ФІЗІЯТЭРАПІ́Я (ад грэч. physis прырода + тэрапія),
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае ўплыў на арганізм прыродных (паветра, вада, сонечнае цяпло і святло) і штучных (эл. ток, магнітнае поле і інш.) фіз. фактараў, распрацоўвае метады іх лячэбнага і прафілакт. выкарыстання. Задачы Ф. — нармалізаваць функцыян. стан, спрыяць арганізму ў яго гамеастатычнай раўнавазе, у стымуляванні механізмаў аховы, працэсах аднаўлення і кампенсацыі. Практычная Ф. ўключае водалячэнне, гразелячэнне, клімататэрапію, сонцалячэнне, электралячэнне і інш. Уздзеянне фактараў адбываецца праз нерв. і гумаральны шляхі.
Як навука ўзнікла ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. У Расіі першыя ін-ты фіз. метадаў лячэння засн. ў Севастопалі (1914), Петраградзе і ў Хоўрыне пад Масквой (1916).
На Беларусі навукова-даследчыя работы вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, Бел. МАПА, мед. ун-тах. Вывучаюцца прыродна-кліматычныя ўмовы для развіцця санаторна-курортнай справы, значэнне фіз. і курортных фактараў у прафілактыцы і комплексным лячэнні хворых, пытанні біял. і лячэбнага ўздзеяння магнітных палёў і інш. Укаранёны ў лячэбную практыку метады лазернай тэрапіі, створаны апараты ўздзеяння імпульсным магнітным полем. Развіццю даследаванняў па праблемах Ф. садзейнічалі працы бел. вучоных І.П.Антонава, Г.Я.Багель, Д.А.Маркава, У.С.Улашчыка і інш.
Літ.:
Улашик В.С. Введение в теоретические основы физической терапии. Мн., 1981;
Яго ж. Очерки общей физиотерапии. Мн., 1994.
Т.І.Жукоўская.
т. 16, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)