ХАРАШЭ́ВІЧ Канстанцін Іванавіч (н. 6.7.1927, в. Літва Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1958). У 1959—73 кіраўнік студыі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага Дома культуры. Лепшым творам уласцівы сац. значнасць, глыбокае вобразнае абагульненне жыццёвых з’яў, мнагазначнасць сюжэта, унутр. драматызм знешне спакойных сітуацый, святло-пластычная цэласнасць, каларыстычная культура: «Сялянскі бунт у дарэвалюцыйнай беларускай вёсцы» (1958), «Паўстанне нарачанскіх рыбакоў» (1964), «Выступленне Б.Тарашкевіча перад сялянамі Заходняй Беларусі» (1967), «Сельскі матыў» (1969), «Магіла Цёткі (А.Пашкевіч)» (1976), «Вуліца ў Гродне» (1978), «Зорка Венера» (1981), «Вераснёўская ноч» (1985), «Помнікі мінулага» (1990), «Забытая капліца» (1994), «Мой родны кут» (1995), «Радаўніца» (1996), «Магіла Ф.Рушчыца ў Багданаве» (2000). Аўтар партрэтаў «М.Гарэцкі. Віленскі перыяд», «Б.Кіт — акадэмік астранаўтыкі» (абодва 1999), Ф.Багушэвіча (2000), «Я.Купала ў Яхімаўшчыне», М.Ермаловіча (абодва 2002), «Групавы партрэт дзеячаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады на чале з Б.Тарашкевічам» (1998—2003).
Л.Ф.Салавей.
т. 16, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)