ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I АРА́НСКІ (Willem van Oranje) Маўклівы
(24.4.1533, г. Дыленбург, Германія — 10.7.1584),
прынц аранскі (з 1544), граф насаўскі, дзеяч Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У 1559 прызначаны статхаўдэрам (правіцелем) Галандыі, Зеландыі і Утрэхта. Разам з Л.Эгмантам і Ф.Горнам узначаліў апазіцыю супраць ісп. панавання ў краіне. Пасля ўвядзення ў краіну ісп. войска пад кіраўніцтвам Ф.Альбы і ўстанаўлення дыктатуры (1567) эмігрыраваў у Германію. Адтуль на чале войска ў 1572 уступіў у Нідэрланды; быў прызначаны статхаўдэрам правінцый Штаты Галандыі і Зеландыя. Садзейнічаў заключэнню Генцкага прымірэнняпаміж католікамі і пратэстантамі (1576). Пасля заключэння Утрэхцкай уніі 1579 страціў уплыў у паўд. Нідэрландах, што прывяло да стварэння Рэспублікі Аб’яднаных правінцый (1581). Вызначаўся верацярпімасцю. Забіты ў Дэлфце каталіцкім фанатыкам Б.Жэрарам. Пасля смерці абвешчаны нац. героем Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕТУШЫ́ЦЕЛЬ,
апарат для тушэння мясц. узгаранняў. Бываюць: пераносныя (да 20 кг), перасовачныя і стацыянарныя (больш за 25 кг); хім. пенныя, паветрана-пенныя, вуглекіслотныя, вадкасныя, хладонавыя (на аснове галаідаваных вуглевадародаў) і парашковыя.
Найб. пашыраны хім. пенныя вогнетушыцелі. Пена ў іх утвараецца ад рэакцыі паміж воднымі растворамі шчолачы і сернай кіслаты. Выкарыстоўваюцца для тушэння ўзгаранняў гаручых вадкасцей і цвёрдых матэрыялаў. Вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі тушаць узгаранні электраўстановак, рухавікоў унутр. згарання, кнігасховішчаў, вадкаснымі — дрэнназмочвальных матэрыялаў (напр., бавоўны), хладонавымі — электраўстановак і тлеючых матэрыялаў, парашковымі — газаў, лёгкіх на загаранне вадкасцей, электраўстановак (да 380 В) пад напружаннем.
Вогнетушыцелі: а — вуглекіслотны (1 — вуглякіслы газ пад высокім ціскам, 2 — вентыль, 3 — шланг з раструбам для распырсквання кавалачкаў сухога лёду); б — кіслотна-шчолачны (1 — раствор бікарбанату натрыю, 2 — шкляная ампула з сернай кіслатой, 3 — сапло).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СТРАЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1392.
Заключана 5 жн. ў маёнтку Вострава каля г. Ліда паміж польск. каралём і вял. князем літ.Ягайлам і князем гарадзенскім (гродзенскім) і трокскім Вітаўтам аб перадачы апошняму ўлады ў ВКЛ. Феадалы, незадаволеныя Крэўскай уніяй 1385, аб’ядналіся вакол Вітаўта ў перыяд яго барацьбы з Ягайлам 1389—92, якая скончылася Востраўскім пагадненнем. У Вострава прыбылі Ягайла са сваёй жонкай Ядвігай, Вітаўт, князі з пануючай у ВКЛ дынастыі, бел. і літ. феадалы. Паводле пагаднення Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і фактычным кіраўніком ВКЛ, хоць без тытула «вялікі князь», а з тытулам князя Літвы. Ён абавязаўся захоўваць вернасць каралю, каралеве і польск. кароне. Вітаўт і феадалы, якія яго падтрымлівалі, змянілі знешнепаліт. арыентацыю на Польшчу, а не на Тэўтонскі ордэн, што дало магчымасць узмацніць цэнтр. ўладу ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́КЛЮЧАНАГА ТРЭ́ЦЯГА ПРЫ́НЦЫП,
закон класічнай фармальнай логікі, паводле якога з двух выказванняў, адно з якіх ісціннае, другое няісціннае, выключаюць трэцяе. Напр., з двух выказванняў «Сонца—зорка» (A ёсць B) і «Сонца — не зорка» (A не ёсць B) адно ісціннае. Маючы на ўвазе такія выказванні, традыц. фармальная логіка гэты закон фармулявала так: «A ёсць B ці не B» (трэцяга не дадзена). Упершыню выключанага трэцяга прынцып сфармуляваны Арыстоцелем. Сфера дзеяння яго вызначаецца не спосабамі выяўлення ісціннасці ці няісціннасці выказванняў, а адносінамі паміж выказваннямі, калі яны выкарыстоўваюцца ў доказах і інш. лагічных аперацыях. Закон не дапускае, каб сцверджанне і адмаўленне падмяняліся адно адным ці эклектычна аб’ядноўваліся ў нейкім трэцім выказванні. Выключанага трэцяга прынцып дапаўняе і развівае ў логіцы супярэчнасці прынцып і разам з ім і з тоеснасці законам выключае лагічную супярэчлівасць выказванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНО́МЕТР (ад гальвана... + ...метр),
высокаадчувальная электравымяральная прылада, прызначаная для вымярэння малых токаў і напружанняў. Бывае пастаяннага і пераменнага току, са стрэлачным або светлавым паказальнікам (люстраны гальванометр, у якога на рухомай частцы гальванометра замест стрэлкі прымацавана мініяцюрнае люстэрка). Найб. пашырана выкарыстанне гальванометра для выяўлення адсутнасці току ці нулявой рознасці патэнцыялаў паміж якімі-н. пунктамі ланцуга (нуль-індыкатар). Пры праходжанні праз рамку гальванометра кароткачасовых імпульсаў атрымліваюцца балістычныя адхіленні рухомай часткі гальванометра ад нулявога становішча з наступным вяртаннем у яго пасля некалькіх ваганняў. Пры гэтым першае (максімальнае) адхіленне прапарцыянальнае працёкламу зараду. Для вымярэняў працяглых імпульсаў штучна павялічваюць момант інерцыі рухомых частак гальванометра (балістычны). Папярэднік гальванометра — гальванаскоп (для вызначэння наяўнасці току ў эл. ланцугу і яго напрамку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫЯ СУДЫ́Рэспублікі Беларусь,
судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораўпаміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп.суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,
характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.
Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз.гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ (? — 13.9.1119),
князь менскі, сын полацкага кн.Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні і ахове нетраў, рэгламентуюць правілы вядзення горных работ. У Рэспубліцы Беларусь горнае заканадаўства грунтуецца на выключнай дзярж. уласнасці на нетры. Асн. крыніцамі горнага заканадаўства з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах, якія замацоўваюць правы дзяржавы як уласніка нетраў і вырашаюць парадак аддачы нетраў у карыстанне. Нормы горнага заканадаўства і выдадзеныя на іх падставе падзаконныя нарматыўныя акты размяркоўваюць кампетэнцыю ў галіне рэгулявання горных адносін паміж суб’ектамі карыстання, вырашэння спрэчак па пытаннях карыстання нетрамі. Значная ч. нормаў горнага заканадаўства прысвечана пытанням геал. вывучэння нетраў, здабычы карысных выкапняў, правам і абавязкам карыстальнікаў, умовам аддачы нетраў у карыстанне шляхам горнага адводу і іх адабрання, ажыццяўлення горнага нагляду і геал. кантроль, юрыд. адказнасці за парушэнне правіл нетракарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед.ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс.чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.М.Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.