СЦЕ́РЛЯДЗЬ (Acipenser ruthenus),

рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Адзіны з прамысл. прэснаводных асятровых. Пашыраны ў рэках бас. Каспійскага, Азоўскага, Чорнага мораў, трапляецца ў рэках Паўн. Дзвіна, Об, Іртыш, Енісей; на Беларусі — у р. Дняпро, радзей у Прыпяці, Сажы, Бярэзіне. Занесена ў Чырв. кнігу. Гібрыд бялугі і С. — бесцер, завезены на Беларусь у 1973.

Даўж. да 125 см (звычайна 40—60), маса да 16 кг (0,5—2). Цела выцягнутае, верацёнападобнае, укрытае дробнымі касцявымі пласцінкамі. Уздоўж тулава цягнуцца 5 радоў буйных касцявых пласцінак (жучак). Рыла падоўжанае, канічнае, знізу наперадзе рота 4 махрыстыя вусікі. Хваставы плаўнік асіметрычны, канец пазваночніка загінаецца ў яго доўгую верхнюю лопасць. Корміцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу і развядзення.

Сцерлядзь.

т. 15, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)