Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАЧЭ́ННІ І СЭНС,
паняцці філасофіі, логікі, агульнай тэорыі знакавых сістэм (семіётыка). Значэнне выражае важнасць, значнасць, ролю прадмета або з’явы ў чалавечай дзейнасці. Яно выяўляецца ў аб’ектыўнай сутнасці рэчы і выконвае толькі тыя функцыі, якія адпавядаюць яе ўласнай прыродзе. Сэнс — канкрэтызацыя значэння ў адпаведнасці са зместам і сутнасцю рэальных рэчаў і з’яў. Суадносіны і ўзаемасувязь значэнняў, якія параджаюць іх сэнс, устанаўліваюцца аб’ектыўнымі фактарамі рэчаіснасці і аб’ектыўнай логікай разважання або суб’ектыўнымі фактарамі: жаданнямі, імкненнямі, грамадскімі і асабістымі мэтамі, намерам чалавека і інш. У мове практычнае значэнне рэчаў фіксуецца, замацоўваецца і захоўваецца ў значэнні слова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, пры + littera літара),
адзін са спосабаў гукавой арганізацыі маўлення, паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных гукаў. Словы, звязаныя алітэрацыяй, вылучаюцца ў моўнай плыні, набываюць пэўную інтанацыйную значнасць. Як стыліст. прыём алітэрацыі выкарыстоўваецца з даўніх часоў у вуснапаэт. і літ. разнавіднасцях маст. мовы (пераважна ў паэзіі).
На алітэрацыі пабудаваны многія прыказкі і прымаўкі («Дружба дружбай, а служба службай»), скорагаворкі («Пекар Пётр пёк пірог»). Прасцейшы від алітэрацыі — гукаперайманне, але ў чыстым выглядзе яно выступае рэдка, часцей служыць першаасновай для далейшых гукавых асацыяцый («Шурхатала трава затоеным шэптам: «Ш-ш-ш... с-с-с...» З.Бядуля). Алітэрацыя звычайна спалучаецца з асанансам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙНІНГЕ́НСКІ ТЭА́ТР,
нямецкі драм.т-р 19 ст. ў г. Майнінген. Будынак т-ра ўзведзены ў 1831. Першапачаткова працавалі оперная і драм. трупы, з 1861 — драматычная. З 1860 прыдворны т-р, з 1871 — гарадскі. Перыяд найвышэйшага творчага ўздыму звязаны з дзейнасцю герцага Георга II і рэж. Л.Кронека (1871—91). У рэпертуары т-ра п’есы ням. і замежных драматургаў: Ф.Шылера, Г.Лесінга, У.Шэкспіра, Дж.Байрана, Мальера, Г.Ібсена і інш. Развіваў традыцыі т.зв. маляўнічай рэжысуры Ф.Дзінгельштэта і Л.Дэўрыента. Пастаноўкі вызначаліся зладжанасцю ўсіх элементаў спектакля, гіст. дакладнасцю вобразаў, дэкарацый, касцюмаў. З сярэдзіны 1890-х г.т-р страціў сваю значнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСА́НА (Bassano; сапр.да Понтэ; da Ponte) Якопа
(каля 1517/18, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.2.1592),
італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Паходзіць з сям’і мастакоў Басана. Яго манум. шматфігурныя кампазіцыі адметныя сакавітасцю і кантрастнасцю колераў («Алтар Святой Ганны», 1541, размалёўкі капліцы дэль Разарыо, 1575). У рэліг. сюжэты ўводзіў простанародныя персанажы, сцэны з сял. побыту, выявы жывёл, сцвярджаючы значнасць паўсядзённага працоўнага быцця: «Уцёкі ў Егіпет» (1534), «Хрыстос і блудніца» (1535), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1550), «Пакланенне пастухоў» (1568), «Хрышчэнне Святой Люцылы» (1574), «Святы Рох і зачумленыя» (1576), «Актэон і Німфы» (1585) і інш.
Літ.:
Смирнова И.А. Якопо Бассано и Позднее Возрождение в Венеции. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́ЧНАЕ (ад грэч. kōmikos смешны, вясёлы),
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае неадпаведнасць паміж недасканалым, нежыццёвым зместам з’явы або прадмета і яго вонкавым выяўленнем, што прэтэндуе на паўнацэннасць, значнасць або маскіруецца пад іх. Вытокі К. ў гульнёвым, калектыўным самадзейным смеху, напр. у карнавальных гульнях. У ходзе развіцця культуры адасабляюцца віды К. — іронія, гумар, сатыра. Мае сац. характар, яго вытокі ў аб’ектыўных супярэчнасцях грамадскага жыцця. Суадносіцца з прыгожым, агідным, нізкім, процілеглае трагічнаму і ўзнёсламу, але здольнае да сінтэзу з імі (трагікамічнае, камічны аспект узнёслага). Для К., дзе адлюстроўваюцца супярэчнасці рэальнасці, важна гульня на ўтрыроўцы велічы прадметаў (карыкатура), на фантаст. спалучэннях (гратэск), збліжэнні далёкіх паняццяў (досціп). Разнастайнасць смешнага ў жыцці абумоўлівае шматграннасць выяўлення К. ў мастацтве. На К. заснаваны адзін з гал. відаў драмы — камедыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМІНІ́РАВАННЕ,
разведка (выяўленне) міннаўзрыўных загарод, выняцце або знішчэнне мін, зарадаў, боепрыпасаў і інш. выбухованебяспечных устройстваў, а таксама ачыстка ад іх мясцовасці, акваторыі, збудаванняў і інш. Р. бывае частковае, суцэльнае або кантрольнае, у т. л. ў выпадку т.зв. «несапраўднага (падманнага) мініравання»; праводзяць з дапамогай спецтэхнікі і прыстасаванняў (гл.Мінашукальнік) або ўручную (на вадзе выкарыстоўваюць тральшчыкі). У Беларусі выяўленнем і знішчэннем выбухованебяспечных рэчываў займаюцца інж. войскі і спецпадраздзяленні інш. відаў і родаў войск, а таксама МУС, мін-ва па надзвычайных сітуацыях і інш. У пасляваен. час знойдзена і абясшкоджана каля 27 млн.мін і інш. выбуховых рэчываў (штогод гэты паказчык складае 7—12 тыс. адзінак). Воіны, якія паказалі мужнасць, смеласць, высокі прафесіяналізм, з 1995 узнагароджваюцца нагрудным знакам «За размініраванне». Значнасць Р. павялічваецца ў ходзе вядзення мінных войнаў і барацьбы з тэрарызмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
класіфікацыя моў свету, якая праводзіцца ў залежнасці ад граматычнага ладу мовы, пераважна марфалогіі; адзін з відаў тыпалагічнай класіфікацыі моў. Паводле М.к.м. вылучаюць 4 тыпы моў свету: коранеізаляваныя мовы (адсутнасць словазмянення, грамат.значнасць парадку слоў, слабое проціпастаўленне знамянальных і службовых слоў); аглюцінатыўныя мовы (грамат. адназначнасць афіксаў, адзіны тып скланення і спражэння, адсутнасць значных чаргаванняў); інкарпараваныя мовы (магчымасць уключэння ў склад дзеяслова-выказніка інш. членаў сказа, пераважна прамога дапаўнення); флектыўныя мовы (поліфункцыянальнасць грамат. марфем, наяўнасць фанетычна не абумоўленых змен кораня, вял. колькасць фанетычна і семантычна нематываваных тыпаў скланення і спражэння).
Многія мовы займаюць прамежкавае становішча на шкале М.к.м., сумяшчаюць у сабе прыкметы розных тыпаў. Напр., бел. мова адносіцца пераважна да флектыўнага тыпу, аднак у ёй сустракаюцца выпадкі. калі адносіны паміж словамі выражаюцца не столькі канчаткамі, колькі парадкам слоў (напр., «Маці любіць дзіця» — «Дзіця любіць маці»).
Літ.:
Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ,
1) гісторыка-філалагічная дысцыпліна, якая, абапіраючыся на моўныя факты, вывучае гісторыю носьбітаў мовы ў дапісьмовы перыяд іх існавання, а таксама гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры пэўнага этнасу. Напр., дзеясловы (яго) «круціць», «ломіць» — (ён) «паправіўся» ўказваюць на значнасць у свядомасці далёкіх продкаў проціпастаўлення архетыпічных катэгорый «крывы» — «прамы».
2) Сукупнасць прыёмаў і методык, што служаць выяўленню і вытлумачэнню найб.стараж. элементаў мовы, па якіх можна аднавіць пэўныя фрагменты страчаных архаічных яе падсістэм. Узнікла як адгалінаванне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і распрацаванага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду, садзейнічала ўзнікненню глотахраналогіі. Карыстаецца спецыфічным паняццем «моўны час», які вымяраецца тымі зменамі, што адбываюцца ў мове, пачынаючы з дапісьмовага стану. Вырашае некалькі тыпаў лінгвістычных задач: аналіз архаізмаў, рэканструкцыя моўных падсістэм, удакладненне генеалагічнай класіфікацыі моў, збор інфармацыі для вызначэння заканамернасці глотагенезу і інш.
Літ.:
Krahe H. Sprache und Vorzeit. Heidelberg, 1954;
Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т.] 1—2. Тбилиси, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́КІ СЭ́РЦА,
паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і пачатковай часткі сасудаў, што адыходзяць ад яго. Падзяляюцца на прыроджаныя (у выніку парушэнняў ці незакончанасці фарміравання ў час унутрывантробнага, часам постнатальнага развіцця) і набытыя (ад захворванняў). Прыроджаныя П.с. прыводзяць да парушэнняў унутрысардэчнай і агульнай гемадынамікі. Значнасць гэтых парушэнняў уплывае на адэкватнасць развіцця, клінічныя праявы, прагноз жыцця немаўлят. Некат. прыроджаныя П.с. дыягнастуюць у дарослым узросце. Да набытых П.с. прыводзіць рэўматызм, інфекц. эндакардыт, сіфіліс, захворванні, звязаныя з аортай, — анеўрызма, атэрасклероз, васкуліты. Пры набытых П.с. пашкоджваюцца клапаны ці перагародкі камер сэрца. У залежнасці ад лакалізацыі П.с. падзяляюцца на мітральныя, аартальныя і інш. Сярод набытых П.с. бывае недастатковасць клапана, стэноз (спалучэнне недастатковасці і стэнозу называюць спалучаным парокам). Пры камбінаваным пароку адбываюцца паталагічныя змены некалькіх клапанаў сэрца. Доўгаіснуючыя П.с. вядуць да развіцця хранічнай і вострай недастатковасці кровазвароту, да парушэнняў рытму і інш. ускладненняў. Лячэнне кансерватыўнае, хірургічнае.
Літ.:
Сумароков А.В., Моисеев В.С. Клиническая кардиология. 2 изд. М., 1995;
Маколкин В.И. Приобретенные пороки сердца. 2 изд. М., 1986.