тры адносна самастойныя творы, якія аб’ядноўваюцца ў адзіны цыкл агульнасцю ідэйнай задумы, галоўных герояў і пераемнасцю сюжэта.
Узнікла ў тэатры Стараж. Грэцыі. У ант. эпоху Т. называлі цыкл з 3 трагедый (напр., «Арэстэя» Эсхіла). У л-ры новага часу побач з драм. Т. развіваецца эпічная; у 20 ст. яна становіцца асн. відам Т. (творы А.Талстога, М.Горкага, В.Васілеўскай, М.Пуйманавай, У.Фолкнера).
Мера злучанасці асобных частак паміж сабою тут бывае розная. У Т. «На ростанях» («У Палескай глушы», «У глыбі Палесся», «На ростанях») Я.Коласа часткі цесна ўзаемазвязаны: вытрымліваецца адзіны кампазіцыйны план; біяграфія гал. героя, яго духоўнае станаўленне паслядоўна праходзяць праз увесь твор, які набывае маст. цэласнасць. У Т. «Шэметы» («На парозе будучыні», «Гарадок Устронь», «Шэметы») М.Лобана, «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» (не мае агульнай назвы) І.Навуменкі часткі даволі самастойныя. Тут дзейнічае шэраг герояў буйнога плана, якія ў розных частках займаюць рознае месца ў сюжэце. Т. — разнавіднасць архітэктанічнай формы (гл.Архітэктоніка), якая можа аб’ядноўваць 2, 4, 5 твораў (дылогія, тэтралогія, пенталогія). Расчляненне літ. цэлага на 3 асобныя творы-часткі абумоўліваецца разгорнутасцю задумы, вял. аб’ёмам матэрыялу, своеасаблівасцю сюжэта і кампазіцыі, а таксама імкненнем зрабіць твор больш зручным для ўспрымання чытачом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫНТАРЭ́ТА [Tintoretto; сапр.Рабусці
(Robusti)] Якопа (29.9.1518, г. Венецыя, Італія — 31.5.1594),
італьянскі жывапісец Позняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Вучыўся ў Тыцыяна, зазнаў уплыў Мікеланджэла, Парміджаніна, Л.Лота. Працаваў у Венецыі. Ужо раннім творам Т. ўласцівы дасканаласць малюнка ў перадачы складаных ракурсаў, драм. эфекты асвятлення, цеплыня і мяккасць колеравага вырашэння: «Нараджэнне Іаана Хрысціцеля» (канец 1540-х г.), «Абмыванне ног» (1547), «Цуд святога Марка» (1548). У сталы перыяд (1550—60-я г.) праз выяўленне масавых сцэн перадаваў рэакцыю людзей на падзеі, звяртаўся да смелых прасторавых пабудоў, асіметрычнай кампазіцыі з прарывамі ў глыбіню, святлоценявых кантрастаў, колеравы строй набыў эмац. напружанасць, пералівы халодных вытанчаных адценняў: цыклы карцін, прысвечаных жыццю св. Марка (1562—64), пано для Скуола ды Сан-Рока ў Венецыі (1565—88; у т. л. «Пакланенне пастухоў», «Уцёкі ў Егіпет», «Галгофа», «Укрыжаванне», «Хрыстос перад Пілатам» і інш.). Манументальнасць і феерычнасць светлавых эфектаў уласцівы размалёўкам «Пакланенне залатому цяльцу» і «Страшны суд» (1556; апсіда царквы Санта-Марыя дэль Орта), «Бітва каля Зары» (каля 1585; Палац дожаў), «Тайная вячэра» (1592—94; царква Сан-Джорджа Маджорэ), «Алегорыі» (1577, Антыкаледжо ў Палацы дожаў) і інш. Яго лепшыя партрэты вылучаюцца строгай прастатой і глыбокім псіхалагізмам («Аўтапартрэт», каля 1590). Іл.гл. таксама да арт.Венецыянская школа жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАСО́ФІЯ (ад грэч. theos бог + sophia мудрасць),
у шырокім сэнсе — містычнае богапазнанне. У адрозненне ад тэалогіі, якая базіруецца на рэліг. догматах, у аснове Т. — суб’ектыўны містычны вопыт, выкладзены ў выглядзе цэласнай сістэмы. Да Т. адносяць герметызм, гнастыцызм, кабалу, неаплатанізм, разенкрэйцараўскае светаразуменне, а таксама шэраг вучэнняў 16—18 ст., якія знаходзяцца па-за межамі царк. традыцыі (Я.Бёме, Парацэльс, Л.К.Сен-Мартэн, Э.Сведэнбарг, Ф.Этынгер і інш.). Ф.Шэлінг разумеў пад Т. сінтэз містычнага богапазнання і рацыянальнай філасофіі; набліжана да такога вызначэння паняцце «свабодная Т.» ў У.С.Салаўёва. Ідэі Т. паслужылі прадметам асэнсавання М.Гандзі, А.І. і М.К. Рэрыхаў, В.Кандзінскага і інш.У вузкім сэнсе Т. — эзатэрычнае вучэнне А.П.Блавацкай, выкладзенае ёй у працы «Сакрэтная дактрына» (1888). Склалася пад уплывам брахманізму, будызму, індуізму, акультызму і некат. элементаў гнастыцызму; характарызуецца імкненнем аб’яднаць розныя рэліг. вучэнні праз раскрыццё тоеснасці сэнсу рэліг. сімвалаў і стварыць на гэтай аснове універсальную рэлігію, не звязаную пэўнай дагматыкай. У 1875 у Нью-Йорку было створана тэасофскае т-ва, уплыў якога хутка пашырыўся ў краінах Еўропы і Азіі; у 1879 яго цэнтр перанесены ў Індыю. У канцы 1900 — пач. 1910-х г. у тэасофскім т-ве адбыўся раскол, у выніку чаго створана антрапасофская школа на чале з Р.Штайнерам (гл.Антрапасофія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСВЯ́ЧА,
рака ў Пскоўскай вобл. Расіі і Віцебскай вобл. Беларусі, правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 100 км (у межах Беларусі 31 км), пл. вадазбору 2340 км². Выцякае з воз. Ардосна каля в. Шастакова Усвяцкага р-на Пскоўскай вобл. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв., праз азёры Сарочына і Усвяцкае. Вусце за 3 км на ПнУ ад г.п. Сураж Віцебскага р-на. Асн. прытокі на Беларусі — Аўсянка і Рудня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ад 50 м да 3 км, пераважная шыр. 300—800 м. Схілы на вял. працягу спадзістыя, выш. 5—10 м, радзей стромкія і абрывістыя, выш. да 30 м. Трапляюцца выхады грунтавых вод. Пойма двухбаковая, часта чаргуецца па берагах, шыр. 200—300 м, у вытокавай ч. 2,5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. 1—2 м, у высокае разводдзе да 4 м. Рэчышча слабазвілістае і звілістае, неразгалінаванае, у сярэднім цячэнні трапляюцца валуны. Берагі ў верхнім цячэнні нізкія, спадзістыя, месцамі зліваюцца з забалочанай поймай, у ніжнім — сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Ледастаў ад канца ліст. да канца сак. (больш за 130 сут). Працягласць веснавога разводдзя да 65 сут, на гэты перыяд прыпадае 62% гадавога сцёку. Летняя межань настае ў пач.чэрв., часам перарываецца дажджавымі паводкамі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 15,9 м³/с. У. — водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЯТЭРАПІ́Я (ад грэч. physis прырода + тэрапія),
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае ўплыў на арганізм прыродных (паветра, вада, сонечнае цяпло і святло) і штучных (эл. ток, магнітнае поле і інш.) фіз. фактараў, распрацоўвае метады іх лячэбнага і прафілакт. выкарыстання. Задачы Ф. — нармалізаваць функцыян. стан, спрыяць арганізму ў яго гамеастатычнай раўнавазе, у стымуляванні механізмаў аховы, працэсах аднаўлення і кампенсацыі. Практычная Ф. ўключае водалячэнне, гразелячэнне, клімататэрапію, сонцалячэнне, электралячэнне і інш. Уздзеянне фактараў адбываецца празнерв. і гумаральны шляхі.
Як навука ўзнікла ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. У Расіі першыя ін-ты фіз. метадаў лячэння засн. ў Севастопалі (1914), Петраградзе і ў Хоўрыне пад Масквой (1916).
На Беларусі навукова-даследчыя работы вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, Бел. МАПА, мед. ун-тах. Вывучаюцца прыродна-кліматычныя ўмовы для развіцця санаторна-курортнай справы, значэнне фіз. і курортных фактараў у прафілактыцы і комплексным лячэнні хворых, пытанні біял. і лячэбнага ўздзеяння магнітных палёў і інш. Укаранёны ў лячэбную практыку метады лазернай тэрапіі, створаны апараты ўздзеяння імпульсным магнітным полем. Развіццю даследаванняў па праблемах Ф. садзейнічалі працы бел. вучоных І.П.Антонава, Г.Я.Багель, Д.А.Маркава, У.С.Улашчыка і інш.
Літ.:
Улашик В.С. Введение в теоретические основы физической терапии. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУЗАРЫЁЗЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду фузарыум. Пашыраны ва ўсіх кліматычных зонах. Пашкоджваюць надземныя і падземныя органы раслін. Праяўляюцца завяданнем, гнілямі каранёў, радзей некрозамі, плямістасцю. Узбуджальнікі захоўваюцца ў глебе і на расл. рэштках у выглядзе міцэлію, хламідаспор або перытэцыяў, пранікаюць у расліны праз каранёвую сістэму і ніжнюю ч. сцябла. Развіццю Ф. спрыяюць цёплае вільготнае надвор’е, недахоп пажыўных рэчываў у глебе, мех. пашкоджанні раслін. На Беларусі найб. пашыраны Ф. збожжавых, бабовых культур, лёну, бульбы, буракоў і інш.
Ф. збожжавых культур (пшаніцы, жыта, ячменю. кукурузы) праяўляецца пераважна на фазе ўсходаў. Карані бурэюць, гніюць, ніжняя ч. сцябла становіцца тонкай; расліны адстаюць у росце, у іх адміраюць сцёблы, утвараюцца пустыя і дробныя каласы (або іх зусім няма). Пры моцным развіцці хваробы каласкі бурэюць, у іх утвараюцца нежыццяздольныя. шараватыя зярняўкі. Хлеб, атрыманы з заражанага зерня, выклікае фузарыятаксікоз. Ф. бабовых культур (лубіну, канюшыны. гароху, бобу, пялюшкі) выклікае завяданне ці гніль каранёў, усходаў і дарослых раслін, пладоў, насення. Ф. лёну на ўсходах праяўляецца панікласцю верхавінак і лісця, гніеннем каранёў. У дарослых раслін бурэюць сцёблы, фарміруюцца недаразвітыя каробачкі. Найб. шкаданосная хвароба лёну на Беларусі. Ф. бульбы (найб. пашыраны) адзначаецца ў сховішчах на клубнях у выглядзе шаравата-бурых сухіх плям, якія разрастаюцца, тканкі пад імі становяцца мяккімі, разбураюцца, утвараюцца поласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РБЕРЫ, Херберт Чэрберы (Herbert Cherbury) Эдвард (3.3.1583, Эйтан-он-Северн, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 20.8.1648), англійскі філосаф, гісторык, паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік англ.дэізму. Ірл. (1624) і англ. (1629) пэр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1618—22 пасол у Францыі. У час грамадз. вайны 1642—46 у Англіі выступаў на баку раялістаў, але ў 1644 быў вымушаны капітуляваць. У гал.філас. працы «Пра ісціну» (1624) сцвярджаў, што вечная і універсальная ісціна даступная пазнанню, бо кожны чалавек надзелены Богам прыроджанымі псіхічнымі здольнасцямі, правільнае развіццё якіх прыводзіць да спасціжэння «агульных ідэй». Распрацаваў вучэнне пра «натуральную рэлігію розуму», у аснове якой ляжаць 5 «агульных ідэй»: існуе вышэйшае быццё; яго трэба шанаваць; дабрадзейнае жыццё — гал. форма шанавання; чалавек атрымлівае збаўленне праз раскаянне; пасля смерці кожнага чакае ўзнагарода ці пакаранне. На яго думку, ісціна («агульныя ідэі») была ўласціва раннім формам рэлігіі да часу спекуляцый на рэліг. ідэях з боку духавенства («Пра рэлігію язычнікаў», апубл. 1663). Аўтар «Аўтабіяграфіі» (1624, апубл. 1764), гіст. працы «Жыццё і цараванне караля Генрыха VIII» (1649), паэт.кн. «Выпадковыя вершы» (апубл. 1665) і інш.Рэліг.-філас. ідэі Ч. разглядалі П.Гасендзі, Р.Дэкарт; яго вучэнне паўплывала на станаўленне кембрыджскай школы платанізму і шатландскай школы ў філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭХАСЛАВА́ЦКАГА КО́РПУСА МЯЦЕ́Ж 1918у Расіі,
антысавецкае выступленне Асобнага Чэхаславацкага корпуса (45 тыс.чал., сфарміраваны восенню 1917 з ваеннапалонных чэхаў і славакаў, якія раней служылі ў аўстра-венг. арміі, для ўдзелу ў 1-й сусв. вайне). Паводле дамоўленасці з краінамі Антанты сав. ўрад у сак. 1918 пачаў перамяшчаць корпус (са студз. 1918 фармальна ў складзе франц. арміі) з Украіны на Д. Усход, каб ён мог празг. Уладзівасток эвакуіравацца ў Зах. Еўропу. У маі 1918 эшалоны з чэш. і славацкімі вайскоўцамі расцягнуліся ад Паволжа да Уладзівастока. Незадаволеныя патрабаваннямі сав. ўрада здаць зброю і чуткамі пра паварот часткі эшалонаў на г. Архангельск чэхаславацкія часці ў маі 1918 арганізавана паўсталі пад заклікам «Праб’емся ва Уладзівасток сілай». Да вер. 1918 яны з дапамогай мясц. кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, казакоў і інш. антыбальшавіцкіх сіл скінулі сав. ўладу на тэр. ад Паволжа да Уладзівастока, спрыялі ўтварэнню Камітэта членаў Устаноўчага сходу, «Часовага сібірскага ўрада», Уфімскай дырэкторыі і інш. Пасля шэрагу паражэнняў ад Чырв. Арміі восенню 1918 і захопу кіраўніцтва белым рухам манархістамі на чале з А.В.Калчаком (ліст. 1918) чэхаславацкія часці ў студз. 1919 зняты чэхаславацкім урадам з фронту і выконвалі ў тыле калчакаўскіх войск ахоўныя функцыі. Паводле дамоўленасці з урадам РСФСР ад 7.2.1920 Чэхаславацкі корпус да вер. 1920 пакінуў тэр. Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЧНАЕ АСЕМЯНЕ́ННЕ,
прыёмы штучнага збліжэння палавых клетак (у рыб) або штучнае ўвядзенне атрыманай ад вытворніка спермы ў палавыя шляхі самкі з мэтай яе апладнення (у птушак і млекакормячых). У рыб пры Ш.а. ікру змешваюць з малокамі, потым інкубіруюць у натуральных ці штучных умовах. У птушак і млекакормячых сперму ўводзяць пры дапамозе спец. інструментаў у палавыя шляхі самкі. Тэарэт. асновы і прынцыпы практ. прыёмаў Ш.а. с.-г. жывёл распрацаваў у пач. 20 ст.рас. біёлаг І.І.Іваноў; яны засн. на магчымасці атрымання пры дапамозе штучнай похвы спермы самцоў, якая па-за арганізмам не траціць сваіх якасцей, і на магчымасці авуляцыі ў самак с.-г. жывёл без палавога акта.
Складаецца Ш.а. з 5 асн.тэхн. прыёмаў: атрыманне спермы ад самца, ацэнка якасці спермы, яе разбаўленне, захаванне і ўвядзенне ў палавыя органы самкі. У с.-г. жывёл (пераважна коні, буйн раг. жывёла, авечкі) Ш.а. праводзяць з мэтай інтэнсіўнага выкарыстання высокакаштоўных племянных вытворнікаў, правераных па якасці патомства, дзеля масавага паляпшэння пародных і прадукц. якасцей жывёл, хуткага атрымання вял. колькасці высакаякаснага патомства. Выкарыстанне Ш.а. папярэджвае распаўсюджанне шэрагу заразных хвароб (бруцэлёз, вібрыёз, трыхаманоз і інш.), якія могуць перадавацца ў выпадку натуральнага асемянення, і некат. формы бясплоддзя. Распрацаваны метады доўгатэрміновага (да некалькіх гадоў) захавання спермы. Ажыццяўляецца Ш.а. праз племпрадпрыемствы (станцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУКА́ЙЛА Паўлюк (Павел Захаравіч; 1904, в. Лапенеўцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.4.1939),
бел. пісьменнік. Праф. (1933). З 1926 вучыўся ў БДУ, скончыў Камуніст. акадэмію ў Маскве (1930). У пач. 1920-х г. удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, чл.КПЗБ. З 1924 у БССР. Быў сакратаром Расонскага райкома КП(б)Б, удзельнічаў у рабоце полацкай філіі «Маладняка». У 1925 у Слуцку, рэдактар акр. газеты, арганізатар філіі «Маладняка». З 1926 у Мінску, ініцыятар стварэння «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», рэдактар час. «Росквіт». З 1928 у Маскве. У 1930—31 палітрэдактар у Галоўліце СССР, заг. кафедры метадалогіі мастацтва Ін-та кінематаграфіі. Да 1931 кіраўнік бел. секцыі Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У вер. 1930 арыштаваны, праз месяц вызвалены. З 1932 у Ленінградзе, віцэ-прэзідэнт Дзярж. акадэміі мастацтваў. З 1936 у Маскве. У 1938 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Друкаваўся з 1925. Першая і адзіная кніга паэзіі — «Акрываўленая зямля» (1930), у якую ўвайшлі вершы, паэмы «Акорды дзён» і «Партызанка Люба». У крытычных артыкулах арыентаваўся на ідэйна-эстэт. платформу час. «Новый ЛЕФ», займаў ваяўнічую і непрымірымую бальшавіцкую пазіцыю, зыходзячы з якой крытыкаваў паэзію А.Вольнага, А.Дудара, У.Жылкі, Т.Кляшторнага, В.Маракова, Я.Пушчы, П.Труса і інш.