МІЕРЛА́ЎК (сапр. Фрыдфельд) Алексіс

(15.4.1866, г. Ікшкіле, Латвія — 19.4.1943),

латышскі тэатр. дзеяч, акцёр, рэжысёр; заснавальнік сучаснай лат. рэжысуры. З 1886 удзельнічаў у аматарскіх спектаклях ў Рызе. З 1890 акцёр, рэжысёр Рыжскага лат. т-ра. У 1909—11 і з 1914 кіраўнік Новага рыжскага, з 1915 у петраградскім Новым лат. т-рах, з 1919 у Рабочым т-ры Сав. Латвіі, у 1919—38 у Нац. т-ры (да 1921 дырэктар). Паставіў спектаклі: «Ворагі» М.​Горкага і «Адзін і многія» А.​Упіта (абодва 1919), «Іосіф і яго браты» (1920) і «Іграў я і скакаў» (1921) Я.​Райніса, «Купальшчыца Сусанна» Упіта (1922). Сцэн. вобразы адметныя эмацыянальнасцю, глыбокай тыповасцю, смеласцю ў выбары сродкаў акцёрскай выразнасці: Кленга, Кангар («У агні» Р.​Блаўмана, «Агонь і ноч» Райніса), Атынгаўзен («Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера) і інш.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬЦІ́НІС ((Miltinis) Юозас) (16.9.1907, в. Дабікіне, Шаўляйскага пав., Літва — 1994),

літоўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў тэатр. вучылішча ў Каўнасе (1931), тэатр. студыю ў Парыжы у Ш.​Дзюлена (1937). У 1937—38 вучыўся ў Лондане. У 1931—37 акцёр Шаўляйскага драм. т-ра, з 1938 кіраўнік тэатр. студыі ў Каўнасе, у 1940—80 (з перапынкам) маст. кіраўнік, гал. рэжысёр Панявежскага драм. т-ра. У 1954—59 рэжысёр Літ. кінастудыі. Творчасці ўласцівы імкненне да філас. інтэлектуальнай трактоўкі п’есы. Сярод пастановак: «Вальпоне» Б.​Джонсана (1941, іграў роль Вальпоне), «Рэвізор» М.​Гогаля (1946, 1978), «Прытворна хворы» Мальера (1950, роль Аргана), «Смерць коміваяжора» А.​Мілера (1958), «Іванаў» А.​Чэхава (1960), «Макбет» У.​Шэкспіра (1961), «Франк У» Ф.​Дзюрэнмата (1969), «Плюс не быў разумны» Ю.​Грушаса (1974), «Цар Эдып» Сафокла (1977).

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙНГАРТ ((Reinhardt) Макс) (сапр. Гольдман; Goldman; 9.9.1873, г. Бадэн, Аўстрыя — 30.10.1943),

нямецкі рэжысёр, акцёр, тэатр. дзеяч. Скончыў тэатр. школу пры Венскай кансерваторыі (1894). З 1894 акцёр, у 1905—33 кіраўнік Ням. т-ра ў Берліне (цяпер яго імя). Выканаўца характарных роляў: Акім («Улада цемры» Л.​Талстога), Энгстранд («Здані» Г.​Ібсена) і інш. У 1901 дэбютаваў як рэжысёр. У створаных ім т-рах і студыях (Берлін, Вена) эксперыментаваў у галіне формы, новых выразных сродкаў, імкнуўся да ансамблевасці выканання. Ставіў пераважна ням. і ант. класіку, У.​Шэкспіра, М.​Горкага і інш. Сярод лепшых пастановак: «На дне» М.​Горкага (паст. пад назвай «Начлежка»), «Сон у летнюю ноч», «Венецыянскі купец», «Гамлет» Шэкспіра, «Цар Эдып» Сафокла — Г.​Гофмансталя. З 1933 у эміграцыі ў Аўстрыі, з 1938 — у ЗША. Заснаваў у Галівудзе тэатр. школу, здымаў фільмы.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (28.10.1896, С.-Пецярбург — 4.9.1963),

расійскі акцёр, рэжысёр і тэатр. дзеяч. Нар. арт. СССР (1951). Скончыў драм. курсы ў Петраградзе (1920). Працаваў у петраградскіх т-рах, з 1924 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.​С.​Пушкіна. З 1936 акцёр, у 1954—59 гал. рэжысёр Кіеўскага т-ра імя Лесі Украінкі. Творчай манеры Р. ўласцівы спалучэнне нязмушанасці сцэн. паводзін з псіхал. тонкасцю і філас. глыбінёй. Сярод роляў: Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Павел Пратасаў («Дзеці сонца» М.​Горкага), Акаёмаў («Машачка» А.​Афінагенава) і інш. Паставіў шэраг спектакляў. З 1935 адымаўся ў кіно; «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Подзвіг разведчыка» (1947), «Іван Франко» (1956) і інш. Аўтар арт. па праблемах тэатр. мастацтва.

Літ.:

Сенникова Р.Д. Михаил Романов. Киев, 1972.

М.Ф.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІЎЕ́ ((Olivier) Лорэнс Кер) (22.5.1907, Доркінг, графства Сурэй, Вялікабрытанія — 11.7.1989),

англійскі акцёр, рэжысёр тэатра і кіно. Вучыўся ў Цэнтр. школе дэкламацыі і драм. мастацтва ў Оксфардзе (1924—25). На сцэне з 1922, у кіно з 1930. З 1926 выступаў у рэпертуарных т-рах Англіі, у т. л. ў «Олд Вік» (з 1937, у 1944—49 яго кіраўнік), у 1963—73 у Нац. т-ры (Лондан, дырэктар т-ра). Ставіў п’есы У.​Шэкспіра, творы класічнай і сучаснай драматургіі. Адзін з лепшых выканаўцаў цэнтр. роляў у п’есах Шэкспіра «Гамлет», «Рычард III», «Генрых V» (усе і ў кіно, у апошнім — акцёр, рэжысёр і сцэнарыст), «Карыялан», «Кароль Лір», «Макбет», «Атэла» і інш. Сярод інш. работ у кіно: адмірал Нельсан («Лэдзі Гамільтан»), «Тры сястры» паводле А.​Чэхава (рэжысёр).

Літ.:

Юткевич С. Шекспир и кино. М., 1973;

Липков А. Шекспировский экран. М., 1975.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДЗІН (Уладзімір Расціслававіч) (18.1.1877, Масква — 28.5.1965),

рускі акцёр і рэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1947). Творчую дзейнасць пачаў у 1898 у правінцыяльных т-рах, у 1904—05 акцёр Тэатра В.​Камісаржэўскай (Пецярбург), потым Маскоўскага т-ра Корша. Сярод роляў: Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Федзя Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога). З 1913 працуе ў кіно. Атрымаў вядомасць як рэжысёр і сцэнарыст фільмаў-экранізацый «Ганна Карэніна» і «Крэйцэрава саната» (абодва 1914), «Вайна і мір» (1915, разам з Я.​Пратазанавым; усе паводле Талстога), «Дваранскае гняздо» і «Напярэдадні» паводле І.​Тургенева (абодва 1915) і інш. У 1919 заснаваў і быў кіраўніком 1-й Дзяржкінашколы (цяпер Усерасійскі дзярж. ін-т кінематаграфіі). Паставіў фільмы: «Дзевяноста шэсць» (1919), «Паэт і цар» (1927), «Кастусь Каліноўскі» (1928) і інш. Зняўся ў фільмах «Сустрэчны» (1932), «Іудушка Галаўлёў» (1934) і інш.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Уладзімір Акімавіч) (н. 7.5.1922, г. Астрахань, Расія),

расійскі акцёр, рэжысёр аперэты, педагог. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Уральскі ун-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1962). З 1946 акцёр, з 1963 гал. рэж. Свярдлоўскага т-ра муз. камедыі, у 1986—88 — Маскоўскага т-ра аперэты, у 1990—97 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Пермскага опернага т-ра. У 1964—74 выкладаў ва Уральскай кансерваторыі, з 1988 праф. Маскоўскага ун-та культуры. Сярод пастановак: у Свярдлоўскім т-ры — опера «Арабела» Р.​Штрауса, аперэты «Севастопальскі вальс» К.​Лістова, «Белая ноч» Ц.​Хрэннікава, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.​Мурадэлі, «Гары, гары, мая зорка» С.​Пажлакова, «Цудоўная Алена» Ж.​Афенбаха, «Хэло, Долі!» Дж.​Германа, «Учора скончылася вайна» В.​Ільіна (залаты медаль імя А.​Папова, 1986); у Пермскім т-ры — опера «Скупы рыцар» С.​Рахманінава (1998).

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ (Яўген Паўлавіч) (2.9.1926, Масква — 29.1.1994),

расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Маскоўскую драм. студыю (1948). З 1948 працаваў у маскоўскіх драм. т-ры імя К.​Станіслаўскага, т-ры імя У.​Маякоўскага, з 1972 у т-ры «Ленком». Камедыйны, характарны акцёр, па-майстэрску валодаў сродкамі гумару і сатыры. У камедыйных ролях умеў паказаць драматызм вобраза: Іванаў («Іванаў» А.​Чэхава, 1975), Важак («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага, 1983), Тэўе («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема, 1989) і інш. З 1947 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Паласаты рэйс» (1960), «Данская аповесць» (1965), «Трыццаць тры» (1966), «Джэнтльмены ўдачы», «Беларускі вакзал» (абодва 1971), «Старэйшы сын», «Афоня» (абодва 1975), «Прэмія» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1976), «Асенні марафон» (1980, Дзярж. прэмія Расіі 1981), «Забіць дракона» (1989), «Пашпарт» (1990), «Насця» (1993) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1992.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМРЫКЯ́Н (Міхрдат Аванесавіч) (13.5.1843, Тбілісі — 17.2.1879),

армянскі акцёр, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сцэн. рэалізму ў арм. т-ры. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1859. Працаваў у Ерэване, Александропалі, Шушы, Канстанцінопалі. З яго імем звязаны традыцыі сцэн. ўвасаблення вобразаў у п’есах Г.​Сундукяна. Адна з лепшых роляў — Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера). Выступаў як тэатр. крытык.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРБЕДЖ ((Burbage) Рычард) (каля 1567, Шодыч, цяпер у межах Лондана — 13.3.1619),

англійскі акцёр. Буйнейшы прадстаўнік т-ра эпохі Адраджэння. Сябар У.​Шэкспіра, які напісаў для яго ролі Рычарда III, Гамлета, Атэла, Ліра, Макбета і інш. Уваходзіў у склад трупы «Слугі лорда-камергера». Валодаў здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, багатай мімікай і жэстам. Быў таксама выдатным жывапісцам.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)