мінерал падкласа гідраксідаў, аксігідраксід жалеза, a=FeOOH. Прымесі марганцу і алюмінію, таксама залішняй адсарбіраванай вады (гідрагётыт). Гётыт разам з гідрагётытам — гал. кампаненты ліманіту. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі слупкаватыя, ігольчастыя і іх зросткі. Агрэгаты зямлістыя, радыяльна-прамянёвыя, валакністыя. Колер цёмна- ці чырванавата-буры. Бляск алмазны, цьмяны або шаўкавісты. Цв. 5—5,5. Шчыльн. 4—4,3 г/см³. Асадкавы або прадукт выветрывання жалезазмяшчальных мінералаў. Каштоўная жалезная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУСТЫ́Т (ад прозвішча Ж.Л.Пруста),
рубінавае серабро, рубінавая падманка, сярэбраная падманка, мінерал класа сульфідаў, мыш’яковая сульфасоль серабра, Ag3AsS3. Мае 65,42% серабра. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прызматычныя крышталі, часта двайніковыя і трайніковыя зросткі. Колер рубінава-чырвоны, паўпразрысты. Бляск алмазны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5,6 г/см³. Трапляецца ў кальцытавых жылах нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчаў. Гіпергенны П. утвараецца ў зоне акіслення сярэбраных радовішчаў. Важны кампанент сярэбраных руд. Трапляецца ў Чылі, Францыі, Чэхіі, Канадзе, ЗША, Мексіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУКІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Г.Дж.Брука),
мінерал падкласа простых аксідаў, дыаксід тытану TiO2, адна з трох прыродных паліморфных мадыфікацый рутылу. Іншы раз мае прымесі жалеза і ніобію. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей прызматычныя і дыпірамідальныя. Колер жоўта-карычневы да жалезіста-чорнага. Бляск алмазны ці металічны. Празрысты. Цв. 5,5—6. Крохкі. Шчыльн. 4,14 г/см³. Трапляецца ў выглядзе крышталёў у залатаносных россыпах і жылах альпійскага тыпу, а таксама як акцэсорны і абломкавы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Т (ад лац. cuprum медзь),
чырвоная медная руда, мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см³. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДМА́НКІ,
група мінералаў класа сульфідаў, якія маюць падобныя знешнія прыкметы (алмазны, паўметалічны бляск, колер і інш.), што адрознівае іх ад большасці сульфідаў, і пераважна з’яўляюцца рудамі. Напр., цынкавая П. (сфалерыт), кадміевая П. (грынакіт, CdS), аксаміцістая П. (тонкавалакністыя агрэгаты гётыту) і інш. Да П. адносіцца таксама рагавая падманка (кл. сілікатаў), жалезістыя разнавіднасці якой маюць моцны паўметалічны бляск, але не з’яўляюцца рудой. Назва ўведзена сярэдневяковымі рудакопамі, якія часта прымалі гэтыя мінералы за руды вядомых у той час металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎСКІ́Т (названы ў гонар рас.дзярж. дзеяча, калекцыянера мінералаў графа Л.А.Пяроўскага),
мінерал падкласа складаных аксідаў, тытанат кальцыю, CaTiO3. Часта мае прымесі ніобію і рэдкіх зямель. Крышталізуецца ў рамбічнай (некаторыя разнавіднасці ў тэтраганальнай) сінганіі. Утварае крышталі, друзы, зярністыя агрэгаты. Колер буравата-чорны. Цв. 5.5. Шчыльнасць 4—4,3 г/м³. Бляск алмазны да паўметалічнага. Крохкі. Трапляецца ў магматычных ультраасн. і шчолачных пародах, скарнах, карбанатытах, намнажаецца ў россыпах. П. — крыніца тытану, ніобію і торыю. Гл.Тытанавыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́НД (ад санскр. курувінда — рубін),
мінерал падкласа простых аксідаў, аксід алюмінію, Al2O3. Прымесі хрому, жалеза, тытану і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі бочкападобныя, таблітчастыя, слупкаватыя, дыпірамідальныя. Агрэгаты сярэдне- і тонказярністыя. Колер белы, шэры, сіні, чырвоны, жоўты, зялёны. Бляск алмазны да шклянога. Цв. 9. Шчыльн. каля 4 г/см³. Паходжанне метамарфічнае, метасаматычнае; намнажаецца ў россыпах. Абразіўны матэрыял; сумесь К. (60—70%) з магнетытам, гематытам і шпінэллю — наждак. Празрыстыя разнавіднасці — каштоўныя камяні (рубін, сапфір). Сінт. К. з дабаўкамі Cr3+, Fe3+ атрымліваюць у прамысл. маштабах для квантавай электронікі, гадзіннікавай, ювелірнай прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),
мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.
Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),
вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РА САМАРО́ДНАЯ,
мінерал класа самародных элементаў, S. Часам мае ізаморфныя прымесі селену, тэлуру, мыш’яку і мех. прымесі гліністага або арган. рэчыва. Крышталізуецца ў рамбічнай і манакліннай сінганіях. Утварае дыпірамідальныя, дысфенаідальныя і таблітчастыя крышталі, крышт. агрэгаты, суцэльныя і зямлістыя масы, нацёчныя, ныркападобныя формы і налёты. Колер жоўты, розных адценняў. Бляск алмазны да тлустага. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,05—2,08 г/см³. Крохкая. Паходжанне вулканагеннае, гіпергеннае (пры выветрыванні сульфідаў і разлажэнні гіпсаносных асадкавых тоўшчаў) і арганагеннае. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сернай кіслаты, фарбавальнікаў, штучнага валакна, у папяровай і гумавай прам-сці, сельскай гаспадарцы. Радовішчы ў ЗША, Італіі, Іспаніі, Чылі, Японіі, Расіі, на Украіне.