хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду фузарыум. Пашыраны ва ўсіх кліматычных зонах. Пашкоджваюць надземныя і падземныя органы раслін. Праяўляюцца завяданнем, гнілямі каранёў, радзей некрозамі, плямістасцю. Узбуджальнікі захоўваюцца ў глебе і на расл. рэштках у выглядзе міцэлію, хламідаспор або перытэцыяў, пранікаюць у расліны праз каранёвую сістэму і ніжнюю ч. сцябла. Развіццю Ф. спрыяюць цёплае вільготнае надвор’е, недахоп пажыўных рэчываў у глебе, мех. пашкоджанні раслін. На Беларусі найб. пашыраны Ф. збожжавых, бабовых культур, лёну, бульбы, буракоў і інш.
Ф. збожжавых культур (пшаніцы, жыта, ячменю. кукурузы) праяўляецца пераважна на фазе ўсходаў. Карані бурэюць, гніюць, ніжняя ч. сцябла становіцца тонкай; расліны адстаюць у росце, у іх адміраюць сцёблы, утвараюцца пустыя і дробныя каласы (або іх зусім няма). Пры моцным развіцці хваробы каласкі бурэюць, у іх утвараюцца нежыццяздольныя. шараватыя зярняўкі. Хлеб, атрыманы з заражанага зерня, выклікае фузарыятаксікоз. Ф. бабовых культур (лубіну, канюшыны. гароху, бобу, пялюшкі) выклікае завяданне ці гніль каранёў, усходаў і дарослых раслін, пладоў, насення. Ф. лёну на ўсходах праяўляецца панікласцю верхавінак і лісця, гніеннем каранёў. У дарослых раслін бурэюць сцёблы, фарміруюцца недаразвітыя каробачкі. Найб. шкаданосная хвароба лёну на Беларусі. Ф. бульбы (найб. пашыраны) адзначаецца ў сховішчах на клубнях у выглядзе шаравата-бурых сухіх плям, якія разрастаюцца, тканкі пад імі становяцца мяккімі, разбураюцца, утвараюцца поласці.