка. РК — індустрыяльна-агр. краіна. Яна займае адно з вядучых месцаў сярод т.зв. «азіяцкіх тыграў» — новых індустр. краін. Тэмпы росту былі максімальныя ў 1980-я г. і дасягалі 10% за год. Характэрны экспартны кірунак эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 591 млрд. дол. (каля 13 тыс. дол. на 1 чал.). Прамысловасць працуе пераважна на імпартнай сыравіне, дае каля 45% нац. даходу. Здабыча каменнага вугалю меншае з-за вычарпання запасаў; у 1980 здабыта 18,6 млн. т, у 1994—7,4 млн. т. Здабываюць таксама руды вальфраму (каля 1 млн. т штогод), золата (каля 10 т), серабро (каля 215 т), буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, каалін, каменную соль, графіт. Энергетыка заснавана на выкарыстанні мясц. вугалю, імпартаваных нафты і ядз. паліва (6 АЭС даюць палавіну электраэнергіі краіны). Вытв-сць электраэнергіі 186 млрд. кВтгадз (1995). Вытв-сць чыгуну 22,6 млн. т, сталі 36,6 млн. т (1995). Выпускаюцца розныя гатункі сталі (8-е месца ў свеце), трубы, рэйкі і інш. Металургічны комплекс у г. Пхахан — 2-і па магутнасці ў свеце. У 1995 атрымана (тыс. т): вальфраму 4,7, медзі рафінаванай 233, свінцу 102, цынку 270. РК займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці сталі, суднаў, аўтамабіляў, выпуску электронікі і электратэхнікі. Вядуцца распрацоўкі ў галіне аэракасм. прам-сці, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, лазераў, кампазіцыйных матэрыялаў і інш. Машынабудаванне дае каля 27% аб’ёму прам-сці і 40% экспарту. Цяжкае машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці металаапр. станкоў, канвеернага абсталявання, хім. машынабудавання, машын для апрацоўкі гумы і пластмас, экскаватараў, мех. прэсаў. Самыя значныя прадпрыемствы аўтамабілебудавання належаць фін.-прамысл. групоўкам «Хёндэ», «Дэу», «Кія» і інш. У 1995 выпушчана 1756 тыс. легкавых, 491 тыс. грузавых машын і аўтобусаў; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Чханджу. РК належыць 2-е месца ў свеце па валавым выпуску электроннай прадукцыі, 3-е — па выпуску паўправаднікоў. У краіне вырабляецца каля 40% сусв. вытв-сці быт. электронных вырабаў. У 1995 выпушчана 15 956 тыс. тэлевізараў, 3585 тыс. халадзільнікаў і маразільнікаў. Выпускаюцца таксама тэлефонныя апараты, відэамагнітафоны, мікрахвалевыя печы, камп’ютэры, кінакамеры і інш.; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Інчхон. Суднабудаванне спецыялізуецца на буд-ве кантэйнеравозаў, суднаў для перавозкі звадкаванага газу і рыбалоўных, марскіх буравых платформаў; найбуйнейшыя верфі ў Пусане, Інчхоне, Ульсане, Масане. У 1995 пабудавана суднаў агульнай грузападымальнасцю 6,2 млн. брута рэг. т. Па вытв-сці хім. прадукцыі (штучныя ўгнаенні, пестыцыды, гумавыя вырабы, аўтапакрышкі — 53,5 млн. ў 1995, лакі, фарбы і інш.) краіна займае 10-е месца ў свеце. У 1994 атрымана сінт. і штучных валокнаў 1,7 млн. т, пластмас 6,6 млн. т, сінт. каўчуку 340 тыс. т. Буйныя нафтаперапр. з-ды ў Пусане, Ульсане, Інчхоне. Развіты фармацэўтычная, парфумерная, дрэваапр. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, цэменту (56,1 млн. т, 1995), жалезабетонных вырабаў, цэглы, шкла і інш. Лёгкая прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці баваўняных (480 млн. м², 1995) і сінт. тканін, трыкат. і швейных вырабаў, абутку. Развіта вытв-сць цацак, галантарэйна-прыкладных тавараў, біжутэрыі, канцылярскіх вырабаў. Харч. прам-сць забяспечвае ўнутр. патрэбы краіны. Вылучаюцца рысаачышчальная, мукамольная, хлебапякарная, алейная, тытунёвая і рыбаперапрацоўчая галіны. Сельская гаспадарка дае каля 9% нац. даходу. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,3 млн. га. Арашаецца 1353 тыс. га (1995). Збіраюць 2—3 ураджаі за год. Вядучая галіна — раслінаводства, спецыялізуецца на вытв-сці збожжавых культур. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 1055 тыс. га, збор 6519 тыс. т, 1995); вырошчваюць ячмень, пшаніцу, проса, сорга, кукурузу, бабовыя (пераважна сою), агародніну (батат, бульба, агуркі, памідоры, капуста), тэхн. культуры (бавоўна, тытунь, каноплі, рамі). Садоўніцтва і шаўкаводства. Культывуюць плантацыйны жэньшэнь. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы 3,5 млн., свіней 6,95 млн. галоў (1996). Прамысл. птушкагадоўля. Улоў рыбы 2,7 млн. т (1994). Збор морапрадуктаў, марыкультура. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 3,1 тыс. км, аўтадарог 61,3 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 51,9 тыс. км. У знешніх сувязях гал. роля належыць марскому і авіяц. транспарту. У краіне 16 марскіх партоў, галоўныя — Інчхон, Пусан, Ульсан, Масан. Марскі гандл. флот грузападымальнасцю 6,1 млн. т. 105 аэрапортаў і аэрадромаў. У 1995 экспарт склаў 125 млрд. дол., імпарт — 135 млрд. долараў. 95% экспарту прыпадае на прамысл. прадукцыю (судны, аўтамабілі, электроніка, выліч. тэхніка, тэлевізары, магнітафоны, хімікаты, тэкстыль, абутак і інш.). У імпарце значную долю складаюць сыравінныя прадукты (нафта, руды металаў, збожжа), а таксама машыны, трансп. сродкі і інш. Гал. гандл. партнёры: ЗША (19% экспарту, 23% імпарту), Японія (адпаведна 14 і 24%), краіны ЕС (адпаведна 13 і 13%), Кітай, краіны Паўд.-Усх. Азіі. Штогод РК наведвае каля 3,5 млн. замежных турыстаў, даход ад турызму 3,5—4 млрд. долараў. Грашовая адзінка — вона Рэспублікі Карэя.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 672 тыс. чал., рэзерву 4,5 млн. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 560 тыс. чал., на ўзбраенні 2130 танкаў, 2460 баявых браніраваных машын, больш за 3,5 тыс. артыл. гармат, 6 тыс. мінамётаў, больш за 700 пераносных зенітных ракетных комплексаў, 600 установак зенітнай артылерыі, 500 верталётаў і інш. У ВПС 52 тыс. чал., 461 баявы самалёт. У ВМС 60 тыс. чал. (з іх 25 тыс. у марской пяхоце), 6 падводных лодак, 61 баявы карабель (з іх 33 фрэгаты і 17 дэсантных), больш за 100 катэраў, 23 баявыя самалёты і 47 баявых верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 244 чал., урачамі — 1 на 817 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,1%. Дзіцячая смяротнасць — 8 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (пераважна прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэмай навуч. устаноў кіруе Мін-ва адукацыі. Паводле закону аб адукацыі 1949 у краіне ўстаноўлена 12-гадовая школьная сістэма. Існуюць дзярж., муніцыпальныя і прыватныя школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая, у яе прымаюцца дзеці ва ўзросце 6 гадоў. Пэўную частку выдаткаў на адукацыю ў пач. школе аплачваюць бацькі. Пасля пач. школы кошт навучання павялічваецца, аднак каля 75% дзяцей ва ўзросце 12—17 гадоў вучацца ў школе. Сярэдняя школа 6-гадовая, уключае няпоўную (прамежкавую) 3-гадовую школу і поўную (старшую) 3-гадовую. Прафес. адукацыю на базе пач. або няпоўнай сярэдняй школы даюць прафес. вучылішчы (тэрмін навучання 1—3 гады), на базе поўнай сярэдняй школы — 3-гадовыя прафес. каледжы (даюць сярэднюю адукацыю і права навучання ў ВНУ). Больш за 1 млн. студэнтаў вучацца ва ун-тах, каледжах, малодшых каледжах (1994). Больш палавіны ВНУ прыватныя, навучанне платнае. Буйнейшыя ун-ты: Нац. дзярж. ун-т (з 1946), ун-т «Ёнсе» (з 1885), Карэйскі ун-т (з 1905) — усе ў Сеуле, Нац. ун-т (з 1946) у Пусане, ун-т «Ёнам» у Тэгу і інш. Буйнейшыя б-кі і музеі РК у Сеуле: Нац. цэнтр. б-ка, б-ка Нац. дзярж. ун-та; нац. музей і Маст. галерэя палаца Кёнбакун (з 1916). Н-д. ўстановы сканцэнтраваны пераважна пры ун-тах: пры Нац. ун-це ў Пусане Ін-т даследаванняў крыві (з 1964), Ін-т тэхналогіі (з 1965); пры ун-це «Ёнам» даследчыя цэнтры. Найвышэйшая навук. ўстанова і каардынацыйны навук. цэнтр — Нац. АН у Сеуле (з 1954, створана на ўзор Нац. АН ЗША). У межах акадэміі дзейнічае савет па навук. даследаваннях, які плануе і каардынуе даследчую дзейнасць. Акрамя акадэміі працуе 10 буйных н.-д. цэнтраў і ін-таў. У 1958 у РК створана Упраўленне па атамнай энергіі.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца каля 70 штодзённых газет, агульным тыражом каля 13 млн. экз. (1997). Найб. тыраж маюць штодзённыя незалежныя газеты на карэйскай мове «Часон ільбо» («Газета Карэі», з 1920) і «Хангук ільбо» («Карэйская газета», з 1954, абедзве ў Сеуле). На англ. мове выходзяць газ. «The Korea Herald» («Карэйскі веснік») і «The Korea Times» («Карэйскі час»). Інфарм. агенцтвы: Ёнхап Ньюс Эйджэнсі (афіц., з 1980) і Рыён Хап (з 1981). Радыёвяшчанне з 1926, падпарадкавана дзяржаве. Дзейнічаюць прыватныя і канфесійныя радыёстанцыі. Найбуйнейшыя: Крысчыян бродкастынг сістэм, Кыктон бродкастынг сістэм, Асія бродкастынг сістэм (трансляцыя на краіны Д. Усходу). Тэлебачанне з 1961. Буйнейшыя карпарацыі радыё- і тэлевяшчання; Карыян бродкастынг сістэм і Мунхва бродкастынг карпарэйшэн. Дзейнічаюць сеткі радыё- і тэлестанцый амер. узбр. сіл.

Літаратура. У першыя гады пасля выгнання яп. каланізатараў у л-ры РК распрацоўваліся тэмы аб’яднання і незалежнасці краіны (паэзія Лі Хаюна, Кім Гвансопа і інш). З канца 1940-х г. л-ра развівалася пад моцным уплывам зах.-еўрап. плыней. Проза старэйшага пакалення пісьменнікаў прадаўжала традыцыі натуралізму і дэкадэнцкай л-ры (Ём Сансоп, Чу Ёсоп, Лі Муён). У 1950-я г. выступіла новае пакаленне празаікаў, якія знаходзіліся пад моцным уплывам экзістэнцыялізму, канцэпцыі «новай крытыкі», тэорыі антырамана. Пераважалі тэмы вайны, абсурду і адзіноты (проза Кім Санхана, Чан Ёнхака, Сону Хві, паэзія Кім Гірына, Чо Бёнхва). Містыцызм і пошукі спецыфікі «ўсходняга стылю» характэрныя для твораў Лі Данджы і Лі Хёнгі. У 1970-я г. развівалася т.зв. л-ра ўдзелу з крытыкай паўн.-кар. рэчаіснасці (проза Кім Санхана, паэзія Кім Джыха). У сучаснай л-ры пануюць эксперыменталісцкія кірункі, робяцца спробы адраджэння традыц. вершаваных прыёмаў.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. У 1950—80-х г. грамадскія будынкі ўзводзілі пераважна ў формах зах.-еўрап. стыляў, у т. л. функцыяналізму (авіякампанія «Карыя эр лайнс» у Сеуле, 1969). Некат. пабудовы спалучаюць элементы нац. дойлідства (дахі з крыху загнутымі ўверх канцамі, разны дэкор) з новымі канстр. вырашэннямі (цэнтр відовішчаў «Уокер-Хіл» каля Сеула, Гал. Алімпійскі стадыён спарт. комплексу ў Сеуле). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах. У выяўл. мастацтве 1950—80-х г. суіснуе мноства плыней. Рэаліст. кірунак еўрап. тыпу прадстаўляюць жывапісцы Кім Інсын, Лі Джунсоп. Уплыў еўрап. мадэрнісцкіх плыней уласцівы жывапісцам Кім Хвангі, Нам Гвану, скульпт. Кім Ёнхаку, Чон Санбому. У нац. традыцыях працуюць жывапісец Хо Бэнён, скульпт. Кім Гёнсын і інш. Прыёмы нац. і еўрап. жывапісу спалучаюцца ў творчасці Кім Гіўхана, Пак Нэхёна. Захоўваюцца традыцыі вытв-сці вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Музыка. Муз. жыццё РК развіваецца пад моцным уплывам муз. культуры ЗША. Працуюць сімф. аркестры, у рэпертуары т-раў творы зах.-еўрап. опернай класікі. У 1970—80-я г. пашырыліся формы поп-музыкі. Сярод кампазітараў — Юн Ісан, Кім Сехён, Лі Хынёль, Кім Сунэ, музыказнаўцаў — Сон Бансон, Лі Хёпо, спевакоў у традыц. стылі — Чу Ванлі, Ан Пічхві, Кім Аксім, музыкантаў — Хан Танір (фп.), Ян Укхім (скрыпка), Хван Б’ёнкі, Сен Кымрэн, Сін Кведон (каягым), Сон Кёлі (тэгым). Працуюць Нац. оперная трупа і шэраг прыватных оперных труп, хар. калектывы «Пхадо», «Тэхан» і інш., імператарскі аркестр нац. інструментаў, Седжонаўскі культ. цэнтр (канцэртная зала з арганам), Нац. ін-т класічнай музыкі ў Сеуле, Нац. АМ, Асацыяцыя музыкантаў К., Кар. нац. муз. асацыяцыя, Т-ва сучаснай музыкі, Кар. музыказнаўчае муз. т-ва. Кансерваторыя ў Сеуле, муз. каледжы.

Тэатр. У 1945 створаны Карэйскі і Сеульскі маст. т-ры, Вольны т-р, у 1948 — Нац. т-р сучаснай драмы, якія ў хуткім часе былі закрыты. У 1950-я г. тэатр. мастацтва сутыкнулася з канкурэнцыяй кінематографа. У 1960—70-я г. працавалі т-ры «Мінджун», «Тан’ян», Эксперым. т-р, невял. тэатр. трупы. Для тэатр. мастацтва 1970—80-х г. характэрны ўплыў мадэрнізму і адраджэнне традыц. тэатр. форм. Працуюць Ін-т драмы, Дзярж. і Малы т-ры, існуюць невял. мабільныя тэатр. трупы. Акрамя п’ес кар. аўтараў шырока ставіцца зах.-еўрап. драматургія. Некат. тэатр. калектывы ставяць п’есы на англ. і франц. мовах.

Кіно. Тэматыка фільмаў канца 1940-х г. — вызваленне ад яп. прыгнёту. Для 1950—60-х г. характэрна сац.-паліт. скіраванасць: «Жахлівая ноч» (1953), «Лішні чалавек» (1965). Сярод кінадзеячаў: Сін Сарок, Ю Хёнмок, Юн Банчхун, Лі Гюхван, Сін Ёнгюя, Хан Хёнмо і інш. Дзярж. палітыку ў галіне кінематаграфіі праводзіць Мін-ва культуры і інфармацыі. У краіне дзейнічаюць 79 кампаній-дыстрыб’ютэраў кіна- і відэафільмаў. У пракаце пераважаюць амер. і ганконгскія фільмы. З пач. 1990-х г. урад РК значна павялічыў адм. і фін. дапамогу кінавытворцам, здымалася каля 30 фільмаў у год. Самым касавым у 1990—91 быў фільм рэж. Ім Квантака «Сын генерала». Самая буйная кампанія па выпуску кінафільмаў у краіне — «Моўшэн Пікчэр Прамоўшэн Карпарэйшэн», сярод інш. кінакампаній «Хань Цзын» і «Тае Хунг». Сярод сучасных рэжысёраў: Ім Квантак («Сапаіаджэ»), Ён Цзыян («Намбуган»), Іон Сам’ёк («Я выжыву»), Чанг Сунву («Хваом каунг»), Баек Ілаенг («У трывожны час»), Кім Уйсук («Шлюбная гісторыя», «Жанчына і мужчына»), Створаны асацыяцыі кінадыстрыб’ютэраў, кінапрадзюсераў, Федэрацыя ўладальнікаў кінатэатраў. Гал. нац. ўзнагарода ў галіне кінамастацтва «Вялікі звон» прысуджаецца штогод Асацыяцыяй кінапрадзюсераў.

І.​В.​Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), А.​М.​Міхеева (тэатр), Т.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Карэі (Рэспубліка Карэя).
Да арт. Карэя Паўднёвая. Марское ўзбярэжжа каля горада Пусан.
Да арт. Карэя Паўднёвая. Рака Ханган у цэнтры горада Сеул.
Да арт. Карэя Паўднёвая. Панарама Сеула.
Да арт. Карэя Паўднёвая. Галоўны Алімпійскі стадыён спартыўнага комплексу ў Сеуле.
Да арт. Карэя Паўднёвая. Сялянскі танец «Нанак».
Да арт. Карэя Паўночная. Порт Начжын на ўзбярэжжы Японскага мора.

т. 8, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСК,

горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс. ж. (1996).

Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл. Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл. Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.​Кунцэвіча (гл. Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс. ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ. «Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар. тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр. к-т Бунда, з 1903 — арг-цыя РСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс. ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.

У 1940 — 180 тыс. ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.

Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц. т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл. Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны завод акц. т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс. чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл. Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл. «Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл. Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл. Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл. «Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл. Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл. Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля ​1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.

Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл. Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл. Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл. Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед. ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец. навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч. г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў, у т. л. Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж. ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.

Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст. Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.​Ладыгіна, Я.​Заслаўскі), будынак Бел. драм. т-ра імя Я.​Коласа (арх. А.​Максімаў, Т.​Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.​Данілаў), пед. (арх. У.​Зубкоў, З.​Конаш), вет. (арх. А.​Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.​Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.​Кірылаў, А.​Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.​Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.​М.​Машэраву, В.​З.​Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.

Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.​Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.​Я.​Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагала нар. маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя «Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр. т-ва краязнаўства (кіраўнік М.​Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.​Гарбавец, І.​Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.​Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.​Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац. маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.​Гумена, Я.​Красоўская, І.​Сталярова, У.​Вітко, В.​Лук’янава, М.​Міхайлава, А.​Ільінова, В.​Ральцэвіча, Л.​Анцімонава, В.​Някрасава, В.​Ціханенкі, П.​Явіча, А.​Салаўёва, А.​Скавародка, А.​Толкача, А.​Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.

Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.​Рэпін. Малюнкі», твораў М.​Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.​Шутава, Толкача, А.​Мемуса, А.​Каржанеўскага, У.​Кухарава, А.​Кавалёва, Гумена, У.​Вольнава, Т.​Беразоўскай, А.​Някрасава, А.​Кастагрыза, А.​Ізаіткі, І.​Сталярова, У.​Напрэенкі, М.​Дудзіна, М.​Ляўковіча, Л.​Мядзведскага, А.​Карпана, А.​Слепава, І.​Шкуратава, В.​Ляховіч, А.​Ільінова, М.​Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.​Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.​Шагала, прыватная галерэя А.​Пушкіна.

Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.​Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.​Л.​Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.​Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.​Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.​Стукаліч, пісьменнік А.​Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.​Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).

У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.

У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.​Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. «Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ. «Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ. «Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ. час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».

Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.

Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.​Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.​Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.​М.​Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.​Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.​Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.​Іваноў-Казельскі, У.​Давыдаў, М.​Дальскі, К.​Гарын, В.​Далматаў, П.​Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.​Папова-Волхаўскага, Е.​Кавалеўскага, К.​Вітарскага, А.​Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес. драм. т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел. тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.

Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес. сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус. муз. т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.​Аўэр, І.​Гофман, С.​Кусявіцкі, С.​Рахманінаў і Т.​Туа, Р.​Піньё, П.​Сарасатэ, Л.​Собінаў, Я.​Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.​Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.​Гуно і «Русалка» А.​Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз. муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л. міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.​І.​Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

М.​І.​Ліс (асвета), Т.​І.​Чарняўская (архітэктура), Дз.​У.​Стэльмах (тэатр. жыццё), В.​П.​Пракапцова (муз. жыццё), Л.​Дз.​Налівайка, М.​Л.​Цыбульскі (маст. жыццё).

Герб Віцебска 1597.
Да арт. Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.
Да арт. Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.​Пешкі. 1-я пал. 19 ст.
Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.
Да арт. Віцебск. Гасцініца «Віцебск».
Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.
Да арт. Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЕТНА́М (Viêt Nam),

Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае ўсх. ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і Пд Паўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс. км². Нас. 71,8 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).

Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс. км²) і Хангха (каля 15 тыс. км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд. т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-ра студз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд. кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.

Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн. чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн. чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж. традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс. ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.

Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст. н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст. Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст. Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц. калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз. Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц. калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл. В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл. Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пдбрыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл. Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн. нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн. нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер. ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс. чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл. Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер. паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер. ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс. чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.

Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн. т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд. кВтгадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім. прам-сць (вытв-сць мінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як ​1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн. га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч. культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн. т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс. т; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс. км, у т. л. гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс. км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс. км, аўтадарог больш за 300 тыс. км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд. дол., імпарт 2,3 млрд. дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал. гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн. нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс. чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс. чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс. чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен.-трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс. чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс. чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс. чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец. навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц. дзярж. інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).

Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст. гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст. л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв. л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.​Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.​Шаранговіч і В.​Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.​Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.​Сіпакова, 1985).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст. культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж. арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл. буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.

Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб. стараж. помнікі муз. культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст. н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз. т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх. Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец. навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л. Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.

Тэатр. Традыц. віды в’етн. т-рамуз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар. т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар. т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес. т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн. т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.

Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.

Літ.:

История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;

Новейшая история Вьетнама. М., 1984;

Вьетнам: Справ. М., 1993;

Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;

Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;

Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст. М., 1971.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя да 1884), М.​Г.​Елісееў (гісторыя з 1884), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг В’етнама.
Да арт. В’етнам. Вёска каля г. Хайфон.
Да арт. В’етнам. Горны краявід.
Да арт. В’етнам. Панарама г. Хошымін.
Да арт. В’етнам. Статуэтка. Бронза. 6 ст.
Да арт. В’етнам. Ле Нгіен. Танец. 1956.
Да арт. В’етнам. Вечка шкатулкі. 1950-я г.
Да арт. В’етнам. Танцоўшчыца. Скульптура п’едэстала з Чак’е. Каля 9 ст.
Да арт. В’етнам. Ахвяры вайны ЗША у В’етнаме 1964—73.

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс. км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн. Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г. Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).

Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх. ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.​Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-ра студз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-ра студз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 ммнайб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-ра студз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.​Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс. ж.), Гянджа (281 тыс. ж.), Сумгаіт (235 тыс. ж.), Мінгечаур, Шэкі.

Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст. н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл. Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж. мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст. манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц. феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл. «Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаўмянам (гл. Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб. дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.​Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав. сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт. вобл. (1923, гл. Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл. Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджан ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.​Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.​Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.

Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб. нар. партыя, Азерб. сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб. сац.-дэмакр. партыя і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн. т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд. м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд. кВтгадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн. т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн. га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн. га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн. га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал. тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс. т, малака — 84,8 тыс. т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.

Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.

Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс. чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс. чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс. чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс. чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б. СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.

Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс. ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс. ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп. б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-ка АН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.

Літаратура. Азерб. л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ. азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.​М.​Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.​Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.​Ібрагімава, А.​Веліева, Мір Джалала, Г.​Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.​Гусейнаў, Б.​Байрамаў, Г.​Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.​Абасзадэ, С.​Веліеў, С.​Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.​Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.​Гусейнзадэ, А.​Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.​Гусейнава, М.​Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.​Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.​Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.​Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.​Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.​Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.​Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.​Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.​Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.​Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.​Сеідзадэ, М.​Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.​Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.​Араслі, Арыф, Ф.​Касімзадэ, М.​Рафілі, А.​Султанлі і інш.).

На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.​Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.​Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Куляшова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.​Каўказа, Нахічэвань). Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.​Г.​Карабагі, М.​К.​Эрывані, М.​М.​Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац. арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.​Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.​Рзакуліеў, С.​Саламзадэ, Ш.​Мангасараў, графікі Э.​Гаджыеў, Г.​Халыкаў, І.​Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.​Гуліеў, Ф.​Абдурахманаў, Дж.​Карагды, тэатр. мастакі Р.​Мустафаеў, Н.​Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.​Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л. нац. арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.​Сянчыхін, Т.​Ханлараў, Ш.​Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.​Амірханаў, Н.​Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац. маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.​Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.​Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.​Нарыманбекаў, А.​Джафараў, Н.​Касумаў; графікі Р.​Бабаеў, Ю.​Гусейнаў, Э.​Шамілаў, К.​Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.

Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст. найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап. муз. культура. Асновы сучаснай азерб. прафес. муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.​Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.​Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.​Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.​Рустамаў, Ф.Аміраў, С.​Алескераў, Караеў, Р.​Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.​Гаджыеў, Мелікаў, М.​Мірзоеў, А.​Рзаеў, А.​Алізадэ, М.​Куліеў, І.​Гаджыбекаў, А.​Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.​Мустафаеў, Р.​Гаджыеў, Алізадэ, Н.​Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.​Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.​Гаджыеў, Т.​Бакіханаў, С.​Гаджыбекаў, Куліеў, Х.​Мірзазадэ, А.​Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.​Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.​Атакішыеў; піяністы Ф.​Бадалбейлі, Т.​Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб. т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.​Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.

Тэатр. Вытокі азерб. тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.​Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац. драм. мастацтва зрабілі Дж.​Зейналаў, Г.Араблінскі, У.​Гаджыбекаў, Дж.​Джабарлы, А.​Шарыфзадэ, У.​Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж. т-р (азерб., рус., арм. драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб. драм. трупа пераўтворана ў Азерб. дзярж. т-р (Азерб. акад. т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн. Азерб. тэатр. т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.

Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц. т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.​Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.​Касумаў, Т.​Тагізадэ, Т.​Ахундаў, М. і Р.​Ібрагімбекавы, Анара (А.​Рзаева), А.​Бабаеў, Г.​Мамедаў, Г.​Турабаў, Ш.​Мамедава.

Літ.:

Гаджи-заде А.М. Азербайджанский промышленный комплекс. Баку, 1975;

Географический справочник: Новые цифры, факты, названия. М., 1993;

Кавказ. М., 1966;

История Азербайджана. Т. 1—3. Баку, 1958—63;

История Азербайджана по документам и публикациям: Сб. Баку, 1990;

Рахман-заде Ф. Дар судьбы. Баку, 1990;

Касим-заде Ф. Очерки по истории азербайджанской литературы XIX в. Баку, 1962;

Бретаницкий Л.С., Веймарн Б.В. Искусство Азербайджана IV—XVIII веков. М., 1976;

Эфандиев Р. Декоративно-прикладное искусство Азербайджана. Баку, 1976;

Гаджибеков У. Основы азербайджанской народной музыки. 3 изд. Баку, 1985;

История музыки народов СССР. Т. 1. М., 1966;

История советского драматического театра. Т. 1—4. М., 1966—68;

Information please: Almanac, 1995. Boston;

New York, 1995.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), А.​Н.​Гуліеў, Г.​К.​Кісялёў, І.​Ф.​Раманоўскі (гістарычны нарыс), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Азербайджана.
Азербайджан. Горад Баку.
Да арт. Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.
Да арт. Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.
Да арт. Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.
Да арт. Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.
Да арт. Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.
Да арт. Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.​Абдурахманаў, арх. С.​Дадашаў, М.​Усейнаў. 1949.
Да арт. Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.​Мамедаў, О.​Эльцараў, арх. Г.​Мухтараў. 1962.
Да арт. Азербайджан. Т.​Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛІЯ (Монгал),

Мангольская Рэспубліка (Монгал Улс), дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй, на З, Пд і У з Кітаем. Пл. 1565 тыс. км². Нас. 2,58 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — мангольская. Сталіца — г. Улан-Батар. Падзяляецца на 18 аймакаў. Гарады Улан-Батар, Дархан і Эрдэнэт вылучаны ў самастойныя адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Народнай Рэвалюцыі (11 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Вялікаму дзярж. хуралу, які складаецца з 76 дэпутатаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным парламентам.

Прырода. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. На З горы Мангольскі Алтай з найвыш. пунктам краіны г. Мунххайрхан-Ула (4362 м), Габійскі Алтай, Хангай, падзеленыя міжгорнымі катлавінамі (Катлавіна Вялікіх Азёр, Даліна Азёр). У цэнтр. ч. — нагор’е Хэнтэй. На Пд, ПдУ, У вял. раўніны — часткі пустыні Гобі (выш. 1000—1200 м) з асобнымі вулканічнымі масівамі, участкамі пяскоў і саланчакамі. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, жал., уранавыя, медна-малібдэнавыя, алавяныя, марганцавыя, залатыя і сярэбраныя руды, фасфарыты, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат умераны, рэзка кантынентальны, засушлівы, з кароткім гарачым летам і працяглай халоднай маласнежнай зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -35 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна 18 і 20 °C. Ападкаў 60—200 мм на Пд, 200—300 мм на Пн, у гарах 300—500 мм, пераважна летам. На большай ч. тэр. краіны няма пастаянных рэк. Маюць сцёк у акіян рэй: на Пн Селенга з прытокам Архон, Керулен і Анон. З рэк унутр. сцёку найб. Кобда і Дзабхан. Шмат азёр: Убсу-Нур, Хяргас-Нур (бяссцёкавыя, салёныя), Хубсугул, Хара-Ус-Нур, Хара-Нур (праточныя, прэсныя). На Пн у гарах лясы з лістоўніцы і кедра (10% тэр. краіны), ніжэй лесастэпы і стэпы, пераважна злакавыя з дамешкамі разнатраўя. ​2/3 тэрыторыі займаюць сухія стэпы, паўпустыні і пустыні. Для жывёльнага свету характэрны грызуны, ёсць ваўкі, лісы, антылопы дзерэн, джэйран і сайгак. На ПдЗ вельмі рэдка трапляюцца конь Пржавальскага і дзікі двухгорбы вярблюд. Вялікі Габійскі запаведнік (4,3 млн. га), рэзерваты.

Насельніцтва. Манголамоўныя народы складаюць 92,4%, у т. л. халха-манголы 80,5%. З імі паступова зліваюцца блізкія да іх дэрбеты, бураты, дарыганга, баяты, захчыны, таргуты і інш. Жывуць таксама казахі (4,4%, на З), рускія і кітайцы (пераважна ў гарадах). Вернікі — будысты-ламаісты. Сярэднегадавы прырост каля 1,5%. Сярэдняя шчыльн. 1,6 чал. на 1 км², у бас. р. Селенга да 3—7 чал. на 1 км², на Пд на 10—15 км² прыпадае 1 чалавек. Каля 25% насельніцтва вядзе качавы спосаб жыцця. У гарадах жыве 61% насельніцтва (1997). Найб. гарады (1997, тыс. ж.): Улан-Батар (680), Дархан (87), Чайбалсан (80), Эрдэнэт (59). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 12%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. паявіўся больш за 100 тыс. гадоў назад. У 3—2-м тыс. да н.э. ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах М. ўзніклі ачагі земляробства. У І-м тыс. да н.э. стараж. насельніцтва М. перайшло да качавой жывёлагадоўлі. У 3 ст. да н.э. тут склаўся моцны саюз качавых плямён сюну (хуну). Пасля яго распаду ў I ст. н.э. тэр. М. ўваходзіла ў склад племянных саюзаў сяньбі (1—3 ст.), жужаняў (3—5 ст.), Цюркскага і Усх.-Цюркскага каганатаў (6—7 ст.), дзяржавы кіданяў (10—12 ст). Этнонім «мангол» упершыню сустракаецца ў кіт. гіст. хроніках дынастыі Тан (7—10 ст.) у форме «мэнгу», «мэнгулі», «мэн-ва». Да канца 12 ст. на тэр. ад Вял. кіт. сцяны да р. Іртыш існавалі саюзы манг. плямён: тайджыюты, татары, меркіты і інш. У пач. 13 ст. б.ч. іх падпарадкаваў сабе хан Тэмучын з племя тайджыют. У 1206 курултай (з’езд манг. ханаў) абвясціў яго вял. ханам з тытулам Чынгісхан. Рэформы Чынгісхана (ваен., адм., судовая і інш.) ператварылі М. ў найб. моцную ваен. дзяржаву Азіі. У ходзе мангольскіх заваяванняў у 13 ст. ўтварылася Мангольская імперыя, якая акрамя М. ахоплівала Кітай, Цэнтр. Азію, Каўказ, Афганістан, Іран, Месапатамію, б.ч. зямель Русі і інш. У 1280 вял. хан Хубілай абвясціў сябе кіт. імператарам, заснавальнікам дынастыі Юань. У 1368 манголы выгнаны з Кітая. У 1388 кіт. войскі зруйнавалі манг. сталіцу г. Каракарум, адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў, якія ваявалі паміж сабой. На кароткі час М. аб’ядноўвалі пад сваёй уладай ханы Дайсун [1434—55] і Даян [каля 1479—1543]. Да канца 16 ст. з Манголіі гістарычнай вылучыліся Паўн. М., Паўд. М. (падзяляліся на дробныя ханствы). У 1630-я г. ў Джунгарыі (цяпер ч. тэр. Паўн.-Зах. Кітая і Зах. Манголіі) зах.-манг. плямёны (айраты) утварылі Айрацкае ханства. Непрацяглы час існавалі буйныя аб’яднанні паўд.-манг. плямён: тумэтаў на чале з Алтан-ханам (1543—83] і чахараў на чале з Лігдан-ханам [1604—34]. З канца 16 ст. сярод манголаў пашырыўся будызм у форме ламаізму, які аказваў вялізны ўплыў на іх жыццё і культуру. У 1634 маньчжуры заваявалі дзяржаву Лігдан-хана, у 1636 падпарадкавалі ўсю Паўд. М. У канцы 17 ст. ўладу маньчжурскай дынастыі (правіла ў Кітаі ў 1644—1911) прызналі наёны (князі) Паўн. М. У маньчжурскім Кітаі Паўд. М. атрымала назву Манголія Унутраная, а Паўн. М. — Манголія Знешняя. У 1758 маньчжуры заваявалі Айрацкае ханства і знішчылі б.ч. яго насельніцтва. Тэр. сучаснай М. падзялялася на З кіт. намесніцтвы з цэнтрамі ў гарадах Урга (цяпер Улан-Батар), Улясутай і Кобда. Асн. заняткам яе жыхароў была качавая жывёлагадоўля, у краіне практычна адсутнічала прам-сць. Вял. ўплыў мела ламаісцкая царква (больш як 750 манастыроў, 120 тыс. манахаў — 40% мужчын краіны). Неэквівалентны тавараабмен з Кігаем, закабаленне кіт. ліхвярамі да пач. 20 ст. б.ч. манг. жывёлаводаў вялі да росту антыкіт. настрояў. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 успыхнула антыкіт. паўстанне ў Знешняй М., 1.12.1911 з’езд манг. знаці ў г. Урга абвясціў яе незалежнай дзяржавай (манархіяй) на чале з кіраўніком ламаісцкай царквы богда-гэгэнам. Пад націскам вял. дзяржаў манг. ўрад у маі 1915 паводле Кяхцінскага рус.-кіт.-манг. пагаднення згадзіўся на аўт. статус Знешняй М. ў складзе Кітая. У 1919 кіт. войскі акупіравалі Знешнюю М. і пазбавілі яе аўтаноміі. Гэта выклікала ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла створаная ў 1920 Манг. нар.-рэв. партыя (МНРП, да 1925 наз. Манг. нар. партыя) на чале з С.​Данзанам, Д.Сухэ-Батарам і Д.​Бода. У выніку Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921 пры падтрымцы Чырв. Арміі з тэр. Знешняй М. выгнаны кіт. войскі і атрады рас. белагвардзейцаў ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга. У ліп. 1921 у г. Урга створаны Нар. ўрад на чале з Бода. 5.11.1921 заключаны дагавор аб узаемадапамозе паміж М. і РСФСР. Сав. войскі знаходзіліся ў М. да 1925. У 1921—24 Нар. ўрад правёў у краіне важныя пераўтварэнні: нацыяналізаваў зямлю, ліквідаваў прыгонніцтва і залежнасць жывёлаводаў ад ліхвяроў, адмяніў феад. тытулы і прывілеі. Да смерці богда-гэгэна (1924) дзяржава фармальна заставалася манархіяй.

26.11.1924 1-ы Вял. нар. хурал (ВНХ) абвясціў Манг. Нар. Рэспубліку (МНР) і прыняў яе канстытуцыю. 3-і з’езд МНРП (жн. 1924) прыняў рашэнне пра пабудову ў М. некапіталіст. грамадства. Залежнасць М. ад СССР і капіраванне яе кіраўніцтвам сав. вопыту былі ў значнай ступені абумоўлены тым, што Кітай да 1946 не прызнаваў яе дзярж. суверэнітэту і лічыў М. часткай сваёй тэр. У 1929 у МНР праведзена кааперацыя жывёлагадоўчых гаспадарак. У выніку рэпрэсій 1936—39 загінула б.ч. парт. і дзярж. кіраўніцтва МНР, моцна пацярпела духавенства. Улада сканцэнтравалася ў руках Х.Чайбалсана (прэм’ер-міністр у 1939—52). У 1939 сав. і манг. войскі перамаглі яп. агрэсараў на р. Халхін-Гол. Манг. войскі прынялі ўдзел у Маньчжурскай аперацыі 1946 сав. войск. 20.10.1945 паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 адбыўся плебісцыт, на якім насельніцтва М. выказалася за незалежнасць краіны (у студз. 1946 прызнана Кітаем). Пасля смерці Чайбалсана (студз. 1952) прэм’ер-міністрам (да 1974) стаў Ю.Цэдэнбал (кіраўнік МНРП у 1940—54 і 1958—84, старшыня Прэзідыума ВНХ у 1974—84). У 1960 прынята новая канстытуцыя краіны. У 1950—70-я г. адбыўся пераход асн. масы манголаў да аселасці, з дапамогай СССР і інш. сацыяліст. краін пабудавана прам-сць, ліквідавана непісьменнасць. У 1984 ген. сакратаром МНРП і старшынёй ВНХ выбраны Ж.​Батмунх. З пачаткам перабудовы ў СССР у М. разгарнуўся масавы рух за дэмакратыю і шматпартыйнасць, які са снеж. 1989 узначальваў Манг. дэмакр. саюз. Пасля масавых дэманстрацый апазіцыі пленум ЦК МНРП у сак. 1990 прыняў адстаўку кіраўніцтва партыі і выбраў яе старшынёй Г.​Ачырбата, Старшынёй ВНХ выбраны П.​Ачырбат (з вер. 1990 прэзідэнт МНР). У маі 1990 уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя, паводле якой МНР перайменавана ў Мангольскую Рэспубліку, замест ВНХ створаны Вял. дзярж. хурал (ВДХ). На першых свабодных выбарах у ВДХ перамагла МНРП. У чэрв. 1993 на першых прамых выбарах прэзідэнтам краіны выбраны Ачырбат. Непаслядоўнасць МНРП у рэфармаванні эканомікі і грамадства прывяла да перамогі дэмакр. апазіцыі на выбарах у ВДХ у чэрв. 1996. Урад М.​Энхсайхана (1996—98) правёў радыкальныя рыначныя рэформы, якія спрыялі адраджэнню эканомікі, але выклікалі сац. напружанасць у грамадстве, што праявілася ў выбранні прэзідэнтам краіны ў маі 1997 прадстаўніка МНРП Н.​Багабандзі. М. — чл. ААН (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Манг. нар.-рэв. партыя, Манг. нац.-дэмакр. партыя, Манг. с.-д. партыя, Партыя «зялёных», Рэліг.-дэмакр. партыя і ІНШ.; Федэрацыя манг. прафсаюзаў.

Гаспадарка. М. — аграрна-індустрыяльная краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Штогадовы даход на 1 чал. каля 900 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 40% валавога ўнутр. прадукту, прам-сць — каля 30%. У 1991—92 былыя с.-г. кааператывы пераўтвораны ў акц. кампаніі, завершана прыватызацыя жывёлы. На канец 1998 у прыватнай уласнасці 95% пагалоўя свойскай жывёлы. Больш за 80% тэр. (каля 130 млн. га) прыдатная для выкарыстання ў якасці пашы. Па колькасці жывёлы на душу насельніцтва М. займае адно з першых месц у свеце. Найб. развіта авечка- і козагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, канец 1996): авечкі — 13,5, козы — 9,1, буйн. раг. жывёла — 3,5, коні — 2,8, вярблюды — 0,4. Гадуюць таксама якаў і іх помесі з буйн. раг. жывёлай — артомаў і хайнакаў (у гарах), паўн. аленяў (у гарах на Пн). Прадукцыйнасць жывёлы нізкая. Вытв-сць (1995, тыс. т): ялавічыны і цяляціны — 71, бараніны — 98, каніны — 28, малака — 316. Авечак гадуюць усюды, але найб. у зах. і цэнтр. раёнах, буйн. раг. жывёлу — пераважна на ПнУ і Пн, коз — на З, вярблюдагадоўля ў асн. у паўд. і паўд.-ўсх. раёнах, конегадоўля — ўсюды. У прыгарадных раёнах свінагадоўчыя і птушкагадоўчыя гаспадаркі. Ёсць фермы пушной зверагадоўлі. Раслінаводства — новая галіна сельскай гаспадаркі, займае каля 0,5 млн. га зямель на Пн, у далінах рэк Селенга і Архон. Ураджаі рэзка вагаюцца ў залежнасці ад колькасці ападкаў летам. Пераважае яравая пшаніца, меншыя зборы ячменю, проса, жыта, аўса. У 1998 сабрана 214 тыс. т збожжа. У гарах і стэпах пашыраны пушны промысел, штогод нарыхтоўваюць больш за 1 млн. шкурак сурка. З галін прам-сці найб. значэнне маюць горназдабыўная і каляровая металургія, лёгкая і харчовая. Здабываюць медна-малібдэнавыя і вальфрамавыя руды, буры і каменны вугаль, плавікавы шпат, золата. Самае магутнае прадпрыемства краіны — горнаабагачальны камбінат «Эрдэнэт», які выпускае (тыс. т, 1996) медны (351) і малібдэнавы (4,7) канцэнтрат. Прадпрыемства «Манголрасцэмент» штогод выпускае больш за 1 млн. т цэменту. Камбінат «Керулен» выпрацоўвае плавікава-шпатавы канцэнтрат (565 тыс. т, 1996). Аснова энергетыкі — вугаль (5,1 млн. т, 1996). Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд. кВтгадз (1995). Буйнейшая ЦЭС у сталіцы. Шмат дызельных электрастанцый невял. магутнасці ў аддаленых раёнах. ГЭС на р. Архон. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае пераважна жывёлагадоўчую прадукцыю. Працуюць прадпрыемствы гарбарнай, абутковай, валюшна-лямцавай, аўчынна-футравай, скургалантарэйнай, суконнай, дывановай, трыкатажнай і інш. галін прам-сці. Харч. прам-сць прадстаўлена мясакамбінатамі і мясахоладабойнямі, харч. камбінатамі, якія вырабляюць кансервы, сыр, масла, хлебапрадукты. Прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, жалезабетонныя канструкцыі, цеплаізаляцыйныя пліты, керамічныя пліты) ва Улан-Батары і Дархане. Дрэваапр. камбінаты ва Улан-Батары і Сухэ-Батары. Вытв-сць мэблі, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Ёсць вытв-сць фармацэўтычных, шкляных і фарфоравых вырабаў, прадпрыемствы мікрабіялагічнай, паліграф., металаапр. і металарамонтнай галін. Асн. прамысл. цэнтр — г. Улан-Батар. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 46,7 тыс. км, у т. л. палепшаных 4,3 тыс. км, чыгунак 1,8 тыс. км. Трансмангольская чыгунка — частка чыг. магістралі Масква—Улан-Батар—Пекін. У краіне 397 аэрапортаў. Суднаходства па воз. Хубсугул, рэках Селенга і Архон. У 1995 экспарт склаў 451 млн. дол., імпарт — 473 млн. долараў. У экспарце пераважаюць медныя і малібдэнавыя канцэнтраты (каля 50%), плавікавы шпат, жывая жывёла, прадукцыя жывёлагадоўлі, аўчынна-футравыя, скургалантарэйныя вырабы; у імпарце — машыны і абсталяванне, паліва і электраэнергія, агародніна, хімікаты. Гал. гандлёвыя партнёры: Расія (больш за 50% кошту экспарту), Кітай, Японія. У 1991—98 развітыя краіны і міжнар. арганізацыі аказалі М. бязвыплатнай дапамогі на суму больш за 600 млн. дол. Грашовая адзінка — тугрык.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі і ППА) і пагранічных войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць (1998) каля 8,5 тыс. чал., на ўзбраенні больш за 650 танкаў, 400 баявых машын пяхоты, 300 бронетранспарцёраў, 300 гармат палявой артылерыі і інш. У ППА каля 500 чал., 9 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў, зенітныя ўстаноўкі і комплексы. У пагранічных войсках каля 5 тыс. чал.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,1, жанчын 63,2 года. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 101 чал., урачамі — 1 на 402 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,6%. Дзіцячая смяротнасць — 68 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1997/98 навуч. г. ў М. 663 агульнаадук. школы, у якіх навучалася больш за 380 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 64 ВНУ, у т. л. 27 дзярж. ун-таў, ін-таў і каледжаў, у якіх вучылася каля 29 тыс. студэнтаў па 60 спецыяльнасцях на ступень бакалаўра і па 35 — на ступень магістра. ВНУ: Мангольскі дзярж. ун-т (з 1942), Дзярж. пед. ін-т (з 1951), політэхн. ін-т (з 1961), пед. ін-т рус. мовы (філіял Маскоўскага ін-та рус. мовы імя Пушкіна, з 1978), мед. (з 1982) і с.-г. (з 1958) ін-ты — усе ва Улан-Батары, пед. ін-т (з 1979) у г. Кобда. У 1998 у М. 424 б-кі з агульным фондам 4,2 млн. кніг, найбольшыя з іх Дзярж. публічная і б-ка Мангольскага дзярж. ун-та. Музеі: Цэнтр. дзярж., рэлігіі, горада Улан-Батар і інш. Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН М. (з 1961) і галіновымі НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 130 перыяд. выданняў. Найб. папулярныя газеты — «Унадур» («Сёння», з 1992), «Ардын эрх» («Народнае права», з 1990), «Унэн-уу?» («Ці праўда?», з 1920), «Ардчылал» («Дэмакратыя», з 1990), «Худулмур» («Праца», з 1928), «Уг» («Слова», з 1990), «Засгійн газрын мэдээ» («Урадавы веснік», з 1991), «Ертанц» («Сусвет», з 1990), «Мангалын залучуд» («Моладзь Манголіі», з 1924), «Шынэ уе» («Новае пакаленне», з 1991); на рус. мове — «Новости Монголии» (з 1942). Інфарм. агенцтвы — Монгал Цахілган Медэній Агентлаг (МОНЦАМЭ, Мангольскае тэлеграфнае агенцтва, засн. ў 1921), «Мангалын дуу хаалой» («Голас Манголіі») і Сан-прэс (з 1992). Радыёвяшчанне з 1934. Тэлебачанне з 1967. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на манг., рус., кіт., англ., франц. і каз. мовах.

Літаратура. Фальклор манголаў прадстаўлены гераічнымі паданнямі, казкамі, ероаламі (пажаданні дабра), магтааламі (ухваленні), сургааламі (павучанні), легендамі і інш. Зберагліся эпіграфічныя помнікі 12—13 ст., дыялагічныя нар. песні («Золатаардынскі рукапіс на бяросце», 13—14 ст.), нар. эпас «Джангар» (15 ст.), эпічнае сказанне пра Гэсэр-хана (16—17 ст.), летапісы («Алтан Тобчы», 17 ст.) і інш. У 14—18 ст. росквіту дасягнула перакладная л-ра (зборы будыйскіх кананічных твораў «Ганжур», «Данжур»). У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася рэаліст. л-ра. Дэмакр., антыфеад. тэндэнцыі выявіліся ў гіст. раманах В.​Інжынаша, сатыр. паэзіі Х.​Сандага. Пасля рэвалюцыі 1921 узнікла новая л-ра: створаны аповесці (Д.​Нацагдорж, Ц.​Дамдзінсурэн), зарадзілася рэв. паэзія, значных поспехаў дасягнула драматургія (п’есы С.​Буянэмэха, Нацагдоржа). Пасля 2-й сусв. вайны пашырылася ваен. тэматыка (аповесці «Аюуш» Д.​Сэнгээ, «Вучань Ганбат» Д.​Цэвэгмэда, вершы Ч.​Лхамсурэна, Дамдзінсурэна), з’явіліся п’есы на тэмы сучаснасці (Сэнгээ, Л.​Ванган). Вызначальная рыса л-ры 1950—60-х г. — станаўленне і развіццё новага рамана: прыгодніцкага («На Алтаі» Ч.​Ладайдамба), гісторыка-рэв. («Ранішняя зара» Б.​Рынчэна, «Чырвонае сонца» С.​Дашдэндэва), на тэмы сучаснасці («Вясна — восень» Ч.​Чыміда). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі раман (Л.​Тудэў), аповесць (С.​Удвал), апавяданне і навела (Э.​Аюун, С.​Эрдэнэ). Паэзія ўзбагацілася лірычнымі і грамадз. вершамі Б.​Явуўхулана, Чыміда, паэмамі Ц.​Гайтава. Вядучае месца занялі пераклады. Творчасць сучасных манг. пісьменнікаў сведчыць пра збліжэнне л-ры М. з прагрэс. сусв. л-рай з захаваннем нац. асаблівасцей. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Мангольскія казкі» (пер. А.​Якімовіча, 1956), раманы Тудэва «Горны паток» (пер. І.​Сакалоўскага і У.​Шахаўца, 1971) і Н.​Банзрагча «Шлях» (пер. М.​Парахневіча, 1978), зб. навел «Вясновыя птушкі» (пер. В.​Рабкевіча, В.​Новіка, З.​Прыгодзіча, М.​Паслядовіча, Я.​Крамко, А.​Рыбака, 1981), казка «Залатая ластаўка» (пер. С.​Міхальчука, 1982). На бел. мову паасобныя вершы і навелы манг. пісьменнікаў перакладалі Я.​Бяганская, М.​Калачынскі, П.​Макаль, Ю.​Свірка, Х.​Чэрня і інш.

Архітэктура. Збудаванні на тэр. М. вядомы з часоў Цюркскага каганата (7 ст.), калі на месцы пахаванняў узводзілі храмы з мемар. стэламі і скульптурай. Ад перыяду Уйгурскага каганата (745—840) захаваліся руіны сталіцы Орду-Балык (пазней Хара-Балгас) са строгай планіроўкай, абарончымі збудаваннямі, дамамі, храмамі. Пры кіданях (10—12 ст.) інтэнсіўна будаваліся гарады. Звычайна горад, амаль квадратны ў плане, быў абкружаны равамі і землянымі валамі. Яго перасякалі адна ці некалькі вуліц з адм. будынкамі, храмамі і дамамі, на незабудаваных участках ставілі юрты і палаткі. Пры раскопках г. Барс-Хот I (10—12 ст.) выяўлены рэшткі будыйскага храма з сюжэтнымі і арнаментальнымі фрэскамі і 2 цагляныя пагады з 5 і 7 ярусамі (апошняя выш. 16 м), у дэталях звязаныя з мясц. традыцыяй і ўплывам Кітая. У канцы 12 — пач. 13 ст. вядомасць набывае архітэктура сталіцы Каракарум. Захаваліся рэшткі палаца хана Угедэя (пл. 2475 м²) на штучнай насыпной платформе (гранітныя цокалі і базы калон, разьба па камені і дрэве, лепка, чаканка і інш.) і кумірні (малітоўныя дамы) з насценнымі размалёўкамі. У 16 — пач. 20 ст. ў манг. ханствах і княствах асн. відам жылля была лямцавая зборна-разборная юрта (гэр: дыяметр 5 м, выш. каля 3 м) на драўляным каркасе з рассоўнымі насценнымі рашоткамі, дзвярной каробкай і дахам у форме ўсечанага конуса; звонку дзверы лямцавыя, унутры — драўляныя размаляваныя. Для далёкіх паездак з караванамі служылі шасцісхільныя палаткі (майханы). З канца 16 ст. з пашырэннем ламаізму вялося буд-ва манастыроў і храмаў. З’явіліся культавыя пабудовы з дрэва, у аснове якіх — кампазіцыя юрты (часам на колах) круглай, шматвугольнай, з сярэдзіны 17 ст. квадратнай формы, а таксама цагляны кіт. і каменныя тыбецкага тыпаў (у манастырах Амур-Баясхуланту-хіт, Эрдэні-дзу). Своеасаблівыя мемар. збудаванні — субурганы (Бодзі-субурган у манастыры Эрдэні-дзу). Захаваліся храмы змешанага тыпу: манг.-кіт. (манастыр Да-Хурэ ва Улан-Батары, засн. ў 1651 як качавы, з 1779 — аселы; юртападобныя храмы 18 ст.), тыбецка-кіт., тыбецка-манг. (манастыр Гандан, пач. 18 ст., з храмам Мэгджыд-Джанрайсэг, пач. 20 ст., ва Улан-Батары). У 19 — пач. 20 ст. цэнтрам культавага і свецкага буд-ва быў Улан-Батар (палацавы комплекс Ноган-Орга, «Зялёны палац», 1832). У 1920—30-я г. разгарнулася грамадз. і прамысл. буд-ва, рэканструкцыя старых (Улан-Батар) і стварэнне новых (Дархан, Налайха, Сайншанд) гарадоў і пасёлкаў з рэгулярнай планіроўкай, рысамі сав. канструктывізму. У 1940—50-я г. фасады грамадскіх будынкаў упрыгожвалі порцікамі, каланадамі, нац. арнаментам (Мангольскі ун-т ва Улан-Батары). Будынкі ўзводзілі з улікам кліматычных умоў, патрабаванняў камфорту, выразнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (Т-р оперы і балета ва Улан-Батары). У 1960—80-я г. буд-ва вялося паводле тыпавых праектаў, з выкарыстаннем жалезабетонных канструкцый на аснове прынцыпаў функцыян. архітэктуры (выставачная зала ва Улан-Батары, будынак вакзала ў Сухэ-Батары).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. М. вядомы з 14—10 ст. да н.э. (выбітыя або нанесеныя фарбай на скалах выявы жывёл). У 4—3 ст. да н.э. метал. вырабы і каменныя надмагільныя слупы аздаблялі стылізаванымі фігуркамі жывёл. У кургане Наін-Ула (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) выяўлены начынне, тканіны, лямцавыя дываны, аздабленне конскай вупражы. У 6—8 ст. развіваліся рамёствы па вырабу конскай вупражы, зброі, упрыгожанай расл. арнаментам, з’явіліся мемарыяльныя каменныя стэлы на пастаментах у выглядзе чарапоў, скульпт. фігуры мужчын каля надмагільных помнікаў, т.зв. каменныя бабы. У 8—10 ст. развіваліся партрэтная пластыка, прысвечаная уйгурскім уладарам, фігуратыўная размалёўка з выявамі уйгурскіх і кіданьскіх уладароў у мемар. палацах і храмах, у 10—12 ст. — кераміка (фігуркі будыйскіх божастваў, жывёл і інш. з раскопак г. Барс-Хот I). Сінтэзам мастацтваў і стылістычнай разнастайнасцю вызначаюцца творы 12—13 ст., знойдзеныя ў Каракаруме: фігуратыўныя скульптуры, дэкар. маскі, жывапісныя партрэты ханаў і інш. Найб. пашыраным відам жывапісу 16 — пач. 20 ст. былі танка — будыйскія кампазіцыі, выкананыя на палатне фарбамі тыпу гуашы. У насценных размалёўках адчувальны ўплыў мастацтва Тыбета, Кітая, Непала. Стваралася храмавая скульптура з гліны, дрэва і бронзы, заснавальнік яе кананічнай формы — скульпт. Дзанабадзар (2-я пал. 17 ст.; рабіў таксама танка). З канца 19 ст. пашырыўся таксама свецкі жывапіс (ургінская школа і інш.) — партрэты, пейзажы, жанравыя палотны. У пач. 20 ст. пад уплывам еўрап. рэаліст. традыцый пачала фарміравацца сучасная манг. маст. школа (жывапісцы Б.​Шараў, Д.​Манібадар і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка твораў, у якіх спалучаліся прыёмы нац. і еўрап. мастацтва (жывапісцы Г.​Адон, Будбазар, Н.​Цултэм, А.​Цэвэгжаў, Д.​Чойдаг, графікі Д.​Амгалан, Балдан, скульптары Н.​Жамба, С.​Чоймбал і інш.). Развіваюцца вышыўка, аплікацыя, маст. апрацоўка металу, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве, выраб каляровых масак з пап’е-машэ, сюжэтных дываноў і інш.

Музыка. У традыц. музыцы М. пераважае вак. музіцыраванне, часта з інстр. суправаджэннем, пашыраны сольныя і ансамблевыя інстр. кампазіцыі. Ладавая аснова пераважна ангемітонная (часам пентатоніка). Спецыфічнае гуказдабыванне ў традыцыях гарлавога спеву (хаамэй), ігры на цууры (падоўжная флейта), аманхурах (самагучальныя язычковыя тыпу варганаў) і інш. Сярод традыц. інструментаў: стр. смычковыя — морын-хур, іх-хур, хучыр; стр. шчыпковыя — тобшур, шудрага (шанза), цытра ятга, род цымбалаў ёачын; драўляныя духавыя — лімбэ, цуур, біш-хур (тып габоя), эвэр-бурээ (рог); ударныя — барабаны хэнгэрэг, бумбур, талеркі цан, літафоны, шаманскія бубны; храмавыя інструменты — марская ракавіна дун, званы хонх, гонгі, вял. медныя трубы і інш. Стараж. музыка звязана з паляўнічай і жывёлагадоўчай практыкай, абрадамі. У 3 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. ўзніклі разнастайныя жанры і віды музыкі. Да 13 ст. развівалася прыдворная музыка, дзейнічалі шматскладавыя аркестры. Музыка ўваходзіла ў абрады шаманізму і культу продкаў, суправаджала баявыя дзеянні; былі пашыраны караванныя песні без слоў (уншуу). У 13—14 ст. выпрацоўваліся нарматывы класічнай музыкі. Склаўся рэпертуар віртуознай сольнай інстр. музыкі, развіліся муз.-паэт. жанры магтаал (ода) і сургаал (дыдактычны верш). Розныя жанры манг. муз.-паэт. традыцыі спалучае гісторыка-эпічнае «Патаемнае казанне» (13 ст.). У канцы 17 — пач. 20 ст. муз. жыццё засяроджвалася пераважна ў ламаісцкіх манастырах. У 18 ст. цэнтрам культ. жыцця М. стала Урга. Вызначыліся асн. песенныя жанры: найб. развітая працяжная — уртын-дуу і кароткая — богіна-дуу. У 1920—30-я г. пачалося асваенне жанраў еўрап. музыкі (опера, балет, сімфонія, інстр. канцэрт). Сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары С.​Ганчыксумла, Б.​Дамдзінсурэн (першая нац. опера «Сярод трох маркотных гор», з Б.​Смірновым, паст. 1942), Л.​Мурдорж (першая нац. сімфонія «Мая радзіма», 1955), У.​Білегжаргал, Э.​Чойдаг, Д.​Луўсаншараў (першая нац. аперэта «Голы князь», 1986; песні і інш); дырыжоры Ж.​Чулун, Ц.​Намсрайжаў, Ж.​Жамсранжаў, спевакі Ц.​Пурэўдорж, А.​Сурдал, А.​Загдсурэн, Х.​Уртнасан, А.​Хаўлаш; інструменталісты Т.​Цолман, З.​Сэрэтэр, Аюуш; выканаўцы традыц. музыкі — спевакі Л.​Луўсанбалдан, Ш.​Дамба, М.​Дашрынчэн, С.​Гомба, Б.​Луўсангампіл, М.​Дугаржаў, Ж.​Дарждагва, Н.​Нараўбанзад, інструменталісты А.​Сандаг, Д.​Ішдулам, О.​Дашдэлэг, У.​Луўсанхурчы, Л.​Цэрэндорж, Г.​Жам’ян, Д.​Дашдулам. У М. працуюць (1999): больш за 10 муз. т-раў, у т. л. Дзярж. т-р оперы і балета (з 1963); філармонія, пры якой сімф. аркестр (з 1957), эстр. калектывы; Ансамбль Манг. нар. арміі (з 1932), Дзярж. ансамбль песні і танца (з 1950). Муз. аддзел у Пед. ін-це (Улан-Батар), муз.-харэаграфічныя вучылішчы. У 1957 створаны Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. — у тэатралізаваных рытуальных дзействах, нар. абрадах, танцах-пантамімах, выступленнях нар. спевакоў-сказіцеляў. З канца 14 ст. на манг. мастацтва, у т. л. т-р, паўплываў кіт. класічны т-р. Папулярнымі былі выступленні артыстаў-лялечнікаў. У 17 ст. з распаўсюджаннем будызму ўзнік містэрыяльны т-р цам (сінт. форма, дзе драм. дыялогі перамяжоўваюцца з пантамімай, танцам, харавымі спевамі). Пры дварах манг. князёў існавалі прыдворныя т-ры. У 1830 у Габійскім аймаку адбыўся першы публічны спектакль «Месячная зязюля». З 1920-х г. пачала шырока развівацца тэатр. самадзейнасць; арганізаваны муз.-драм. гурткі, з якіх пазней узніклі праф. т-ры. Спектаклі ставіліся ў нар. традыцыях. Рэпертуар складаўся з інсцэніровак нар. песень і сцэнак на надзённыя тэмы. Рабіліся спробы выкарыстоўваць вопыт кіт. класічнага т-ра і т-ра ян-гэ. У 1930 ва Улан-Батары арганізавана тэатр. студыя, з якой у 1931 узнік Цэнтр. дзярж. манг. т-р (з 1942 Дзярж. муз.-драм. т-р). Новая нац. драматургія была сарыентавана на традыцыйную манг. тэатр. форму сінт. т-ра. Ставіліся п’есы манг. аўтараў, творы сусв. класікі, сав. драматургаў. У 1963 на базе Дзярж. муз.-драм. т-ра створаны Дзярж. т-р оперы і балета і Дзярж. т-р драмы імя Д.​Нацагдоржа. З 1970-х г. развіваецца драматургія сучаснай тэматыкі; прасочваецца тэндэнцыя засваення еўрап. тэатр. школы і драматургіі. Ва Улан-Батары працуюць таксама Т-р лялек (з 1948), Цэнтр. дзіцячы т-р (з 1950), існуюць аймачныя (абласныя) т-ры.

Кіно. У 1935 ва Улан-Батары створана кінастудыя «Манголкіно». У 1936 выйшлі першыя дакумент. фільмы, у 1938 — маст. фільм «Шлях Норжмы» (рэж. Т.​Нацагдорж, Л.​Шэфер). З 1947 пачаўся сістэматычны выпуск кінаперыёдыкі. Першых поспехаў манг. кінематаграфісты дасягнулі ў гісторыка-рэв. тэматыцы: «Пасланец народа» (1959), «Адзін з многіх» (1962), «Раніца» (1968, усе рэж. Д.​Жыгжыда), «Апавяданні пра вайну» (1970, рэж. Ж.​Бунтар, Н.​Нямдава), «Пачатак вялікага шляху» (1978, рэж. Б.​Сумху) і інш. На сучасную.тэматыку ставіліся камедыі і меладрамы, з 1970-х г. здымаліся псіхал. сац. драмы: «Зяць» (1970, рэж. Жыгжыд), «Шум матора» (1973) і «Жонка» (1975, рэж. Сумху), «Сустрэча» (1974, рэж. Нямдава), «За перавалам перавал» (1977, рэж. Бунтар), «Неба праясняецца» (1978, рэж. Р.​Даржпалам), «Жыццё чалавечае» і «Хатанбатар» (1981, рэж. Г.​Жыгжыдсурэн). Значны ўплыў на станаўленне манг. кінематографа зрабілі сав. кінематаграфісты. Сярод сумесных сав.-манг. фільмаў: «Яго завуць Сухэ-Батар» (1942, рэж. А.​Зархі, І.​Хейфіц), «Віцязі стэпу» (1945, рэж. Ю.​Тарыч, Дудсан-Джалел, М.​Болд), «Слухайце, на тым баку!» (1972, рэж. Б.​Ермалаеў, Сумху), «Праз Гобі і Хінган» (1982, рэж. В.​Ардынскі, Сумху). Здымаюцца дзіцячыя (рэж. Х.​Дамдзін, Нямдава і інш.) і дакумент. (рэж. А.​Уртнасан, Г.​Даждорж і інш.) фільмы. У 1970-я г. створаны Саюз работнікаў мастацтваў, які аб’ядноўвае і кінематаграфістаў.

Літ.:

История Монгольской Народной Республики. М., 1983;

Татаро-монголы в Азии и Европе: Сб. ст. 2 изд. М., 1977;

Трепавлов В.В. Государственный строй Монгольской империи XIII в.: Пробл. исп. преемственности. М., 1993;

Михайлов Г.И., Яцковская К.Н. Монгольская литература. М., 1969;

Тудэв Л. Национальное и интернациональное в монгольской литературе: Пер. с монг. М., 1982;

Майдар Д. Архитектура и градостроительство Монголии. М., 1972;

Майдар Д., Пюрвеев Д. От кочевой до мобильной архитектуры. М., 1980;

Цултэм Ням-Осорын. Искусство Монголии с древнейших времен до начала XX в. М., 1982;

Кондратьев С.А. Музыка монгольского эпоса и песен. М., 1970;

Смирнов Б.Ф. Монгольская народная музыка. М., 1971;

Черненко М.М. Кино Монголии. М., 1976.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура). Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​М.​Міхеева (тэатр).

Герб і сцяг Манголіі.
Да арт. Манголія. Краявід на поўначы краіны.
Да арт. Манголія. Горна-абагачальны камбінат «Эрдэнэт».
Да арт. Манголія. Мангольскія дываны.
Да арт. Манголія. Мангольскае войска. Мініяцюра са «Зборніка летапісаў» Рашыд-ад-дзіна. 1301—14.
Да арт. Манголія. Байцы Мангольскай народна-рэвалюцыйнай арміі вядуць бой з японскімі захопнікамі. Халхін-Гол. 1939.
Да арт. Манголія. Трыумфальныя вароты ў палацавым комплексе Ноган-Орга ва Улан-Батары. 19 ст.
Да арт. Манголія. Храм Мэгджыд-Джанрайсэг манастыра Гандан. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Юрта.
Да арт. Манголія. Будынак вакзала ў г. Сухэ-Батар.
Да арт. Манголія. Будынак выставачнай залы ва Улан-Батары.
Да арт. Манголія. Каменныя бабы. 6—8 ст.
Да арт. Манголія. Буда. Невядомы майстар. 19 ст.
Да арт. Манголія. Абраз «Буда Алмазнапрастольны (Ваджрасана)». Палатно, клеявыя фарбы. Канец 11—12 ст.
Да арт. Манголія. Галаўное ўпрыгожанне. 19 ст.
Да арт. Манголія. Майстар ургінскай школы. Шак’ямуні. 19 ст.
Да арт. Манголія. Маска для рэлігійнай цырымоніі цам. Бегдзе-Дармапала. 19 ст.
Да арт. Манголія. Б.​Шараў. Партрэт жонкі VIII богда-гэгэна. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Дзанабадзар. Сіяма-Тара (Зялёная тара; злева) і Сіта-Тара (Белая тара; справа).
Да арт. Манголія. Ансамбль мангольскіх народных інструментаў.
Да арт. Манголія. Сцэна з оперы «Сярод трох маркотных гор».

т. 10, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСК,

сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэсп. падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобл. і раёна. Паліт., эканам., навук. і культ. цэнтр Беларусі. Вузел чыгунак на Брэст, Маскву, Вільнюс, Гомель, аўтадарог на Оршу, Віцебск, Даўгінава, Лагойск, Маладзечна, Ашмяны, Брэст, Слуцк, Гомель, Магілёў і інш. 2 аэрапорты. 1729 тыс. ж. (1999). Тэр. 255,8 км². Падзяляецца на 9 адм. раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны. М. размешчаны на паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Клімат умерана кантынентальны са значным уплывам атл. марскога паветра (з частымі цыклонамі). Сярэднегадавая т-ра паветра 5,4 °C. Значныя ваганні сярэдняй т-ры па сезонах: ад -7,3 °C у 3-й дэкадзе студз. да 18 °C у 2—3-й дэкадах ліпеня. У сярэднім за год выпадае 646 мм ападкаў, з якіх прыкладна 73 прыпадае на халодны, ​2/3 на цёплы перыяд. 12% ападкаў цвёрдыя, 13% — мяшаныя, 75% — вадкія. Праз М. працякае р. Свіслач (прыток р. Бярэзіна), у горадзе прымае прыток — р. Няміга (цячэ ў калектары). Вадасховішчы: Дразды, Крыніца, Чыжоўскае, Камсамольскае возера і інш.; Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.

Гісторыя. На думку некат. даследчыкаў (А.​М.​Ясінскі, Г.​В.​Штыхаў і інш.), стараж. М. узнік за 16 км на З ад Мінскага замка, на беразе цяпер амаль высахлай р. Менка (адсюль назва горада), дзе захаваўся комплекс археал. помнікаў (каля Гарадзішча Мінскага р-на), а ў канцы 11 ст. перанесены на сучаснае месца.

Упершыню М. (летапісны Меньск, Менеск) упамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 у сувязі з падзеямі, што адбываліся ў Кіеўскай Русі. У 1065 полацкі князь Усяслаў Брачыславіч напаў на Пскоў, праз год захапіў Ноўгарад, вывез з Сафійскага сабора званы і інш. рэчы, а частку горада спаліў. У адказ кіеўскі вял. кн. Ізяслаў Яраславіч разам з братамі пераяслаўскім кн. Усеваладам і чарнігаўскім кн. Святаславам з’явіліся пад М, які знаходзіўся ў Полацкім княстве. Яго жыхары зачыніліся ва ўмацаванай частцы горада, але Яраславічы захапілі М. да прыходу войска Усяслава. Горад быў разрабаваны, насельніцтва ўзята ў палон, часткова знішчана. З прыходам войска Усяслава на берагах р. Няміга 3 сак. адбылася Нямігская бітва 1067. Войска Усяслава было разбіта, а сам князь вымушаны ўцячы. На М. неаднаразова рабілі паходы паўд.-рус. князі, у т. л. кіеўскі кн. Уладзімір Усеваладавіч Манамах, бо полацкія і інш. князі імкнуліся адасобіцца ад Кіева. У 2-й пал. 11 ст. М., знаходзячыся пад уладай Полацка, меў сваё веча і гар. апалчэнне. У канцы 11 — пач. 12 ст. М. стаў цэнтрам удзельнага Мінскага княства, дзе княжыў Глеб Усяславіч. У сярэдзіне і 2-й пал. 12 ст. мінскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за паліт. гегемонію ў Полацкай зямлі. Паліт. ўзвышэнне і зручнае геагр. становішча садзейнічалі эканам. росту М., ператварэнню яго ў 2-й пал. 11—13 ст. у рамесна-гандл. цэнтр. Абставіны і дакладны час уваходжання Мінскага княства ў ВКЛ не вызначаны. Гэты працэс, верагодна, адбываўся ў 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 М. у складзе Віленскага ваяв., праз 5 гадоў ён перайшоў да вял. кн. ВКЛ Вітаўта. Хроніка Быхаўца паведамляе, што ў час міжкняжацкіх усобіц горад у 1433 быў захоплены Свідрыгайлам. З сярэдзіны 15 ст. ў М. правілі намеснікі — прадстаўнікі вял. князя ВКЛ, горад стаў цэнтрам Мінскага павета. У каралеўскай грамаце 1444 М. названы ў ліку 15 найб. развітых гарадоў ВКЛ. Разам з гандлем аснову эканам. жыцця горада складала рамяство (у 15 ст. ў М. налічвалася каля 20 рамесных спецыяльнасцей). У час нападу на М. у 1505 войска крымскага хана Менглі-Гірэя горад спалены, але замак татары ўзяць не змаглі. Паводле даравальнай граматы вялікага кн. ВКЛ ад 14.3.1499 М. атрымаў самакіраванне па магдэбургскаму праву. Кіраўніцтва горадам перайшло да магістрата, у склад якога ўваходзілі 12 радцаў на чале з войтам і 2 бурмістрамі. У пач. 16 ст. ў горадзе склаліся 2 адм. цэнтры: частка жыхароў была падначалена велікакняжацкаму намесніку, які жыў у замку, другая, большая, падпарадкоўвалася ўладзе гар. магістрата. У гэты перыяд насельніцтва горада не перавышала 3—4 тыс. чал. У сярэдзіне 16 ст. ў М. было 35 вуліц і завулкаў, 300 двароў, каля 2 тыс. ж. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 М. стаў цэнтрам Мінскага ваяводства, у якое ўваходзіла 60 гарадоў і мястэчак. З 1580-х г. у М. праз кожныя 2 гады праводзіў свае пасяджэнні Трыбунал Вялікага княства Літоўскага. 12.1.1591 горад атрымаў герб: у блакітным полі жаночая постаць паміж двума анёламі і херувімамі. У 16—17 ст. М. стаў буйным цэнтрам рамяства і гандлю. Гар. рамеснікі былі аб’яднаны ў цэхі, першае ўпамінанне пра якія адносіцца да 1522. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 М. разбураны, частка жыхароў загінула, астатнія пакінулі горад; У Паўн. вайну 1700—21 у маі 1707 ён заняты арміяй Карла XII. У 1710—11 горад перажыў моцную эпідэмію чумы. Пасля такіх спусташэнняў М. адрадзіўся толькі да сярэдзіны 18 ст. У гэты час рамеснікі 50 спецыяльнасцей складалі больш за палавіну гар. насельніцтва. У 1790-я г. ў М. было 89 крам, традыцыйнымі ў горадзе сталі 2 штогадовыя кірмашы — летні і веснавы, якія працягваліся каля 2 тыдняў. У 1775 у М. больш за 400 двароў, у 1790 — больш за 40 вуліц і завулкаў, насельніцтва складала амаль 6 тыс. чал. У 1793 М. далучаны да Рас. імперыі і стаў цэнтрам Мінскага намесніцтва, з 1796 — цэнтрам Мінскай губерні. 29.12.1796 М. нададзены новы герб: на грудзях двухгаловага рас. арла шчыт з выявай — на блакітным полі прасвятая Дзева Марыя ў зіхаценні, абкружаная 6 анёламі. У 1797 у М. 5797 ж., у 1800—1009 дамоў, з іх 39 мураваных. З 1793 М. — цэнтр Мінскай праваслаўнай епархіі, з 1798 — Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У вайну 1812 М. 8 ліп. занялі франц. войскі маршала Л.​Н.​Даву, 27 ліп. тут створана адміністрацыя Мінскага дэпартамента, які падпарадкоўваўся арганізаванаму франц. камандаваннем Часоваму ўраду Вялікага княства Літоўскага. 16.11.1812 М. узяты рус. атрадам 3-й арміі П.​В.​Чычагова. У выніку вайны гораду нанесены вял. страты: яго насельніцтва скарацілася з 11 200 чал. у 1811 да 3480 у канцы 1812. Да сярэдзіны 19 ст. разбураная вайной гаспадарка горада адноўлена. У 1860 у М. было 26 760 ж. Жыхары горада актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64 (гл. Мінская паўстанцкая арганізацыя 1863, Мінскія паўстанцкія атрады 1863). У 1873 у горадзе пачаў дзейнічаць Мінскі камерцыйны банк. Да канца 19 ст. свае аддзяленні тут адкрылі Дзярж., Азоўска-Данскі, Пецярбургска-Азоўскі, Віленскі банкі. У 1897 у М. 90,9 тыс. ж., 140 вуліц і завулкаў, 7476 будынкаў, з іх 2110 мураваны; дзейнічалі 18 культавых устаноў (цэрквы, касцёлы, сінагогі, мячэць). У 1870—80-я г. ў горадзе дзейнічалі мінскія народніцкія гурткі, арг-цыі «Чорнага перадзелу», «Народнай волі». У сярэдзіне 1880-х г. у М. створаны першыя марксісцкія гурткі. Узніклі Мінская рабочая арганізацыя 1894—97 і с.-д. арг-цыя, адбыліся першыя забастоўкі рабочых чыг. майстэрняў (1895). У 1898 у М. адбыўся Першы з’езд РСДРП, у пач. 1900 на аб’яднаўчым з’ездзе створана Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы. Рабочыя і рамеснікі горада актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07 (гл. таксама Курлоўскі расстрэл 1905). З 1911 пачала працаваць Мінская балотная доследная станцыя. У 1913 у М. 106,7 тыс. ж., 305 вуліц і завулкаў; з 10 300 будынкаў 15% былі мураваныя. У горадзе працавалі 104 ф-кі, з-ды і мануфактуры, на якіх было занята 5,1 тыс. рабочых; у дробнай вытв-сці было занята 7,2 тыс. рамеснікаў. У 1-ю сусв. вайну з кастр. 1915 М. — прыфрантавы горад, у ім размяшчаліся штаб Зах. фронту, інш. франтавыя арг-цыі і ўстановы, шпіталі. Насельніцтва горада за кошт вайскоўцаў і бежанцаў вырасла да 250 тыс. чал. Дзейнічалі Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Мінская абшчына сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 тут створаны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Гар. міліцыю з 4 сак. 1917 узначаліў М.​В.​Фрунзе. М. стаў цэнтрам Заходняй вобласцічэрв. 1917). Рэвалюцыя садзейнічала ажыўленню бел. нац. руху, дзейнасці розных партый. У крас.ліп. 1917 у М. адбыліся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, Першы з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту, з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый і партый. У ліст. 1917 у М. ўтвораны каардынацыйны цэнтр бел. нац.-вызв. руху — Вялікая беларуская рада. Пасля Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе ўся ўлада ў М. перайшла 8 ліст. ў рукі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У канцы снежня ў горадзе праходзіў Усебеларускі з’езд 1917, распушчаны СНК Зах. вобласці і фронту. У сак. 1918 у М. абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. З 21.2 да 10.12.1918 горад акупіраваны герм., з 8.8.1919 да 11.7.1920 — польск. войскамі. У канцы 1918 у М. створаны надзвычайныя органы — Мінскі ваенны савет і Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт, якія займаліся ўстанаўленнем сав. улады на Міншчыне. З утварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР, 1.1.1919) М. — яе сталіца, у пач. студз. 1919 сюды прыехаў са Смаленска Часовы рабоча-сял. сав. ўрад Беларусі. 2—3.2.1919 у М. адбыўся Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў першую Канстытуцыю БССР. З 17.7.1924 М. — цэнтр Мінскай акругі, з 29.6.1934 — Мінскага прыгараднага р-на, з 15.1.1938 — Мінскага раёна, з 20.2.1938 — Мінскай вобласці. З 17.9.1938 М. — горад абл. падпарадкавання. У 1929 пушчаны трамвай (у 1940 даўж. ліній 36,7 км), наладжаны рэгулярны аўтобусны рух. Да 1940 у М. 332 дзярж. і каап. прадпрыемствы (23,8 тыс. рабочых), прамысл. прадукцыя ў параўнанні з 1913 вырасла ў 40 разоў. На 17.1.1939 у М. 238,8 тыс. ж., на 17.1.1941—270,4 тыс. ж. У першыя дні Вял. Айч. вайны ў выніку масіраваных налётаў ням. авіяцыі ў М. знішчана больш за 20% гар. забудовы, загінулі тысячы жыхароў. У сувязі з буйнымі пралікамі ў кіраўніцтве войскамі Зах. фронту (гл. Мінска абарона 1941) М. 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Ён стаў цэнтрам Генеральнага камісарыята Беларусь. Гітлераўцы ўстанавілі ў горадзе жорсткі акупац. рэжым, стварылі ў М. і наваколлі 9 лагераў смерці з аддзяленнямі і філіяламі, у т. л. Масюкоўшчынскі лагер смерці, Трасцянецкі лагер смерці, а таксама яўр. гета, у якім знаходзілася больш за 100 тыс. чал. Захопнікі знішчылі ў М. і яго ваколіцах больш за 400 тыс. чал., з іх больш за 70 тыс. мінчан, горад ператварылі ў руіны. На момант вызвалення ў М. было 80—90 тыс. чал. 3 першых дзён акупацыі жыхары М. разгарнулі барацьбу з ворагам. Дзейнічалі Мінскае патрыятычнае падполле, Мінскія падп. гаркомы КП(б)Б і ЛКСМБ, гар. падп. райкомы КЛ(б)Б (Варашылаўскі, Чыгуначны, Сталінскі, Кастрычніцкі, Тэльманаўскі) і ЛКСМБ (Варашылаўскі, Кастрычніцкі, Сталінскі) і інш. Горад вызвалены 3.7.1944 у выніку Мінскай аперацыі 1944. У Мінскім «катле» знішчана больш за 70 тыс. і ўзята ў палон каля 35 тыс. салдат і афіцэраў ворага. 53 вайсковым фарміраванням, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх». З 14.5.1946 М. — горад рэсп. падпарадкавання. Да сярэдзіны 1950-х г. у асн. пераадолены наступствы вайны. На 1.8.1950 у М. 273,6 тыс. ж., у 1959—509,5, у 1970—916,6, у 1980—1308,6 тыс. ж.; у 1950—70-я г. М. быў 5-м (пасля Масквы, Ленінграда, Кіева і Ташкента) горадам СССР па абсалютным прыросце насельніцтва. У 1953 пушчаны тралейбус. За 1951—58 пабудавана 1248,6 тыс. м² жылой плошчы, за 19 59—65—2400 тыс. м². У 1962 уведзены ў дзеянне першы ў рэспубліцы атамны рэактар, у 1963 пушчана першая электрычка (да ст. Аляхновічы). З 1968 пачала дзейнічаць Выстаўка дасягненняў нар. гаспадаркі БССР (гл. Рэспубліканскі выставачны цэнтр). У студз. 1972 М. стаў 11-м горадам СССР з насельніцтвам больш за 1 млн. чал. Пачалося буд-ва Мінскага метрапалітэна (1977). 26.6.1974 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР М. нададзена ганаровае званне «Горад-герой». У 1989 у М. 1607 тыс. ж. У выніку крызісных з’яў у эканам. і грамадска-паліт. жыцці, распаду СССР запаволіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі, знізіўся ўзровень жыцця гараджан, што вылілася ў Красавіцкія выступленні працоўных 1991. У М. пачалі ўзнікаць т.зв. нефармальныя аб’яднанні, якія выступалі супраць афіц. сав. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі, адбываліся мітынгі і дэманстрацыі, скіраваныя супраць палітыкі афіц. улад, пачалі выходзіць першыя бел. бесцэнзурныя выданні. У 1991 М. стаў сталіцай суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. З 1993 у М. размяшчаецца Выканаўчы сакратарыят СНД, з 1994 — рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1993 у М. адбыўся Першы з’езд беларусаў свету (2-і — у 1997), у 1994—1-я сустрэча бел. моладзі свету. На 1.1.2000 у М. дзейнічаюць кіруючыя органы і прадстаўніцтвы больш як 200 грамадскіх аб’яднанняў і паліт. партый розных кірункаў, 29 канфесій, 117 рэліг. абшчын і інш.

Гаспадарка. Здаўна М. быў важным эканам. цэнтрам Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. моцны штуршок развіццю горада дала пабудова Маскоўска-Брэсцкай (1869—78) і Лібава-Роменскай (1871—74) чыгунак, якія перакрыжаваліся ў М. і звязалі яго з цэнтрам Расіі, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. Яны ў многім прадвызначылі з’яўленне шматлікіх вытв-сцей па перапрацоўцы мясц. сыравіны. Рост попыту на с.-г. прылады, абсталяванне для лесапільных, гарбарных, шкляных, цагельных з-даў абумовіў узнікненне ў М. прадпрыемстваў па іх вытв-сці. Узведзены ў 1883 машынабудаўнічы завод (цяпер Мінскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава), у 1884 гарбарная ф-ка, у 1891 спіртзавод (цяпер дрожджавы камбінат), у 1893 дрожджавінакурны з-д, у 1908 металаапрацоўчы з-д «Гігант» (цяпер Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі) і інш. Пабудаваны вакзалы і дэпо Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай чыгунак, чыг. майстэрні (1871, гл. Мінскі вагонарамонтны завод), помпавая станцыя (1873), водаправод (1874), з’явіліся тэлефон (1890), конка (1892), электрастанцыя (1894). У 1895 у М. было 36 прадпрыемстваў, працавала 1,4 тыс. рабочых. У дробнай вытв-сці пераважалі рамеснікі (у 1895—5 тыс. чал.), якія выраблялі пераважна прадукты харчавання, адзенне, абутак. У 1890 працавалі 583 гандл. ўстановы з тавараабаротам 3,6 млн. руб. У 1913 у М. дзейнічалі 104 ф-кі, з-ды і мануфактуры, на якіх было занята 5,1 тыс. рабочых, у дробнай вытв-сці — 7,2 тыс. рамеснікаў; працавалі 1333 гандл. прадпрыемствы. М. значна пацярпеў у час 1-й сусв. і грамадз. войнаў. Узровень 1913 у галіне прам-сці дасягнуты ў 1925—26. У 1920-я г. пачалі выпускаць прадукцыю з-ды станкабуд. «Энергія», маш.-буд. «Метал», чыгуналіцейны, у 1930-я г. — ф-кі швейная «Кастрычнік» і кандытарская «Камунарка», з-ды электраматорны, азбестабетонны і клінкерны; электрастанцыя магутнасцю 6,4 тыс. кВт і інш. У Вял. Айч. вайну эканоміка горада была разбурана, ням.-фаш. захопнікі знішчылі 313 прадпрыемстваў. У 1945 у М. выраблялася 24,4% даваен. аб’ёму прамысл. прадукцыі. У 1946—50 уведзены ў дзеянне шэраг новых прадпрыемстваў, у т. л. Мінскія трактарны, аўтамаб., мотавеласіпедны і гіпсавы з-ды, тонкасуконны камбінат. У 1950 у М. дзейнічала 500 прадпрыемстваў; аб’ём валавой прамысл. прадукцыі на 95% перавысіў даваен. ўзровень. У 1950—70-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды падшыпнікавы (1951), гадзіннікавы (1955), халадзільнікаў (1959), маторны, радыёзавод, запасных трактарных дэталей, аўтам. ліній, электрамех., выліч. машын, камбінаты камвольны (1955), паліграфічны (1956). Крызісныя з’явы ў эканам. жыцці 1990-х г., дапоўненыя наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, моцна адбіліся і на М. Знізіўся выпуск прамысл. прадукцыі, парушыліся сувязі з многімі прадпрыемствамі па-за межамі Беларусі. Але М. застаецца найбуйнейшым прамысл. цэнтрам рэспублікі. На пач. 1999 у ім дзейнічала больш за 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. У М. сканцэнтраваны ўвесь рэсп. выпуск трактароў, матацыклаў, веласіпедаў, халадзільнікаў, радыёпрыёмнікаў, наручных гадзіннікаў, значная частка выпуску грузавых аўтамабіляў, станкоў і аўтам. ліній, ЭВМ, прылад і інш. відаў прамысл. прадукцыі. Развіта таксама вытв-сць шарсцяных тканін, абутку, швейных вырабаў, харч. тавараў. У галіновай структуры прамысл. прадукцыі (1997) машынабудаванне і металаапрацоўка складаюць 54,5%, электраэнергетыка — 14,7%, харч. прам-сць — 10,7%, лёгкая прам-сць — 6,6%, прам-сць буд. матэрыялаў — 4,5%, хім. і дрэваапр. — па 2,6%. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі, вытв. аб’яднанне «Гарызонт», Мінскі авіярамонтны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі доследны завод «Эталон», Мінскі завод аўтаматычных ліній, Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі трактарны завод, Мінскі завод «Ударнік», Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі завод шасцерняў, Мінскі інструментальны завод, Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод, Мінскі маторны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, станкабудаўнічыя заводы і інш. Электрычную і цеплавую энергію М. пастаўляюць Мінскія ЦЭЦ. Электраэнергія дадаткова паступае ад інш. электрастанцый рэспублікі па Беларускай энергетычнай сістэме. Гал. прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці: камбінат хлебапрадуктаў, хлебазаводы, Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Мінскі гарадскі малочны завод № 2, Мінскі завод безалкагольных напіткаў, піўзаводы і інш., Мінскі завод шампанскіх він, Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», Мінскі мясакамбінат, Мінскі мясаперапрацоўчы завод. Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Мілавіца», Мінскай скургалантарэйнай фабрыкай, Мінскай трыкатажнай фабрыкай, Мінскай фабрыкай мастацкіх вырабаў «Мастра», Мінскім абутковым аб’яднаннем «Прамень», Мінскім вытворчым гарбарным аб’яднаннем, Мінскім камвольным камбінатам, Мінскім тонкасуконным камбінатам і інш. У М. працуюць прадпрыемствы буд., паліграф., хім., фармацэўтычнай, мэблевай і інш. галін прам-сці.

Архітэктура і горадабудаўніцтва. Стараж. цэнтр М. — дзядзінец узнік на правым беразе р. Свіслач, пры ўпадзенні ў яе р. Няміга (раён сучаснай пл. 8 Сакавіка і Машэрава праспекта), дзе ў 2-й пал. 11 ст. пабудаваны Мінскі замак. На яго тэр. ў пач. 12 ст. (паводле інш. звестак, у канцы 11 ст.) пачалі будаваць Мінскую замкавую царкву. У 12—13 ст. на Пд, ПдЗ, ПдУ ад замка сфарміраваўся рамесны пасад з гандл. плошчай Нізкі, або Стары Рынак, вуліцы якога, вымашчаныя драўляным насцілам, шчыльна забудоўваліся зрубнымі дамамі (з 16 ст. Ніжні горад). Да плошчы сыходзіліся асн. знешнія гандл. шляхі; з 3 падыходзіў гасцінец з Ракава і Койданава, з Пд — з Лошыцы, на У цераз мост на р. Свіслач сыходзіліся дарогі з Вільні, Полацка, Лагойска, Барысава, Смаленска. Гал. вуліца Ніжняга горада — Нямігская, або Няміга (самая стараж. вуліца М., 12 ст.) — ішла ўздоўж р. Няміга, з ПнЗ падыходзіла да Нізкага рынку і далей да моста цераз Свіслач. У гэты час узніклі пасады на левым беразе Свіслачы каля Траецкай гары і на ПнЗ ад замчышча Пятніцкі канец (сучасны раён на З ад праспекта Машэрава, некалі тут была Пятніцкая царква; з 16 ст. наз. Татарская слабада, бо была заселена крымскімі татарамі, узятымі ў палон у 1506 пад Клецкам). У 16 ст. ў асноўным сфарміравалася забудова Мінскага Траецкага прадмесця і Ракаўскага прадмесця, узнік новы, Верхні горад з гандл. цэнтрам — Высокі рынак (сучасная пл. Свабоды) з 2-павярховай драўлянай ратушай, культавымі і жылымі будынкамі. У Верхнім горадзе асн. вуліцы сыходзіліся на Высокім рынку (гл. ў арт. Мінскі Верхні горад). Пажары 1547, 1552, 1569 знішчылі амаль усе драўляныя гар. будынкі, на іх месцы ўзніклі мураваныя пабудовы. Замак канчаткова страціў сваё значэнне як адм. і планіровачны цэнтр М. Новым цэнтрам сталі плошчы Нізкага і Высокага рынкаў. На Высокім рынку фарміраваўся рэнесансна-барочны ансамбль найб. значных культавых будынкаў: Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльянак, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак. Канчаткова ён сфарміраваўся да сярэдзіны 18 ст. пасля ўзвядзення на зах. баку плошчы будынкаў Мінскага езуіцкага калегіума. У 2-й пал. 17 ст. на Зборавай вул. (сучасная Інтэрнацыянальная) на месцы драўлянага кляштара 1633 пабудаваны мураваны Мінскі кляштар бенедыкцінак, на рагу вуліцы Францысканскай (сучасная Леніна) — будынкі Мінскага кляштара францысканцаў. У раёне вул. Ракаўскай у пач. 17 ст. правасл. брацтвам засн. Мінская Петрапаўлаўская царква. У 1630 на Траецкай гары пры драўлянай Троіцкай царкве (вядома з 15 ст.) узведзены драўляны Троіцкі манастыр базыльянак. У 18 ст. тут пабудаваны кляштары з касцёламі бенедыкцінцаў (1700), баніфратараў, Мінскі касцёл і кляштар кармелітаў (абодва 1703), марыявітак (1771, усе не захаваліся). У 1799—1800 на месцы драўлянага Троіцкага манастыра базыльянак пабудаваны мураваны (гл. Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). У 1-й пал. 17 ст. на месцы драўлянай узведзена мураваная Мінская ратуша. У 18 ст. ў раёне Высокага рынку і навакольных вуліц узніклі мураваныя будынкі ў стылі класіцызму, у т. л. будынак Мінскага гасцінага двара. У 1797—1800 складзены 1-ы план горада (губ. арх. Ф.​Крамер). У 1800, 1809, 1817, 1858 ‘распрацаваны рэгулярныя планы забудовы горада, паводле якіх вяліся забудова і ўпарадкаванне тэр. М. Узнікла новая вуліца — Захар’еўская (назва ад імя першага цывільнага губернатара Захарыя Карнеева; сучасны Скарыны праспект). Пасля пажару 1835 цэнтр горада забудоўваўся мураванымі 2- і 3-павярховымі дамамі. Да сярэдзіны 19 ст. тэр. М. вырасла больш як у 2 разы ў параўнанні з 18 ст., чвэрць будынкаў былі мураваныя, забрукаваны 22 вуліцы. Забудова развівалася ў паўн.-ўсх. напрамку ўздоўж асн. трансп. магістралей: Віленскага, Лагойскага і Барысаўскага трактаў. На ўскраінах горада (Камароўка, Ляхаўка, Кальварыя, Старажоўка, Серабранка) захоўвалася драўляная жылая забудова і нерэгулярная планіроўка. У 19 ст. ансамбль Саборнай пл. (да 1860 Высокага рынку) фарміравалі дом губернатара, кафедральны касцёл, будынак дзярж. устаноў, дваранская школа, Мінскага тэатра будынак, Петрапаўлаўскі кафедральны сабор (да 1795 Святадухаўская царква базыльянскага манастыра, перабудавана ў псеўдарус. стылі). У Ніжнім горадзе засталася радыяльна-веерная планіровачная структура, што склалася гістарычна. Зарэчная ч. (б. Траецкае прадмесце) значна пашырылася ў паўн. напрамку. На прамавугольнай у плане Троіцкай пл. пастаўлены мураваныя будынкі духоўнай семінарыі (перабудаваны ў 1950—53 пад Сувораўскае ваен. вучылішча, вул. М.​Багдановіча), жаночага епархіяльнага вучылішча. У 19 ст. вялася забудова Мінскага Новага месца (цяпер раён Кастрычніцкай пл.). У вёсках, што прылягалі да М., ствараліся сядзібна-паркавыя комплексы, у т. л. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, у прыгарадзе М. Вял. Сляпянка — сядзіба Ваньковічаў (гл. ў арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў). У 2-й пал. 19 ст. на арх.-планіровачную структуру горада ўплывалі пракладка чыгункі і ўзнікненне новых прамысл. прадпрыемстваў. У паўд.-зах. ч. горада пракладзены 2 чыг. лініі з вакзаламі: Маскоўска-Брэсцкая (1871) з Брэсцкім вакзалам (цяпер Мінск-Таварны) і Лібава-Роменская (1873) з Віленскім вакзалам [цяпер пасаж. станцыя Мінск, напачатку драўляная, з 1890 мураваная, разбурана ў Вял. Айч. вайну, адноўлена ў 1946, вядзецца (2000) рэканструкцыя]. Вакол Віленскага вакзала склалася новая сетка вуліц, якія падыходзілі да Прывакзальнай плошчы. За чыг. лініяй на З і Пд узніклі новыя жылыя раёны (Залінейны, Грушаўскі, Ляхаўскі). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. тэмпамі развівалася прамысл. буд-ва. Асн. прадпрыемствы размяшчаліся ў раёне Ляхаўкі, каля лініі чыгункі і р. Свіслач (цяпер вул. Кастрычніцкая). У архітэктуры М. 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. панавалі неаготыка, рэтраспектыўны стыль, неабарока, неакласіцызм і інш. Да помнікаў неаготыкі належаць Мінскі касцёл Сымона і Алены, Мінскі кальварыйскі касцёл і брама, Мінскі Пішчалаўскі замак, Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл. З рысамі неакласіцызму ўзведзены будынак аддзялення Дзярж. банка Расіі (цяпер у ім Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі), з рысамі эклектыкі — Мінскай жаночай гімназіі будынак, Мінская царква Аляксандра Неўскага, у стылі мадэрн — гасцініца «Еўропа» (1906—09, не захавалася), будынак царк.-археал. музея (цяпер Дом работнікаў мастацтваў), дом Кастравіцкай (на 1-м паверсе Упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі; 1910, арх.

О.​Краснапольскі). У 1920—30-я г. адначасова з прамысл. прадпрыемствамі будавалі жылыя пасёлкі: Беларуская слабада (раён Ляхаўкі), Камінтэрн, Грушаўскі, кварталы па вул. Брылёўскай. У 1926—27 складзена схема планіроўкі М. (арх. У.​Сямёнаў, Н.​Палякоў). Значна змянілі аблічча горада шматпавярховыя жылыя дамы па вуліцах Валадарскага і Кірава (інж. Г.​Кавокін), К.​Маркса (арх. С.​Гейдукевіч), Маскоўскай (арх. А.​П.​Воінаў, К.​Гіляраў, А.​Крылоў). Сярод буйных грамадскіх збудаванняў у стылі канструктывізму: Дзяржбанк па вул. Савецкай (арх. Г.​Гольц, М.​Паруснікаў), клуб харчавікоў (абодва 1927—29, не захаваліся), Дом друку (1935), Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак. Пачалі будаваць арх. комплексы — універсітэцкі гарадок (арх. І.​Запарожац, Г.​Лаўроў), клінічны гарадок (абодва 1928—31 арх. Лаўроў; сучасная 1-я гар. бальніца). У 1931 у раёне парку Чэлюскінцаў пабудаваны комплекс 1-й Усебел. с.-г. і прамысл. выстаўкі (арх. І.​Валадзько, Воінаў, М.​Гіляраў, Крылоў, А.​Дзянісаў, Лаўроў і інш.). На аснове генплана рэканструкцыі і развіцця М. 1932—36 (зацверджаны ў 1938, карэкціроўка ў 1939—41, ін-т «Белдзяржпраект») ствараліся праекты асобных горадабудаўнічых вузлоў: плошчаў Леніна (цяпер Незалежнасці плошча), Свабоды, Круглай (цяпер Перамогі плошча з Манументам Перамогі), Парыжскай камуны, Прывакзальнай і інш. У 1939 пачалі ўзводзіць Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі будынкі. Да 1941 у М. пабудаваны: Дом урада Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка нацыянальная Беларусі, будынкі Бел. політэхн. ін-та (цяпер Беларуская політэхнічная акадэмія; абодва 1932, арх. Лаўроў), Дзярж. т-ра оперы і балета (1934—38, арх. І.​Лангбард), Дома афіцэраў, Мінскі жылы дом спецыялістаў, фабрыка-кухня (1936), гасцініца «Беларусь» (1938, з 1987 «Свіслач»), гал. корпус Бел. ін-та фіз. культуры (цяпер Акадэмія фіз. выхавання і спорту; 1939, арх. Воінаў, А.​Брэгман), створана Камсамольскае возера. У канцы 1930-х г. горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку ўздоўж Лагойскага (цяпер вул. Я.​Коласа) і Барысаўскага (цяпер праспект Скарыны) трактаў. У Вял. Айч. вайну цэнтр амаль цалкам зруйнаваны. У 1944 распрацаваны «Эскіз-ідэя планіроўкі Мінска» (арх. А.​Шчусеў, Сямёнаў, А.​Мардвінаў, М.​Колі, Б.​Рубаненка, Лангбард, Н.​Трахтэнберг), які стаў асновай генплана аднаўлення і развіцця М. (1946, ін-т «Мінскпраект» «Белдзяржпраект», арх. М.​Андросаў, Трахтэнберг, інж. К.​Іванаў, Р.​Абразцова, В.​Талмачоў, пры кансультацыі Сямёнава, Палякова). У 1951—52 і 1958 план скарэкціраваны і ўдасканалены. У пасляваен. буд-ве пашыраны стварэнне арх. ансамбляў, цэласная забудова вуліц, плошчаў, кварталаў. Створаны адзін з лепшых ансамбляў праспекта Скарыны з плошчамі Незалежнасці, Кастрычніцкай, Перамогі, Я.​Коласа і зялёнымі масівамі ўздоўж р. Свіслач. Найб. значныя збудаванні: Мінскі галоўны паштамт, Мінскі гарадскі універмаг, Палац культуры Белсаўпрофа (цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), Мінскі цырк, стадыён «Дынама», адм. будынак на рагу Вул. Камсамольскай 1 праспекта Скарыны. Выкарыстанне індустр. метадаў буд-ва дало магчымасць забудоўваць жылыя комплексы вял. масівамі — мікрараёнамі. У 1965 зацверджаны 2-і пасляваен. генплан М. (арх. Л.​Гафо, Я.​Заслаўскі, А.​Наканечны, І.​Люблінскі, М.​Кудзінаў, Трахтэнберг), у ім вызначаны і ўдакладнены зоны жыллёвага і прамысл. буд-ва. Пачалася забудова буйных масіваў — жылых раёнаў Усход, Зялёны Луг, Серабранка, Чыжоўка). Створаны серыі тыпавых праектаў і буд-ва паводле іх аб’ектаў сац.-быт. і культ. прызначэння. Асн. тып забудовы — 5-павярховы жылы дом, з 1966 распрацоўваліся серыйныя праекты 9-павярховых дамоў. Паводле індывід. праектаў пабудаваны кінатэатры «Піянер» (1965, арх. Г.​Заборскі), «Партызан» (1967, арх. Ю.​Шпіт) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1965 (1971—73, арх. Я.​Дзятлаў, Заслаўскі, Трахтэнберг, Ю.​Патапаў, Гафо, Г.​Фадзеева, Л.​Есьман, Э.​Афанасьева, В.​Шыльнікоўская, Р.​Заікін, інж. Л.​Кантаровіч, А.​Стазаева, Ю.​Айзенштат, Дз.​Краўцоў, В.​Вараксін) распрацаваны перспектывы развіцця М. і прыгараднай зоны да 2000 года. Паралельна з карэктурай генплана распрацаваны і зацверджаны праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (1969—74, арх. Дзятлаў, Ю.​Градаў, Л.​Левін, Г.​Горына, В.​Сярогіна, І.​Кароль, Брэгман, Н.​Ляцко, Афанасьева, інж. Краўцоў, З.​Толсцікава), эскіз забудовы водна-зялёнага дыяметра. У 1970-я г. ішло актыўнае буд-ва на найб. перспектыўных напрамках развіцця горада: паўд. (уздоўж Слуцкай шашы), паўн.-зах. (уздоўж праспекта Газеты «Правда»), зах. (уздоўж вул. Прытыцкага). З 1972 будуюцца мікрараёны Сярова 1 (арх. У.​Крывашэеў, У.​Данілаў, К.​Сакалова, А.​Сабалеўскі), Сярова 2 (арх. Горына, Афанасьева, І.​Жураўлёў, А.​Навумаў, Сярова 3 (арх. Крывашэеў, В.​Нефдах), якія вылучаюцца выкарыстаннем маляўнічага рэльефу і арыгінальнай колеравай гамай. З 1976 забудоўваюцца жылыя раёны Масюкоўшчына (арх. Б.​Ларчанка, В.​Латышаў і інш.), Паўднёвы Захад. Ствараюцца ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў на асн. радыяльных напрамках: вуліцах Няміга, М.​Багдановіча, Я.​Коласа, Прытыцкага, праспектах Машэрава і Партызанскім. У 1960—70-я г. ўзведзены Мінскі палац спорту, Палац культуры і спорту чыгуначнікаў (арх. Л.​Анікіна), кінатэатр «Кастрычнік» (арх. В.​Малышаў), гал. корпус БДУ (арх. М.​Бакланаў, А.​Духан), Дом літаратара, Водна-спартыўны камбінат. Ін-т тэхн. кібернетыкі Нац. АН (арх. Ю.​Грыгор’еў, А.​Беразоўскі), гал. корпус Беларускага эканамічнага універсітэта, будынак ін-та «Мінскпраект» (арх. П.​Кракалёў, Л.​Пагарэлаў), Палац мастацтваў (цяпер рэсп. Мастацкая галерэя), гасцініца «Турыст» (арх. Пагарэлаў). Арх. аблічча М. ўзбагацілі прамысл. аб’екты, у т. л. з-ды: гадзіннікавы «Прамень», халадзільнікаў. Арыгінальна вырашаны адм.-грамадскія будынкі, узведзеныя ў 1970—80-я г. на праспекце Машэрава, карпусы мед. ін-та на праспекце Газеты «Правда» (арх. Ю.​Бічан, Э.​Гальдштэйн), гал. корпус арх. і буд. факультэтаў БПА (арх. І.​Есьман, В.​Анікін), крыты рынак «Камароўскі» (арх. В.​Аладаў, А.​Жалдакоў, Крывашэеў, М.​Ткачук), Мінскі аўтавакзал «Усходні», канцэртная зала «Мінск» (да 1991 Дом паліт. асветы; 1987, арх. Пагарэлаў, Ю.​Кустоў, Л.​Кустова, А.​Чадовіч), кінатэатр «Масква», т-р музкамедыі (арх. А.​Ткачук, У.​Тарноўскі), гасцініцы «Кастрычніцкая», «Планета». У 1984 здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі Мінскага метрапалітэна. Выразным сілуэтам вызначаецца арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой». Водна-зялёны дыяметр дапаўняюць дэкар. вадаёмы, каналы, набярэжныя, каскады Сляпянскай воднай сістэмы (гл. Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо). У 1980 пачаліся рэстаўрацыйныя работы ў квартале б. Траецкага прадмесця. У 1982 у ін-це «Мінскпраект» (арх. Ю.​Пурэцкі, І.​Кароль, Ю.​Грыгор’еў, Я.​Ліневіч, Дзятлаў, Г.​Белікаў, Гафо, Л.​Есьман і інш.) завершаны новы генплан М., які прадугледжваў развіццё горада да 2000 года. У ім закладзены прынцыпы арх.-планіровачнай арганізацыі тэр. горада (планіровачныя зоны — планіровачныя раёны — жылыя і прамысл. раёны), якія вызначылі ступеньчатую сістэму арганізацыі культ.-быт. абслугоўвання насельніцтва; прадугледжана стварэнне цэласнай і непарыўнай сістэмы азелянення горада і прыгарадаў, дзе аснову планіровачна-ландшафтнай структуры ўтвараюць водна-зялёны дыяметр, 7 зялёных кліноў і 2 водна-зялёныя паўколы на аснове Сляпянскай і Лошыцкай водных сістэм; планавалася буд-ва новых і рэканструкцыя існуючых магістралей. Радыяльна-кальцавая сістэма вулічна-дарожнай сеткі па-за межамі 2-га кальца пераўтвараецца ў лінейна-прамавугольную і дапаўняецца хордавымі напрамкамі магістралей бесперапыннага руху і скарасных дарог для выключэння з цэнтр. ч. горада транзітнага руху. Паралельна з генпланам 1982 у ін-це «Мінскпраект» распрацаваны новы варыянт праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра М. (1978—84; арх. Белікаў, Грыгор’еў, Ліневіч, М.​Гардзеенка, Дзятлаў, Пурэцкі, У.​Часноў, І.​Кароль, Ш.​Хасьянаў, Л.​Есьман, В.​Гутман, У.​Куртанідзе, А.​Кочашава, І.​Пілатовіч, інж. М.​Сакалоўскі, Стазаева), які прадугледжваў буд-ва шэрагу буйных жылых і грамадскіх будынкаў, у т. л. 16-павярховых жылых дамоў па вул. В.​Харужай (1983, арх. У.​Пушкін), Палаца моладзі і школьнікаў на Камсамольскім воз. (1986, арх. В.​Бялянкін, Т.​Розава, Л.​Селівончык, І.​Новік, В.​Чарназёмаў), гасцініцы «Беларусь», павільёна міжнар. выставак (цяпер Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа»). Найб. значныя паводле аб’ёму жыллёвага буд-ва жылыя раёны Малінаўка, Сухарава, Кунцаўшчына, Захад 2. З сярэдзіны 1980-х г. забудоўваюцца жылыя раёны Вяснянка, Уручча, Чырвоны Бор. Новыя тыпы грамадскіх будынкаў (банкі, офісы і інш.), жылля (катэджы, шматпавярховыя і малапавярховыя цагляныя дамы), культавых збудаванняў (цэрквы, малельныя дамы) распрацоўваюцца персанальнымі творчымі майстэрнямі (з 1989). У 1997 для вырашэння пытанняў горадабуд. палітыкі створаны галаўны ін-т «Мінскграда». Пабудовы паводле індывід. праектаў з’яўляюцца пераважна ў кварталах, якія рэканструююцца ці на свабодных тэрыторыях забудаваных раёнаў (буд-ва катэджаў у раёнах Сляпянкі, Цны, Малінаўкі і інш.). Завяршаецца буд-ва Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай пл. (2000). У 1990-я г. ўзведзены: Міжнар. адукацыйны цэнтр па праспекце Газеты «Правда» (арх. А.​Вараб’ёў, ням. арх. Дз.​Піршке), адм. будынак з комплексам культ.-быт. абслугоўвання (рэстаран, сауна, тэнісныя корты і інш.) бел.-аўстр. кампаніі «Лукойл—Беларусь» па вул. Няміга, Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі», Мінскі лядовы палац спорту, жыллёвы комплекс для бел. спартсменаў па вул. Радужнай у раёне Вяснянкі і інш. Паводле «Плана размяшчэння правасл. храмаў на тэр. Мінска» (творчая майстэрня Пурэцкага, арх. Л.​Есьман, З.​Забароўская) будуюцца храмавы комплекс памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы па вул. Прытыцкага, храм-помнік у гонар Усіх Святых і памяці бязвінна забітых у мікрараёне Усход па вул. Каліноўскага, царква пры Доме міласэрнасці па Старабарысаўскім тракце (абодва арх. Пагарэлаў), мемар. храм-помнік у на Востраве мужнасці і смутку ў Траецкім прадмесці «Сынам Айчыны, -што загінулі за яе межамі» (1996, аўтары М.​Каралёў, Т.​Каралёва-Паўлава, В.​Лапцэвіч, Г.​Паўлава, А.​Паўлаў, Д.​Хамякоў) і інш. У ін-це «Мінскграда» распрацаваны План функцыян. выкарыстання тэр. М. з рэжымамі развіцця і забудовы (1996, кіраўнік А.​Калантай).

Помнікі: Я.​Купалу ў парку яго імя (1972, скульпт. А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), Я.​Коласу на пл. яго імя (1972, скульпт. З-Азгур, арх. Г.​Заборскі, Градаў, Левін), М.​Багдановічу ў скверы на пл. Парыжскай Камуны перад т-рам оперы і балета (1981, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў, Л.​Маскалевіч), М.​Горкаму ў парку яго імя (1981, скульпт. Заспіцкі, І.​Міско, М.​Рыжанкоў, арх. А.​Трафімчук), Я.​Драздовічу ў Траецкім прадмесці (1993, скульпт. І.​Голубеў), Ефрасінні Полацкай у двары БДУ (скульпт. І.​Голубеў, арх. В.​Ягадніцкі), А.​С.​Пушкіну на набярэжнай р. Свіслач па праспекце Машэрава (абодва 1999, скульпт. Ю.​Арэхаў, арх. Ю.​Грыгор’еў, А.​Чадовіч), вучоным Я.​Б.​Зяльдовічу перад будынкам Ін-та тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі (скульпт. Л.​Крэмнева), С.​І.​Вавілаву на тэр. з-да імя Вавілава (абодва 1978, скульпт. У.​Булыга, арх. Казакоў); надмагільныя помнікі на Вайсковых могілках — Я.​Купалу (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка), Я.​Коласу (1971, скульпт. Анікейчык, Заспіцкі), на могілках па Маскоўскай шашы — М.​М.​Чуркіну (1971, скульпт. Г.​Мурамцаў), П.​Глебку (1974, скульпт. Азгур), С.​В.​Прытыцкаму (1975, скульпт. Анікейчык, арх. Левін, Градаў), П.​М.​Машэраву (1984, скульпт. Анікейчык, арх. Градаў, Левін), В.​Тураву (1999, скульпт. Якавенка) і інш.

Асвета. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах і манастырах. У 16—17 ст. пэўную ролю ў развіцці асветы адыгралі брацкія школы. У 1592 адкрыта школа пры саборнай царкве, дзе выкладаліся бел. і грэч. мовы. З 1613 дзейнічала школа пры Петрапаўлаўскім брацкім манастыры, у якой манахі выкладалі бел., грэч., лац. мовы, матэматыку, астраномію, музыку і інш. У 17 ст. пачатковая і сярэдняя адукацыя канцэнтравалася ў розных каталіцкіх ордэнах. З 1617 пры Кузьмадзям’янаўскім уніяцкім манастыры існавала школа, у якой вывучаліся бел., грэч., лац., царк.-слав., польск. мовы і інш. У 1727 засн. школа пры кляштары дамініканцаў, у 1771 — пры кляштары марыявітак, дзе выкладалі агульнапрынятыя на той час прадметы, а таксама арыфметыку і дамаводства. У 1714—1773 у М. існаваў езуіцкі калегіум — прывілеяваная школа для дзяцей шляхты, дзе выкладаліся мовы, рыторыка, паэзія, тэалогія, этыка, логіка, матэматыка, фізіка і інш. У 1773 у сувязі з ліквідацыяй ордэна езуітаў і рэформай асветы ў Рэчы Паспалітай школы перададзены Адукацыйнай камісіі. У 1803 замест Мінскай губ. школы створана Мінская мужчынская гімназія. Да сярэдзіны 19 ст. ў М. працавалі: 4-класнае гар. вучылішча (з 1819), 2-класная прыходская школа, правасл. (гл. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя) і каталіцкая духоўныя семінарыі, духоўнае мужчынскае вучылішча (з 1834). У 1867 адкрыта духоўнае жаночае вучылішча, у 1868 — прыватны жаночы пансіён. У 1880 засн. Мінскае рэальнае вучылішча, у 1896 — вучылішча рамесных вучняў. У 1897 у 32 пач. і сярэдніх навуч. установах М. 4,1 тыс. навучэнцаў. У 1899 створаны Мінская жаночая гімназія і Мінская жаночая марыінская гімназія. З 1904 адкрыта яшчэ 8 прыватных гімназій. У 1901 засн. Мінскае мужчынскае камерцыйнае вучылішча. З 1907 працавалі Мінскае музычнае вучылішча, Мінская зубаўрачэбная школа, з 1908 — Мінская фельчарска-акушэрская школа. У 1834—1918 дзейнічалі 22 вучылішчы, у т. л. 2 прыватныя і вучылішча для сляпых. У 1913/14 навуч. г. ў 62 навуч. установах М., у т. л. гімназіях, вучылася каля 12,5 тыс. чалавек. У 1914 пачаў працаваць Мінскі настаўніцкі інстытут (гл. Мінскі беларускі педагагічны інстытут, Мінскі інстытут народнай адукацыі). Для згуртавання нацыянальна-свядомых настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным стварэнне беларускамоўных школ, вядзенне выкладання на бел. мове ў ВНУ у 1917 створаны Беларускі вучыцельскі хаўрус, у 1919 — Беларуская школьная рада Меншчыны і Цэнтральная беларуская школьная рада. У 1919—20 працавала Мінская беларуская гімназія. У 1921 засн. Беларускі дзяржаўны універсітэт — найбуйнейшая ВНУ Беларусі, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум), бел. педтэхнікум (гл. Беларускія педагагічныя тэхнікумы). У 1922 засн. Інстытут беларускай культуры — першая на Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова, якая ў 1929 ператворана ў Акадэмію навук Беларусі (з 1997 Нац. акадэмія навук Беларусі; пра інш. н.-д. ўстановы М. гл. ў арт. Беларусь, а таксама асобныя арт.). У 1924 адкрыты муз. тэхнікум (гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.​І.​Глінкі), у 1928 — Мінскі політэхнічны тэхнікум, у 1930 — Мінскі электратэхнікум сувязі (гл. Вышэйшы каледж сувязі). На базе ф-таў БДУ створаны ў 1930 Мінскі медыцынскі інстытут, у 1931 — Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т (з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 Беларускі педагагічны універсітэт), Мінскі ін-т сав. будаўніцтва і права (у 1932—54 Мінскі юрыдычны інстытут). У 1931 адкрыты таксама фін.-эканам. тэхнікум (гл. Мінскі фінансава-эканамічны каледж), у 1932 створана Бел. дзярж. кансерваторыя (гл. Беларуская акадэмія музыкі), у 1933 — Бел. політэхнічны ін-т (гл. Беларуская політэхнічная акадэмія), на базе эканам. аддзялення БДУБел. ін-т нар. гаспадаркі (гл. Беларускі эканамічны універсітэт). У 1940 у М. працавала 49 агульнаадук. школ (33 тыс. вучняў), 17 сярэдніх спец. (5 тыс. студэнтаў), 10 вышэйшых (9,8 тыс. студэнтаў) навуч. устаноў, 80 дзіцячых дашкольных устаноў. Дзейнічалі 81 б-ка, 78 клубаў і дамоў культуры, 4 музеі. У гады Вял. Айч. вайны амаль усе навуч. і культ.-асв. ўстановы разрабаваны і разбураны. У 1944—45 аднавілі работу БДУ, пед., політэхн., мед., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры ін-ты, кансерваторыя, 25 школ. У 1944 адкрыты Бел. тэхнікум буд. матэрыялаў (гл. Мінскі індустрыяльны тэхнікум будаўнічых матэрыялаў). У 1945 з Гомеля пераведзены лесатэхн. ін-т (гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт), засн. Бел. тэатр. ін-т (з 1953 тэатр.-мастацкі; гл. Беларуская акадэмія мастацтваў), Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, тэхнікум лёгкай прам-сці (гл. Мінскі тэхнікум-прадпрыемства лёгкай прамысловасці). У 1947 засн. Мінскае мастацкае вучылішча, індустр.-пед. тэхнікум (гл. Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж), у 1948 — Мінскі пед. ін-т замежных моў (гл. Мінскі лінгвістычны універсітэт). У 1950/51 навуч. г. ў агульнаадук. школах — 39 тыс. вучняў, у сярэдніх спец. навуч. ўстановах — 7,6 тыс. навучэнцаў, у ВНУ — 14 тыс. студэнтаў. Працавалі 5 музеяў, 31 клуб. У 1953 адкрыты тэхнал. тэхнікум (гл. Мінскі тэхналагічны каледж) і Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, у 1954 — Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (гл. Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт) і машынабуд. тэхнікум (гл. Мінскі машынабудаўнічы каледж), у 1957 — тэхнікум сав. гандлю (гл. Мінскі каледж гандлю) і каап. тэхнікум (гл. Мінскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум»), у 1960 — радыётэхн. тэхнікум (гл. Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж), у 1964 на базе радыётэхн. ф-та Бел. політэхн. ін-та — радыётэхн. ін-т (гл. Беларускі універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). У 1970/71 навуч. г. ў М. ў 161 агульнаадук. школе 156,6 тыс. вучняў, у 22 сярэдніх спец. навуч. установах 30,6 тыс. навучэнцаў, у 13 ВНУ 81,6 тыс. студэнтаў. У НДІ і ВНУ працавалі больш за 200 д-роў і каля 2,4 тыс. канд. навук. Дзейнічала 185 б-к, 8 музеяў. У 1971 адкрыты Мінскі энергетычны тэхнікум, у 1974 — авіяцыйна-тэхн. вучылішча грамадз. авіяцыі (гл. Мінскі вышэйшы лётна-тэхнічны каледж), у 1975 — культ.асв. вучылішча (гл. Мінскае вучылішча мастацтваў). У 1975 на базе ф-та бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага пед. ін-та і ф-та культ.-асв. работы Бел. тэатр.-маст. ін-та засн. Мінскі ін-т культуры (гл. Беларускі універсітэт культуры). У 1976 засн. Вышэйшая школа міліцыі (гл. Акадэмія міліцыі). У 1982—83 створаны пед. вучылішчы № 1 і № 2 (гл. Мінскі педагагічны каледж імя М.​Танка і Мінскі педагагічны каледж), у 1989 — Мінскае духоўнае вучылішча (гл. таксама Духоўныя навучальныя ўстановы). З 1989 дзейнічае Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны, з 1990 — Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, з 1991 — Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.​Скарыны, Акадэмія кіравання (з 1995 пры Прэзідэнце Беларусі), у 1992 засн. Міжнародны экалагічны універсітэт імя А.​Дз.​Сахарава, Вышэйшае пажарна-тэхнічнае вучылішча. На базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча ў 1995 створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. У 1999/2000 навуч. г. ў М. 489 дашкольных устаноў (каля 80 тыс. дзяцей), у т. л. 12 санаторных, 10 спецыялізаваных, 13 кампенсуючага і камбінаванага прызначэння, 6 для дзяцей з парушэннем маўлення, 6 з парушэннем інтэлекту, 2 з парушэннем апорна-рухальнага апарату; 235 агульнаадук. школ (больш за 260 тыс. вучняў), у т. л. 197 сярэдніх (каля 240 тыс. вучняў), 13 гімназій (каля 15 тыс. навучэнцаў), 5 ліцэяў (больш за 4 тыс.), 1 каледж (больш за 1 тыс.), 10 школ для дзяцей з недахопамі развіцця (2,6 тыс. вучняў); 35 навуч. устаноў прафес.-тэхн. адукацыі (каля 22 тыс. навучэнцаў), у т. л. 2 цэнтры. Дзейнічае 21 дзярж. сярэдняя спец. навуч. ўстанова (больш за 26 тыс. студэнтаў), у т. л. 2 мед. вучылішчы; 2 недзярж. ўстановы — тэхнікум прадпрымальніцтва (з 1993) і тэхнікум бізнесу і права (з 1995). У М. 18 дзярж. ВНУ і 12 недзярж., у т. л. Гуманітарна-эканамічны недзярж. ін-т (з 1994), Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, Інстытут сучасных ведаў, Беларускі інстытут правазнаўства, Міжнар. ін-т працоўных і сац. адносін (з 1992) і інш. У М. ў сістэме Мін-ва культуры 40 б-к, у т. л. 1 абласная і 16 дзіцячых, акрамя таго, існуюць б-кі навуч. устаноў, прафсаюзныя, спец. і ведамасныя. Буйнейшыя б-кі: Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Мінская абласная бібліятэка імя А.​С.​Пушкіна, Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.​Коласа, Бібліятэка фундаментальная БДУ, Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.​С.​Лупіновіча і інш. Дзейнічаюць 11 музеяў, у т. л. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (мае 3 філіялы ў М.), Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Купалы Янкі літаратурны музей, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей, Багдановіча М. літаратурны музей, Броўкі Петруся літаратурны музей, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь, Музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі і інш.

Ахова здароўя. Першы шпіталь у М. для бяздомных і бедных адкрыты ў 1513. З 1911 дзейнічае хуткая мед. дапамога. У 1913 былі 23 бальнічныя ўстановы на 835 ложкаў, 109 урачоў. У 1921 у М. адкрыты процітуберкулёзны, у 1923 — скурна-венералагічны дыспансеры. У 1928 створаны Пульманалогіі і фтызіятрыі НДІ, у 1930 — Траўматалогіі і артапедыі НДІ, на базе ф-та БДУ адкрыты Мінскі медыцынскі інстытут. З 1977 працуе Кардыялогіі Беларускі НДІ, пасля катастрофы 1986 на Чарнобыльскай АЭС з 1988 — Радыяцыйнай медыцыны НДІ. У М. (1998): 34 стацыянарныя бальнічныя ўстановы на 20,8 тыс. ложкаў, урачоў розных спецыяльнасцей 11,6 тыс., сярэдняга медперсаналу 20,4 тыс.; 115 амбулаторна-паліклінічных устаноў, у т. л. 12 дыспансераў, 90 аптэк, 54 аптэчныя пункты. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын — 64,5, жанчын — 75,7 гадоў (1998). Узровень нараджальнасці — 7,9 на 1 тыс. нас., смяротнасць — 9 на 1 тыс. насельніцтва, натуральны прырост адмоўны (-1,1). У М. працуюць: Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Гематалогіі і пералівання крыві навукова-даследчы інстытут, Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускі НДІ, Санітарна-гігіенічны НДІ, Спадчынных і прыроджаных захворванняў НДІ, Эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Беларускі НДІ, Удасканалення ўрачоў Беларускі інстытут, цэнтр мед. тэхналогій; 2 мед. вучылішчы, 1 мед. вучылішча павышэння кваліфікацыі. Па пытаннях аховы здароўя выдаюцца часопісы «Здравоохранение», «Медицинские новости», «Медицина» і інш., штотыднёвая газ. «Медицинский вестник».

Экалогія. Своеасаблівасць экалагічных умоў, у якіх знаходзіцца М., вызначаецца спалучэннем прыродных і антрапагенных фактараў. Да фіз.-геагр. фактараў належаць: раўніннае размяшчэнне горада (перапад вышынь ад 280,4 м на ПнЗ да 181,1 м на ПдУ, павышэнні маюць лакальны характар); умерана кантынентальны клімат; невял. плошча прыродных вадаёмаў; глебы пераважна дзярнова-падзолістыя; элементы расліннасці і жывёльнага свету, характэрныя для зоны мяшаных лясоў; перавага паўн.-зах. вятроў і інш. Антрапагенныя фактары: значная канцэнтрацыя насельніцтва, прам-сці, транспарту. Становішча М. як сталіцы вызначыла сканцэнтраванне ў ім адм., культ., навук., аздараўленчых, спарт. устаноў і цэнтраў, арх. і інш. помнікаў, мемар. комплексаў з адпаведнымі сферамі абслугоўвання, перакрыжаванне трансп. магістраляў і інш. У выніку хуткага дэмаграфічнага росту насельніцтва ў 2-й пал. 20 ст. (з 50 тыс. у 1944 да 1,7 млн. у канцы 1990-х г.) і павелічэння прамысл. прадпрыемстваў, забудова горада праводзіцца пераважна з улікам сучаснай тэндэнцыі планіроўкі, хоць ёсць і няўдалыя выпадкі ў выбары прамысл. аб’ектаў і іх памераў, размяшчэнні спальных раёнаў у адносна забруджаных зонах (напр., Чыжоўка, Шабаны). Да неспрыяльных экалагічных умоў адносяцца выкіды шкодных рэчываў прамысл. прадпрыемстваў у атмасферу (каля 40,5 тыс. т у год, каля 24 кг на аднаго жыхара, 1998). 52% выкідаў улоўліваецца, 25% утылізуецца. Асн. крыніца забруджвання паветра (да 75%; каля 160 тыс. т) — выхлапныя газы аўтамабіляў. Выкіды шкодных рэчываў у вадаёмы складаюць каля 40 тыс. т у год. Да фіз. фактараў забруджвання далучаюцца таксама шумы, вібрацыя, інфрагукавое і эл.-магн. выпрамяненне і інш. Сан.ахоўныя зоны складаюць 16% тэр. горада. Водакарыстанне М. — каля 350 млн. м³ у год (1997), у т. л. з падземных крыніц больш за 200 млн. м³; прамысл. патрэбы складаюць каля 55 млн. м³, гасп.-пітныя — каля 230 млн. м³ (каля 136 м³ вады ў год на аднаго жыхара). Сцёкавыя воды ў аб’ёме каля 280 млн. м³ у год скідваюцца ў паверхневыя вадаёмы і падземныя гарызонты. Спрыяльным для М. з’яўляецца водна-зялёны ландшафт у пойме р. Свіслач і яе прытокаў, што перасякаюць горад з ПнЗ на ПдУ. На працягу амаль 20 км ён мае шэраг вадаёмаў (вадасх. Чыжоўскае, Дразды, Камсамольскае воз., заказнік «Лебядзіны» і інш.) і паркаў (Перамогі, імя Я.​Купалы, імя М.​Горкага і інш.), зялёныя зоны, сектары прыватнай забудовы. У М. 6 агульнагар. і 11 раённых паркаў, каля 175 сквераў, 30 бульвараў, каля 90 зялёных масіваў; агульная плошча зялёных масіваў і насаджэнняў — 5,7 тыс. га (1998). Плошча зялёных насаджэнняў на аднаго жыхара складае ад 6—7 м² (Фрунзенскі і Маскоўскі р-ны) да 41 м² (Цэнтральны р-н), у сярэднім па горадзе — каля 13 м². Захаваліся ўчасткі б. прыродных лясных масіваў (паркі імя Чэлюскінцаў, 50-годдзя Кастрычніка, раёны Уручча, Дразды, Сляпянка), дзе ў дрэвавым складзе пераважае хвоя. Растуць таксама бяроза, вольха, вярба, елка. У штучных насаджэннях выкарыстоўваюцца каштан, клён, ліпа, таполя, бяроза, елка і інш. У наваколлях М. адзначана 58 відаў жывёл, у т. л. бабры, выдры, казулі, ласі і больш за 100 відаў птушак, у т. л. занесеныя ў Чырв. кнігу вераб’іны і дамавы сычыкі, гагара чорнаваллёвая, крахаль вялікі, лебедзь-шыпун і інш. Работы па азеляненні М. і ваколіц вядуць зелянгас, лясгас, Цэнтр. бат. сад і інш. ўстановы і арганізацыі. Існуе заапарк. Стан навакольнага асяроддзя кантралюецца сан. і экалагічнымі службамі, экалагічнай міліцыяй.

Друк, радыё, тэлебачанне. Першыя друкаваныя кнігі ў М. пачалі выдаваць у канцы 16 ст. Мяркуюць, што ў 1596 у гар. друкарні на бел. мове выйшаў палемічны трактат М.​Сматрыцкага, накіраваны супраць твора «Унія...» епіскапа І.​Пацея. З 1616 працавала друкарня пры Святадухаўскім мужчынскім манастыры, з 1790 — друкарня уніяцкага ордэна базыльян. У 1797 пачала працаваць Мінская губернская друкарня (існавала да 1917, выйшла больш за 170 выданняў). У ёй друкаваліся афіц. матэрыялы, паведамленні, даведачная л-ра, у т. л. «Памятная кніжка Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, асвеце, маст. творы, а таксама першая афіц. газета «Минские губернские ведомости» (з 1838). У вайну 1812 у акупіраваным М. выходзіла першае перыяд. выданне на польск. мове «Tymczasowa gazeta Mińska» («Мінская часовая газета»), У 1826 засн. першая прыватная друкарня І.​Дворжаца, у якой друкаваліся творы на бел., рус. і польск. мовах. У 1840-я г. ў М. было некалькі прыватных друкарняў і літаграфій; выходзілі выданні пераважна на рус. мове. У 1863 выдаваўся першы мінскі ілюстраваны час. «Фотографические иллюстрации». У 1869 пачало выходзіць афіц. царк. выданне «Минские епархиальные ведомости» (у 1989 адноўлена). З’явілася першая прыватная газ. «Минский листок» (з 1886, у 1902 ператворана ў газ. «Северо-Западный край», з 1888 мела навук.-папулярны і літ.-публіцыстычны дадатак «Северо-западный календарь»); пачалі выходзіць штодзённыя грамадска-паліт. і літ. газеты розных паліт. кірункаў і арыентацыі, у т. л. «Окраина», «Голос провинции», «Минские ведомости», «Минские ежедневные ведомости», «Минская речь», «Минский курьер», «Минская газета», «Минское эхо», «Минский голос», «Минское слово», «Минчанин». Народніцкая арг-цыя «Чорны перадзел» мела ў М. ўласную друкарню, дзе выходзілі нелегальны час. «Черный передел», газ. «Зерно», лістоўкі. У 1910 у М. было 15 друкарняў і літаграфічных прадпрыемстваў. У 1906 у М. выдавалася 11 газет, у 1914—15—24 газеты і часопісы, сярод якіх першыя часопісы на бел. мове — с.-г. «Саха» (з 1913 у М.) і часопіс для моладзі «Лучынка», навук.-мед. і практычны час. «Минские врачебные известия». навук. «Болотоведение» (да 1915 у М.). Актывізацыі выпуску выдавецкай прадукцыі садзейнічалі кніжнае т-ва «Мінчук», выд-ва «Саха». Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 і пасля яе выходзіла легальная масавая газета «Звязда» (спачатку на рус. мове, пад назвамі «Молот», «Буревестник»), «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов», «Бедняк» (з 1919 у М.), «Минский пролетарий», «Советская правда», «Чырвоная змена», «Молодежь Белоруссии», «Сельская_ газета», «Савецкая Беларусь» (з ліп. 1920 у М.), часопісы: палітыка-эканам. «Экономическая жизнь» (з 1919 у М.) і «Сацыялістычнае будаўніцтва» (у 1926—29 на рус., з 1931 на бел. мове), навук.-пед. і даведачна-афіц. «Школа и культура Советской Белоруссии» (у 1919 і 1921), літ.-маст. і грамадска-паліт. «Маладняк», «Полымя», «Узвышша», навук.-метадычны «Народная асвета», грамадска-паліт. і літ.-маст. для жанчын «Работніца і сялянка» (з 1924; з 1995 наз. «Алеся»), навук.-папулярны краязнаўчы «Наш край» (з 1930 наз. «Савецкая краіна») і інш. У пач. 1930-х г. створаны шматлікія выд-вы і выдавецкая справа ў М. набыла больш масавы, шматгранны характар. Выходзяць газеты і часопісы на бел. і рус. мовах «Советская Белоруссия» (да 1937 наз. «Рабочий»), «Піянер Беларусі» (з 1929; з 1994 наз. «Раніца»), «Літаратура і мастацтва» (з 1932), час. «Бярозка» (з 1924), «Беларусь» (з 1930). У Вял. Айч. вайну ў М. падпольна выдаваліся газ. «Звязда», «Патриот Родины», перыяд. лісток «Вестник Родины». У пасляваенны перыяд пытанні грамадска-паліт., эканам., культ., спарт. жыцця М. і рэспублікі асвятляюць рэсп., абл., гар., раённыя, на прадпрыемствах — шматтыражныя газеты, часопісы, а таксама бюлетэні «На экранах Беларусі» (з 1957, з 1996 час. «На экранах», на бел. і рус. мовах), «Тэатральны Мінск» (з 1961), «Научно-техническая информация по сельскому хозяйству» (з 1967), «Служба быту Беларусі» (з 1969), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1970, з 1990 час. «Спадчына»), «Рабочая смена» (з 1972), «Родная прырода» (з 1972, з 1977 аднайм. часопіс) і інш.; серыйныя выданні «Веснік Бел. дзярж. ун-та» (з 1969), «Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі» (з 1940). У М. працуюць (2000): 11 дзярж. выдавецтваў, выдаюцца 292 часопісы, 737 газет на бел. і рус. мовах, у т. л. дзярж. і недзяржаўныя. Выходзяць: «Звязда», «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», «Вечерний Минск», «Народная газета», «Народная воля», «Рэспубліка», «Белорусская нива», «Белорусская деловая газета», «Музыкальная газета», часопісы «Беларусь», «Вясёлка», «Беларускі гістарычны часопіс», «Крыніца», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Культура», «Беларуская думка» і інш. Радыёвяшчанне з 1925 (1-я і 2-я праграмы ў мона- і стэрэаварыянце, радыёстанцыя «Сталіца»). Працуюць таксама незалежныя камерцыйныя станцыі «Радыё 101,2», «Радыё Бі Эй», «Радыё Рокс». Тэлебачанне з 1956, каляровае з 1974. Дзейнічае Рэсп. студыя тэлебачання. З 1991 развіваюцца недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі тэлебачання. У 1995 створана Тэлевізійная вяшчальная сетка (ТВС), якая аб’ядноўвае 12 недзярж. тэлестанцый. Трансліруюцца перадачы і праграмы розных тэматычных кірункаў: інфарм., грамадскія, сац.-эканам., для моладзі, дзіцячыя, навук.-папулярныя, навуч., літ.-драм., муз., забаўляльныя, а таксама спектаклі, пастаноўкі бел. драматургаў і пісьменнікаў, канцэртныя праграмы, асветныя па праблемах гісторыі, культуры, экалогіі і інш. Акрамя праграм бел. тэлебачання трансліруюцца праграмы Грамадскага Расійскага тэлебачання, Расійскага тэлебачання, Незалежнага тэлебачання, канал «Культура», існуе таксама камерцыйнае тэлебачанне.

Літаратурнае жыццё. Першы вядомы ў М. літ. гурток існаваў пры ваяводскай школе (гімназіі) у 2-й пал. 18 ст. Выкладчык паэтыкі і рыторыкі ў школах М., прадстаўнік класіцызму і сентыменталізму ў шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. М.​Дудзінскі выдаў у 1782 у Вільні зборнік гэтага гуртка пад назвай «Паэтычныя забаўкі моладзі ў мінскіх школах» і сваю апісальна-дыдактычную паэму пра сядзібу мінскага кашталяна А.​Хмары «Палац у Сёмкаве». З 1790 у горадзе працавала базыльянская друкарня, дзе былі надрукаваны перс. аповесць К.​Фларыяна «Батмендзі» ў перакладзе на польск. мову мінчаніна І.​Быкоўскага, яго філас.-эстэт. трактат «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (1790) і сатыр. камедыя В.​Капніста «Паклёп» (1808) у перакладзе М.​Тамашэўскага. У прыватных дамах збіраліся аматары л-ры, мастацтва, мясц. аўтары. У 1812—20 выпускнікі Мінскай гімназіі, што вучыліся ў Віленскім ун-це, арганізавалі навук.-літ. гурток, у якім удзельнічалі А.​Міцкевіч і Т.​Зан. У 1812 у М. напісана на польск. мове, выдадзена і пастаўлена аматарамі аднаактовая вершаваная камедыя Я.​Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана». У 1830-я г. ў кватэры мастака і паэта Ч.​Манюшкі (бацькі кампазітара С.​Манюшкі) наладжваліся літ.-маст. вечары, на якія прыходзілі музыкант П.​Карафа-Корбут, мастакі В.​Ваньковіч (у М. ў 1832—39) і Я.​Дамель (у М. з 1822). Падобныя вечары адбываліся ў доме Ваньковіча, у польск. артыста і паэта А.​Макрэцкага. У 1845 у М. заснавана губ. б-ка.

Ажыўленне літ. жыцця горада ў 1840—50-я г. звязана з імем бел. драматурга, паэта і артыста В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. У яго доме збіралася мясц. інтэлігенцыя: аўтар зб. вершаў «Нашы песні» доктар А.​Пянкевіч, мастак і пісьменнік А.​Шэмеш, белетрыст Ю.​Гарайн, выкладчык гімназіі, бібліёграф і паэт І.​Легатовіч, кампазітар і музыкант К.​Кжыжаноўскі, рэдактар «Минских губернских ведомостей» П.​Малышэвіч, кнігар А.​Валіцкі, калекцыянер карцін, старых кніг і рукапісаў Ю.​Кабылінскі, крытык і гісторык польскай л-ры А.​Тышынскі і інш. З Вільні і Варшавы ў М. прыязджалі С.​Манюшка, У.​Сыракомля, А.​Плуг, В.​Каратынскі, з Лагойска — К.​Тышкевіч, з Ігуменшчыны — А.​Ельскі. У М. надрукаваны зб-кі паэт. твораў Дуніна-Марцінкевіча «Гапон» і «Вечарніцы» (абодва 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Зімой 1854 і летам 1855 сюды прыязджаў Сыракомля збіраць матэрыялы для гісторыка-краязнаўчага нарыса «Мінск» (1857); 2.6.1855 ён быў на вечары, наладжаным у яго гонар у доме Дуніна-Марцінкевіча, і прысвяціў яму верш «Тост у доме В.​Марцінкевіча»; у 1859 тут надрукавана яго паэма «Стэла Фарнарына». У жалобных маніфестацыях у М. (вер. 1862) з выпадку смерці Сыракомлі удзельнічала дэмакр. інтэлігенцыя і больш за 600 гімназістаў. У 1856 дом Дуніна-Марцінкевіча наведаў А.​Плут, дзе напісаў верш «Да В.​Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы», які ўвайшоў у зб. «Голас з Літвы», выдадзены ў М. ў 1859. З 1859 у мінскай прэсе выступаў паэт-рэвалюцыянер І.​Гольц-Мілер. Як тэатр. рэцэнзент у М. друкаваўся і яго бацька І.​Гольц-Мілер. У 1860 выдаў зб. вершаў «Кветкі мараў» мінчанін Л.​Вечар (Л.​Шчарбовіч). Напярэдадні паўстання 1863—64 у М. царскія ўлады затрымалі бел. ананімны вершаваны твор «Гутарка старога дзеда». З 1864 у Рас. імперыі забаронена друкаванне бел. кніг. Літ. жыццё горада ажывілася ў 1880-я г. з ростам рэв. руху нарадавольцаў, развіццём правінцыяльнай прэсы. Пэўную ролю адыгралі календары, выдадзеныя пад рэд. М.​Доўнар-Запольскага і А.​Слупскага.

З М. цесна звязана жыццё і літ. творчасць Я.​Лучыны, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і працаваў. Ён выдаў брашуру «З крывавых дзён. Эпізод паўстання 1863 на Міншчыне» (1889, Кракаў). У мінскім «Паўночна-Заходнім календары» на 1892 і 1893 апубл. яго вершы на бел. мове, вольныя наследаванні і пераклады з Сыракомлі. Пад уражаннем ад выступлення у М. ў 1887 укр. трупы Я.​Лучына напісаў вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею артысту Манько». Літ. жыццё М. прыкметна ажывілася з пачаткам выдання газ. «Минский листок». На яе старонках з артыкуламі па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры, мове і культуры Беларусі выступалі Доўнар-Запольскі, А.​Слупскі (у 1895 надрукаваў нарыс «Стары Мінск») М.​Янчук, Я.​Ляцкі, У.​Завітневіч і інш.; друкавалі свае творы Я.​Лучына, К.​Каганец (у т. л. апавяд. «Бывалы Юр у Мінску», 1902), Д.​Бохан (у 1901 выдаў кн. «Мінскія паданні і легенды», у 1902 — нарыс «Мінск і мінчане»), Я.​Чырыкаў і інш. 16.5.1889 упершыню ў газ. надрукавана ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1899 шырока адзначалася 100-годдзе А.​Пушкіна. Святкаваліся юбілеі Л.​Талстога, І.​Тургенева, А.​Чэхава і інш. рус. пісьменнікаў. Пасля стварэння ў 1898 Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў літ. жыццё сканцэнтравалася ў яго літ. секцыі. У М. жылі літаратары В.​Гадлеўскі, Ю.​Вяржбіцкі і інш., якія пісалі на польскай мове. Летам 1904 у М. быў Я.​Купала (тут ён жыў з бацькамі ў 1890—91). Яго вершы распаўсюджваліся ў рукапісах, іх дэкламавалі ў час спектакляў, у т. л. ў прыгараднай в. Пятроўшчына вясною 1906. У жн. 1906 М. наведаў Я.​Колас, прысутнічаў на нелегальным сходзе. Газ. «Северо-Западный край» сістэматычна інфармавала пра літ. жыццё горада, на бел. мове друкавала казкі, легенды, песні. 15.5.1905 газета змясціла першы на бел. мове верш Я.​Купалы «Мужык». У газету дасылаў карэспандэнцыі Мікола Камароўскі (М.​М.​Верасаў), з 1908 — свае творы У.​Галубок. У віленскай «Нашай ніве» друкаваў гумарыстычныя і сатыр. творы мінчанін А.​Паўловіч. На яго кватэры збіраліся ўдзельнікі бел. нац.-культ. руху. Газ. «Минское эхо» друкавала творы мясц. аўтараў, 9.7.1908 у ёй змешчана першая рэцэнзія на зб. «Жалейка» Я.​Купалы (аўтар Ядвігін Ш.). У газ. «Минский курьер» з вершамі і артыкуламі выступаў адзін з яе рэдактараў У.​Самойла. 13.4.1908 ён змясціў у «Минском курьере» свой пераклад на рус. мову верша Я.​Купалы «Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні» (над назваю «Беларусу») — першы пераклад на рус. мову вершаў песняра. 23.8.1908 у газеце апубл. рэцэнзія Самойлы на зб. «Жалейка» Я.​Купалы пад назваю «Вялікае свята». У 1906—09 дзейнічала Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства. У 1909 выйшаў альманах «Туманы», у 1910 — «Зямныя сны» пераважна з творамі сімвалісцка-дэкадэнцкага кірунку. У канцы 1913 у М. прыехала Цётка рэдагаваць час. для дзяцей і моладзі «Лучынка». З восені 1915 у М. жыў З.​Бядуля. У 1915 выйшлі зб. «Беларускія жарты» (выд-ва «Вясёлка») і альманах «Правінцыяльны месяц». У кастр. 1916 — лют. 1917 у М. жыў М.​Багдановіч. На літ. вечарах у «Беларускай хатцы» збіраліся Багдановіч, Ядвігін Ш., З.​Верас, Я.​Фарботка, Паўловіч, Ф.​Шантыр, У.​Галубок, У.​Фальскі, Ф.​Ждановіч, А.​Зязюля, В.​Лявіцкая і інш. На старонках газ. «Вольная Беларусь», што выходзіла з 28.5.1917, друкаваліся вершы Я.​Коласа, Багдановіча, З.​Бядулі, Ф.​Чарнышэвіча, Ф.​Калінкі, Паўловіча, Я.​Журбы, А.​Гаруна, І.​Піліпава, І.​Дварчаніна, апавяданні Я.​Коласа, З.​Верас, З.​Бядулі, У.​Галубка, К.​Каганца, Вясёлкі (В.​Лявіцкай), М.​Гарэцкага, артыкулы Я.​Лёсіка і інш. З 8.8.1917 газ. пачала друкаваць паэму Я.​Коласа «Сымон-музыка». У жн. 1917 выйшаў «Літаратурны зборнік «Вольнай Беларусі», у якім змешчаны творы Я.​Коласа, Вясёлкі, З.​Верас, З.​Бядулі, У.​Галубка, Я.​Шпэта, А.​Зязюлі, І.​Сербава. У 1917 выдадзена ілюстраваная «Дзіцячая чытанка» (вершы, апавяданні, казкі Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ядвігіна Ш.), «Тарас на Парнасе», зборнік Т.​Гушчы (Я.​Коласа) «Сцэнічныя творы».

Пасля ўтварэння БССР М. стаў сталіцай рэспублікі і цэнтрам культ. жыцця. У М. знаходзілася Цэнтр. бюро літ. арг-цыі «Маладняк», літ. аб’яднанні «Узвышша», «Полымя», Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), Мінская філія «Маладняка» і Мінская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў. З лют. 1932 выдаецца газ. «Літаратура і мастацтва». У чэрвені 1934 Усебел. з’езд пісьменнікаў у М. аформіў стварэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе прайшлі сустрэчы з пісьменнікамі Мардовіі, Украіны (1933), Грузіі (1933, 1935), Зах. вобласці (1934), Арменіі (1935, 1936), польскімі пісьменнікамі (1940). У 1931 у М. адбыўся 1-ы Усесаюзны з’езд польскіх пралетарскіх пісьменнікаў, у 1936 — пленум праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башк. л-рам, пытанням паэзіі. Рэгулярна праводзіліся сходы і вечары, прысвечаныя літ. дзейнасці бел. пісьменнікаў, класікаў рус. і сусв. л-р. Адбываліся дыскусіі пра вобраз станоўчага героя і вобраз бальшавіка у л-ры (1932), пра фармалізм і натуралізм (1936), пра паэзію (1940), прозу (1941) і інш. У М. адбыліся 2-і (1949), 3-і (1954), 4-ы (1959), 5-ы (1966), 6-ы (1971), 7-ы (1976), 8-ы (1981), 9-ы (1986), 10-ы (1990), 11-ы (1994), 12-ы (1998) з’езды пісьменнікаў Беларусі, нарады дзіцячых пісьменнікаў (1948, 1952), маладых пісьменнікаў (1948, 1953) і крытыкаў (1983), нарада па дзіцячай л-ры (1970), сімпозіум перакладчыкаў бел. л-ры (1973), навук. канферэнцыя «Сучасныя праблемы ваеннай прозы» (1983). Шырока адзначаліся дэкады, тыдні і дні л-ры і мастацтва розных народаў. Важнымі падзеямі ў літ. жыцці горада былі святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (1982), Цёткі (1976), М.​Багдановіча (1991), М.​Гарэцкага (1993), 500-годдзя Міколы Гусоўскага (1980), Ф.​Скарыны (1990) і інш. Творчасць пісьменнікаў-мінчан атрымала ўсеагульнае прызнанне.

Мастацкае жыццё. У 11—15 ст. у М. развіваліся кавальства, ліццё, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і косці, ганчарства (гл. Мінская кераміка, Мінская кафля), шкларобства. Высокім узроўнем вызначалася апрацоўка скуры і вырабы з яе абутку, адзення, утылітарных рэчаў. У аздабленні шырока выкарыстоўваліся разьба, паліхромная размалёўка, інкрустацыя. У 16—18 ст. больш за 20 цэхаў М. аб’ядноўвалі майстроў 41 прафесіі; у 1591 зацверджаны статут аб’яднання злотнікаў, кавалёў, меднікаў, слесараў, гадзіншчыкаў, мечнікаў. У 16—17 ст. з’явіліся творы жывапісу, звязаныя з мясц. маст. школай («Маці боская Мінская», 1-я пал. 16 ст.; «Нараджэнне Хрыста», 17 ст., і інш.). З 16 ст. мастакі — выхадцы з М. працавалі і ў інш. гарадах (напр., Іеранім у Варшаве). У 17—18 ст. у аздабленні інтэр’ераў і фасадаў грамадз. і культавых будынкаў мінскія мастакі выкарыстоўвалі паліхромную размалёўку, драўляную і стукавую скульптуру, каваныя вырабы (Петрапаўлаўская і Святадухаўская цэрквы, касцёлы дамініканцаў, езуітаў, бернардзінак, пазалочаныя флюгеры на доме Я.​Гегера і інш.). Мясц. майстры ўдзельнічалі ў стварэнні манум. алтарных кампазіцый у храмах горада. У 18 ст. ў М. працавалі мастакі А.​Анташэўскі, М.​Бейтнік, Я.​Брэтцар, І.​Дарэці, Я.​Шэферс і інш., у канцы 18 — пач. 19 ст. — А.​Главацкі, Ю.​Г.​Главацкі, Ю.​Пешка (выканаў шэраг партрэтаў жыхароў М. і акварэльных краявідаў горада). У 19 ст. ў М. жылі і працавалі Я.​Дамель, В.​Ваньковіч, І.​Герасімовіч, Ч.​Манюшка, С.​Цімафееў, А.​Шэмеш. У М. і ваколіцах працаваў Ф.​Смуглевіч, замалёўкі краявідаў горада рабілі І.​Трутнеў, Дз.​Струкаў; шэраг пейзажаў у ваколіцах М., у т. л. «Вечар у Мінскай губерні» стварыў А.​Гараўскі. Развіваліся тэатр.дэкарацыйнае мастацтва (афармленне тэатр. залы ў будынку ратушы і дэкарацыі да спектакляў, Я.​Кураткевіч), мастацтва кнігі (гравюры Э.​Адамовіча да выдадзенай ім у М. Бібліі, пач. 1860-х г.). З ростам эканам. значэння горада ў канцы 19 ст. актывізавалася яго маст. жыццё.

У 1898—1906 маст. секцыя Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў арганізоўвала выстаўкі жывапісу, графікі, скульптуры, фатаграфіі. У 1890-я г. ў М. існавалі маст. майстэрні, дзе працавалі Г.​Віер, М.​Дубчык, М.​Кордаш, Л.​Красоўскі, П.​Курбатаў, М.​Лазарчык, А.​Максіменка і інш. У 1891 адбылася 1-я маст. выстаўка (экспанаваліся творы А.​Бартэльса, Э.​Сукоўскага, Я.​Тышынскага і інш.). У 1899 тут адбылася выстаўка мастакоў-перасоўнікаў. З М. канца 19 — пач. 20 ст. звязана творчасць Б.​Адамовіча, Л.​Альпяровіча, С.​Богуш-Сестранцэвіча, Г.​Вейсенгофа, І.​Івашкевіча, К.​Каганца, З.​Ленскага, П.​Мрачкоўскай, Л.​Пігулеўскага, Сукоўскага. У 1904 Я.​Кругер арганізаваў у М. курсы малявання, рэарганізаваныя ў 1906 у школу-студыю малявання (існавала да 1914). На маст. выстаўках 1902, 1904, 1907, 1908 экспанаваліся творы Альпяровіча, Дамеля, Я.​Кругера, Ф.​Рушчыца, Трутнева, І.​Хруцкага, І.​Яроменкі. Буйной для свайго часу была арганізаваная мінскім скульпт. Тышынскім і мастаком Рушчыцам выстаўка 1911, дзе экспанаваліся творы бел., рус., літ., польскіх, укр. мастакоў. Уплывам дэкадэнцтва былі пазначаны творы, экспанаваныя на мінскай выстаўцы 1912. Сярод мастакоў, якія працавалі ў М. ў пач. 20 ст., Ф.​Бабеш, В.​Калашнікаў, К.​Карсалін, Ф.​Кулік, А.​Савіцкі, М.​Сляпян, В.​Струеў, І.​Умецкі, К.​Чэмка, А.​Шчокатаў, І. і Ф.​Ягоравы і інш. У 1919 у М. адкрыўся Бел. дзярж. музей (дзейнічаў да 1941), дзе экспанаваліся і творы мастацтва; прыняты першыя пастановы аб ахове помнікаў мастацтва, створаны маст.вытв. майстэрні пры аддзеле Наркамасветы Беларусі. У 1920 працавалі маст. студыі. У гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі пашырылася мастацтва плаката і карыкатуры (дзейнасць Мінскага бюро РОСТА).

Гар. маст. выстаўка 1921 засведчыла шырокі спектр развіцця кірункаў у мастацтве — ад рэалізму да абстракцыянізму і супрэматызму (удзельнічалі І.​Ахрэмчык, С.​Блох, І.​Валадзько, І.​Гембіцкі, А.​Гефтэр, П.​Гуткоўскі, К.​Елісееў, М.​Кавязін, С.​Каўроўскі, Кругер, А.​Маневіч, І.​Мільчын, І.​Пляшчынскі, М.​Русецкі, Сляпян, М.​Станюта, Б.​Ульпі, М.​Філіповіч, К.​Ціханаў і інш.). Вял. ролю ў маст. жыцці М. адыгрывала творчая дзейнасць А.​Вало, Я.​Васілеўскага, В.​Дваракоўскага, Я.​Драздовіча, Г.​Змудзінскага, А.​Марыкса, А.​Пузынкевіча, А.​Тычыны і інш.

У 1921—25 адбыўся шэраг маст. выставак, найб. значная з іх — персанальная Філіповіча (1922). У 1925 пры Інбелкульце створана маст. секцыя, што займалася вывучэннем і прапагандай мастацтва, апісаннем і вывучэннем маст. збораў Дзярж. музея. Ёю арганізавана 1-я Усебел. маст. выстаўка (1925), якая паклала пачатак сістэматычным рэсп. маст. выстаўкам і садзейнічала стварэнню Усебеларускага аб’яднання мастакоў. У 1926 наладжана выстаўка краязнаўчага малюнка і фатаграфіі, дзе побач з творамі Драздовіча, Кругера, Я.​Мініна, Ф.​Пархоменкі, Тычыны, Філіповіча дэманстраваліся стараж. партрэты, шкло. У 1927 Усебел. аб’яднанне мастакоў арганізавала 2-ю Усебел. маст. выстаўку, дзе экспанавалася каля 1000 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, нар. мастацтва, у т. л. карціны В.​Бялыніцкага-Бірулі, В.​Волкава, У.​Кудрэвіча, Ю.​Пэна, Станюты, М.​Эндэ і інш. Маст. выстаўкі адбыліся ў 1928 (3-я Усебел.), 1929. У 1929 у М. дзейнічала Т-ва прыхільнікаў выяўл. мастацтва, якое мела на мэце вывучэнне і папулярызацыю мастацтва, дапамогу дзеячам мастацтва.

Пасля пастановы ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (1932) адзіным дазволеным кірункам у мастацтве стаў сацрэалізм. Частка мінскіх мастакоў была рэпрэсіравана. Сярод найб. значных маст. выставак 1930-х г. — 4-я і 5-я Усебел. (1931, 1932), юбілейная «Мастакі БССР за 15 гадоў», персанальныя А.​Астаповіча, Я.​Красоўскага, Кругера (усе 1934), «БССР за 20 год» (1937), «Перамога», да 22-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі і 20-годдзя ВЛКСМ, да 20-годдзя вызвалення Беларусі ад белапалякаў (усе 1938). З 1932 у М. выходзіў час. «Мастацтва і рэвалюцыя». У 1933 створаны аргкамітэт Саюза мастакоў Беларусі, у 1938 адбыўся яго 1-ы з’езд. Дзейнічалі Дом мастака і студыі выяўл. мастацтва. У 1939 адкрыта Дзярж. карцінная галерэя БССР, у фондах якой сабраны творы майстроў рус. і замежнага мастацтва, творы сав., у т. л. бел. мастакоў. У пач. 1941 адбылася 1-я бел., рэсп. выстаўка жанчын-мастакоў.

У гады Вял. Айч. вайны ням.-фаш. акупанты знішчылі маст. ўстановы горада, вывезлі каштоўнасці Дзярж. карціннай галерэі. Пасля вызвалення М. ў творчасці мастакоў пераважала ваен. тэматыка. Прайшлі выстаўкі «Барацьба беларускага народа з нямецкай агрэсіяй» (1944), да 2-й і 4-й гадавін вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў (1946 і 1948) і інш. У 1944 адкрыта нанава створаная карцінная галерэя (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). У 1947 створана Мінскае маст. вучылішча, у 1953 адкрыты маст. факультэт пры Бел. тэатр. ін-це, які перайменаваны ў Бел. тэатр.-маст. ін-т (з 1991 Беларуская акадэмія мастацтваў). У 1950-я г. адбыліся Усебел. маст. выстаўкі (1951, 1957, 1959), выстаўкі тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва (1959), бел. пейзажа (1951), персанальныя А.​Гугеля, М.​Дучыца, Кудрэвіча, А.​Мазалёва, У.​Хрусталёва (усе 1954), Б.​Звінагродскага (1956), Волкава, А.​Шыбнёва (абедзве 1958), Я.​Зайцава, А.​Волкава (абедзве 1959). У канцы 1950-х г. у бел. выяўл. мастацтва прыйшла першая група выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (А.​Анікейчык, Л.​Асецкі, Б.​Аракчэеў, Ф.​Бараноўскі, В.​Грамыка, Л.​Гумілеўскі, М.​Залозны, В.​Пратасеня, І.​Рэй, Ю.​Тышкевіч, І.​Ціханаў, Л.​Шчамялёў і інш.), выпускнікі маст. ВНУ Масквы і Ленінграда (М.​Данцыг, М.​Савіцкі, І.​Стасевіч, У.​Стальмашонак), што ў значнай ступені спрыяла росквіту маст. жыцця М.

У 1960-я г. сістэматычна наладжваліся рэспубліканскія (1960, 1962, 1963, 1965—69), а таксама юбілейныя, групавыя (мастакоў кіно, 1961; твораў мастакоў час. «Вожык», 1966), перасоўныя, усесаюзныя, замежнага мастацтва, персанальныя выстаўкі А.​Глебава, С.​Нікалаева (1960), М.​Даўгялы, В.​Ціхановіча (1961), І.​Давідовіча, С.​Геруса, М.​Тарасікава, В.​Цвіркі (усе 1963), М.​Гурло, Х.​Ліўшыца, П.​Масленікава, Гугеля (усе 1965), Н.​Воранава, А.​Бархаткова, Ф.​Зільберта, Тычыны (усе 1967), М.​Манасзона, У.​Кульваноўскага (абедзве 1968) і інш.

Актывізацыі маст. жыцця М. садзейнічала адкрыццё ў 1973 Палаца мастацтваў (з 1991 рэспубліканская Маст. галерэя). Значнымі з’явамі маст. жыцця горада 1970-х г. сталі рэсп. выстаўкі, да 25-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял. Айч. вайне (1970), 90-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (1972), 2-я рэсп. выстаўка плаката (1973), рэтраспектыўная выстаўка твораў бел. мастакоў (1974), «30 год Вялікай Перамогі», усесаюзная і 4-я рэсп. выстаўкі акварэлі, «Вобраз жанчыны ў савецкім выяўленчым мастацтве» (усе 1975), «Маладосць краіны», да 100-годдзя з дня нараджэння Цёткі (А.​Пашкевіч; абедзве 1976), міжнар. «Сатыра ў барацьбе за мір» (1977), усесаюзныя «Краіна родная», «60 гераічных гадоў», 2-я рэсп. выстаўка кніжнай графікі (усе 1978), «У сям’і адзінай», да 35-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, «Няхай заўжды будзе сонца» (усе 1979), персанальныя Р.​Кудрэвіч і Марыкса (1970), З.​Азгура, К.​Касмачова, П.​Крахалёва (усе 1971), Станюты, С.​Каткова (абедзве 1972), Л.​Рана (1973), А.​Малішэўскага, Шчамялёва, В.​Жолтак, Савіцкага, Г.​Ісаевіч (усе 1974), Л.​Баразны, П.​Дурчына (абедзве 1975), М.​Чэпіка, У.​Мінейкі, С.​Лі, Грамыкі (усе 1976), В.​Васільева, А.​Бяловай, У.​Мудрогіна (усе 1977), Г.​Вашчанкі, Геруса (абедзве 1978), Зайцава, У.​Гоманава (усе 1979).

У 1980-я г. ў творчасці мінскіх мастакоў пашырылася асветніцкая тэматыка, што засведчылі выстаўкі «Мікола Гусоўскі і яго час» (1980), да 90-годдзя з дня нараджэння М.​Багдановіча (1981), «Песняры зямлі беларускай» да 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (1982), да 175-годдзя з дня нараджэння В.​Дуніна-Марцінкевіча (1983), да 150-годдзя з дня нараджэння К.​Каліноўскага і 125-й гадавіны паўстання 1863—64. Адбыліся выстаўкі твораў Бялыніцкага-Бірулі да 110-годдзя з дня яго нараджэння, «Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна» (усе 1982), твораў Гараўскага, да 110-годдзя з дня нараджэння І.​Шышкіна (абедзве 1983), рэсп. самадз. мастакоў і майстроў нар. творчасці, «40 гадоў Вялікай Перамогі», выстаўка плаката «Мір — надзея планеты», 3-я рэсп. кніжнай графікі, групавыя выстаўкі акварэлі, твораў маладых мастакоў, прысвечаныя 12-му Сусв. фестывалю моладзі, твораў В.​Пярова да 150-годдзя з дня яго нараджэння, Хруцкага да 175-годдзя з дня яго нараджэння, франтавых малюнкаў бел. мастакоў, фатаграфіі (усе 1985), «Не зарасце народная сцежка», прысвечаная памяці А.​Пушкіна, «Мастацтва Веткі», твораў З.​Серабраковай да 100-годдзя з дня яе нараджэння, «Беларускі савецкі жывапіс і скульптура 1977—87 г.» (усе 1987), твораў Ахрэмчыка да 85-годдзя з дня яго нараджэння, Драздовіча да 100-годдзя з дня яго нараджэння (абедзве 1988), «Пераемнасць» (выстаўка дынастыі бел. майстроў саломапляцення В.​Гаўрылюк, Т.​Агафоненка, Т.​Паўлоўскай, 1989), персанальныя М.​Сеўрука і Кудрэвіч (1980), Л.​Дударэнкі, Г.​Мурамцава, М.​Карпука, Л.​Мягковай, У.​Мурахвера (усе 1981), Г.​Бржазоўскага, У.​Пасюкевіча, Г.​Паплаўскага, Манасзона, Тычыны (усе 1982), Я.​Ціхановіча, Цвіркі, Шчамялёва, Стальмашонка (усе 1983), А.​Кішчанкі, Масленікава, Л.​Паляковай, А.​Кроля, І.​Дмухайлы (усе 1984), Л.​Асядоўскага, А.​Бембеля, Гугеля, Гурло, Залознага, У.​Лагуна, Мудрогіна (усе 1985), Савіцкага (1987), Азгура, С.​Вакара, Зайцава (1988), Астаповіча (1989) і інш. У 1970—80-я г. ў М. адбыліся выстаўкі «Мастацтва Савецкай Літвы» (1974), «Выяўленчае мастацтва Казахстана» (1975), «Латвійскі экслібрыс» (1977), «Творы ўкраінскіх мастакоў» (1980), «Жывапіс Савецкай Малдавіі», «Графіка Савецкай Літвы», «Народнае мастацтва Гуцульшчыны» (усе 1984), «Сучасная народная творчасць Літвы», «Латышскі габелен», «Космас на службе міру» (усе 1985). Арганізоўваліся перасоўныя выстаўкі твораў з музеяў СССР — Траццякоўскай галерэі (1965), Эрмітажа (1966, 1985), Аружэйнай палаты (1978), АМ СССР (выстаўкі твораў М. і С.​Рэрыхаў, Б.​Кустодзіева, С.​Герасімава, Ф.​Рашэтнікава, Б.​Угарава і інш.), нар. мастакоў Літвы С.​Красаўскаса (1987) і Азербайджана Бахлулзадэ С. (1989). Экспанаваліся выстаўкі замежнага мастацтва: сучаснай італьянскай (1957) і фінскай (1970) графікі, сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), жывапісу з калекцыі А.​Хамера (ЗША) і польскага жывапісу з музеяў Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амер. жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе, «К.​Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» (з музея г. Альтэнбург, Германія), амер. жывапісу 2-й пал. 19—20 ст. (са збору Метраполітэн-музея, ЗША; усе 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі і ліёнскіх тканін 17—20 ст. (з музеяў Францыі; 1981), балгарскага мастака У.​Дзімітрава-Майсторы (1983), твораў маладых мастакоў Чэхаславакіі, сучаснага выяўл. мастацтва Кітая, выстаўка японскага кімано (з г. Сендай; усе 1984), традыц. мастацтва Эфіопіі, графікі, дзіцячага малюнка і нар. рамёстваў Славеніі, сумесная выстаўка твораў мастакоў Беларусі і Зах. Берліна (усе 1985), інд. жывапісу 1900—47 (са збору Нац. галерэі сучаснага мастацтва ў Нью-Дэлі; 1987), «Новыя гарызонты амерыканскага жывапісу 1840—1910 г.» (са збору Нац. галерэі мастацтва ЗША), сучаснага мастацтва Канады (з калекцыі Фаерстоўна, г. Таронта; абедзве 1988), зах.еўрап. прыкладнога мастацтва 11—20 ст. (са збораў Эрмітажа), сучаснага польскага партрэта і аўтапартрэта ў жывапісе (абедзве 1989), «40 год брытанскай скульптуры» (1993). У 1979 створаны Музей старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. З 1983 у М. выдаецца час. «Мастацтва». У фарміраванні эстэт. аблічча горада актыўна ўдзельнічалі мастакі Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Вялікая работа праводзіцца мастакамі па афармленні станцый Мінскага метрапалітэна.

Маст. жыццё М. 1990-х г. узбагацілася разнастайнасцю стылявых кірункаў і канцэпцый, пашырылася галерэйная справа. Разам з трад. выставачнай дзейнасцю развіваюцца новыя формы ўзаемадзеяння мастака з гледачом (пленэр, перформанс, інвайрэнмент і інш.). З 1991 выдаецца газ. «Культура». У 1995 створаны Музей сучаснай беларускай скульптуры, у 1997 — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Арганізаваліся маст. суполкі «Пагоня», «Няміга-17», «Верасень», «Сонечны квадрат» і інш., грамадская Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва. Сярод найб. значных выставак: тэматычныя «Да 150-годдзя Ф.​Багушэвіча», «Ганчарны круг», «45 год Вялікай Перамогі», «Праекты помніка ахвярам рэпрэсій», «Мастацтва старажытных гарадоў Беларусі», «Мастацтва рэнесансу ў Беларусі», да 500-х угодкаў нараджэння Ф.​Скарыны (усе 1990), «Пошук і эксперымент», «Беларуская скульптура», «Мастацтва габелена», «Мастацтва барока на Беларусі», да 100-годдзя з дня нараджэння Багдановіча (усе 1991), «Выстаўка графікі», да 110-й гадавіны з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (усе 1992), «Жыве Беларусь» (1991—98), «Гуманізм і вера», «Мастацтва Брэстчыны 16—18 ст.» (абедзве 1993), «Малюнак», «Мясціны старога Мінска», мастакоў тэатра, кіно, тэлебачання, «Дарогамі Вялікай Перамогі», «Слава табе, Беларусь!», «Аршанскай бітве 1514 года прысвячаецца», «Беларуская палітра 20 ст.» (усе 1995), «Чарнобыль, боль, надзея», «Беларуская акварэль», «Спорт у выяўленчым мастацтве», «Асоба і сучаснае асяроддзе», «Беларускі эстамп», «Мастакі Прынямоння» (усе 1996), «Мастакі і горад» (1997), «Панарама мастацтваў», «Малюнак», «Час, прастора, асоба», «Зямля Палесся», «Спорт у нашым жыцці» (усе 1998), «На мяжы тысячагоддзяў», «Беларускі друкаваны плакат», маст. акцыя С.​Войчанкі і У.​Цэслера «Праект стагоддзя» (усе 1999), персанальныя В.​Вярсоцкага, Крахалёва (абедзве 1990), Ю.​Карачуна, Паплаўскага, Шчамялёва (усе 1991), С.​Давідовіча, А.​Марачкіна, Г.​Русак (ЗША; усе 1992), І.​Белановіча, В.​Кубарава, Малішэўскага, В.​Целеша (Рыга), Н.​Анісімавай (Аўстралія), В.​Маркаўца, Цвіркі (усе 1993), К.​Камала, А.​Ксяндзова, А.​Лось, У.​Маскоўскіх, А.​Мятліцкага, У.​Тоўсціка (усе 1994), М.​Апіёка, Дударэнкі (абедзве 1995), Аракчэева, Л.​Дробава, Дурчына, А.​Кузьміча, Э.​Куфко, Г.​Лойкі, М.​Раманюка (усе 1996), Бржазоўскага, Савіцкага, Ціхановіча (усе 1997), Кашкурэвіча, Літвінавай, Вашчанкі (усе 1999), рэтраспектыўныя выстаўкі П.​Гаўрыленкі, Тычыны (абедзве 1992), Кудрэвіча (1994), Анікейчыка, Малішэўскага (абедзве 1997) і інш.; выстаўкі твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва «Гармонія і асяроддзе» (1986) і інш., Нац. выстаўкі нар. творчасці «Вечназялёнае дрэва рамёстваў» (1996), «Жывыя крыніцы» (1998) і інш.

Музычнае жыццё. Ужо ў 14—15 ст. ў М. існавалі школы царк. спеваў. Пры Петрапаўлаўскім правасл. брацтве (з 1592) былі арганізаваны навучанне спевам па 5-лінейнай нотнай сістэме і хар. выканальніцтва, існавала спец. школа па падрыхтоўцы царк. пеўчых. У канцы 17 ст. хар. спевы і ігра на аргане дасягнулі значнага прафес. ўзроўню. На мяжы 17—18 ст. пры двары мінскага ваяводы К.​Завішы створаны аркестр, які выконваў духоўныя творы і бел. нар. песні і танцы. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў М. і Мінскай губ. папулярнасцю карыстаўся прыдворны аркестр М.​Ракіцкага. З сярэдзіны 19 ст. развівалася аматарскае музіцыраванне, наладжваліся камерныя канцэрты мясц. музыкантаў (скрыпачы П.​Бяляўскі, Каржанеўская, В.​Нядзведскі), пастаноўкі муз. спектакляў, выступленні ансамбляў бел. нар. інструментаў на плошчах горада ў час свят і кірмашоў. У арганізацыі канцэртнага жыцця і муз. адукацыі вял. роля належала братам Дамініку і Вікенцію Стафановічам (Вікенцій на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў быў дырыжорам Мінскага гар. аркестра, Дамінік праводзіў сімф. канцэрты, кіраваў фп. класамі). З М. звязана дзейнасць М.Ельскага (адзін з арганізатараў Мінскага музычна-літаратурнага таварыства), Ф.Міладоўскага, аўтара аперэты «Канкурэнты» (паст. ў 1861), П.​Карафы-Корбута, К.Кжыжаноўскага, К.Марцінкевіч (вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі), піяніста і спевака Ф.​Паўлоўскага, скрыпачкі Б.​Крыгер. Значны ўклад у муз. культуру М. зрабіў С.Манюшка. У канцы 1850 — пач. 1860-х г. у М. працавалі фартэпіянныя ф-кі І.​Бяляўскага, Ю.​Качкоўскага і Фотха, ф-ка па вытв-сці клавікордаў, магазін А.​Валіцкага па продажы нот і муз. інструментаў. У 1870-я г. бел. муз. фальклор прапагандавалі ў мінскім друку А.​Васільева, Р.​Ігнацьеў, П.​Шэйн. З 1865 музыка гучала ў зале дваранскага сходу, дзе ставіліся і оперы. У 1872 адкрыта Мінскае вучылішча арганістаў. У 1890 пачаў дзейнічаць гар. т-р (мясц. оперную трупу ў 1890—91 узначальваў В.​Сук). З 1880 пачалі ўзнікаць аматарскія маст. т-вы, у т. л. муз. т-ва (з 1880), Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства, Мінскае таварыства сяброў музыкі, муз.-драм. т-ва (з 1893), муз. гурток (1896), прыватныя муз. ўстановы: Мінская музычная школа Шацкінай, Мінская вакальная студыя Муранскай, муз. вучылішча П.​Маўшовіч, Мінскае музычнае вучылішча Н.​Рубінштэйна, курсы спеваў Ю.​Багуслаўскага (з 1907), Мінскія музычныя курсы Г.​Львовай і інш. У 19 — пач. 20 ст. ў М. гастраліравалі: спевакі Л.​Собінаў, Ф.​Шаляпін, М.​Фігнер, М.​Батыстыні, А.​Мазіні, піяністы Г.​Есіпава, А.​Зілоці, І.​Падарэўскі, С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, скрыпачы Л.​Аўэр, С.​Барцэвіч, А.​Вільгельмі, Г.​Вяняўскі, І.​Гржымалі, Э.​Ізаі, А.​Концкі, К.​Ліпінскі, П.​Сарасатэ, М.​Эрдэнка; віяланчэлісты К.​Давыдаў, А.​Вержбіловіч і інш. М. стаў цэнтрам бел. муз. культуры. У першыя паслярэв. гады тут працаваў У.Тэраўскі — арганізатар і кіраўнік Бел. нар. хору і муз. часткі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, праводзіліся вечары камернай музыкі. У 1920-я г. створаны хор Галоўпалітасветы пад кіраўніцтвам В.​Яфімава, Бел. капэла на чале з А.​Ягоравым, ансамбль цымбалістаў, Беларускі вакальны квартэт, т-ва «Музыка — масам». Цэнтрам муз. культуры М. стаў БДТ, які меў хор, сімф. аркестр і балетную трупу; на яго сцэне праводзіліся сімф. канцэрты, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. «На Купалле» М.​Чарота, балет «Капелія» Л.​Дэліба. У 1924 адкрыты Бел. муз. тэхнікум (з 1937 муз. вучылішча, гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.​І.​Глінкі), педагогі і студэнты якога займаліся канцэртнай дзейнасцю. У 1927 на аснове аркестраў Бел. муз. тэхнікума і БДТ-1 створаны Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, у 1930 на базе опернага і балетнага класаў муз. тэхнікума — Беларуская студыя оперы і балета, на аснове ансамбля нар. інструментаў — Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь. У памяшканні БДТ-1 опернай студыяй пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (1931), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1932). З 1931 працаваў хор пры Бел. радыёкамітэце (гл. Хор акадэмічны Беларускага тэлебачання і радыё). Вял. значэнне для падрыхтоўкі нац. кампазітарскіх і выканальніцкіх кадраў і ўзбагачэння культ. жыцця мела адкрыццё ў 1932 Бел. кансерваторыі (гл. Беларуская акадэмія музыкі). У 1932 пры Саюзе сав. пісьменнікаў БССР створана секцыя кампазітараў (з 1938 Саюз кампазітараў БССР, гл. Саюз кампазітараў Беларусі). У 1936 адкрыты Дзярж. т-р оперы і балета БССР (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь). У 1934 адбылася 1-я Усебел. канферэнцыя кампазітараў. Вял. значэнне для развіцця канцэртнага жыцця мела адкрыццё ў М. Беларускай філармоніі (1937), дзе выступалі І.​Мусін, К.​Сімяонаў, адбыліся аўтарскія канцэрты М.​Аладава, В.​Залатарова, А.​Туранкова, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна і інш. Выдатнымі падзеямі ў культ. жыцці горада і рэспублікі былі пастаноўкі ў 1939—40 бел. нац. опер «Міхась Падгорны» Цікоцкага, «У пушчах Палесся» А.​Багатырова, «Кветка шчасця» Туранкова, балета «Салавей» М.​Крошнера, якія заклалі аснову нац. рэпертуару т-ра оперы і балета, засведчылі рост майстэрства выканаўцаў, пастановачнай культуры т-ра. У Вял. Айч. вайну ў акупіраваным М. працягвалі творчую дзейнасць Туранкоў, М.​Шчаглоў, оперы якога «Лясное возера» і «Усяслаў-Чарадзей» на лібрэта Н.​Арсенневай пастаўлены ў 1942 і 1943. Пасля вызвалення М. ў 1944 аднавіла дзейнасць большасць муз. арг-цый, калектываў і навуч. устаноў. Вял. значэнне для развіцця бел. балетнага мастацтва мела адкрыццё ў М. ў 1945 Бел. харэаграфічнага вучылішча (гл. Дзяржаўны харэаграфічны каледж Рэспублікі Беларусь). У т-ры оперы і балета пастаўлены оперы «Алеся» Цікоцкага (1944) і «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (1947), балет «Князь-возера» Залатарова (1949). У рабоце 1-га Усесаюзнага з’езда кампазітараў (1948) удзельнічалі бел. кампазітары Аладаў, Багатыроў, Лукас, П.​Падкавыраў, Р.​Пукст, Цікоцкі, Яфімаў, музыказнавец Б.​Смольскі. У 1949 у М. пераведзены Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У 1950-я г. ў М. выступалі творчыя калектывы з Расіі, Украіны, Латвіі, Туркменіі, Грузіі, Германіі, Польшчы і інш.; адбыліся Дні балг., рум., чэш., венг., кар. музыкі; гастролі салістаў Вял. т-ра І.​Казлоўскага, С.​Лемешава, В.​Давыдавай, Г.​Уланавай, М.​Плісецкай, а таксама С.​Рыхтэра, Дз.​Узунава; аўтарскія канцэрты Р.​Гліэра, Дз.​Шастаковіча, А.​Хачатурана, Ц.​Хрэннікава і інш. У оперным тэатры пастаўлены новыя муз.-сцэн. творы бел. кампазітараў Пукста, Багатырова, Туранкова, оперы С.​Гулак-Арцямоўскага, С.​Манюшкі, Ю.​Мейтуса, Б.​Сметаны. З 1952 у М. працуе Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь. Створаны шэраг новых арг-цый і калектываў, у т. л. Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь (1950), Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь (1952), Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё (1958), Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь (1959), Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь (1968), вак.-інстр. ансамблі «Песняры», «Верасы», эстр.-харэаграфічны «Чараўніцы», харэаграфічны ансамбль «Харошкі» (1974), Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (1971; з 1999 Дзярж. муз. т-р Рэспублікі Беларусь), «Беларуская капэла», Мінскі абласны камерны хор «Санорус», Дзярж. маладзёжны т-р эстрады Рэспублікі Беларусь (1995). У 1960—90-я г. значны ўклад у развіццё розных жанраў муз. мастацтва зрабілі кампазітары Л.​Абеліёвіч, Багатыроў, С.​Бельцюкоў, У.​Буднік, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, У.​Дамарацкі, У.​Дарохін, А.​Елісеенкаў, А.​Залётнеў, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, У.​Кандрусевіч, В.​Капыцько, У.​Каральчук, С.​Картэс, В.​Кузняцоў, І.​Кузняцоў, У.​Кур’ян, А.​Літвіноўскі, І.​Лучанок, А.​Мдывані, У.​Мулявін, Я.​Паплаўскі, В.​Помазаў, У.​Прохараў, В.​Раінчык, Ф.​Пыталеў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, У.​Солтан, Р.​Сурус, Э.​Ханок, С.​Хвашчынскі, К.​Цесакоў, Л.​Шлег і інш. У т-ры оперы і балета пастаўлены оперы Аладава, Семянякі, Смольскага, Картэса, Вагнера, Глебава, А.​Бандарэнкі, Солтана, балеты Глебава, Вагнера, Залётнева, Кандрусевіча, Мдывані, адметныя разнастайнасцю харэаграфічных сродкаў і фарбаў, пошукамі новых сродкаў маст. выразнасці, свежасцю пластычнай мовы, філас. накіраванасцю. Дзярж. т-р муз. камедыі паставіў шэраг новых спектакляў, у т. л. разнастайныя па жанрах творы Семянякі, Суруса, Мдывані, Глебава, Кандрусевіча, Войціка, сучасных рас. кампазітараў, класічныя аперэты, а таксама балетныя пастаноўкі. У 1984 у будынку касцёла св. Роха адкрыта зала камернай музыкі Бел. філармоніі (у першых канцэртах выступалі І.​Архіпава, А.​Янчанка і інш.). У М. гастраліруюць вядомыя калектывы і асобныя выканаўцы замежных краін.

З 1992 у М. працуе Дзяржаўнае аб’яднанне «Белканцэрт». У горадзе праходзяць фестывалі, у т. л. «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна», «Я люблю балет», «Адраджэнне «Беларускай капэлы», конкурсы маладых музыкантаў-выканаўцаў, у т. л. з 1987 Рэсп. конкурс вакалістаў імя Л.​Александроўскай, агляды, конкурсы, фестывалі самадз. маст. творчасці. Працуюць шматлікія калектывы маст. самадзейнасці (больш за 90 з іх маюць найменні народных і ўзорных). Актыўна прапагандуюць бел. музыку Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь на чале з М.Фінбергам, вак.-інстр. ансамбль «Сябры», мінскі духавы аркестр «Няміга», духавы аркестр «Фанфары Беларусі», фалькл. ансамблі «Ліцвіны», «Неруш», «Свята», «Бяседа», «Крэсіва» і інш. Муз. кадры ў горадзе рыхтуюць Бел. акадэмія музыкі і Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры ёй, муз. вучылішча імя М.​Глінкі, Бел. пед. ун-т, Бел. ун-т культуры, шматлікія муз. і агульнаадук. школы з муз. ухілам, артыстаў балета — Дзярж. харэаграфічны каледж, педагогаў, харэографаў і гісторыкаў балета — кафедра харэаграфіі Бел. акадэміі музыкі (з 1994).

Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё горада адносяцца да 1692 (паводле інш. звестак, да 1656), калі пры езуіцкім калегіуме існаваў Мінскі школьны тэатр. На людных месцах у М. наладжвалі паказы батлейкі. З 1770-х г. М. наведвалі польск., з 1840-х г. — пераважна рас. гастрольныя тэатр. калектывы. У канцы 18 ст. ў М. дзейнічалі прафес. трупы, у т. л. «Камедыйны тэатр» К.​Жулкеўскага і Л.​Марсанта, трупа А.​Ш.​Жукоўскага (у 1811—32 узначальваў мінскую антрэпрызу) і А.​Главацкага, у 1802—05 — пастаянная оперна-драм. трупа, створаная М.​Кажынскім. З 1845 тэатр. жыццё М. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Минские губернские ведомости». Значнай падзеяй тэатр. жыцця М. стала пастаноўка Дуніна-Марцінкевіча тэатрам у 1852 п’есы «Сялянка» (муз. С.​Манюшкі, К.​Кжыжаноўскага). У 1911 у М. выступала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. У 19 ст. тэатр. паказы адбываліся ў залах мужчынскай гімназіі, дома Гайдукевіча, у будынках Мінскага гарадскога тэатра, у ратушы (гл. Мінскі ратушны тэатр), у 1864—77 у Доме дваранскага сходу. З 1890 усе тэатр. выступленні адбываліся ў Мінскім гар. т-ры. Тэатр. сезон (зімовы) звычайна прадаўжаўся з вер.кастр. да лютага, на гэты час і фарміраваліся мясц. трупы. Наладжваліся летнія сезоны (у 1884—90 пастаянна), паказы адбываліся ў гар. садзе, летнім т-ры Сакалова і Фідэрфона, сямейным садзе «Цівалі».

У 1-й пал. 19 ст. ў М. працавалі польск. антрэпрызы А.​Руткоўскага, Кажынскага, К.​Скібінскага, В.​Ашпергера, Я.​Хелмікоўскага, В.​Драздоўскага, у 2-й пал. 19 ст. — шматлікія рас. трупы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. гастраліравалі вядомыя рус. акцёры: В.​Каратыгін, І.​Гарбуноў, Ф.​Камісаржэўскі, М.​Дарскі, Г.​Фядотава, браты Адэльгеймы, К.​Варламаў, А.​Яблачкіна, В.​Камісаржэўская, Ю.​Юр’еў, М.​Дальскі, П.​Арленеў і інш.; трупы т-раў пад кіраўніцтвам М.​Ходатава, У.​Меерхольда і Р.​Унгерна, П.​Гайдабурава і Н.​Скарскай, эстрадны т-р «Крывое люстэрка», акцёры маскоўскіх т-раў Нязлобіна, Корша і інш. Са сваім нац. рэпертуарам выступалі ўкр. трупы пад кіраўніцтвам М.​Старыцкага, М.​Крапіўніцкага, П.​Саксаганскага і інш., у пач. 20 ст.яўр. вандроўныя трупы. У М. дэбютавалі польск. акцёры І.​Вяроўскі (1802) і Ашпергер (1808), рус. М.​Савіна (Страмлянава) і В.​Далматаў (Чудзін; сезон 1869/70) і інш. Ставіліся творы рус. (А.​Астроўскі, А.​Грыбаедаў, А.​Пушкін, А.​Талстой, А.​Чэхаў, М.​Горкі і інш.) і замежнай (У.​Шэкспір, Ф.​Шылер, Мальер і інш.) драматургіі. Наладжваліся і аматарскія спектаклі, у арганізацыі якіх прымаў актыўны ўдзел Я.Ходзька-Барэйка. З канца 1850-х г. прыкметнае месца ў тэатр. жыцці М. займаў аматарскі т-р. Працавалі драм. секцыі пры Мінскім муз.-літ. т-ве, Мінскім літ.-артыстычным т-ве, Мінскім т-ве аматараў прыгожых мастацтваў. Рабіліся захады да стварэння бел. нац. т-ра. З пач. 1-й сусв. вайны тэатр. жыццё М. заняпала. У 1915 наладжваліся паказы батлейкі з удзелам батлеечнікаў-шаўцоў Муравіцкага і Дамбіцкага. У 1916—21 асяродкам тэатр. жыцця быў клуб «Беларуская хатка». У лют. 1917 пачаўся масавы культ.-асв. рух, для кіраўніцтва якім у маі 1917 засн. Т-ва бел. культуры, рэарганізаванае ў бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына». Шырокую дзейнасць разгарнула агульнанац. т-ва «Бел. вучнёўская грамада» (напачатку існавала як гурток бел. моладзі «Вянок»); з арганізаваных ёю гурткоў у М. найб. актыўна дзейнічалі ў 1919—20 драм. і харавы (гл. Драматычная секцыя беларускай вучнёўскай грамады). У крас. 1917 у гар. т-ры адкрылася Першае таварыства беларускай драмы і камедыі (узначаліў Ф.​Ждановіч), рэарганізаванае ў маі 1918 у Бел. дзярж. т-р БНР на чале са Ждановічам, У.​Галубком і У.​Фальскім. У чэрв. 1918 у М. прыехаў з Вільні і арганізаваў сваю трупу Ф.​Аляхновіч. У 1918 з гэтых калектываў утвораны Беларускі савецкі тэатр. У жн. 1919 — ліп. 1920 дзейнічалі 2 бел. т-ры: Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва і Бел. нац. т-р (былы Бел. дзярж. т-р БНР) пад кіраўніцтвам Тэатр. камісіі Бел. нац. к-та. Культ.-асв. работу праводзіў Беларускі рабочы клуб, дзе 10.8.1920 пачала сваю дзейнасць Трупа Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). У вер. 1920 у М. адкрыўся Бел. дзярж. т-р (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), які стаў цэнтрам тэатр. жыцця горада. У 1920—30-я г. ў М. арганізаваны Мінскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, ТРАМ беларускі, Тэатр юнага гледача БССР. У М. знаходзілася асн. база вандроўных т-раў — Польскага дзяржаўнага вандроўнага тэатра БССР, Тэатра саўгасрабочых (1927—33). У 1930—32 працаваў Беларускі тэхнікум сцэнічнага мастацтва. У 1938 створана рэсп. Тэатральнае вучылішча. У пач. 1920-х г. у М. набылі размах агітац. формы самадз. мастацтва: наладжваліся масавыя дзействы з удзелам вял. колькасці прафес. і самадз. акцёраў, рабочых, чырвонаармейцаў («Праца і капітал», «Гапонаўшчына»); створаны калектывы «Сіняй блузы» — Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі, клубаў К.​Маркса і Р.​Люксембург, саюза друкароў. Для кіраўніцтва маст. самадзейнасцю ў М. створаны дамы нар. творчасці — рэсп. ў 1937 і абласны ў 1939. З пач. Вял. Айч. вайны т-ры М. спынілі сваё існаванне. Бел. першы дзярж. т-р і Дзярж. яўр. т-р БССР знаходзіліся ў эвакуацыі. Працаваў Мінскі гар. т-р, арганізаваны з акцёраў розных т-раў. Пасля вызвалення М. ад ням.-фаш. захопнікаў аднавілі дзейнасць тэатр. калектывы, што вярнуліся з эвакуацыі. Вядучае месца ў тэатр. жыцці М. належыць Нац. акад. т-ру імя Я.​Купалы (аднавіў дзейнасць у снеж. 1944). У 1946—49 працаваў Дзярж. яўр. т-р БССР, у 1949—56 — Тэатр драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1947 з Гродна пераведзены Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (з 1999 Нац. акад. драм. т-р імя М.​Горкага). У 1950 у М. аднавіў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. У 1956 адкрыты Бел. рэсп. т-р юнага гледача (гл. Тэатр юнага гледача Рэспублікі Беларусь). У 1980—90-я г. створаны Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь, т-р сатыры і гумару «Хрыстафор», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Мінскі малы тэатр, Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», бел. паэт. т-р аднаго акцёра «Зьніч», Альтэрнатыўны т-р, т-р пластычнага гратэску «Жэст». Дзейнічаюць антрэпрызы «Тэатральныя зоркі», «Віртуозы сцэны» і інш.

Кадры для т-раў рэспублікі рыхтуе Бел. акадэмія мастацтваў. З 1946 працуе рэсп. творчая арг-цыя Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, з 1963 — клуб тэатр. дзеячаў Дом работнікаў мастацтваў. У М. дзейнічаюць шматлікія самадз. калектывы, у т. л. народныя. У 1980-я — пач. 1990-х г. працавалі т-ры-студыі (гл. Тэатр-студыя). Праводзіліся рэсп. агляды, дэкады, фестывалі самадз. і прафес. мастацтва, у т. л. міжрэсп. Прыбалтыкі і Беларусі «Тэатральная вясна-87», міжнар. «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (1991), «Фестываль сяброў» т-ра імя Я.​Купалы і польск. Беластоцкага т-ра імя А.​Венгеркі (1993), фестывалі т-раў лялек рэсп. (1-ы ў 1981), міжрэсп. Прыбалтыкі і Беларусі (1974) і міжнар. (1990, 1993, 1996, 1999), міжнар. фестывалі монаспектакляў «Я» (1993, 1996 і 1998). У М. адбываюцца гастролі т-раў інш. краін.

Фізічная культура і спорт. Першыя спарт. т-вы ў М. створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст.: Мінскае т-ва аматараў спорту (1892), філіялы т-ваў «Сокал» (1911), «Санітас» (1913). Першыя спарт. спаборніцтвы праведзены па веласіпедным спорце (1896), барацьбе і падыманні цяжару (1913—14). У 1924 у М. праведзена 1-е Усебел. свята фізкультуры, у 1945—1-я Усебел. спартакіяда. У 1929 засн. тэхнікум фіз. культуры (з 1937 Бел. ін-т фіз. культуры, з 1993 Акадэмія фізічнага выхавання і спорту). Дзіцяча-юнацкія спарт. школы працуюць з 1945. М. — адзін з гарадоў Алімпіяды-80. Кіраўніцтва развіццём фіз. культуры і спорту ажыццяўляецца Мін-вам спорту і турызму Беларусі, Нацыянальным алімпійскім камітэтам (створаны ў 1991), рэсп. федэрацыямі (больш за 90) па асобных відах спорту. У горадзе і прыгарадах пабудаваны і эксплуатуюцца буйныя спарт. комплексы: алімп. база «Стайкі» (1947), стадыёны «Дынама» (1934), «Трактар» (1968), спарт.-стралковы (1971) і інш., Мінскі палац спорту (1966), воднаспартыўны камбінат (1967), конна-спарт. комплекс «Ратамка» (1970), рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (1974), крыты каток «Юнацтва» (1976), Палац лёгкай атлетыкі (1977), Палац тэніса (1978), спарт. комплекс «Дынама» (1978), рэсп. Палац шахмат і шашак (1985), Лядовы палац спорту (1998) і інш. У М. праводзяцца чэмпіянаты свету, Еўропы, інш. буйныя міжнар. спаборніцтвы. З 1967 працуе Рэсп. навук.-метадычная б-ка па фіз. культуры. Выдаецца шмат спарт. перыядычных выданняў, у т. л. «Прессбол», «Спортивная панорама» і інш.

Літ.:

Гісторыя Мінска. М., 1967;

Минск: Краткая хроника (ноябрь 1917—1966). Мн., 1967;

Минск и окрестности: Справ.-путеводитель. Мн., 1979;

Минск: Энцикл. справ. 2 изд. Мн., 1983;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982;

Мінск на старых паштоўках (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1984;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінск. Мн., 1988;

Сыракомля У. Мінск: Беглы агляд сучаснага стану Мінска. Мн., 1992;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994;

Пазняк З.С. Рэха даўняга часу. Мн., 1985;

Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска: Нарысы драўлянай архітэктуры. Мн., 1991;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990;

Музычны тэатр Беларусі. Мн., 1993—97;

Белорусская музыка 1960—1980 гг: Мн., 1997;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Тэатры Мінска: [Альбом]. Мн., 1973;

Лисневский И.Е. В театр иду, как в храм. Мн., 1997;

Тэатры Беларусі. Мн., 1998;

Калубовіч А. На крыжовай дарозе: Творы з эміграцыі. Мн., 1994. С. 178—261.

І.​Я.​Афнагель (гаспадарка), Э.​Р.​Самусенка (экалогія), А.​В.​Скараход (гісторыя), Т.​І.​Чарняўская, Л.​А.​Есьман (архітэктура і горадабудаўніцтва), Э.​А.​Вальчук (ахова здароўя), Г.​І.​Дайлідава (друк, радыё, тэлебачанне), І.​У.​Саламевіч, М.​І.​Мушынскі (літаратурнае жыццё), Л.​Дз.​Налівайка, Л.​Ф.​Салавей (мастацкае жыццё), А.​Л.​Капілаў, Б.​С.​Смольскі (музычнае жыццё), Дз.​У.​Стэльмах (тэатральнае жыццё), А.​М.​Петрыкаў (фізічная культура і спорт).

Да арт. Мінск. Плошча Перамогі.
Да арт. Мінск. Плошча імя Я.​Коласа.
Да арт. Мінск. Пячатка-пломба з выявай князя Глеба.
Замчышча Мінска. Здымак пач. 20 ст.
Залаты бранзалет 12 ст. з раскопак замчышча ў Мінску.
План Мінска. 1797.
Гістарычны цэнтр Мінска. Вуліца Ракаўская.
Вуліца Захар’еўская. (цяпер праспект Ф.​Скарыны) у Мінску. Здымак пач. 20 ст.
Від на Мінск з Саборнай плошчы. Фота пач. 20 ст.
Від на вуліцу Леніна з боку плошчы Свабоды ў Мінску. 1930.
Цэнтральная частка Мінска, разбураная нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941.
Вуліца Няміга ў Мінску. 1948.
Панарама Мінска. З гравюры 19 ст.
Да арт. Мінск. Будынкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Да арт. Мінск. Забудова праспекта Скарыны.
Да арт. Мінск. Канцэртная зала «Мінск».
Да арт. Мінск. Панарама плошчы Перамогі.
Панарама Мінска.
Да арт. Мінск. Помнік Ефрасінні Полацкай. 1999. Скульптар І.​Голубеў.
Да арт. Мінск. Жылы дом па вуліцы Варвашэні.
Да арт. Мінск. Жыллёвы комплекс для беларускіх спартсменаў.
Да арт. Мінск. Храмавы комплекс памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы па вуліцы Прытыцкага.
Да арт. Мінск. Востраў мужнасці і смутку з храмам-помнікам «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» (злева), справа — фрагмент забудовы Траецкага прадмесця.
Помнік А.​С.​Пушкіну ў Мінску.
Да арт. Мінск. 1 — панарама ў раёне праспекта П.​Машэрава; 2, 3 — набярэжная р. Свіслач у раёне парку імя Я.​Купалы; 4 — галоўны ўваход у Цэнтральны батанічны сад Нац. АН Беларусі; 5 — у адным з кветнікаў Цэнтральнага батанічнага сада; 6 — штучны вадаём у адным з куткоў Цэнтральнага батанічнага сада.
Да арт. Мінск. Цымбальны ансамбль Мінскага музычнага вучылішча імя М.​І.​Глінкі.
Да арт. Мінск. Танцавальнае трыо студэнтак Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Беларусі.
Да арт. Мінск. Дзяржаўны маладзёжны тэатр эстрады.
Да арт. Мінск. Фальклорны гурт «Ліцвіны».
Да арт. Мінск. Спектакль «П’ерэта» ў Дзяржаўным акадэмічным рускім драматычным тэатры Беларусі.
Да арт. Мінск. Спектакль «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.​Купалы.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРЫЯ (Österreich),

Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з ФРГ і Чэхіяй, на У з Славакіяй і Венгрыяй, на Пд з Славеніяй і Італіяй, на З з Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс. км², нас. 8 млн. чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г. Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.

Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша з ФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-ра студз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.

Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх. ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн. чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за ​2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс. ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).

Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. З пач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл. Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона I была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф I Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна I і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст. цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр. імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у т. л. аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр. імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла I дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.​Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.​Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушніг пад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.​Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.​Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.

На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр. нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр. нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).

Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн. т (1991). Дзейнічае нафтаперапр. з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.​Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ. Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд. кВтгадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн. т, сталі 4,3 млн. т, пракату 3,7 млн. т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн. т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс. т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс. т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн. м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за ​2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у т. л. цукр. буракі. Збор (млн. т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх. ч. краіны, асн. ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж. чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал. чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс. км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс. км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн. чал. штогод) — адна з найб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн. гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс. чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс. чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс. чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс. чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар. агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч. г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у т. л. 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед. ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал. Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае з міжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.

Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл. Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.​Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.​Цэльтыс. З 16 ст. л-ра пад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.​Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.​А.​Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.​Рыхтэр і І.​Пецль, паэт А.​Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаў з яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.​Раймунда і І.​Н.​Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.​Штыфтэра, Л.​Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.​Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.​Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.​Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.​Каснера, «містычны іудаізм» М.​Бубера, ідэалогія сіянізму Т.​Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.​Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.​Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.​Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.​Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.​Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.​Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г. аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.​Бернхард, П.​Хандке, Б.​Фрышмут). З гуманіст. пазіцый выступілі Г.​Айзенрайх, Ф.​Каін, К.​Буста.

На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.​Томана, Верфеля, Т.​Крамера, Ф.​Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.​Сёмуха, М.​Навіцкі, А.​Зарыцкі, М.​Танк, Л.​Баршчэўскі, У.​Чапега.

Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.​Л.​Гільдэбрант) і пабудовы І.​Б.​Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.​Ольбрых, О.​Вагнер, І.​Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх. А.​Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.​Шустэр, І.​Франк), нац. рамантыка (К.​Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).

Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у т. л. «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.​Кашаўэра, жывапісца Р.​Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.​К.​Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.​А.​Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.​Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.​Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.​Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).

Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст. аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб. стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.

У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар. быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр. т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам з італьян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.​Ф.​Бібер і Г.​Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.​А.​Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.​К.​Вагензайль, М.​Мон) і венскай класічнай школы (І.​Гайдн, Моцарт, Л.​Бетховен, блізкі да іх К.​В.​Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш. Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у т. л. Ф.​Шуберт, І.​Брамс, А.​Брукнер, Г.​Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.​Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш. быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.​Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.​Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.​Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.​Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн. Міжнар. т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв. муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.​Шонберг, А.​Берг, А.​Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у т. л. неакласіцызм (Э.​Тытэль, А.​Уль), неафалькларызм (В.​Келер), авангардызм (Э.​Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.​Велес, Г.​Э.​Апостэль, Г.​Елінек), аўтараў аперэт (Р.​Штольц, Н.​Досталь), опер (Г.​Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.​Бём, Г.​Караян; піяністы П.​Бадура-Скода, Ф.​Гульда, І.​Дэмус; спевакі Х.​Гюдэн, А.​Дэрмота, І.​Зефрыд, К.​Людвіг, Э.​Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар. муз. конкурсы і фестывалі.

Тэатр. Станаўленне нац. т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі з нар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.​А.​Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар. т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац. тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.​Шродэр, М.​Корн, Г.​Аншуц, К.​Фіхтнер, І.​Шрэйфогель, Г.​Лаўбе, А.​Зоненталь, І.​Левінскі, Ш.​Вольтэр, Ф.​Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.​Кайнц, Р.​Аслан, Э.​Бальзер, К.​Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар. т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.​Раймунд і І.​Н.​Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.​Грыльпарцэра, Л.​Анцэнгрубера, Г.​Гофмансталя, А.​Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у т. л. «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар. тэатр. фестывалі (з 1920).

Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.​Дорман, І.​Якабсан і Г.​Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.​Марышка і К.​Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж. А.​Корда, М.​Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.​В.​Пабста, Э.​Куна, В.​Краўса, Р.​Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.​Форст, Г.​Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.​В.​Эма; акцёры і спевакі М.​Іорыц, І.​Новатна, З.​Ліндэр, П.​Веселі, В.​Чэхава, М.​Шнайдэр, В.​Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.​Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.​Штайнвендэр, Э.​Збоўска, П.​Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл, Н.​Тылер, К.​М.​Брандаўэр, Р.​Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.

Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб. бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.​Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.​Салавей, мастак П.​Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.​Яцэвіч. З пач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ва А.​Э.​Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.​Н.​Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.​П.​Радл).

Літ.:

Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;

Stuttgart, 1964;

Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;

Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;

Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;

Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;

Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка), У.​Л.​Сакалоўскі (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Аўстрыі).

Герб і сцяг Аўстрыі.
Да арт. Аўстрыя. Ландшафт у паўночным Ціролі.
Да арт. Аўстрыя. Статак кароў на пашы на ўсходзе краіны (зямля Бургенланд).
Да арт. Аўстрыя. Сялянская сядзіба ў Альпах (зямля Зальцбург).
Да арт. Аўстрыя. Вінаграднікі ў даліне Дуная (зямля Ніжняя Аўстрыя).
Да арт. Аўстрыя. Царква на Рынгштрасэ ў Вене. Арх. Г.​Ферстэль. 1856—79.
Да арт. Аўстрыя. Адна з залаў палаца Разумоўскага ў Вене. Арх. Л.​Мантуае. 1805— 11.
Да арт. Аўстрыя. Фрагмент інтэр’ера манастыра ў г. Мельк.
Да арт. Аўстрыя. Марыя-Тэрэзіенштрасэ з калонай св. Ганны (1706) у Інсбруку.
Да арт. Аўстрыя. Панарама Зальцбурга.
Да арт. Аўстрыя. Дом Штайнера ў Вене.
Да арт. Аўстрыя. І.​А.​Кох. Каскад. 1796.
Да арт. Аўстрыя. «Маёлікавы дом» у Вене. Арх. О.​Вагнер. 1898—99.
Да арт. Аўстрыя. Клавікорды венскай работы. Майстар М.​Зейферт. Чырвонае дрэва, бронза. Каля 1810.
Да арт. Аўстрыя. М.​Швінд. Сімфонія. 1840-я г.
Да арт. Аўстрыя. Г.​Клімт. Чырвоныя рыбкі. 1901-02.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕТ (араб. Міср),

Арабская Рэспубліка Егіпет (Гумхурыя Міср аль-Арабія), дзяржава на ПнУ Афрыкі і на Сінайскім п-ве ў Азіі. Мяжуе з Лівіяй на З, з Суданам на Пд, з Ізраілем і сектарам Газа на ПнУ. Абмываецца Міжземным м. на Пн, Чырвоным м. на У. Падзяляецца на 26 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 1001,4 тыс. км². Нас. 64,8 млн. чал. (1997). Сталіца — г. Каір. Афіц. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку.

Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (23 ліп.).

Дзяржаўны лад. Е. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1971 (са зменамі 1980). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў (пры прэзідэнце дзейнічае дарадчая Прэзідэнцкая рада). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны. Нар. сход, які складаецца з 458 дэпутатаў (10 з іх назначае прэзідэнт, астатнія выбіраюцца насельніцтвам, усе тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам (дарадчы орган пры ўрадзе — Кансультатыўная рада з 258 чал.).

Прырода. Амаль уся краіна знаходзіцца ў межах Сахары. У рэльефе пераважае плато з выш. 300—1000 м, якое падзяляецца па фіз.-геагр. асаблівасцях на плато Лівійскай пустыні на 3, плато Нубійскай пустыні на ПдУ і плато Аравійскай пустыні на У. Лівійская пустыня займае ​2/3 пл. краіны, складзена з пясчанікаў і вапнякоў, якія падвяргаюцца ветравой эрозіі. Месцамі дзюны і барханы выш. да 300 м. На Пн упадзіна Катара, якая ляжыць на 133 м ніжэй узроўню мора. Аравійская і Нубійская пустыні больш камяністыя, павышаюцца ў бок Чырвонага мора, дзе месцамі маюць выгляд гор (да 2187 м). На Пд Сінайскага п-ва горы з найвыш. пунктам Е. (г. Катэрын, 2637 м), на Пн — плато і раўніна. Вельмі важнае значэнне мае даліна р. Ніл (даўж. ў Е. 1200 км. шыр. 1—3 км на Пд, 20—25 км каля Каіра, пл. разам з дэльтай каля 40 тыс. км²). У пустынях ёсць невял. аазісы. Карысныя выкапні: нафта (узбярэжжа і акваторыя Суэцкага зал., ПнЗ), прыродны газ (на ПнЗ), жал. руда (раён Эль-Кусейра і аазіс Бахарыя), фасфарыты (аазіс Харга, Эль-Кусейр). Ёсць каменная соль, каменны і буры вугаль, марганец, золата, волава, вальфрам, малібдэн, тантал і інш. Клімат гарачы і вельмі сухі, на большай ч. трапічны кантынентальны. На ўзбярэжжы Між земнага м. і ў дэльце р. Ніл клімат субтрапічны — сярэдняя т-ра студз. 11 °C, ліп. 29 °C, ападкаў 250—300 мм за год. На Пд сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 34 °C, ападкаў некалькі мм за год. Адзінай ракой з’яўляецца Ніл. На ім вадасховішча — воз. Насэр (пл. 5120 км²). Ніл мае асаблівае значэнне для арашэння. як крыніца водазабеспячэння і гідраэнергіі, як трансп. шлях. Ад яго адыходзяць арашальныя каналы, якія выкарыстоўваюцца і для суднаходства. Міжнар. значэнне мае Суэцкі канал. На тэр. Е. рэзка выдзяляюцца 2 ландшафты: дэльта і даліна Ніла з урадлівымі алювіяльнымі глебамі і багатай культ. расліннасцю; пясчаныя або камяністыя пустыні з вельмі беднай разрэджанай расліннасцю. Рэзерват Вадзі-Рышраш, некалькі заказнікаў.

Насельніцтва. 98% насельніцтва — арабы (егіпцяне). Жывуць таксама нубійцы (на Пд), берберы (аазіс Сіва), грэкі і армяне (у вял. гарадах) і інш. Пераважная большасць егіпцян мусульмане, каля 3 млн. хрысціян-коптаў (жывуць пераважна ў гарадах). Ёсць невял. групы католікаў, пратэстантаў і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 65 чал. на 1 км² Амаль усё яно засяроджана ў даліне і дэльце Ніла, дзе шчыльнасць дасягае 1000—2000 чал. на 1 км². Шчыльна заселены таксама ўзбярэжжа Суэцкага канала і аазісы. У пустынях каля 70 тыс. качэўнікаў. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1992): Каір — 6800, Александрыя — 3380, Гіза — 2144, Шыбін-эль-Ком — 834, Порт-Саід — 460, Эль-Махала-эль-Кубра — 408, Суэц — 388, Танта — 380, Эль-Мансура — 371, Асьют — 321. Каля 3 млн. егіпцян працуюць за мяжой, пераважна ў Лівіі (1 млн. чал.) і краінах Персідскага заліва.

Гісторыя. У старажытнасці на сучаснай тэр. Е. ўзнік адзін з першых цэнтраў цывілізацыі. Тысячагоддзямі тут існавала рабаўладальніцкая дзяржава — Егіпет Старажытны. У 31—395 уваходзіў у склад Рым. імперыі, пасля распаду якой стаў правінцыяй яе ўсх. ч.Візантыі. У рым. перыяд адбыўся заняпад стараж.-егіп. культуры: познаегіп. мова змянялася копцкай, мясц. рэлігія — хрысціянствам. Візантыйцы ў кіраванні Е. абапіраліся на сілу і рэпрэсіі, што аблегчыла заваяванне яго арабамі-мусульманамі. У 642 захоплена сталіца Е. — Александрыя, краіна стала правінцыяй Араб. халіфата. У выніку араб. заваявання егіп. насельніцтва паступова перайшло на араб. мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам, Е. стаў правінцыяй ісламскай імперыі. Напачатку ім правілі Амеяды, з 750 — Абасіды. З аслабленнем Абасідаў халіфата Е. фактычна кіравалі незалежна ад багдадскіх халіфаў Тулуніды і Іхшыдыды (935—969). У 969 Е. заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 стаў іх сталіцай. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся распад Фатымідаў халіфата, што выкарысталі еўрап. крыжаносцы. У 1168 яны ўварваліся ў Е. і аблажылі Каір. Халіф звярнуўся за дапамогай да Сірыі. У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). У 1171 ён скінуў фатымідскага правіцеля, стварыў незалежную дзяржаву і стаў яе султанам. Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Е., уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 захапіла вярх. ўладу. Найбольшым поспехам мамлюкаў быў разгром мангольскага войска ў Палесціне ў 1260, у час якога вызначыўся военачальнік Бейбарс. У хуткім часе ён стаў султанам Е. і ўзначаліў выгнанне крыжаносцаў 3 прыбярэжных крэпасцей Палесціны, Лівана, Сірыі (завершана ў канцы 13 ст.). Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Е. ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае ўзбярэжжа Судана і інш. У 13—14 ст. Е. — эканамічна моцная дзяржава, адзін з буйнейшых рэліг. і культ. цэнтраў мусульм. свету, важны цэнтр гандлю паміж Афрыкай. Азіяй і Еўропай. У 1517 мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Е. стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта стала прычынай заняпаду культуры і гасп. жыцця Е., змяншэння колькасці яго насельніцтва. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Тур. султан перастаў быць рэальным кіраўніком Е., хоць і заставаўся яго рэліг.-паліт. сюзерэнам. У 1770 мамлюцкі эмір Алі-бей аль-Кабір абвясціў незалежнасць Е. З гэтага часу Е. стаў аб’ектам англа-франц. саперніцтва. У 1798 франц. войскі на чале з ген. Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1801 французы капітулявалі перад англа-тур. войскамі і Е. зноў прызнаны ўладаннем Асманскай імперыі. У 1805 нам. султана ў Е. з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ распачаў мадэрнізацыю краіны Яго магутная армія пачала захопніцкія войны з мэтай стварэння велізарнай арабскай імперыі. Гэта супярэчыла інтарэсам Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі, якія ўмяшаліся ў канфлікт на баку туркаў. У 1841 Е. капітуляваў і з гэтага часу пачаў ператварацца ў залежную ад еўрапейцаў краіну.

З 1840-х г. у Е. актыўна пранікаў замежны капітал, пераважна англійскі. У 1869 адкрыты Суэцкі канал, але яго выгоды выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый. Пры егіп. правіцелю Ісмаіле-пашы [1863—79], у краіне будавалі чыгункі, каналы, тэлегр. лініі, школы, з’явіліся нац. газеты і часопісы. Усё гэта прывяло да вялікай запазычанасці Е. замежным крэдыторам. У 1876 Е. аб’явіў аб сваім банкруцтве і над краінай устаноўлены англа-франц. фін. кантроль. Закабаленне краіны замежным капіталам абвастрыла сац. супярэчнасці і выклікала паўстанне патрыятычна настроеных афіцэраў на чале з А.Арабі-пашой. Быў створаны егіп. нац. ўрад, прыняты праект канстытуцыі, падрыхтаваны законапраекты. Гэта занепакоіла Вялікабрытанію, якая пад выглядам абароны іншаземцаў увяла ў Е. свае войскі і ў вер. 1882 перамагла армію Арабі-пашы. Е. фактычна стаў калоніяй Вялікабрытаніі, хоць фармальна лічыўся часткай Асманскай імперыі. У канцы 19 ст. ў Е. ўзніклі патрыят. арг-цыі, якія ставілі сваёй мэтай нац. незалежнасць краіны. Ідэйным кіраўніком і арганізатарам егіп. нац.-вызв. руху быў публіцыст і асветнік М.Каміль. 1-я сусв. вайна значна паўплывала на адносіны Е. з Вялікабрытаніяй, якая ў снеж. 1914 ліквідавала ўладу Асманскай імперыі над Е. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. У ваен. дзеяннях супраць Турцыі англічане выкарыстоўвалі матэр. і людскія рэсурсы Е., што ўзмацняла антыбрыт. настроі. У 1918 у Е. створана бурж.-памешчыцкая партыя Вафд на чале з С.​Заглулам, якая патрабавала незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Антыкалан. егіпецкія паўстанні 1919, 1921 прымусілі Вялікабрытанію пайсці на пэўныя ўступкі, і дэкларацыяй 28.2.1922 абвешчаны адмена пратэктарату і незалежнасць Е.; яго султан атрымаў тытул караля. Аднак брыт. войскі заставаліся ў краіне, захавалася і эканам. панаванне англічан. Прынятая ў 1923 канстытуцыя прадугледжвала некаторыя бурж.-дэмакр. правы і гарантавала прывілеі іншаземцам, а егіп. каралю давала шырокія паўнамоцтвы. Магутная хваля нац.-вызв. і забастовачнага руху прымусіла англічан падпісаць англа-егіпецкі дагавор 1936 аб дружбе і саюзе і пацвердзіць незалежнасць Е. У 2-ю сусв. вайну тэр. Е. стала арэнай ваен. дзеянняў. Італія і Германія імкнуліся захапіць Суэцкі канал. У кастр. 1942 брыт. войскі спынілі ням. армію ген.-фельдмаршала Э.​Ромеля і ў бітве пад Эль-Аламейнам нанеслі ёй паражэнне. Толькі ў лют. 1945 егіп. ўрад аб’явіў вайну краінам фаш. блока. Е. стаў чл.-заснавальнікам ААН, пры яго актыўным удзеле ў 1954 створана Ліга арабскіх дзяржаў. Пасля 2-й сусв. вайны егіп. ўрад сутыкнуўся з шэрагам сац.-эканам. праблем; нявырашаным заставалася і пытанне вываду брыт. войск. У 1948 Е. і інш. араб. краіны ўступілі ў вайну з Ізраілем і пацярпелі паражэнне (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49). Усеагульная незадаволенасць вынікамі вайны, каралеўскім рэжымам і брыт. прысутнасцю ў Е. вылілася ў падтрымку экстрэмісцкай арг-цыі «Браты-мусульмане», якая выступала за ўвядзенне ў краіне ісламскага праўлення. 15.10.1951 вафдзісцкі ўрад дэнансаваў англа-егіпецкі дагавор 1936, у выніку чаго ваен. прысутнасць англічан у Е. страціла «законную» падставу. У зоне Суэцкага канала пачалася партыз. барацьба супраць брыт. войск. 23.7.1952 тайная патрыят. арг-цыя «Свабодныя афіцэры» на чале з Г.А.Насэрам ажыццявіла дзярж. пераварот. У выніку кароль Фарук адрокся ад прастола і быў высланы з краіны; усе паліт. партыі забаронены, прыняты аграрны закон, які абмяжоўваў буйное землеўладанне. 18.6.1953 Е. абвешчаны рэспублікай, прэзідэнтам краіны стаў ген. М.​Нагіб, які захаваў і пост прэм’ер-міністра. Новы ўрад дамогся падпісання англа-егіпецкага пагаднення 1954, паводле якога да 18.7.1956 з зоны Суэцкага канала выводзіліся ўсе брыт. войскі. У кастр. 1954 Нагіб змешчаны з усіх пасад. Прэзідэнтам Е. стаў Насэр, які ўзяў курс на супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Стрыжнем яго эканам. палітыкі было буд-ва Асуанскай плаціны. Але ЗША і Вялікабрытанія, не задаволеныя курсам Насэра, адмовіліся крэдытаваць будаўніцтва канала. У адказ егіп. прэзідэнт 26.7.1956 аб’явіў аб нацыяналізацыі міжнар. кампаніі Суэцкага канала, што стала моцным ударам па пазіцыях Вялікабрытаніі і Францыі ў гэтым рэгіёне. У кастр. 1956 войскі Ізраіля, падтрыманыя Вялікабрытаніяй і Францыяй, уварваліся на Сінайскі п-аў. Англа-франц. войскі акупіравалі зону Суэцкага канала, захапілі Порт-Саід, бамбардзіравалі Александрыю. Толькі ўмяшанне СССР і ЗША прымусіла агрэсараў вывесці войскі з Е. Гэтыя падзеі павысілі прэстыж краіны і яе прэзідэнта, зрабілі яго лідэрам усяго араб. свету. У лют. 1958 Е. і Сірыя ўтварылі Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку (ААР), да якой далучыўся і Йемен (саюз з ім ануляваны ў снеж. 1961). Сірыя пасля дзярж. перавароту ў вер. 1961 выйшла з ААР, але Е. захаваў афіц. назву — ААР. 1960-я г. характарызаваліся значнымі сац.-эканам. пераўтварэннямі: прыняты шэраг дэкрэтаў аб нацыяналізацыі прыватных, страхавых, буд. і інш. буйных кампаній, банкаў, прамысл. прадпрыемстваў, транспарту і інш. 30.6.1962 Нац. кангрэс нар. сіл зацвердзіў Нац. Хартыю — важны паліт. дакумент ААР, які абвясціў мэтай егіп, рэвалюцыі сацыялізм. Да 1965 дзярж. сектар эканомікі даваў больш за 80% усёй прамысл. прадукцыі. У 1968 пры дапамозе СССР Е. завяршыў буд-ва Асуанскай плаціны, што значна палепшыла ірыгацыйную сістэму Е., павысіла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Прымаліся меры па ліквідацыі сац. няроўнасці, працягвалася агр. рэформа, расшыралася адукац. сістэма. Аднак напружанасць у адносінах араб. краін з Ізраілем прывяла да ізраільска-арабскай вайны 1967. Ваен. паражэнне Е., страта Сінайскага п-ва з багатымі радовішчамі нафты абвастрылі ўнутрыпаліт. крызіс. Пасля смерці Насэра (1970) прэзідэнтам стаў А.Садат. У 1971 ён аднавіў афіц. назву краіны — Арабская Рэспубліка Егіпет і, каб забяспечыць эканам. рост краіны і дамагчыся вяртання акупіраваных Ізраілем зямель, пераарыентаваўся на ЗША. Паспяховае наступленне егіп. войск у кастр. 1973 на пазіцыі Ізраіля на Суэцкім канале скончылася заключэннем выгаднага для Е. пагаднення. Гэта стала пачаткам сепаратных перагавораў Е. з Ізраілем пры падтрымцы ЗША (дамоўленасці 1974 пра раз’яднанне ўзбр. сіл на Сінаі, 1975 пра частковы вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэр. і інш.). У 1978 падпісаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні; на аснове іх 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Ізраіль вяртаў Е. акупіраваныя тэрыторыі; у 1980 паміж Е. і Ізраілем устаноўлены дыпламат. адносіны. Ва ўнутр. палітыцы Садат трымаў курс на развіццё рыначных адносін, заахвочванне прыватнай ініцыятывы і замежных інвестыцый. Яго дзеянні не мелі падтрымкі ні ў Е., ні за яго межамі; араб. краіны не прызналі дагавор Е. з Ізраілем, выключылі Е. з Лігі араб. краін. У кастр. 1981 Садат забіты групай экстрэмістаў. Пры новым прэзідэнце М.Х.Мубараку паступова палепшыліся адносіны з інш. араб. краінамі (у 1989 адноўлена членства Е. ў Лізе араб. дзяржаў) і СССР. Унутр. хваляванні, выкліканыя цяжкай эканам. сітуацыяй (перанасяленне, беспрацоўе), а таксама рост актыўнасці мусульм. фундаменталістаў паслужылі падставай для захавання надзвычайнага становішча, уведзенага пасля замаху на Садата. У знешняй палітыцы Е. паслядоўна імкнуўся да арганізацыі мірных шматбаковых араба-ізраільскіх перагавораў і вырашэння праблемы палесцінцаў шляхам надання ім аўтаноміі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая Нац.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя працы, Партыя лібералаў, Нац.-прагрэс. (левая) партыя, Аль-Ума, Новы Вафд і інш. Прафсаюзы аб’яднаны ў Егіпецкую федэрацыю прафсаюзаў.

Гаспадарка. Е. — аграрна-індустр. краіна, буйны пастаўшчык на сусветны рынак высакаякаснай доўгавалакністай бавоўны і вырабаў з яе. Нац. даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША за год. Асн. галіна — земляробства, якое грунтуецца на штучным арашэнні водамі Ніла. У валавым унутр. прадукце сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 18%, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 60%. У сельскай гаспадарцы занята каля 35% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 13%.

Сельская гаспадарка. Вялікая колькасць цяпла і магчымасць арашэння зямель дазваляюць збіраць па 3—4 ураджаі за год. Плошчы зямель, якія апрацоўваюцца, складаюць 2,7 млн. га (1993). Гал. збожжавыя культуры (млн. т, 1993): пшаніца — 4,6, рыс — 4,2, кукуруза — 4,3, сорга — 0,8. Добра развіта агародніцтва, асабліва вырошчванне (тыс. т, 1993) памідораў — 3000, цыбулі — 1700, бульбы — 1700, капусты — 329, бахчавых культур — каля 600, а таксама бабовых (гарах, боб, фасоля), алейных (сезам, арахіс). Развіта пладаводства, вырошчванне (тыс. т, 1993) фінікаў — 615, апельсінаў — 1800, лімонаў — 308, бананаў — 397, манга — 180, вінаграду — 600, аліваў, фіг. З тэхн. культур найб. значэнне мае вырошчванне доўгавалакністай бавоўны, якая займае каля ​1/3 пасяўных плошчаў (дэльта і паўн. ч. даліны Ніла), валавы збор бавоўны-сырцу 550 тыс. т (1993). Вырошчваюць таксама (млн. т, 1993) цукр. трыснёг (на Пд) — 11,9, цукр. буракі — 0,8. З-за недахопу пашы жывёлагадоўля не атрымала значнага развіцця. Гадуюць (млн. галоў) буйн. раг. жывёлу — 3,2, буйвалаў — 3,5, авечак — 3,7, коз — 3, у пустынях вярблюдаў — 0,2. Птушкагадоўля, асабліва развядзенне курэй — 38 млн. (1993). Рыбалоўства ў Ніле, азёрах і морах — каля 200—300 тыс. т штогод. Здабыча каралаў, жэмчугу, губак. З галін прамысловасці найб. значэнне мае горназдабыўная. Аснову складае нафтагазавы сектар, які з’яўляецца гал. экспартнай галіной краіны. Нафта здабываецца з 1911, здабыча складае 45,6 млн. т (1991), больш за 90% яе прыпадае на ўзбярэжжа і акваторыю Суэцкага зал.; здабыча прыроднага газу — каля 5 млрд. м³ (1992), пераважна ў раёне ўпадзіны Катара. Здабываецца таксама (млн. т, 1991) жал. руда — 1,1, фасфаты — 1,9, марганец, каменная соль, каменны вугаль, буд. матэрыялы і інш. Вытв-сць электраэнергіі 40,5 млрд. кВтгадз (1991), у т. л. каля 20% дае Асуанская ГЭС. Буйныя ЦЭС у Шубрыэль-Хейме, Каіры, Александрыі, інш. вял. гарадах працуюць на нафце і газе. Сярод галін апрацоўчай прам-сці вядучае месца займае харчовая і харчасмакавая. Выпускаецца шырокі асартымент іх прадукцыі (1991): цукар (1,1 млн. т, гал. цэнтры Ком-Омба, Ідфу, Армант), тытунёвыя вырабы (Каір, Александрыя, Гіза, Эль-Фаюм), плодаагароднінныя кансервы, алей (Даманхур, Танта, Эль-Мансура, Бені-Суэйф), вытв-сць мукі (каля 3,4 млн. т штогод), піва, сіропаў, сокаў, глюкозы. Развіты таксама рысаачышчальная (Эль-Мансура, Дум’ят, Эль-Махала-эль-Кубра) і рыбакансервавая (Дум’ят) прам-сць. Другое месца займае лёгкая прам-сць, асабліва тэкст., якая працуе на мясц. сыравіне. Гал. цэнтры Каір, Александрыя, Эль-Махала-эль-Кубра і інш. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў Танце, Эль-Мансуры, Дум’яце, Бені-Суэйфе, шаўкаткацкія ў Хелуане, воўнапрадзільныя ў Танце, Эль-Міньі, Эль-Фаюме. Шырока развіты гарбарна-абугковая (Александрыя, Каір, Дум’ят, Эль-Фаюм, Асьют), швейная і трыкатажная галіны. Вытв-сць дываноў у Даманхуры і Асьюце, саматужная вытв-сць нац. адзення ў Танце, маст. рамёствы ў Каіры, Бені-Суэйфе, Эль-Міньі. Трэцяе месца ў структуры прам-сці належыць хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі Александрыя, Суэц, Каір, Порт-Саід. Развіта вытв-сць мінер. угнаенняў (фасфарытных і азотных) у Каіры, Кафр-эз-Заяце, Суэцы, Асьюце, гумавая прам-сць і вытв-сць аўтапакрышак у Александрыі. Атрымліваюць таксама соду, кіслоты, пластмасы і інш. хім. прадукты. Металург. прам-сць прадстаўлена Хелуанскім металург. камбінатам поўнага цыкла, прадпрыемствамі ў Каіры, металург. з-дам па вытв-сці акатышаў у Александрыі, алюмініевым камбінатам у Наг-Хамады. Металаапр. прадпрыемствы ў Каіры і Ісмаіліі. Машынабудаванне развіта параўнальна слаба: ёсць невял. вытв-сць чыг. вагонаў, аўтобусаў, легкавых і грузавых аўтамабіляў, самалётаў (зборка з прывазных дэталей), электратэхн. абсталявання, тэле- і радыёапаратуры. Асн. цэнтры Хелуан, Каір, Александрыя. Цэнтры суднабудавання і суднарамонту Александрыя, Суэц, Порт-Саід. Развіты ваен. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, асабліва цэменту (каля 18 млн. т штогод, Александрыя, Хелуан, Асьют), па экспарце якога Е. займае адно з вядучых месцаў у свеце. Каля паловы прамысл. прадукцыі краіны выпускаецца ў Каіры і Александрыі. Транспарт. Е. мае добра развітую сетку трансп. шляхоў у асноўным у даліне і дэльце Ніла, па ўзбярэжжы Міжземнага м. і ўздоўж Суэцкага канала. Даўж. чыгунак 8,6 тыс. км, з іх 4,4 тыс. шырокакалейных, аўтадарог 38 тыс. км, з іх 15 тыс. км асфальтаваных. Даўж. суднаходных шляхоў па Ніле, каналах і пратоках дэльты складае 4 тыс. км. Знешнія гандл. сувязі праз порты Александрыя, Порт-Саід, Суэц. Танаж гандл. флоту каля 1 млн. т. Велізарнае трансп.-гандл. значэнне мае Суэцкі канал, праз які штогод праходзіць 16—20 тыс. суднаў з грузам каля 100 млн. т. Даход ад эксплуатацыі канала складае каля 2 млрд. дол. штогод. Е. мае адмоўны гандл. баланс. Штогадовы экспарт 5—6 млрд. дол. ЗША. Экспартуюцца нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прадукцыя горназдабыўной прам-сці, цэмент, алюміній, бавоўна, фрукты і гародніна, некат. харч. прадукты і інш. Штогадовы імпарт каля 15 млрд. дол. ЗША. Імпартуюцца пераважна харч. і хім. прадукты, машыны і трансп. сродкі. Асн. гандл. партнёры: па экспарце — Італія (15%), ЗША (11%), Грэцыя (8%), Сінгапур (6%), Германія (5%); па імпарце — ЗША (22%), Германія (10%), Італія (9%), Францыя (8%), Японія (6%). Гандаль з Рэспублікай Беларусь нязначны, у асобныя гады дасягае 2—3 млн. долараў: імпартуюцца грузавыя аўтамабілі, трактары, металарэзныя станкі, экспартуюцца абутак і цытрусавыя. Вялікае значэнне для эканомікі Е. мае замежны турызм і адпачынак. Арганізаваны зімовы адпачынак на ўзбярэжжах мораў. Штогод краіну наведвае каля 3 млн. турыстаў, даход каля 3 млрд. долараў. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу, істотнае значэнне для фінансавага стану маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — егіпецкі фунт.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 436 тыс. чал. (1997) і складаюцца з сухап. войск (310 тыс. чал.), ВПС (110 тыс. чал. у пач. 1995, 551 баявы і вучэбна-баявы самалёт) і ВМС (20 тыс. чал. у пач. 1995, 48 баявых караблёў, у т. л. 8 падводных лодак, і 41 баявы катэр). Стратэг. сілы налічваюць 2,4 тыс. ракет рознага прызначэння. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэрмін ваен. службы — 3 гады (ва ўсіх родах войск). Нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з цэнтр. сіл бяспекі (300 тыс. чал.), нац. гвардыі (60 тыс. чал.), пагран. корпуса (12 тыс. чал.), атрадаў «абароны і бяспекі» (60 тыс. чал.), берагавой гвардыі (7 тыс. чал.). Агульная колькасць рэзерву — 254 тыс. чал. (канец 1994).

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне бясплатнае. Нізкі ўзровень жыцця, клімат, дрэнныя сан. ўмовы і нерацыянальнае харчаванне — прычыны развіцця хвароб, што маюць эпідэмічны характар. Дзеці да двухгадовага ўзросту падлягаюць абавязковай вакцынацыі супраць воспы, дыфтэрыі, туберкулёзу, поліяміэліту. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,8, жанчын 63,8 года. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 515 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 1472 чал. Узровень нараджальнасці — 28 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,9%. Дзіцячая смяротнасць 71 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. У 1953—57 у Е. прыняты законы, якія заклалі асновы новай нац. сістэмы адукацыі. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя) для дзяцей ва ўзросце 4—5 гадоў, абавязковыя пач., падрыхтоўчыя і старэйшыя школы, прафес. вучылішчы, сярэднія спец. навуч. ўстановы, ВНУ. Пач. школа 6-гадовая (ёсць прыватныя), у ёй вучацца дзеці ва ўзросце 6—12 гадоў. Падрыхтоўчая школа (тэрмін навучання 3 гады; дзеці 12—15 гадоў) дае няпоўную сярэднюю адукацыю; мае 2 кірункі — агульны і тэхнічны. Старэйшая школа (50% прыватных; тэрмін навучання 3 гады, навучэнцы ад 15 да 17 гадоў) дае поўную сярэднюю адукацыю. У 1-ы год навучання заняткі вядуцца па адзінай праграме; потым вучні размяркоўваюцца па прыродазнаўча-матэм. і гуманітарным аддзяленнях. Прафес. адукацыя (3 гады навучання) на базе падрыхтоўчай школы. У сістэме вышэйшай адукацыі 8 ун-таў, 14 спец. ВНУ, з іх 5 мастацкіх, у т. л. Акадэмія араб. музыкі (з 1932) у Каіры. Буйнейшыя ун-ты: Айн-Шамс (з 1950), мусульм. аль-Азхар (рэарганізаваны ў 1961) у Каіры, Александрыйскі (з 1942), ун-т у г. Танта і інш. Найб. б-кі: Нац. (з 1870) у Каіры, Александрыйская гарадская, б-кі Каірскага і Александрыйскага ун-таў. Найб. музеі: Егіп. нац. (з 1858), музеі ісламскага (з 1881) і сучаснага (з 1920) мастацтва, Геал. (з 1899), егіп. цывілізацыі (з 1939) — усе ў Каіры, грэка-рымскіх старажытнасцей (з 1892) і Марскі (з 1948) у Александрыі. Навук. даследаванні праводзяцца ў галіновых цэнтрах і лабараторыях адпаведных мін-ваў, НДІ, ва ун-тах і навук. ін-тах пры іх, у Нац. даследчым цэнтры (з 1956) пры н.-д. і тэхнал. Акадэміі. Дзейнічаюць Ін-т Егіпта (з 1798) у Каіры і Акадэмія араб. мовы (з 1932) у Гізе.

Друк, радыё, тэлебачанне. Друк Е. (усе перыяд. выданні) падпарадкаваны Найвышэйшай радзе прэсы. Цэнтр выдавецкай дзейнасці краіны — г. Каір. Найб. папулярныя і ўплывовыя выданні: штодзённыя газеты «Аль-Ахрам» («Піраміды, з 1876), «Аль-Ахбар» («Паведамленні», з 1952), «Аль-Гумхурыя» («Рэспубліка», з 1953). Гал. інфармацыйнае агенцтва — Блізкаўсходняе агенцтва навін (з 1955) — рыхтуе рэгулярныя паведамленні на араб., англ. і франц. мовах. Радыё (з 1928) і тэлебачанне (з 1960) падпарадкаваны Егіпецкай карпарацыі радыёвяшчання і тэлебачання. Радыё штодзённа мае 300 гадзін вяшчання на араб., англ., франц., арм., ням., грэч., італьян., яўр. і розных афрыканскіх мовах, тэлебачанне — 22,5 гадз вяшчання па 3 каналах. У Е. дзейнічае Блізкаўсходняе радыёвяшчанне (з 1964), якое трансліруе камерцыйную праграму з Лондана.

Літаратура. Традыцыйна развівалася на арабскай мове ў цеснай сувязі з л-рамі Лівана, Сірыі і інш. арабскіх краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл. Арабская культура). Працэс абнаўлення літ. і культ. жыцця Е. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. звязаны з дзейнасцю ранніх асветнікаў — заснавальніка Школы перакладу (1836) Р.Р. ат-Тахтаві, заснавальніка Нац. б-кі А.​Мубарака, А.​Факры і інш. У 1870—1919 вызначальны ўплыў на грамадскую думку і станаўленне новай егіп. л-ры зрабілі ідэолагі мусульм. рэфармацыі М.​С.​Джэмаль-ад-дзін аль-Афгані, М.​Абда, прыхільнік эмансіпацыі жанчын К.​Амін, заснавальнік нац. партыі «Ватан» М.​Каміль. Побач з публіцыстыкай развівалася звязаная з ёй ідэйна, але традыц. па форме паэзія М.С. аль-Барудзі, Я.​Сану, Ісхака Адзіба, В.​Йекуна, А.​Шаукі і інш. У пошуках сродку прапаганды сваіх поглядаў егіп. асветнікі звярталіся да тэатра. Яго рэпертуар напачатку складаўся з перакладаў і апрацовак (звычайна з перанясеннем дзеяння ў Е.) драм У.​Шэкспіра, П.​Карнеля, Мальера, В.​Гюго. У 1880-я г. арыгінальныя драмы стварылі А.​Надзім («Бацькаўшчына» і «Арабы»), Каміль («Заваяванне Андалусіі»). Пачынальнікам жанру гіст. рамана сталі ліванскія эмігранты Дж.​Зейдан і Антун Фарах. У пач. 20 ст. з’явіліся асветніцкія аповесці Хафіза Ібрахіма, М. аль-Мувайліхі і інш. Важным этапам на шляху да рэаліст. прозы сталі аповесць «Зейнаб» М.​Х.​Хайкаля і зб, апавяданняў «Што вочы бачаць» заснавальніка школы егіп. навелістыкі Мухамеда Тэймура. З уздымам нац.-вызв. руху ў 1919—21 пачынаецца навейшы перыяд у гісторыі егіп. л-ры. Узніклі абноўленыя паэт. формы. У паэзіі ўсталяваўся рамантызм, прадстаўнікамі якога былі літ. групы «Паэты Дывана» (А.М. аль-Акад, А.​Шукры і інш.), «Паэты Вадаспаду» (А.​Хільмі) і «Апалон» (А.З. Абу Шадзі, І.​Нагі, А.​М.​Таха), у прозе — рэалізм (апавяданні Махмуда Тэймура, аповесць «Дні» Хусейна Таха, навелы А.​Х.​Саіда, М.​Т.​Лашына і інш.). У драматургіі 1920—30-х г. побач з гістарычнымі паяўляюцца творы сучаснай тэматыкі (п’есы Т. аль-Хакіма, Мухамеда Тэймура, А.​Язбека), у прозе развіваецца рамант. кірунак (раманы «Вяртанне духа» аль-Хакіма і «Ібрахім-журналіст» І. аль-Мазіні). У перыяд рэакцыі і спаду нац.-вызв. руху (1930-я г.) у л-ры сталі адчувальнымі песімістычныя настроі, матывы адчаю (сімвалісцкія драмы «Спячыя ў пячоры», «Шэхеразада» аль-Хакіма, аповесць «Кліч няведамага» Махмуда Тэймура, навелы Я.​Хакі). Пасля перамогі нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 вядучае месца ў л-ры занялі «новыя рэалісты», асн. тэма творчасці якіх жыццё і барацьба простых людзей (зб. апавяданняў А. аль-Хамісі, аповесць «Грэх» Ю.​Ідрыса, раманы «Зямля», «Ускраінныя вуліцы» А. аш-Шаркауі). У раманах Н.​Махфуза «Новы Каір», «Пачатак і канец», трылогіі «Бейн аль-Касрэйн» паказана шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Паэзія 1950-х г. прадстаўлена творчасцю аш-Шаркауі, С. Абд-ас-Сабура, А.​Хігазі і інш. Расчараванне грамадства, асабліва пасля паражэння Е. ў вайне з Ізраілем у 1967, выклікала настроі адчаю і бязвер’я. Адыход ад сац. праблематыкі, замыканне ў рамках суб’ектыўных перажыванняў, матывы адчужэння характэрныя для навелістыкі М.​Х.​Рагаба, Д. аш-Шаркауі. Пошукі і эксперыменты ў галіне формы пашырылі маст. магчымасці прозы, узбагацілі яе ў жанравых адносінах. Рэаліст. проза 1970-х г. спалучала псіхалагізм з фалькл. вобразнасцю, дакументальнасць з прыёмамі гратэску (сатыр. раманы «Хроніка вуліцы аз-Заафарані» Г. аль-Гітані, дакумент. аповесць «Гэта адбываецца ў Егіпце ў нашы дні» М.Ю. аль-Куайіда).

Архітэктура. З прыходам арабаў (639) у архітэктуры Е. адбыўся ўздым, звязаны з утварэннем новай сталіцы Фустат (640) і інтэнсіўным культавым і свецкім буд-вам новага тыпу. Першыя араб. гарады мелі характар вайск. лагера; гал. элементамі арх. ансамбля сталі мячэці, палацы, грамадскія лазні і памяшканні для гарнізона. Прамавугольныя кампазіцыі гар. забудовы абносілі мурамі. Сярод найб. ранніх пабудоў — мячэць Амра ў Фустаце (641—642, перабудавана ў 9 ст.). Прыкладам сталай егіп. архітэктуры была мячэць Ібн Тулуна ў Каіры (876—879), якая адаптавала традыцыі копцкага мастацтва і пярэднеазіяцкага буд-ва: уключала 5-нефавую шматкалонную залу для малення, ад крытую ва ўнутр. квадратны ў плане двор, абкружаны арачнымі галерэямі. Ёй характэрны смеласць і прастата прасторавага вырашэння, веліч манум. аб’ёмаў. У перыяд Фатымідаў (10—12 ст.) Каір набыў абарончы выгляд, пабудаваны гар. муры і брамы з квадратнымі і паўкруглымі зубчастымі вежамі. У сакральнай архітэктуры з’явіліся Т-падобны трансепт, дэкар. распрацаванасць і акцэнтаванасць парталаў-уваходаў і мінарэтаў, што фланкіравалі будынкі т.зв. калоннага тыпу (мячэці аль-Азхар, 970—972; аль-Хакім, 990—1013). Раннефатымідскія маўзалеі былі квадратныя ў плане, з аркай у цэнтры кожнага фасада і купалам на 8-гранным барабане (група маўзалеяў Саб’а Банат у Фустаце). Больш познія часам мелі круглую камеру, якая абкружалася з трох бакоў галерэяй, і 3 міхрабы; у канструкцыі тромпаў і ветразяў з’явіліся сталактыты (маўзалей Ум Кульсум у Каіры, 1122). Пры Айюбідах (12—13 ст.) і Мамлюках (13—15 ст.) на змену квадратным у плане мячэцям прыйшлі складаныя арх. комплексы. якія звязвалі ў адзіны ансамбль залу для малення, медрэсэ, маўзалеі і інш. (комплексы султанаў Калауна, 1284—85, і Каіт-бея, 1472, у Каіры). Маўзалейная ч. пабудовы заўсёды мела высокі купал на барабане і фланкіравалася шмат’яруснымі мінарэтамі ў выглядзе шматгранных ці круглых вежаў з абходнымі балконамі і верхняй пляцоўкай-«ліхтаром» пад купалападобным завяршэннем. Строгасць манум. форм спалучалася з багаццем дэкору (мячэць-медрэсэ султана Хасана ў Каіры, 1356—63). У перыяд Асманскай імперыі (16—18 ст.) мячэці ўзводзіліся на ўзор турэцкіх: цэнтрычныя буйнамаштабныя пабудовы з вял. паўсферычнымі купаламі і мінарэтамі з вострымі завяршэннямі (мячэць Сінан-пашы ў Каіры, 1571). Архітэктура Е. сярэдзіны 19—1-й пал. 20 ст. звязана з еўрап. стылямі (мадэрн, канструктывізм і інш.): будынкі Егіп. нац. музея ў Каіры (1902, франц. арх. М.​Дурньён), Вікторыя-каледжа (1950-я г., амер. арх. Дж.​Полтак) і інш. З 1950-х г. развіваецца арх. забудова новых адм. і жылых раёнаў гарадоў (тэлевізійная вежа і будынак Лігі араб. краін у Каіры). З’явілася нац. школа архітэктуры, якая распрацоўвае сучасныя праекты з улікам кліматычных асаблівасцей і мясц. традыцый горадабудаўніцтва (С.​Карым, А.​Сідкі, Н.​Хебіб, М.​Амар і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Самыя раннія з вядомых узораў мастацтва мусульм. Е. адносяцца да фатымідскай эпохі: фрагменты фрэскі з лазні ў Фустаце (10—11 ст.), прыклады разьбы па камені, дрэве і слановай косці з фігуратыўнымі выявамі (фрызы з Фатымідскага палаца ў Каіры, канец 10 — пач. 11 ст.), мініяцюры (малюнак тушшу з фігурамі двух воінаў, 11 ст.; ілюстрацыі да рукапісу «Макамат» аль-Харыры, 1337). У стылістыцы адчуваецца пераасэнсаванне копцкіх і эліністычных традыцый у новым ісламскім вобразе. У дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковага Е. асаблівае развіццё атрымалі тканіны з вышытым, тканым ці набіваным узорам; кераміка, размаляваная люстрам і каляровымі палівамі (9—12 ст.), посуд з горнага хрусталю (10—12 ст.), вырабы са шкла з размалёўкай каляровымі эмалямі (свяцільнікі для мячэцей, 13—15 ст.), бронзавыя фігуры («грыфон», 11—12 ст.). 13—15 ст. — росквіт разьбярства з геам. і расл. арнаментам (пераносныя міхрабы, падстаўкі для Карана і інш.). У вырабах 10—12 ст. у дэкоры часта выкарыстоўвалі выявы людзей і жывёл, пазней дамінавалі арабескі. Сучаснае выяўл. мастацтва Е. сфарміравалася ў канцы 19 ст. разам з нац.-вызв. рухам. Яго станаўленне звязана і з засваеннем еўрап. маст. культуры і са спробамі адраджэння стараж. нац. традыцый. Гэта тэндэнцыя характэрна для творчасці буйнейшага тагачаснага егіп. скульптара М.​Мухтара. (манумент «Абуджэнне Егіпта» ў Каіры, 1919—28). Жывапіс зазнаў уплывы імпрэсіянізму, фавізму. італьян. і франц. акадэмізму. Заснавальнікі сучаснага егіп. жывапісу А.​Сабры, М.​Нагі, М.​Саід працавалі ў рэаліст. манеры. У 2-й пал. 20 ст. разам са спробамі авангардысцкага пераасэнсавання еўрап. мастацтва ў творчасці Г.​Сіры, С.​Абдэль Расула, Т.​Хусейна, А.Г. аль-Газара, С.​Рэды развіваецца тэматыка нар. жыцця. Пашырылася роля станковай і кніжнай графікі (Х.​Фаўзі, А. аль-Вафі і інш.). Развіваюцца традыц. віды прыкладнога мастацтва: разьба па дрэве, метале, косці, ткацтва, кераміка і інш.

Музыка Е. вядома з глыбокай старажытнасці (гл. ў арт. Егіпет Старажытны). Да нашага часу захавалася выпрацаваная на працягу многіх стагоддзяў традыц. музыка. Яе асн. жанры — працоўныя, лірычныя, вясельныя, радзінныя, пахавальныя песні, танц. песні з воплескамі і характэрныя для Верхняга Е. эпічныя песні-паданні. Мелодыка песень Ніжняга Е. заснавана на 7-ступенных гукарадах, на астатняй тэр. пераважае пентатоніка. Сярод муз. інструментаў: мізмар (тып лютні), аргуль (падвойны кларнет), флейты, барабаны дарабука або хока, табл баладзі (вял. барабан), рык (бубен), кусат (талеркі); з 7 ст. пашыраны араб. інструменты — уд, рэбаб, канун (стр. шчыпковыя), най (падоўжаная флейта). Сфарміравалася сістэма макамаў — макамат (пэўны прынцып музіцыравання і яго асобныя праявы). У эпоху сярэдневякоўя пашырыліся розныя віды свецкай араб. класічнай музыкі (захаваліся і цяпер): вак. жанры касыда, мувашшах, інстр. таксім і інш. У 18—19 ст. у муз. практыку ўвайшлі інстр. ансамблі тахт. Адным з найважнейшых муз. жанраў стаў дор (разгорнутая вак. кампазіцыя; выконвалася спеваком-мутрыбам, інстр. ансамблем і хар. групай). У 19 ст. ў музыку пачалі пранікаць элементы еўрап. муз. культуры, створаны муз. школы з еўрап. выкладчыкамі. У 1869 у Каіры адкрыўся першы на Афрыканскім кантыненце оперны т-р, дзе выступалі артысты з Еўропы (у 1871 тут пастаўлена опера Дж.​Вердзі «Аіда», напісаная па заказу егіп. ўрада). Пачалі наладжвацца канцэрты, узніклі канцэртныя жанры. У 1910—20 склаўся жанр араб. аперэты (буйнейшы майстар С.​Дэрвіш). У 1914 у Каіры заснаваны муз. клуб (з 1929 Ін-т арабскай музыкі), у 1927 — Муз. т-ва Е. У 1930-я г. паявіліся муз. кінафільмы, створаныя пры ўдзеле спевака, кампазітара, акцёра і рэжысёра М. Абд аль-Вахаба і спявачкі У.​Кульсум. З 1930-х г. фарміруецца сістэма муз. адукацыі, у 1940—50-я г. прафес. кампазітарская школа (у 1955 засн. Саюз прафес. музыкантаў). Сярод кампазітараў А.​Б.​Хайрат, М.​Р.​Гарана, ГА.​Рахім і інш. Нац. муз. кадры рыхтуюць Каірская кансерваторыя (з 1959) і яе філіял у Александрыі, Ін-т араб. музыкі, Каірскі ін-т муз. выхавання і інш. Працуюць Каірскі оперны т-р, сімф. аркестр Каірскага радыё, аркестр араб. класічнай музыкі, Егіпецкая нац. трупа нар. мастацтва і інш.

Тэатр. Вытокі тэатра ў пахавальным рытуале з дыялогамі багоў, ролі якіх выконвалі жрацы, а таксама ў нар. святах у гонар багоў у суправаджэнні прадстаўленняў на міфалагічныя сюжэты. Падобныя прадстаўленні разыгрываліся ў эпоху Стараж. царства. У сярэднія вякі ў Е. існаваў ценявы т-р, вядомым дзеячам якога быў Ібн Даніял, пазней узнік лялечны т-р. У 19 ст. ў краіне гастраліравалі франц. і італьян. трупы. У 1869 Якуб Сану (псеўд. Абу Назара) стварыў першую нац. трупу і паставіў у Каіры сваю аперэту на араб. мове. У 1869 у Каіры пабудаваны т-р оперы. У 19 ст. з ліку інтэлігенцыі і вучнёўскай моладзі складаліся шматлікія аматарскія тэатр. калектывы. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. трупы пад кіраўніцтвам Сану, С.​Накаша, С. аль-Кардахі, Ісхака Адзіба і інш. (кожны з іх быў адначасова драматургам, рэжысёрам, акцёрам і, як правіла, уладальнікам трупы). Вял. значэнне для развіцця т-ра мелі пераклады твораў Мальера, У.​Шэкспіра, П.​Карнеля і інш. Т-р актыўна развіваўся ў 1910—20-я г.; ствараліся муз. і драм. трупы, ставіліся гіст. драмы. Папулярнасць набыла п’еса «Незвычайны госць» Т. аль-Хакіма (1918). У 1919 ён стварыў трупу, якая паспяхова працавала шмат гадоў. У 1930-я г. арганізаваны Вышэйшы к-т па развіцці араб. тэатр. мастацтва, у 1935 — першая дзярж. Нац. трупа. У 1944 засн. Арабскі ін-т т-ра. У 1950-я г. станаўленне нац. драматургіі садзейнічала арганізацыі дзярж. і прыватных труп. У 1958 у Каіры адкрыты т-р лялек, у 1960-я г. ўзведзены тэатр. будынкі «Аль-Гумхурыя», «Аль-Эзбекія» і інш. Найб. вядомыя калектывы; Нац. т-р, Сусветны, «Масрах аль-Гейб», Таўфіка аль-Хакіма, камедыі. Сярод дзеячаў т-ра: А.​Алям, Х.​Рыяд, А.​Фарыс, А.​Гаміль і інш. У рэпертуары нац. і перакладная класічная драматургія. Другі тэатр. цэнтр Е. — г. Александрыя. Тэатры дзейнічаюць у гарадах Даманхур, Танта, Порт-Саід і інш. У Каіры функцыянуе Ін-т тэатр. мастацтва, створаны ў 1952 на аснове Араб. ін-та т-ра.

Кіно. З 1897 замежныя рэжысёры і аператары здымалі кароткаметражныя хранікальныя, з 1917 і ігравыя фільмы. У 1925 у Каіры пабудавана першая кінастудыя «Міср». З 1927 кінавытворчасць стала сістэматычнай. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г.муз. фільмы. У 1940-я г. экранізаваліся літ. творы і нац. легенды, з’явіліся фільмы на тагачасныя і гіст. сюжэты (рэжысёры А.​Бадрхан, С. Абу Сейф, Х.​Сідкі і інш.). У 1950-я г. ставіліся фільмы, прысвечаныя сац. і культ. пераўтварэнням, зменам у свядомасці людзей: «Джаміля», «Зямля», «Вярні мне жыццё» (у пракаце «Зноў жывы»), «Людзі на Ніле» (разам з СССР), «Мумія» і інш. Выпускаліся таксама меладрамы, камедыі, муз. фільмы. Кінематаграфія Е. набыла міжнар. вядомасць. У 1959 у Каіры адкрыты кінаінстытут. У пач. 1960-х г. кінавытворчасць Е. нацыяналізавана. Нягледзячы на крызісную сітуацыю ў кінематографе 1970—80-х г., прагрэс. дзеячы кіно працягвалі ствараць высокамаст. стужкі: «Народная лазня» (1972), «Ваданос мёртвы» (1977), «Бандыты» (1980), «Трубадур» (1981) і інш. Сярод акцёраў — Ф.​Шаукі, Э.​Хамзі, Н. аш-Шарыф, М.​Малігі, актрыс — Шадзія, Ф.​Хамама, Магда, С.​Хусні, Н.​Ібрахім, рэжысёраў — С.​Іса, А.​Фахмі. Працуюць кінастудыі «Міср», «Аль-Ахрам», «Ан-Ніл», «Галаль», «Насібіян».

Літ.:

Беляев И.П., Примаков Е.М. Египет: время президента Насера. М., 1974;

Князев А.Г. Египет после Насера, 1970—1981. М., 1986;

Васильев А.М. Египет и египтяне. М., 1986;

Голдобин А.М. Национально-освободительная борьба народа Египта. 1918—1936 гг. М., 1989;

Кошелев В.С. Египет: уроки истории... (1879—1981). Мн., 1984;

Яго ж. Египет от Ораби-паши до Саада Заглула, 1879—1924. М., 1992;

al-Sayyid Marsot A.L. A Short History of Modern Egypt. Cambridge, 1993;

Коцарев Н.К. Писатели Египта, XX в. М., 1975;

Хавас Э.-С. М.А. Современная арабская народная песня: (Пер. с араб.] М., 1970;

Еолян И.Р. Очерки арабской музыки. М., 1977.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя, узброеныя сілы), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Егіпта.
Да арт. Егіпет. Руіны г. Порт-Саід пасля налёту англійскай ваеннай авіяцыі. 1956.
Да арт. Егіпет. М.​Саід. Горад.
Да арт. Егіпет. Танец «Сіва» ў выкананні ансамбля народнага танца «Рэда».
Да арт. Егіпет. М.​Мухтар. Дзяўчына з Шалаля.
Да арт. Егіпет. А.Г. аль-Газар. Жанчына-дэрвіш.
Да арт. Егіпет. Х.​Фаўзі. Праца.
Да арт. Егіпет. Г.​Сіры. Ніл каля вострава Замалек.
Да арт. Егіпет. Будынак Лігі арабскіх краін.
Да арт. Егіпет. Каірская тэлевізійная вежа. 1950-я г.
Да арт. Егіпет. М.​Мухтар. Сялянка са збанам.
Да арт. Егіпет. С.​Рэда. Лялька.
Да арт. Егіпет. Тэатр лялек у Каіры (сцэна са спектакля).

т. 6, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́КСІКА (México, Méjico),

Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на Пд Паўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак. Пл. 1958,2 тыс. км². Нас. 98,6 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.

Прырода. М. размешчана ў паўд. ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч. тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн. кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.

Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.

Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс. ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн. ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс. г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс. н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс. н.э. на тэр. паўд. М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст. н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г. Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс. км² з нас. 5—6 млн. чал., але была нетрывалай.

У 1517 ісп. канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.​Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.​Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марэлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч. тэр. М., у т. л. г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.​Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.​Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.​Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.

У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл. Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.

Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.​Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.​Абрэгона (1920—24) і П.​Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.​Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.​Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.​Алемана (1946—52), А.​Руіса Картынеса (1952—58), А.​Лопеса Матэаса (1958—64), Г.​Дыяса Ордаса (1964—70), Л.​Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.​Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.​Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш. міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст. нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш. Асн. прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.

Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасці гал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн. т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд. м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн. т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн. т жал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс. т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн. т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд. кВтгадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн. т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн. т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс. т хім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн. т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст. прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн. т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн. га, арашаецца 6 млн. га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн. га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс. т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс. т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс. т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн. га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс. т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс. км, чыгунак — 26,5 тыс. км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс. км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд. дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн. гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс. чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс. чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс. чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс. чал., у т. л. 8,6 тыс. чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.

Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес. пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац. аўт. ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал. ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац. б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс. нац. аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш. Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.

Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.​Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.​Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.​Ландывара, Ф.​Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.​Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.​Х.​Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.​Акуньі, Г.​Прыета, раманы В.​Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.​Пайна, «Астусія...» Л.​Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв. кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.​М.​Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап. мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.​Х.​Атон, С.​Дыяс Мірон, М.​Гуцьерэс Нахера, А.​Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.​Фрыяса, «Надзел» Х.​Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.​Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.​Л.​Гусман, Г.​Лопес-і-Фуэнтэс, Х.​Р.​Рамера, Р.​Ф.​Муньёс, Н.​Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.​Мансісідора, п’ес Р.​Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.​Лопеса Велардэ, Э.​Гансалеса Мартынеса, К.​Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.​Васканселаса і А.​Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.​Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.​Яньес, Х.​Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.​Кастэльянас), літ. крытыка (Х.​Л.​Мартынес, А.​Кастра Леаль, Э.​Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.​Шэрман.

Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст. н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп. арх. матывы з нар. дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.​Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.​Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац. арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.​Арай, К.​Ласа, М.​Пані, А.​Прыета, П.​Рамірэс Васкес, Э.​Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.​Гёрыц, Х.​О’Горман, Л.​Бараган і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.​Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.​Тальса, Ф.​Э.​Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.​Г.​Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.​М.​Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.​Бустас, Х.​М.​Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.​Кардэра, у скульптуры — М.​Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г. найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.​Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.​Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.​Бельтран, А.​Гарсія Бустас, А.​Кінтэрас, Мендэс, П.​О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.​Арэнас Бетанкур, К.​Брача, Г.​Руіс, у станковым жывапісе — Р.​Тамаё. Нар. дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.

Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц. муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.​Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.​Кастра, А.​Артэга і інш. Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.​Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.​Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.​Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.​Аяла Перэс, Б.​Галінда Дымас, Х.​П.​Манкаё, С.​Кантрэрас і інш. Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.​Сандзі, М.​Берналь Хіменес, К.​Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.​Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.​Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац. сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.

Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс. т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.​Гансалес дэ Эслава і Х.​Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс. т-ра паўплывалі драматургі Х.​Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.​Э.​Гарастысы, Ф.​Гамбоа, Х.​Х.​Гамбоа, М.​Даваласа, Х.​Х.​Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.​Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.​Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.​М.​Дыеса Бараса, Х.​Вільяўрутыі, С.​Гарастысы, Р.​Усіглі, М.​Магдалена, С.​Нова. У 1946 у Мехіка засн. Нац. ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс. т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.​Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.​Соле, Г.​Брача, І.​Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.​Т.​Мантоя, А.​Гомес дэ ла Вэга, К.​Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рэформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар. т-р на адкрытым паветры.

Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.​Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.​Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.​Эйзенштэйна і аператара Э.​Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.​Брача, К.​Вела, Р.​Гавальдон, А.​Галінда, Э.​Гомес Мурыэль, М.​Кантрэрас Торэс, К.​Навара, І.​Радрыгес, М.​Сакарыяс; акцёраў — П.​Армендарыс, Кантынфлас, Х.​Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.​Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп. рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.​Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.​Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.​Касальс) і інш. Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.​Лопес Тарса, М.​Фелікс, аператар Г.​Фігероа і інш. У 1983 засн. Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».

Літ.:

Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;

Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;

Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;

Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ. М., 1949;

Культура Мексики. М., 1980;

Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;

Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;

Пичугин П.А. Мексиканская песня. М., 1977;

Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), Л.​А.​Сівалобчык (музыка), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкар.-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Мексікі.
Да арт. Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.
Да арт. Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.
Да арт. Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.
Да арт. Мексіка. Пляж у г. Акапулька.
Да арт. Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.
Да арт. Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.
Да арт. Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.
Да арт. Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.​Манэ. 1867.
Да арт. Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.
Да арт. Мексіка. Д.​Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.
Да арт. Мексіка. Д.​Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.
Да арт. Мексіка. А.​Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.

т. 10, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)