інструмент, рэжучая частка якога складаецца з часцінак прыродных ці сінт.алмазаў. Адрозніваюць алмазны інструмент абразіўны, зроблены з алмазных парашкоў на арган. ці метал. звязках (шліфавальныя кругі, хоны, брускі, пілкі), і з алмазных крышталёў (разцы, свердлы, шкларэзы, гравіравальныя іголкі, наканечнікі для цвердамераў, каронкі, долаты, расшыральнікі, брускі, правільныя алоўкі і ролікі). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі цвёрдых сплаваў, металаў, шкла, кварцу, жалезабетону, для бурэння свідравін і праўкі шліфавальных кругоў. Забяспечвае высокую якасць апрацоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМА́ЗНЫ СІНДЫКА́Т,
міжнародная манаполія па збыце прыродных і сінтэтычных алмазаў, Засн. ў 1892, аб’ядноўвае ПАР, Заір, Танзанію, Намібію і інш. Кантралюе 60—65% збыту алмазаў. Вядучая роля ў алмазным сіндыкаце належыць кампаніі «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАКАМІ́Т (ад назвы прав. Атакама ў Чылі),
мінерал, гідраксілхларыд медзі 4[Cu2Cl(OH)3]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна ў выглядзе агрэгатаў тонкіх крышталёў, валакністых або зярністых агрэгатаў. Колер травяніста-зялёны. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск алмазны да шклянога. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 3,75—3,77 г/см³. Мінерал зоны акіслення медных радовішчаў у арыдных абласцях. Другарадная руда медзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАІ́Т (ад грэч. krokos шафран),
мінерал класа храматаў, храмат свінцу, Pb(CrO4). Прымесі серабра, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі пласціністыя; характэрны крышт. друзы. Бывае таксама зярністым. Колер аранжава-чырвоны. Бляск алмазны. Паўпразрысты. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 5,9—6,1 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення гідратэрмальных радовішчаў, якія змяшчаюць сульфіды свінцу і залягаюць сярод ультраасноўных парод. Каштоўны калекцыйны мінерал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТА́З,
мінерал падкласа простых вокіслаў, адна з трох паліморфных мадыфікацый рутылу (TiO2); прымесі жалеза, цынку, ніобію. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, прызматычныя і інш. Колер зеленавата-жоўты, буры, чорны. Бляск алмазны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,9 г/см³. Пры награванні да 620—650 °C пераходзіць у рутыл. Другасны акцэсорны мінерал: адзінкавыя зерні ў пегматытах, сланцах, у россыпах, баксітах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТ (назва ад падабенства афарбоўкі да пурпурова-чырвоных кветак гіяцынта),
мінерал, празрыстая марганецзмяшчальная ювелірная разнавіднасць цыркону густа-чырвонага ці чырванавата-карычневага колеру. Крышталі — чатырохгранныя прызмы з пірамідальнымі галоўкамі. Бляск алмазны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,9—4,7 г/см³. Гіяцынты ювелірнай якасці трапляюцца пераважна ў шчолачна-высокагліназёмных базальтах, кімберлітавых і сіенітавых пегматытах. Здабыча ў Шры-Ланцы, Бразіліі, Аўстраліі, на Мадагаскары. Каштоўны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОМАРГІРЫ́Т,
мінерал класа галагенідаў, брамід серабра, AgBr. Утварае цвёрдыя растворы з хлораргірытам, т.зв. эмбаліт Ag(Cl, Br), іншы раз з прымессю ртуці. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, жаўлакі, суцэльныя масы, радзей дробныя крышталі. Колер зялёны, жоўты, на паветры павольна цямнее. Бляск крышталёў алмазны, смаляны. Цв. каля 2,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных рудаў. Уваходзіць у састаў сярэбраных рудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУКІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Г.Дж.Брука),
мінерал падкласа простых аксідаў, дыаксід тытану TiO2, адна з трох прыродных паліморфных мадыфікацый рутылу. Іншы раз мае прымесі жалеза і ніобію. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей прызматычныя і дыпірамідальныя. Колер жоўта-карычневы да жалезіста-чорнага. Бляск алмазны ці металічны. Празрысты. Цв. 5,5—6. Крохкі. Шчыльн. 4,14 г/см³. Трапляецца ў выглядзе крышталёў у залатаносных россыпах і жылах альпійскага тыпу, а таксама як акцэсорны і абломкавы матэрыял.