Палацца Піці, помнік архітэктуры Ранняга Адраджэння ў г. Фларэнцыя (Італія). Праект палаца заказаны Лукой Піці ў 1450 арх. Ф.Брунелескі (буд-вам кіравалі інш. архітэктары). Пазней у 16 ст. палац перайшоў да Казіма Медычы, пры якім быў закончаны фасад і пабудаваны двор (1538—70, арх. Б.Аманаці), разбіты сад (т.зв. сад Баболі; з 1550, арх. Б.Буанталенці і інш.). Пазней П. быў звязаны калідорам з Палацца Век’ё (арх. Дж.Вазары). У інтэр’еры барочныя плафоны П’етра да Картоны (1640—47). Палац пашыраны ў 17—18 ст. (з 1737 належаў Латарынгскаму дому). У 1993 рэстаўрыраваны. Будынак вызначаецца аскетычнай прастатой і суровай веліччу форм. Інтэр’еры аформлены пераважна ў стылі ампір. У ім размешчаны шэраг музеяў: Палаціна галерэя, Каралеўскія апартаменты, музеі сярэбраных вырабаў, карэт, сучаснага мастацтва, галерэя касцюма, скарбніцы Медычы і епіскапаў Зальцбургскіх. На тэр. саду Баболі ў Кавалерскім доміку Музей фарфору.
Літ.:
Галерея Питти. Флоренция: [Альбом]. М., 1971.
Я.Ф.Шунейка.
Палац Піці.Да арт.Піці. Зала Праметэя галерэі Палаціна.