ЛУКСО́Р,
горад у Егіпце, на правым беразе р. Ніл. Узнік на месцы стараж. Фіў (сталіца Егіпта ў 21—11 ст. да н.э.). Каля 60 тыс. ж. (1997). Цэнтр рамесніцкай вытв-сці. Кліматычны курорт. Турызм.
На зах. ускраіне Л. стараж.-егіп. храм багоў Амона-Ра, Мут і Хансу. Уключае прамавугольны двор з падвойнай каланадай, калонную залу-гіпастыль з 32 калонамі, свяцілішча, уваходны пілон і вял. цэнтр. каланаду (усе 2-я пал. 15 ст. да н.э., арх. Аменхатэп Малодшы, аўтары дэкору арх. браты Горы і Суці), 2-і пілон (фланкіраваны 6 калонамі Рамсеса II) і двор, абкружаны 74 калонамі са статуямі фараонаў паміж імі (1317—1251 да н.э., арх. Бекенхонсу). Алеяй сфінксаў злучаўся з Карнакам. У храме ўвасобіліся арх. тэндэнцыі эпохі Новага царства (16—11 ст. да н.э.) — імкненне да грандыёзнасці прасторавай кампазіцыі, яе развіццё па падоўжнай восі, урачыстасць, шырокае выкарыстанне разнастайных па формах калон (лотаса і папірусападобных).
т. 9, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)