УСВЯ́ЧА,

рака ў Пскоўскай вобл. Расіі і Віцебскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 100 км (у межах Беларусі 31 км), пл. вадазбору 2340 км². Выцякае з воз. Ардосна каля в. Шастакова Усвяцкага р-на Пскоўскай вобл. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв., праз азёры Сарочына і Усвяцкае. Вусце за 3 км на ПнУ ад г.п. Сураж Віцебскага р-на. Асн. прытокі на Беларусі — Аўсянка і Рудня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ад 50 м да 3 км, пераважная шыр. 300—800 м. Схілы на вял. працягу спадзістыя, выш. 5—10 м, радзей стромкія і абрывістыя, выш. да 30 м. Трапляюцца выхады грунтавых вод. Пойма двухбаковая, часта чаргуецца па берагах, шыр. 200—300 м, у вытокавай ч. 2,5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. 1—2 м, у высокае разводдзе да 4 м. Рэчышча слабазвілістае і звілістае, неразгалінаванае, у сярэднім цячэнні трапляюцца валуны. Берагі ў верхнім цячэнні нізкія, спадзістыя, месцамі зліваюцца з забалочанай поймай, у ніжнім — сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Ледастаў ад канца ліст. да канца сак. (больш за 130 сут). Працягласць веснавога разводдзя да 65 сут, на гэты перыяд прыпадае 62% гадавога сцёку. Летняя межань настае ў пач. чэрв., часам перарываецца дажджавымі паводкамі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 15,9 м³/с. У. — водапрыёмнік меліярац. сістэм.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)