ТО́РВАЛЬДСЕН (Thorvaldsen) Бертэль (13 або 19.11.1768 або 1770, Капенгаген — 24.3.1844),

дацкі скульптар, адзін з буйнейшых еўрап. майстроў позняга класіцызму. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (1781—93). У 1797—1838 працаваў у Неапалі і Рыме, дзе вывучаў ант. пластыку і творы Рафаэля. З 1825 прэзідэнт рымскай акадэміі св. Лукі, з 1833 прэзідэнт АМ у Капенгагене. Творы вылучаюцца строгай гармоніяй кампазіцыі, статычнасцю і стрыманасцю вобразаў, падкрэсленых віртуознай апрацоўкай мармуру: «Ясон» (1802—03), «Амур і Псіхея» (1807), партрэт графіні Е.​А.​Остэрман-Талстой (1815), «Ганімед корміць Зеўсавага арла» (1817). Выканаў грандыёзны рэльеф «Паход Аляксандра Македонскага» (1812, віла Карлота), конную статую Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1820—29; да 1920 стаяла ў Гомелі каля палаца І.​Ф.​Паскевіча), помнік Каперніку (1830, абодва ў Варшаве), надмагілле папы Пія VII у саборы св. Пятра ў Рыме (1824—31). Халодная адцягненасць і ідэалізацыя вобразаў зрабілі Т. лідэрам акадэмізму ў скульптуры 1-й пал. 19 ст.

Б.Торвальдсен. Партрэт графіні Е.​А.​Остэрман-Талстой. 1815.

т. 15, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)