СУ́СЛІКІ (Citellus),

род грызуноў сям. вавёркавых. Вядомы з міяцэну (каля 10—5 млн. г. назад). 36 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Насяляюць лугі, стэпы, лесастэпы, пустыні і інш. Жывуць у норах. На зіму ўпадаюць у спячку. Многія віды — пераносчыкі і носьбіты ўзбуджальнікаў чумы і інш. На Беларусі (пераважна ў паўд. ч.) трапляецца С. рабы (C. suslicus). У выкапнёвым стане ў Чачэрскім р-не знойдзены рэшткі С. вял. (C. major), інш. відаў — у Віцебскім і Гродзенскім р-нах.

Даўж. цела да 40 см, хваста да 25 см. Афарбоўка ад пясчана-вохрыстай да буравата-шэрай. Вушныя ракавіны малыя. Ногі кароткія. Расліннаедныя. Нараджаюць да 17 дзіцянят. Аб’ект промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

Суслікі: 1 — шэры; 2 — рабы.

т. 15, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)