АМБІВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. ambo абодва + valentia сіла),
дваістасць успрымання і перажывання, калі адзін і той жа аб’ект выклікае ў чалавека процілеглыя пачуцці і ацэнкі (задавальненне і незадаволенасць, сцвярджэнне і адмаўленне). Тэрмін «амбівалентнасць» увёў у 1930 швейц. псіхіятр Э.Блейлер для вызначэння супярэчлівага псіх. стану. Рас.літ.-знавец М.Бахцін надаў яму значэнне эстэт. паняцця. Амбівалентнасць выявілася ў нар. і неафіц. культуры эпохі сярэднявечча і Адраджэння, у фальклоры, нар. мастацтве. Амбівалентныя вобразы, сюжэты і матывы характэрны для бел. і інш. архаічнай міфалогіі, сінкрэтычнай творчасці з нявыяўленай дыферэнцыяцыяй эстэт. катэгорый-апазіцый (прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Амбівалентныя гратэск і сімволіка ёсць у творчасці Ф.Рабле, М.Сервантэса, М.Гогаля, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы. У класічным мастацтве і бел.нац. фальклоры амбівалентнасць выкарыстоўваецца як дасціпны і шматзначны маст. сродак, спалучэнне прыкмет эпічнага героя і камічнага дублёра ў чарадзейных казках і легендах, нар. тэатры, прыказках і прымаўках, літ.-маст. травестацыях і пародыях (польска-бел. камедыі, інтэрмедыі 17—18 ст., ананімныя творы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). У сучасным мастацтве праяўляецца ў сатыр. жанрах (у творах А.Макаёнка, ананімнай паэме «Сказ пра Лысую гару»), цыркавой клаунадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ектавечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.
Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАРЭ́СКА (ням. Humoreske ад Humor гумар),
1) у літаратуры — невялікі вершаваны або празаічны твор жартаўлівага зместу. У яго сюжэтнай аснове звычайна смешная прыгода, камічнае быт. здарэнне, а аб’ект асмяяння — жыццёвая з’ява або загана ў чал. характары, якія не маюць адзнак сац. шкоднасці ці небяспечнасці. Эмацыянальна-стылявым ладам набліжаецца да анекдота, фабліо, фацэцыі.
2) У музыцы — музычны твор гумарыстычнага (жартаўлівага) характару, блізкі да скерца.
Першую гумарэску стварыў Р.Шуман (для фп., 1839); складаецца з шэрагу лірычных і скерцозных эпізодаў, спалучае летуценнасць з жартам. Пазней паявіліся гумарэскі рознага вобразнага вырашэння: жанрава-быт., скерцознатанц., лірычнага, гратэскавага (блізкага да бурлескі і капрычыо), салоннага характару. Вядомы гумарэскі для аркестра (Э.Гумпердынк), для 4-галосага мужч. хору а capella (Клёве).
У бел. музыцы значнае пашырэнне жанру гумарэскі звязана, верагодна, з вял. развіццём жартоўных песень і прыпевак да танцаў у нац. фальклоры. У прафес. музыцы вядомы гумарэскі для розных інструментаў, для аркестра, у фіналах сюітных цыклаў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, С.Картэса, П.Падкавырава, Р.Суруса, А.Туранкова, У.Чараднічэнкі, Л.Шлег і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРЭАЛІ́ЗМу філасофіі,
кірунак у англа-амерыканскай філасофіі пач. 20 ст. Сфарміраваўся пад уплывам шатландскай школы, філасофіі Ф.Брэнтана, А.Мейнанга (Аўстрыя), ранняга Б.Расела як рэакцыя на суб’ектыўны ідэалізм прагматызму і аб’ектыўны ідэалізм англ.неагегельянства. Тэарэтыка-пазнавальныя прынцыпы сфармуляваны англ. філосафам Дж.Мурам у арт. «Абвяржэнне ідэалізму» (1903) і развіты ў ЗША Р.Перы, У.Монтэгю, У.Марвінам, Э.Сполдынгам, У.Піткінам, Э.Холтам («Праграма і першая платформа шасці рэалістаў», 1910). У тэорыі пазнання Н. сцвярджае, што пазнавальны аб’ект можа непасрэдна «ўваходзіць» у свядомасць суб’екта, але пры гэтым не залежыць ад пазнання ў адносінах свайго існавання і прыроды («тэорыя іманентнасці незалежнага»). У анталогіі прызнае 2 формы аб’ектыўнага існавання: прасторава-часавую або толькі часавую (уласціва адпаведна фіз. і псіхічным з’явам і аб’ектам) і ідэальнае існаванне па-за прасторай і часам (агульныя паняцці і матэм. аб’екты), а таксама незалежнасць рэчаў ад тых адносін, у якія яны ўступаюць («тэорыя знешніх адносін»), «Касмалагічны» кірунак Н. прадстаўлены тэорыяй «эмерджментнай эвалюцыі» С.Александэра (Вялікабрытанія), «філасофіяй працэсу» А.Уайтхеда, халізмам Я.Смэтса. У 1930-х г. Н. страціў уплыў; на змену яму прыйшоў крытычны рэалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ГІ (Petromyzones),
падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел.мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ, смаўжы,
гастраподы (Gastropoda),
клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.
Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕ́ЙНАСЦІ,
сістэма комплекснага даследавання прычынна-выніковых сувязяў у дзейнасці суб’ектаў гаспадарання з мэтай выяўлення рэзерваў павышэння эфектыўнасці гэтай дзейнасці і выпрацоўкі аптымальных кіраўніцкіх рашэнняў; адна з асн. функцый у сістэме кіравання вытв-сцю на розных узроўнях — ад цэха прадпрыемства да мін-ва, карпарацыі. Ажыццяўляецца на аснове звестак уліку (уключаючы і аператыўны ўлік), дае магчымасць выявіць адхіленні паказчыкаў вытв.-гасп. дзейнасці ад запланаваных, вызначыць іх прычыны і прыняць неабходныя меры для рэгулявання вытв. працэсу і карэкціравання праграмы (плана). Аб’ект аналізу — вытв.-гасп. дзейнасць, прадмет — прычынна-выніковыя сувязі, што фарміруюць і змяняюць вынікі гэтай дзейнасці, метад — сістэмны і комплексны падыходы да даследавання аб’екта з выкарыстаннем адпаведных методык. У залежнасці ад узроўню і маштабу кіравання аналіз гаспадарчай дзейнасці бывае: унутрыгаспадарчы (унутрыфірменны), галіновы, міжгаліновы ці рэгіянальны, народнагаспадарчы. У залежнасці ад віду кіравання вытв-сцю вылучаюць: аператыўны аналізгасп. дзейнасці (для аператыўнага ці кароткатэрміновага кіравання), бягучы ці перыядычны аналіз (для бягучага ці сярэднетэрміновага кіравання), перспектыўны ці доўгатэрміновы аналіз (для пэўнай мэтавай сістэмы). У навук. л-ры вылучаюць і інш. віды аналізу гаспадарчай дзейнасці: у залежнасці ад абагульнення аб’екта даследавання (агульнаэканам. аналіз) ці яго дзялення (фін. аналіз), вылучэння асобных яго мэтаў (прагнозны аналіз) ці пераважных спосабаў даследавання (параўнальны аналіз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГРАФІ́ЧНАЕ КІНО́,
кіно з каляровым цалкам аб’ёмным відарысам аб’ектаў, які ствараецца метадамі галаграфіі. Перспектыўнае для выкарыстання ў тэатралізаваных паказах, навуч. працэсе, для даследавання хуткацякучых фіз. працэсаў, неразбуральнага кантролю трываласці вібрыруючых вырабаў і інш.
Здымка фільма робіцца апаратамі, якія фіксуюць на плёнцы відарысы аб’екта пад рознымі вугламі. Кожны кадр складаецца з 3 галаграм (яны фіксуюць структуру адбітай аб’ектам светлавой хвалі), атрыманых у чырвоным, зялёным і сінім колерах. Пры дэманстраванні фільма плёнку, змешчаную ў праекцыйны апарат, асвятляюць прамянямі з адпаведнай даўжынёй хвалі ад трох лазераў. У выніку на спец. экране (амаль празрыстым) узнікае бачны трохмерны відарыс такіх памераў, як на плёнцы. Праекцыйным аб’ектывам атрыманы відарыс павялічваецца да памераў, адпаведных аб’екту здымкі. Асн. прынцыпы галаграфічнага кіно распрацаваны ў 1970-я г. ва Усесаюзным н.-д. кінафотаінстытуце (Масква), дзе зняты і прадэманстраваны (1976) першы эксперым. галаграфічны фільм працягласцю каля 2 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГО́Р ЕЎРАПЕ́ЙСКІ (Anguilla anguilla),
рыба сям. вугровых атр. вугрападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўропы ад Белага да Чорнага мораў (у Міжземным м. — па афр. і азіяцкім узбярэжжах). Прахадная рыба. У рэкі і азёры Беларусі (бас. Нёмана, Зах. Дзвіны і Зах. Буга) заходзіў з Балтыйскага м. З пабудовай плацін на рэках міграцыі спыніліся, азёры (пераважна Пн Беларусі) зарыбляюцца штучна. Нар. назвы вугар, вангор.
Даўж. да 2 м, маса да 6 кг (звычайна 30—70 см, 500—800 г). Цела амаль цыліндрычнае, змеепадобнае, спіна цёмна-зялёная або бура-чорная, бакі жоўтыя, бруха жаўтаватае ці белае. Луска дробная, паглыбленая ў скуру з тоўстым слоем слізі. Корміцца дробнай рыбай, ікрой, жабамі і беспазваночнымі. Большую ч. жыцця праводзіць у прэснай вадзе (ад 6 да 25 гадоў). Для размнажэння мігрыруе ў Саргасава м. Атлантычнага ак. У моры не корміцца. Пасля нерасту дарослая рыба гіне. Лічынкі (т.зв. лептацэфалы) з Гальфстрымам і Паўн.-Атлантычным марскім цячэннем дрэйфуюць 2,5—3 гады да берагоў Еўропы. Калі ператвараюцца ў малявак (т.зв. шклопадобных вугроў), рассяляюцца па вадаёмах.
Шклопадобныя вугры імпартуюцца на Беларусь пераважна з Францыі і Вялікабрытаніі. Больш за 40 млн. малявак вугра еўрапейскага запушчана ў больш як 70 вадаёмаў (па 1980-я г.). Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТ ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,
адносна аднародны ўчастак геагр. абалонкі, які адрозніваецца заканамерным спалучэннем яе кампанентаў, а таксама комплексаў ніжэйшага таксанамічнага рангу (урочышчаў, фацый); адзін з відаў геасістэм. Вывучае Л.г. ландшафтазнаўства. Паняцце Л.г. трактуюць: як прыродны тэр. комплекс, незалежна ад яго складанасці і памераў (мясцовасць, фіз.-геагр. раён, прыродная зона); як участак зямной паверхні, індывідуальны і непаўторны ў прасторы і часе (напр., Асінаўскае балота, Асвейская града); як тыпалагічная катэгорыя, комплекс асобных участкаў пэўнай структуры і паходжання (рачныя даліны, лёсава-яравыя плато). Л.г. даследуюць у 3 кірунках: узаемадзеянне сукупнасці кампанентаў прыродных комплексаў па вертыкальных сувязях (горныя пароды, рэльеф, глебы, падземныя і паверхневыя воды, расліннасць, жывёльны свет, клімат); марфалагічная структура (урочышчаў, фацый і інш. дробных узаемазвязаных комплексаў унутры Л.г.) і гарызантальная будова (сістэмы іерархічна супадпарадкаваных ландшафтных комплексаў, якія дазваляюць праводзіць класіфікацыю Л.г. і ландшафтнае раянаванне; паслядоўная змена стану Л.г. ў часе. У наш час большасць прыродных Л.г. трансфармаваны ў антрапагенны ландшафт. Паводле функцыянальнага выкарыстання адрозніваюць Л.г.: с.-г., лесагасп., прамысловыя, гарадскія, рэкрэацыйныя, запаведныя і інш. Л.г. Беларусі адносяцца да аднаго тыпу — усх.-еўрапейскі (мяшана-лясны), унутры якога вылучаюць падтыпы: барэальны падтаежны (мяшана-лясны) і суббарэальны палескі (шыракаліста-лясны). Л. — найбольш агульны цэласны аб’ектаховы прыроды.