СТРАМІ́НСКІ (Стшамінскі) Уладзіслаў Максімілянавіч
(21.11.1893, Мінск —25.12.1952),
бел. мастак; прадстаўнік авангарднага мастацтва. Зазнаў уплывы К.Малевіча і супрэматызму. Скончыў Маскоўскі кадэцкі корпус (1911), Ваен.інж. вучылішча ў С.-Пецярбургу (1914). У 1918—19 працаваў у Мінску, з 1920 у Смаленску, з 1922 у Вільні, з 1936 у Вілейцы (Мінская вобл.). З 1940 у г. Лодзь (Польшча), выкладаў (1945—50) у Вышэйшай маст. школе. Прапагандаваў рэв. авангард, стварыў смаленскі філіял аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, суполкі «Блок» (1925), «Прэзенс» (1926), «A.R.» («Рэвалюцыйныя мастакі», 1929; усе з Г.Стажэўскім і інш.). Заснавальнік тэорыі унізму (маніфест «Унізм у жывапісе», 1928), у якой сцвярджаў, што адзіная значнасць карціны — яна сама, а жывапіс, матэрыял, колер, форма, фактура і інш. павінны ўяўляць адзінае цэлае. Сярод твораў: «Архітэктанічная кампазіцыя 9с» (1929), «Пейзаж Лодзі» (1931), «Мора. Марскі пейзаж» (1933), «Уністычная кампазіцыя 14» (1934), цыклы «Дэпартацыя», «Грамадзянская вайна», «Таннае, як багна», «Твары», «Заходняя Беларусь», «Вайна дамам», «Рукі, якія не з намі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРАШЭ́ВІЧ Канстанцін Іванавіч (н. 6.7.1927, в. Літва Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1958). У 1959—73 кіраўнік студыі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага Дома культуры. Лепшым творам уласцівы сац.значнасць, глыбокае вобразнае абагульненне жыццёвых з’яў, мнагазначнасць сюжэта, унутр. драматызм знешне спакойных сітуацый, святло-пластычная цэласнасць, каларыстычная культура: «Сялянскі бунт у дарэвалюцыйнай беларускай вёсцы» (1958), «Паўстанне нарачанскіх рыбакоў» (1964), «Выступленне Б.Тарашкевіча перад сялянамі Заходняй Беларусі» (1967), «Сельскі матыў» (1969), «Магіла Цёткі (А.Пашкевіч)» (1976), «Вуліца ў Гродне» (1978), «Зорка Венера» (1981), «Вераснёўская ноч» (1985), «Помнікі мінулага» (1990), «Забытая капліца» (1994), «Мой родны кут» (1995), «Радаўніца» (1996), «Магіла Ф.Рушчыца ў Багданаве» (2000). Аўтар партрэтаў «М.Гарэцкі. Віленскі перыяд», «Б.Кіт — акадэмік астранаўтыкі» (абодва 1999), Ф.Багушэвіча (2000), «Я.Купала ў Яхімаўшчыне», М.Ермаловіча (абодва 2002), «Групавы партрэт дзеячаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады на чале з Б.Тарашкевічам» (1998—2003).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТО́НСКАЯ МО́ВА,
адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская падгрупа); мова эстонцаў. Пашырана ў Эстоніі, часткова ў Швецыі, Расіі, ЗША, Канадзе. Мае 3 дыялектныя групы: паўн.-эст., паўд.-эст. і паўн.-ўсх., або прыбярэжную. Э.м. ўласцівы: у фанетыцы — фаналагічная значнасць ступеней даўжыні, што ахоплівае ўсе доўгія галосныя, дыфтонгі, зычныя і спалучэнні зычных, гал. націск у слове на 1-м складзе, дадатковы на 3-м; у марфалогіі — 14 склонаў назоўніка, ва ўтварэнні якіх удзельнічаюць паслялогі, адсутнасць катэгорыі роду ў дзеяслова — катэгорыі трывання; у сінтаксісе — сувязь слоў у сказе выражаецца пераважна грамат. формамі асобных слоў і службовымі словамі, часам з дапамогаю парадку слоў і інтанацыі; у лексіцы — запазычанні са слав., балт. і герм. моў. Першыя запісы на Э.м. (асобныя сказы і глосы) з 13 ст. Першая друкаваная кніга — 1535. Пісьменства на аснове лац. алфавіта.
Літ.:
Каск А. Эстонский язык // Основы финно-угорского языкознания. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКС (ад лац. complexus сувязь, спалучэнне) ў псіхалогіі, злучэнне асобных псіхічных працэсаў у цэлае, якое адрозніваецца ад сумы сваіх элементаў. У такім сэнсе паняцце К. выкарыстоўвалі прадстаўнікі розных псіхал. канцэпцый і тэорый. Яго сутнасць спецыфічна тлумачылася ў псіхааналізе З.Фрэйда, які разглядаў К. як групу разнародных псіхічных працэсаў, аб’яднаных адзіным моцным эмацыянальным перажываннем — афектам. Фрэйд вылучаў т.зв. К. Эдыпа, які ўзнікае ў раннім дзяцінстве і праяўляецца ў непрыхільных адносінах дзіцяці да аднаго з бацькоў свайго полу і эратычнай прыхільнасці да другога процілеглага полу. У індывідуальнай псіхалогіі А.Адлера выкарыстоўваліся паняцці «К. непаўнацэннасці» (глыбокае ўсёпаглынальнае пачуццё ўласнай фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці ў параўнанні з інш. людзьмі) і «К. перавагі» (тэндэнцыя перабольшваць сваю асабістую значнасць). К.Г.Юнг у сваёй аналітычнай псіхалогіі лічыў К. своеасаблівым цэнтрам душэўнага жыцця кожнага чалавека, адносна аўтаномным псіхічным утварэннем, якое складаецца з разнастайных (найчасцей неўсвядомленых) эмоцый, пачуццяў і значна ўплывае на свядомасць і дзейнасць людзей. Нярэдка К. выклікаюць разнастайныя адхіленні ў паводзінах чалавека, што праяўляецца ў памылковых дзеяннях, у неўратычных рэакцыях, неадчэпных ідэях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДАРО́ВІЧ Яўген Антонавіч (н. 10.3.1928, г. Беразіно Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі, экалогіі, інтрадукцыі раслін і ахове навакольнага асяроддзя. Чл.-кар. Нау. АН Беларусі (1989), д-рбіял.н. (1985), праф. (1986). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі тэхнал.ін-т (1952). З 1965 у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі (з 1971 нам. дырэктара, з 1976 дырэктар, з 1997 заг. лабараторыі). Навук. працы па тэарэт. асновах эколага-фізіял. маніторынгу раслін і аптымізацыі тэхнагеннага асяроддзя буйных прамысл. цэнтраў Беларусі сродкамі азелянення. Выявіў адаптацыйныя магчымасці і фітаіндыкацыйную значнасць расл. комплексаў у прамыслова развітых раёнах Беларусі. Распрацаваў матэм. мадэль прадукц. працэсу хвойных экасістэм. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Функционирование лесных фитоценозов в условиях антропогенных нагрузок. Мн., 1985 (разам з Ж.А.Рупасавай, Я.Р.Бусько);
Экологический мониторинг лесных ландшафтов Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);
Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995 (у сааўт.);
Радиационно-тепловой режим лесов Беларуси в условиях техногенной среды. Мн., 1997 (разам з Ж.А.Рупасавай, Я.Р.Бусько).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб.значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЭ́НЗІЯ (ад лац. recensio разгляд, ацэнка),
артыкул-даследаванне адлюстраванай рэчаіснасці, у якім ацэньваецца маст. (літ., муз., кінематаграфічны, тэатр. і інш.), навук. ці навук.-папулярны твор, разглядаюцца вартасці і недахопы яго зместу і формы; аналіт. жанр газетна-часопіснай публіцыстыкі, літ., маст., навук. крытыкі. Галоўнае ў Р. — ацэнка важкасці аўтарскіх канцэпцый і правільнасці меркаванняў, вывадаў, рэкамендацый. Рэцэнзент ацэньвае тэарэт. і практ. значнасць новых ідэй, сац. мадэлей, тэхн. навінак, падмацоўваючы свае вывады сістэмай аргументаў і тэкставых вытрымак. Вылучаюць некалькі асн. відаў Р.: невял. крытычны або публіцыстычны артыкул (часта палемічнага характару), у якім выказаны адносіны да пэўнага твора ці вынаходніцтва; разгорнутая анатацыя, якая раскрывае змест твора; маст.-публіцыстычная інтэрпрэтацыя твора (эсэ) з роздумам-ацэнкай; аўтарэцэнзія, у якой аўтар выкладае погляд на свой твор ці палемізуе з крытыкам адносна тлумачэння гэтага твора ў друку. Адметнасць Р. як жанру: своеасаблівыя стыль, прыёмы распрацоўкі і трактоўкі тэмы, спецыфічныя сюжэтныя і кампазіцыйныя сродкі. Р. як асобая форма літ.-маст. крытыкі ўключае логіка-вобразную карціну ўспрымання твора, сістэму ўспрымання і пазнання навакольнай рэчаіснасці, засн. на ўласным вопыце рэцэнзента. Рэцэнзент выкарыстоўвае аўтарскія канцэпцыю выкладу і думку, таму Р. не прэтэндуе на поўную самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕНЭ́Р (ад франц. plein air вольнае паветра),
1) жывапіс на адкрытым паветры, звязаны з непасрэдным вывучэннем натуры з мэтай найб. поўнага ўзнаўлення яе аблічча. Дазваляе перадаць у карціне багацце і разнастайнасць градацый колеру, каляровых ценяў, нюансаў, абумоўленых уздзеяннем сонечнага святла і станам атмасферы. Рысы пленэрнага жывапісу вядомы з эпохі Адраджэння. Як замаст. творчы метад П. склаўся ў 19 ст. ў творчасці Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), К.Каро (Францыя), А.Іванава (Расія), мастакоў Барбізонскай школы. Найб. паслядоўна і сістэматычна праблемы пленэрнага жывапісу былі распрацаваны майстрамі імпрэсіянізму, у творах якіх святло і паветра набылі самаст.значнасць. На Беларусі творы ў П. стварылі І.Ахрэмчык, А.Бархаткоў, В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, П.Масленікаў, В.Цвірка і інш. У наш час П. — адзін з асн. элементаў маст. навучання.
2) Маст. акцыя, якая аб’ядноўвае шэраг мастакоў для сумеснай працы. П. звычайна прысвечаны памяці славутых мастакоў з мэтай ушанавання іх творчасці, прапаганды мастацтва, стварэння маст. калекцый (творы, як правіла, застаюцца ў месцы правядзення П.). Вылучаюць таксама П. скульптуры, дзіцячай творчасці і інш. На Беларусі пашырыліся ў 1990-я г. (П., у т. л.міжнар., памяці Бялыніцкага-Бірулі, Я.Драздовіча, К.Малевіча, Масленікава, М.Неўрава, Ф.Рушчыца, М.Шагала і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],
філасофскае вучэнне, якое вызначае значнасцьтэарэт. ведаў на аснове іх практычных вынікаў. Узнік у 1870-я г. ў ЗША як «рэканструкцыя ў філасофіі», як метад вырашэння філас. спрэчак, пераадоленне абстрактнасці і сузіральнасці (Ч.Пірс). Філас. дактрыну П. распрацоўвалі У.Джэмс, Дж.Дзьюі, Дж.Мід, С.Хук, К.І.Льюіс, Ф.К.Шылер і інш. У канцы 1890-х г. ідэі П. былі пашыраны ў ЗША як сродак вырашэння лагічных праблем і практычных спраў. Па сваёй сутнасці П. прымыкае да традыцыі ідэаліст.эмпірызму. Ён атаясамлівае ўсю рэальнасць, што акружае чалавека, з вопытам, які трактуецца як змест свядомасці або «паток свядомасці» (Джэмс). Аб’екты пазнання, паводле П., не існуюць незалежна ад свядомасці. Яны фарміруюцца пазнавальнымі намаганнямі ў працэсе вырашэння практычных задач; мысленне — сродак для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Функцыя думкі — у пераадоленні сумнення, якое з’яўляецца перашкодай для дзеяння (Пірс), у выбары сродкаў, неабходных для дасягнення мэты (Джэмс) або для вырашэння праблематычнай сітуацыі (Дзьюі). Ідэі, паняцці, тэорыі — толькі інструменты, прылады, або планы дзеяння. Традыцыйнае для папярэдняй філасофіі проціпастаўленне ведаў і няведання ў П. змянілася проціпастаўленнем упэўненасці і сумніўнасці. Пры гэтым сумненне і ўпэўненасць тычацца магчымасці вынікаў дзеяння, а не зместу ведаў. Адпаведна і ісціннасць вызначаецца як працаздольнасць ідэі. У філасофіі П. з’яўляецца адзіным крытэрыем праўдзівасці ідэй і самім зместам паняцця ісціны. Цікавасць да П. пачала ўзмацняцца з канца 1960-х г.; робяцца спробы зблізіць П. з сучаснай логікай і метадалогіяй навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ВЕСЦЬ СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ,
жанр старажытнарускай л-ры, які аб’ядноўвае апавядальныя творы розных відаў (воінская, жыційная, бытавая, сатырычная аповесці, сказанне, гісторыя, слова, павучанне).
Вядома з 11 ст. Напачатку гэта былі перакладныя (пераважна з грэч.) творы — «Гісторыя Іудзейскай вайны» Іосіфа Флавія, прыгодніцка-фантастычная «Александрыя» пра Аляксандра Македонскага, гераічнае «Дзяўгеніева дзяянне», павучальныя «Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», апакрыфічныя «Пра стварэнне Адама», «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах». Амаль адначасова ўзніклі і арыгінальныя, пераважна гістарычныя, аповесці. Для кожнай жанравай разнавіднасці існавала свая літ.-эстэтычная рэгламентацыя. У 11—13 ст. пераважаў стыль манум. гістарызму, якому ўласцівыя значнасць тэм і праблем (веліч радзімы, сэнс чалавечага жыцця), ахоп падзей у буйных гіст. маштабах і вял. прасторах. На пач. 12 ст. ўзніклі агіяграфічныя аповесці «Сказанне аб Барысе і Глебе», «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і інш. (гл.Жыціе). Асаблівую папулярнасць набылі воінскія аповесці пра гераічную барацьбу за незалежнасць роднай зямлі («Слова пра паход Ігараў»). Блізкія да іх і царк. біяграфіі вядомых гіст. асоб («Аповесць пра жыццё Аляксандра Неўскага»). Аповесць старажытнаруская перыяду Кіеўскай Русі належыць да культурнай спадчыны рус., бел. і ўкр. народаў. У далейшым яна развівалася ў межах рускай літаратуры.
Аповесці старажытнарускія шырока бытавалі на Беларусі, а многія з іх у 15—17 ст. перакладаліся на бел. мову, перапрацоўваліся, уваходзілі ў буйныя творы інш. жанраў. Так, у 15—16 ст. з’явіліся бел. апрацоўка апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» — «Аб дванаццаці пакутах», бел. рэдакцыя «Сказання пра Мамаева пабоішча» — «Мамаева пабоішча»; «Аповесць пра разбурэнне Батыем Разані» была ўключана ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
История русской литературы Х—XVII веков. М., 1980;
Старинная русская повесть: Статьи и исслед. М.; Л., 1941.