ПРАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],
філасофскае вучэнне, якое вызначае значнасць тэарэт. ведаў на аснове іх практычных вынікаў. Узнік у 1870-я г. ў ЗША як «рэканструкцыя ў філасофіі», як метад вырашэння філас. спрэчак, пераадоленне абстрактнасці і сузіральнасці (Ч.Пірс). Філас. дактрыну П. распрацоўвалі У.Джэмс, Дж.Дзьюі, Дж.Мід, С.Хук, К.І.Льюіс, Ф.К.Шылер і інш. У канцы 1890-х г. ідэі П. былі пашыраны ў ЗША як сродак вырашэння лагічных праблем і практычных спраў. Па сваёй сутнасці П. прымыкае да традыцыі ідэаліст. эмпірызму. Ён атаясамлівае ўсю рэальнасць, што акружае чалавека, з вопытам, які трактуецца як змест свядомасці або «паток свядомасці» (Джэмс). Аб’екты пазнання, паводле П., не існуюць незалежна ад свядомасці. Яны фарміруюцца пазнавальнымі намаганнямі ў працэсе вырашэння практычных задач; мысленне — сродак для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Функцыя думкі — у пераадоленні сумнення, якое з’яўляецца перашкодай для дзеяння (Пірс), у выбары сродкаў, неабходных для дасягнення мэты (Джэмс) або для вырашэння праблематычнай сітуацыі (Дзьюі). Ідэі, паняцці, тэорыі — толькі інструменты, прылады, або планы дзеяння. Традыцыйнае для папярэдняй філасофіі проціпастаўленне ведаў і няведання ў П. змянілася проціпастаўленнем упэўненасці і сумніўнасці. Пры гэтым сумненне і ўпэўненасць тычацца магчымасці вынікаў дзеяння, а не зместу ведаў. Адпаведна і ісціннасць вызначаецца як працаздольнасць ідэі. У філасофіі П. з’яўляецца адзіным крытэрыем праўдзівасці ідэй і самім зместам паняцця ісціны. Цікавасць да П. пачала ўзмацняцца з канца 1960-х г.; робяцца спробы зблізіць П. з сучаснай логікай і метадалогіяй навукі.
В.І.Галаўнёў.
т. 12, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)