ПРУСТЫ́Т (ад прозвішча Ж.Л.Пруста),

рубінавае серабро, рубінавая падманка, сярэбраная падманка, мінерал класа сульфідаў, мыш’яковая сульфасоль серабра, Ag3AsS3. Мае 65,42% серабра. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прызматычныя крышталі, часта двайніковыя і трайніковыя зросткі. Колер рубінава-чырвоны, паўпразрысты. Бляск алмазны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5,6 г/см³. Трапляецца ў кальцытавых жылах нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчаў. Гіпергенны П. утвараецца ў зоне акіслення сярэбраных радовішчаў. Важны кампанент сярэбраных руд. Трапляецца ў Чылі, Францыі, Чэхіі, Канадзе, ЗША, Мексіцы.

Прустыт.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)