Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬШАНСКІ ПАЛА́Ц, Гальшанскі замак,
помнік палацава-паркавай архітэктуры. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.) П.Сапегам на мяжы 16—17 ст.Асн. абарончую функцыю выконвалі земляныя валы і бастыёны з сістэмай абваднення. Палац — мураваны прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак з вял. квадратным унутр. дваром. Вуглы палаца былі фланкіраваны 6-граннымі вежамі. У паўн.-ўсх. крыле знаходзіцца ўязная брама, якая ў 17 — 1-й пал. 18 ст. завяршалася гранёнай вежай. Насупраць брамы размяшчалася 1-нефавая капліца, убудаваная ў паўд.-зах. крыло палаца. Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя і арачныя вокны. Сцены мелі фігурную муроўку, упрыгожаную лепкай. На ўзроўні 2-га паверха паўн.-зах. крыла з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Інтэр’еры палаца былі багата аздоблены. Перабудоўваўся ў 18—20 ст. Збярогся часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДАХІ́Н (італьян. baldacchino літар. шаўковая тканіна з Багдада),
багаты цырыманіяльны навес над тронам, парадным ложкам і інш. Запазычаны з усх. мастацтва 11 ст. У культавай архітэктуры — пераносны ці стацыянарны навес над алтаром, амбонам, спавядальняй, надмагіллем. Спачатку рабілі з тканіны, потым з дрэва, металу, каменю ў форме купала, вежачкі, эдыкулы, драпіровак на стоечных апорах ці кансольнай падвесцы. У завяршэнні меў скульптуру, султан (плюмаж), аздабляўся пазументам, махрамі, кутасамі і інш. У мастацтве готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму меў характэрную стылявую трактоўку (палац у Вілянаве, Польшча). На Беларусі высокімі маст. якасцямі вызначаліся балдахіны над амбонамі касцёлаў у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, францысканскага ў Пінску, над алтаром капліцы (не збярогся) Каралеўскага палаца ў Гродне і інш.
Балдахін над алтаром капліцы Каралеўскага палаца ў Гродне. 2-я пал. 18 ст.Балдахін у каралеўскай спальні палаца ў Вілянаве (Польшча). Канец 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУНО́ВЫ,
рускія архітэктары. Прыгонныя графаў Шарамецевых. Фёдар Сямёнавіч Аргуноў (каля 1732 — каля 1768). Прадстаўнік рус. барока. Дваюрадны брат жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве палаца Шарамецева ў Пецярбургу (1750—55). Па яго праектах пабудаваны кухонны флігель (1775), павільён «Грот» (1755—75), магчыма, аранжарэя (1761—64) у Кускове (Масква). Павел Іванавіч (каля 1768—1806). Прадстаўнік класіцызму. Сын жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве драўлянага палаца-тэатра Шарамецевых у Астанкіне (цяпер у межах Масквы, 1791—98); па яго праектах створаны інтэр’еры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́Я-ТРЫЯ́ДА (Hagia Triada),
паселішча неаліту і бронзавага веку каля в. Агія-Трыяда на в-ве Крыт, адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Захаваліся рэшткі палаца («царскай вілы»), пабудаванага мінойцамі каля 1600 да н.э. Складаўся з жылых і інш. памяшканняў, упрыгожаных фрэскамі, ванных пакояў, тэрас. Выяўлены культавае памяшканне з алтаром і ахвярныя рэчы (статуэткі, посуд і інш.), керамічны саркафаг з выявамі сцэн пахавальнага рытуалу. Заняпад Агія-Трыяды звязаны з нашэсцем ахейцаў (сярэдзіна 15 ст. да н.э.).
Да арт.Агія-Трыяда. Ваза з палаца. Каля 1500 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКА́ДА (яп., літар. велічная брама),
адзін з тытулаў японскага імператара. Паходзіць ад назвы імператарскага палаца. Выкарыстоўваўся пераважна іншаземцамі (еўрапейцамі), у Японіі ўжываецца пераважна тытул «тэна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЦІК (лац. porticus),
галерэя, якая ўтвараецца калонамі ці слупамі і завяршаецца франтонам ці атыкам; звычайна афармляе гал. ўваход у будынак. Вядомы з эпохі антычнасці (у храмах Стараж. Грэцыі, ўзводзіліся і як асобныя збудаванні), пашыраны ў стылях рэнесансу, барока, асабліва характэрныя для класіцызму. На Беларусі П. розных арх. ордэраў адыгрывалі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных і культавых пабудоў стылю класіцызму. П. дарычнага ордэра ўпрыгожвалі гал. фасад Дзярэчынскага палаца, Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, аздабляюць фасады Віцебскага палаца губернатара, Гродзенскага дома віцэ-губернатара, сядзібнага дома ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на, Гомельскага Петрапаўлаўскага сабора. П. іанічнага ордэра выкарыстаны ў палацах Сноўскага палацава-паркавага ансамбля і ў в. Хальч Веткаўскага р-на, Магілёўскім касцёле кармелітаў і інш. Своеасаблівае арх. аблічча надаюць П. карынфскага ордэра палацам у Гомелі і в. Жылічы Кіраўскага р-на. Арыгінальна трактаваны класічныя формы ў драўляных П. палацаРадзівілімонтаўскага палацава-паркавага комплексу і інш. У архітэктуры 1930—50-х г. П., у якіх творча перапрацаваны класічныя ўзоры, выкарыстоўваліся як асн. элементы кампазіцыі гал. фасадаў грамадскіх будынкаў (Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў у Мінску, будынкі абл.драм.т-ра і Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў у Гомелі). Буйныя стылізаваныя П. маюць будынкі Белдзяржфілармоніі ў Мінску, чыг. вакзала ў г. Баранавічы і інш.
Г.С.Ларкін.
Порцік будынка Вялікага тэатра ў г. Познань (Польшча).Порцік сядзібнага дома ў в. Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАХША́,
гарадзішча ва Узбекістане, якое існавала з антычных часоў да 11 ст. ў гіст. вобласці Согд (Сагдыяна). За 40 км на З ад г. Бухара. Захаваліся рэшткі гафрыраваных сцен цытадэлі, на З ад іх — палац. Выяўлены размалёўкі 7 ст. на сценах палаца (змаганне герояў з фантастычнымі жывёламі, сцэны бітваў коннікаў, палявання, урачыстасці прыёму цара); часткі палаца, пабудаваныя ў 8 ст., упрыгожаны раслінным арнаментам, фігуркамі людзей і жывёл, фантастычнымі пейзажамі і інш., выразанымі па алебастравай тынкоўцы. Знаходкі сведчаць пра сінкрэтычны характар мастацтва сагдыйцаў, дзе мясц. элементы спалучаюцца са стараж. антычнымі традыцыямі і рысамі будыйскага мастацтва.